Сабралiся ў паравозарамонтным цэху. Людзей набiлася - не прашыцца, iншыя нават залезлi наверх, пад самы дах, на кансолях сядзелi. Але самае галоўнае якiя прамовы былi! Пра Берыя высветлiлася ўсё, да канца. Заклеймавалi праклятага, нiякага жалю да вылюдка. Да самага змяркання дэпоўскiя рабочыя самi лезлi на трыбуну, i нiводзiн чалавек не пайшоў, быццам усiх прыкавала да таго месца. I толькi гул галасоў, як лес, шумеў над скляпеннем корпуса. Нехта нават, помнiцца, сказаў: 'Ну чыста мора перад бурай'. Яно так i было. Моцна стукала сэрца ў грудзях, як на фронце перад атакай. I вельмi хацелася пiць. У роце перасохла. Але дзе там пры такiм мнагалюддзi вады дастанеш?

Не да вады было, даводзiлася пакутаваць. На перапынку Едыгей працiснуўся да парторга дэпо Чарнова, якi некалi быў начальнiкам станцыi. Той сядзеў у прэзiдыуме.

- Паслухай, Андрэй Пятровiч, можа, i мне выступiць?

- Давай, калi ёсць ахвота.

- Жаданне ёсць вялiкае. Хачу з табой параiцца. Памятаеш, у нас на раз'ездзе працаваў Кутыбаеў, Абуталiп. Кутыбаеў. Ну, яшчэ рэвiзор данёс на яго, што ён пiша югаслаўскiя ўспамiны. Абуталiп там ваяваў у партызанах. I яшчэ там нешта прыпiсаў той рэвiзор. А гэтыя берыеўскiя прыехалi i забралi чалавека. Ён i памёр з-за гэтага, прапаў нiзавошта чалавек! Памятаеш?

- Вядома. Жонка яго прыязджала па адну паперу.

- Вось-вось! А потым сям'я паехала некуды. А я вось зараз слухаю i думаю: з Югаславiяй мы сябруем? Сябруем! Чаму ж тады пакутуюць невiнаватыя людзi? Абуталiпавы дзецi, вiдаць, падраслi - iм пара ў школу. Дык трэба ж памагчы iм, каб не калолi ў вочы... Дзецi i так набедавалiся без бацькi.

- Пастой, Едыгей. Ты хочаш пра гэта сказаць у сваiм выступленнi?

- Ну так.

- А як прозвiшча таго рэвiзора?

- Ды даведацца можна. Яго я, праўда, больш не бачыў.

- У каго ты зараз даведаешся? А потым цi ёсць дакументальны доказ, што менавiта ён напiсаў?

- А хто ж!..

- Слова не падколеш да пратакола... Хто пацвердзiць, дарагi мой Буранны? А раптам выявiцца, што не так? Гэта ж не жартачкi. Ты вось што, Едыгей, не пары гарачкi. Я табе раю напiсаць пра ўсё ў Алма-Ату. Напiшы ўсё як было, усю гэтую гiсторыю, i дашлi ў ЦК партыi рэспублiкi. А там разбяруцца. Затрымкi не будзе. Партыя моцна ўзялася за гэтую справу. Сам бачыш.

Разам з усiмi на тым мiтынгу Буранны Едыгей выкрыкваў гучна i рашуча: 'Слава партыi! Лiнiю партыi адабраем!' А потым нават нехта заспяваў 'Iнтэрнацыянал'. I яго падтрымала мноства галасоў. Усе, як адзiн, спявалi вялiкi гiмн, гiмн усiх, хто быў вякамi прыгнечаны. Нiколi яшчэ не даводзiлася Едыгею спяваць у такiм мнагалюддзi. Як на хвалях узняло i панесла яго ўрачыстае, гордае i ў той жа час горкае ўсведамленне свайго адзiноцтва з тымi, хто ёсць соль i пот зямлi. А гiмн камунiстаў усё нарастаў, узнiмаўся, закiпаючы ў сэрцы адвагай i рашучасцю адстаяць, сцвердзiць права многiх для шчасця многiх.

