Вельмi асцярожна, стараючыся не нарабiць шуму, яна падсунула на месца ложак i палажыла на яго дзiця. Накрыўшы соннага, яна паглядзела на яго. У сне ягоны твар здаваўся такiм мiрным, такiм дзiцячым, што i сапраўды яго пачварнасць неяк менш кiдалася ў вочы.

Ужо iдучы на дыбачках да дзвярэй, яна раптам падумала: 'А што, калi ён раптам прачнецца?' - i пайшла назад.

Пераадолеўшы ўнутранае супрацiўленне i авалодаўшы сваiмi супярэчлiвымi пачуццямi, яна ўздыхнула i паволi апусцiлася на ложак побач з дзiцем.

Ложак ёй быў надта малы, i ёй давялося скурчыцца, каб неяк улегчыся на iм. Апрача таго, яна не магла пазбавiцца ад пачуцця няёмкасцi, прычынаю якое была адсутнасць над ложкам тэнта. Але рука дзiцяцi нясмела каўзанулася ў яе далонь, i праз нейкi час ёй усё-такi ўдалося задрамаць.

* * *

Яна прачнулася як ад раптоўнага штуршка i з цяжкасцю стрымала крык жаху, якi ледзь не сарваўся з яе вуснаў. Хлопчык глядзеў шырока расплюшчанымi вачымi ёй проста ў вочы, i ёй спатрэбiлася даволi шмат часу, каб успомнiць, як яна апынулася тут, на ягоным ложку. Паволi, не адводзячы ад яго позiрку, яна спусцiла на падлогу спачатку адну, потым другую нагу.

Кiнуўшы iмклiвы спалоханы позiрк угору, яна напружыла мускулы на апошнi рашучы рывок, намагаючыся ўстаць з ложка.

Але ў той жа момант хлопчык выцягнуў руку, дакрануўся да яе вуснаў сваiмi падобнымi на цурбалкi пальцамi i штосьцi сказаў.

Гэты дотык прымусiў яе адхiснуцца. Пры дзённым святле ён быў невыносна агiдны.

Хлопчык зноў паўтарыў нейкую фразу, а потым, раскрыўшы шырокi рот, рухам рукi спрабаваў паказаць, быццам штосьцi вылiваецца ў яго з рота.

Мiс Фэлоўз задумалася, спрабуючы адгадаць значэнне гэтага жэста, i раптам усхвалявана ўсклiкнула:

- Ты хочаш, каб я спявала?

Хлопчык маўклiва працягваў глядзець на яе вусны.

Крыху фальшывячы ад натугi, мiс Фэлоўз пачала тую самую песеньку, што спявала яму напярэдаднi ноччу, i маленькая пачвара ўсмiхнулася, нязграбна гойдаючыся ў такт спеву. Чулася нейкае бульканне, якое можна было палiчыць за смех.

Мiс Фэлоўз неўпрыкмет уздыхнула. Так, правiльна кажуць, што музыка ўцiхамiрвае сэрца дзiкуна. Яна можа дапамагчы...

- Пачакай крыху, - сказала яна, - дай мне прывесцi сябе ў парадак, гэта зойме не больш хвiлiны. А потым я згатую снеданне.

Нi на секунду не забываючыся, што столi тут няма, яна хутка скончыла свае справы. Хлопчык заставаўся ў пасцелi, уважлiва сачыў за ёй, калi яна трапляла яму на вочы. I кожны раз яна ўсмiхалася i махала яму рукой. Урэшце ён таксама памахаў ёй у адказ, i гэты жэст здаўся ёй проста чароўным.

- Ты хочаш малочнай аўсянкi? - спыталася яна, скончыўшы свае справы.

Згатаваць кашу было справаю некалькiх секунд, i калi ежа была на стале, яна паклiкала яго рукой.

Невядома, цi ён зразумеў значэнне яе жэста, цi яго завабiў пах ежы, але хлопчык адразу ж вылез з пасцелi.

Яна спрабавала паказаць яму, як карыстацца лыжкаю, але ён са страхам адхiснуўся. ('Нiчога, наперадзе ў нас яшчэ шмат часу', - падумала яна.) Аднак яна ўсё-такi дамаглася таго, што ён рукамi паднёс мiску да рота. Ён паслухаўся, але рабiў усё так няўмела, што страшэнна выпэцкаўся, хоць трохi i з'еў.

Гэтым разам яна дала яму малако ў шклянцы, i хлапчук, заўважыўшы, што пасудзiна занадта малая, каб прасунуць у яе твар, жаласна захныкаў. Яна ўзяла яго за руку i, прыцiснуўшы яго пальцы да шклянкi, прымусiла яго падняць шклянку да рота.

Зноў усё было аблiта i запэцкана, але, як i першы раз, малако ўсё-такi трапiла яму ў рот. А што да бязладдзя, дык яна прывыкла i не да такога.

На яе здзiўленне, асвоiць туалет аказалася задачай больш простай, што вельмi яе задаволiла. На гэты раз ён даволi хутка зразумеў, чаго яна хоча ад яго. Яна злавiла сябе на тым, што гладзiць яго па галаве i прымаўляе:

- Вось гэта слаўны хлопчык, разумны хлопчык!

