- А хто доўга гаворыць? Я вось тлумачу з павагi да чалавека на вярблюдзе, а не вам. Каб яму было зразумела. А наогул я не маю права ўступаць у гаворку з пабочнымi асобамi. Я на пасту.

- Значыць, праезду на могiльнiк няма?

- Не. Не толькi на могiльнiк. Тут праезду няма нiкому.

- Ну тады што гаварыць! - раззлаваўся Сабiтжан. - Я так i ведаў! - кiнуў ён Едыгею. - Так i ведаў, што глупства атрымаецца! Дык не! Куды там! Ана-Бейiт! Ана-Бейiт! Вось табе i Ана-Бейiт! - I з гэтымi словамi ён, узлаваны, адышоў, сплёўваючы злосна i нервова.

Едыгею стала няёмка перад маладзенькiм вартавым.

- Прабач, сынок, - сказаў ён яму па-бацькоўску. - Зразумелая рэч. Ты службу нясеш. Але нябожчыка цяпер куды падзець? Гэта ж не бервяно, каб скiнуў ды паехаў.

- Ды я разумею. А што я магу? Мне як скажуць, так я павiнен i зрабiць. Я ж не начальнiк тут.

- Та-ак, спра-вы, - разгублена працягнуў Едыгей. - А сам жа ты адкуль родам?

- Вологодскi я, бацька, - праокаў вартавы сарамлiва i, па-дзiцячы не хаваючы радасць, усмiхнуўся, бо прыемна было адказваць яму на гэтае пытанне.

- Дык што, у вас у Волагдзе таксама так - на могiльнiку вартавыя стаяць?

- Ды што ты, бацька, нашто! Але тут жа закрытая зона. Ды ты, бацька, сам служыў i ваяваў, гляджу, нябось, ведаеш, служба ёсць служба. Хачу цi не хачу, але абавязак. Куды падзенешся?

- Яно-то так, - згадзiўся Едыгей, - толькi куды цяпер нам з нябожчыкам?

Яны замоўклi. I тады, падумаўшы, салдацiк са спачуваннем паглядзеў на Едыгея, а потым матлянуў бялявай сваёй галавой:

- Не, бацька, не магу! Не маю права!

- Што ж, - толькi i сказаў канчаткова разгублены Едыгей.

Яму было вельмi цяжка павярнуцца тварам да сваiх спадарожнiкаў, таму што Сабiтжан усё больш распаляўся недарэчным гневам. Во падышоў да Доўгага Эдыльбая.

- Я ж гаварыў! Не трэба было цягнуцца ў такую далеч. Гэта ж забабоны! Марочыце галаву сабе i другiм. Якая рознiца, дзе пахаваць нябожчыка! Дык не: лопнi, падай iм Ана-Бейiт. I ты таксама мне - едзь, без цябе пахаваем! Вось i хавайце цяпер!

Доўгi Эдыльбай моўчкi адышоў ад яго.

- Паслухай, друг, - сказаў ён вартавому, падышоўшы да шлагбаўма. - Я таксама служыў i таксама ведаю такi-сякi парадак. Тэлефон у цябе ёсць?

- Ёсць, канечне.

- Тады так - тэлефануй начальнiку па варце. Далажы, што мясцовыя жыхары просяць, каб ён дазволiў праезд на могiльнiк Ана-Бейiт.

- Як? Як? Ана-Бейiт? - перапытаў вартавы.

- Ана-Бейiт. Так называецца наш могiльнiк. Патэлефануй, сябар, iншага выйсця няма. Няхай асабiста атрымае дазвол для нас. А мы - будзь упэўнены, акрамя могiльнiка, нас тут нiшто не цiкавiць.

Вартавы задумаўся, пераступаючы з нагi на нагу, наморшчыўшы лоб.

- Ды ты не сумнявайся, - сказаў Доўгi Эдыльбай. - Усё па ўставу. На пост прыбылi пабочныя асобы. Ты дакладваеш начальнiку варты. Вось i ўся механiка. Што ты на самай справе! Ты абавязаны далажыць.

- Ну добра, - кiўнуў вартавы. - Зараз пазваню. Толькi начальнiк варты ўвесь час па тэрыторыi ездзiць, па пастах. А тэрыторыя ж вунь якая!

- Можа, i мне дазволiш быць з табой побач? - папрасiў Доўгi Эдыльбай. - У выпадку чаго падказаць, што да чаго.

- Ну давай, - згадзiўся вартавы.

I яны ўвайшлi ў паставое памяшканне. Дзверы былi адчынены, i Едыгею ўсё было чуваць. Вартавы тэлефанаваў некуды, усё пытаў начальнiка варты. А той не аб'яўляўся.

- Ды не, мне начальнiка па варце! - тлумачыў вартавы. - Асабiста яго... Ды не. Тут вельмi важная справа.

Едыгей нерваваўся. Куды ж прапаў гэты начальнiк па варце? Вось не шанцуе дык не шанцуе!

Нарэшце ён знайшоўся.

- Таварыш лейтэнант! Таварыш лейтэнант! - голасна загаварыў вартавы звонкiм усхваляваным голасам.

I далажыў яму, што, маўляў, тут мясцовыя жыхары прыехалi пахаваць чалавека на старым могiльнiку. Як быць? Едыгей насцярожыўся. Вось каб сказаў лейтэнант - прапусцi, i ўсё! Маладзец Доўгi Эдыльбай! Усё ж кемлiвы хлопец. Аднак размова вартавога зацягвалася. Цяпер ён увесь час адказваў на пытаннi.

- Але... Колькi? Шэсць чалавек. А з нябожчыкам сем. Нейкi стары памёр. А старэйшы ў iх на вярблюдзе. Потым трактар з прычэпам. А за трактарам экскаватар таксама... Так, трэба, гавораць, магiлу капаць... Як? А што мне сказаць? Значыць, нельга? Не дазваляецца? Ёсць, слухаюся!

I тут жа пачуўся голас Доўгага Эдыльбая. Вiдаць, ён выхапiў слухаўку.

- Таварыш лейтэнант! Зразумейце наша становiшча. Таварыш лейтэнант, мы прыехалi з раз'езда Баранлы-Бураннага. Куды ж нам зараз? Зразумейце наша становiшча. Мы тутэйшыя людзi, мы нiчога дрэннага не зробiм. Мы толькi пахаваем чалавека i адразу вернемся... Га? Што? Ну як жа так! Ну, прыязджайце, прыязджайце, самi пераканаецеся. З намi стары, франтавiком быў, ваяваў. Растлумачце яму.

Доўгi Эдыльбай выйшаў з каравульнага памяшкання засмучаны, але сказаў, што прыедзе лейтэнант i ўсё вырашыць на месцы. За iм падышоў вартавы i сказаў тое ж самае. Вартавы цяпер адчуваў палёгку, паколькi начальнiк варты сам павiнен быў вырашыць гэтае пытанне. Ён цяпер спакойна хадзiў узад i ўперад каля паласатай жэрдкi.

Было ўжо тры гадзiны. А яны яшчэ не дабралiся да Ана-Бейiта, хоць i засталося ехаць не так далёка.

Едыгей вярнуўся да вартавога.

- Сынок, цi доўга мы будзем чакаць твайго начальнiка? - запытаў ён.

- Ды не. Зараз прымчыцца. Ён на машыне. Тут хвiлiн дзесяць - пятнаццаць язды.

- Ну добра, пачакаем. Цi даўно гэты калючы дрот тут?

- Даволi-такi даўно. Мы яго ставiлi. Я тут служу каля года. Выходзiць, паўгода ўжо, як ачапiлi кругом.

- У тым вось i справа. Я ж таксама не ведаў, што тут такая агароджа. З-за гэтага вось i атрымалася. Быццам я цяпер вiнаваты, таму што я вырашыў везцi сюды хаваць. Тут наш стары могiльнiк - Ана-Бейiт. А Казангап нябожчык быў вельмi добрым чалавекам. Трыццаць гадоў мы разам прапрацавалi на раз'ездзе. Хацелася як лепш.

Салдат, вiдаць, адчуў спагаду да Бураннага Едыгея.

- Слухай, бацька, - сказаў ён дзелавiта. - Вось прыедзе начальнiк варты лейтэнант Тансыкбаеў, вы яму скажыце ўсё як ёсць. Што ён, не чалавек! Няхай паведамiць вышэй.

- Дзякуй на добрым слове. А iнакш як жа нам? Як ты сказаў - Тансыкбаеў? Прозвiшча лейтэнанта Тансыкбаеў?

- Але, Тансыкбаеў. Ён у нас нядаўна. А што? Знаёмы? Ён з вашых. Можа, сваяк якi будзе?

- Ды не, што ты, - усмiхнуўся Едыгей. - Тансыкбаевых у нас, як у вас Iвановых. Проста ўспомнiў аднаго чалавека з такiм прозвiшчам.

Тут на пасту зазванiў тэлефон, i вартавы паспяшаўся туды. Едыгей застаўся адзiн. Аглянуўся кругом, цi не пакажацца машына на дарозе за шлагбаўмам, задуменна пакiваў галавою. 'А раптам гэта сын таго вiрлавокага? - падумаў ён i сам сябе ў думках вылаяў: - Не хапала яшчэ! Прыйдзе ж такое ў галаву! Колькi iх з такiм прозвiшчам. Не павiнен, не можа быць. З тым Тансыкбаевым рахунак падвялi... Усё-такi ёсць праўда на зямлi! Ёсць! I як бы там нi было, заўсёды будзе праўда...'

Ён адышоў убок, дастаў насоўку i працёр ёю старанна свае ордэны, медалi i ўдарнiцкiя значкi на грудзях, каб яны блiшчалi i каб iх адразу было вiдаць лейтэнанту Тансыкбаеву.

XII

А з тым вiрлавокiм Тансыкбаевым справа выглядала так. У 1956 годзе пад канец вясны ў Кумбельскiм дэпо адбыўся вялiкi мiтынг, са ўсiх станцый i раз'ездаў паз'язджалiся туды чыгуначнiкi. Засталiся на месцы толькi тыя, хто дзяжурыў у той дзень на лiнii. Колькi ўсялякiх сходаў было на вяку ў Бураннага Едыгея, але той мiтынг не забываўся.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×