I дзiця ўсмiхалася, прыносячы ёй нечаканае задавальненне. 'Калi ўсмiхаецца, ён, сапраўды, зусiм нiштаваты', - падумала яна.

У той жа дзень папрыязджалi прадстаўнiкi прэсы. Пакуль яны прыладжвалi сваю апаратуру, яна ўзяла хлопчыка на рукi, i ён моцна прытулiўся да яе. Сумятня напужала яго, i ён моцна заплакаў, але нягледзячы на гэта, прайшло не менш за дзесяць хвiлiн, пакуль ёй дазволiлi вынесцi дзiця ў суседнi пакой.

Яна хутка вярнулася, пачырванеўшы ад абурэння, i першы раз за васемнаццаць гадзiн выйшла з домiка, шчыльна зачынiўшы за сабою дзверы.

- Я думаю, што на сёння вам хопiць. Цяпер мне богведама колькi спатрэбiцца часу, каб яго супакоiць. Iдзiце.

- Добра, добра, - сказаў джэнтльмен з 'Таймс-Геральд'. - А гэта сапраўды неандэрталец цi тут якое- небудзь жульнiцтва?

- Запэўнiваю вас, што гэта не мiстыфiкацыя, - пачуўся аднекуль ззаду голас Хоскiнса. - Дзiця - сапраўды Homo neanderthalis.

- Гэта хлопчык цi дзяўчынка?

- Гэта хлопчык-малпа, - умяшаўся джэнтльмен з 'Ньюс'. - Нам паказваюць не што iншае, як хлопчыка- малпу. Як ён сябе паводзiць, сястра?

- Ён паводзiць сябе гэтаксама, як i любы iншы маленькi хлопчык, - адрэзала мiс Фэлоўз. Злосць прымусiла яе стаць на абарону дзiцяцi. - I зусiм ён не хлопчык-малпа. Яго завуць... Цiмацi, Цiмi, i ён абсалютна нармальны ў сваiх дзеяннях.

Iмя Цiмацi было выбрана ёю зусiм выпадкова - яно проста першае прыйшло ёй у галаву...

- Цiмi - хлопчык-малпа, - рэкнуў джэнтльмен з 'Ньюс', i менавiта з гэтай мянушкай дзiця стала потым вядомае ўсяму свету.

- Скажыце, док, што вы думаеце рабiць з гэтаю малпаю? - спытаўся ў Хоскiнса джэнтльмен з 'Глоба'.

Хоскiнс пацiснуў плячыма.

- Бачыце, мая першапачатковая задача была ў тым, каб даказаць мажлiвасць пераносу яго ў наш час. Аднак я лiчу, што ён зацiкавiць антраполагаў i фiзiёлагаў. Перад намi ж iстота, якая па сваiм развiццi стаiць памiж жывёлаю i чалавекам. Нам даецца мажлiвасць даведацца пра многае i ў нас самiх i ў нашых продках.

- Як доўга намераны вы трымаць яго тут?

- Колькi нам спатрэбiцца на яго вывучэнне плюс яшчэ нейкi перыяд пасля заканчэння даследавання. Не выключана, што на гэта спатрэбiцца шмат часу.

- Вы не маглi б вывесцi яго з дому? Тады б нам удалося паставiць тэлевiзiйную апаратуру i зляпаць сапраўднае вiдовiшча.

- Вельмi шкадую, але дзiця не можа пакiнуць межаў Стасiса.

- А што такое Стасiс?

- Баюся, джэнтльмены, што тлумачэнне зойме занадта шмат часу. - Хоскiнс дазволiў сабе ўсмiхнуцца. - А коратка сутнасць справы ў тым, што час, якiм уяўляем яго сабе мы, у Стасiсе не iснуе. Гэтыя пакоi нiбы накрытыя нябачнай абалонкай i не з'яўляюцца ў поўным сэнсе часткаю нашага свету. Менавiта дзякуючы гэтаму i ўдалося, так сказаць, выцягнуць дзiця з плынi часу.

- Пачакайце, - перабiў джэнтльмен з 'Ньюс', якога вiдочна не задаволiла тлумачэнне Хоскiнса, - што гэта вы тут балбочаце? Сястра ж свабодна ўваходзiць i выходзiць з памяшкання.

- Гэта можа зрабiць кожны з вас, - паблажлiва адказаў Хоскiнс. - Вы будзеце рухацца паралельна часавым сiлавым лiнiям, i гэта не выклiча якой-небудзь значнай страты альбо прытоку энергii. Дзiця ж дастаўлена сюды з далёкага мiнулага. Яго рух адбываўся ўпоперак сiлавых лiнiй, i яно набыло часавы патэнцыял. Каб перамясцiць яго ў наш свет, у наш час, спатрэбiцца выдаткаваць усю энергiю, якую назапасiла наша акцыянерная кампанiя, а таксама, мажлiва, i ўсе запасы энергii горада Вашынгтона. Мы павiнны былi захаваць дастаўленае сюды разам з хлопчыкам смецце, i нам давядзецца паступова, па

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×