I з пачуццём радасцi Едыгей вярнуўся дахаты. За чаем расказаў Укубале падрабязна пра ўсё, што было на мiтынгу. Расказаў i пра тое, як хацеў выступiць i што яму адказаў на тое парторг Чарноў. Укубала слухала мужа, налiваючы яму з самавара чай пiялу за пiялай, а той усё не мог напiцца.

- Ды што гэта з табой, ты вунь ужо апаражнiў увесь самавар! - здзiвiлася яна, пасмiхаючыся.

- Разумееш, там, на мiтынгу, яшчэ хацелася пiць. Але дзе там, людзей шмат, не пашавялiцца. А потым выскачыў, хацеў напiцца, ды тут гляджу - у наш бок састаў iдзе. Я да машынiста. Свой аказаўся хлапец. Жандос з Тангрэк-Тама. Ну, папiў я ў яго вады! Але хiба гэта той мацунак!

- То я i гляджу, - сказала Укубала, падлiваючы яму яшчэ чаю. I дадала: Вось што, Едыгей, гэта добра, што ты клапоцiшся пра Абуталiпавых дзяцей. Але цi не лепей табе самому паехаць у Алма-Ату? А то паперчына - адно, а калi сам з'явiшся - другое. Вочы ў вочы з людзьмi будзеш...

- Гэта ты добра надумала... Паеду.

- I да начальства, i вунь сябра твой, Елiзараў, колькi клiча ў госцi! Адрас пакiдае кожны раз. Бяры адпачынак i адпраўляйся. Колькi ў цябе адпачынкаў было за гэтыя гады - на сто гадоў! Вазьмi хоць адзiн раз i там, на месцы, вялiкiм людзям усё раскажаш.

- А што, жонка, ты праўду кажаш. Давай падумаем.

- I не думай. Не той выпадак. Чым хутчэй паедзеш, тым лепей будзе. Афанасiй Iванавiч табе дапаможа. Куды iсцi, да каго iсцi, ён лепш ведае.

- Твая праўда.

- А тым часам нешта купiш i для дому. Дзяўчаткi нашы падраслi. Саўле пойдзе восенню ў школу. У iнтэрнаце будзе жыць, цi як? Ты думаў пра гэта?

- Думаў, думаў, а як жа, - схамянуўся Буранны Едыгей. Яго ўразiла, што так хутка падрасла старэйшая дачка, вось ужо i ў школу пара.

- Дык вось, калi думаў, - казала Укубала, - едзь, раскажы людзям аб тым, што мы тут перажылi ў тыя гады. Няхай памогуць сiротам апраўдацца за бацьку. А потым, калi яшчэ будзе час, то пахадзi, паглядзi дачушкам i мне чаго-небудзь, - сказала яна i ўздыхнула.

Едыгей адчуў, як салодка зашчымела ягоная душа: i гэтак надзейна i ўтульна яму стала ў сваёй хаце, i гэтак усцешылi яго жончыны словы, што ён не стрываў - скупая слязiна пакацiлася па шчацэ - не паспеў сцерцi... i ён, саромеючыся сябе такога, глядзеў i глядзеў на Укубалу. Нiбы толькi ўбачыў i зморшчынкi пад вачамi, i прытоеную скруху ў куточках вуснаў. Знаёмая i незнаёмая Укубала. Мацi яго дзяцей. На яе скронях бялела тры-чатыры нiтачкi, не болей, i ўсё-такi яны таксама сведчылi пра пражытае i перажытае.

...Праз дзень Едыгей быў ужо на станцыi Кумбель - ехаў пасажырам. Але давялося зрабiць ход назад ад Баранлы-Бураннага, каб сесцi на алма-ацiнскi цягнiк. Так цi iнакш, трэба было спачатку адбiць тэлеграму Елiзараву пра свой прыезд. А гэта можна было зрабiць толькi на станцыi...

На алма-ацiнскiм пероне Едыгей убачыў Елiзарава i ўзрадаваўся бурна, як дзiця.

Елiзараў прыветна памахаў яму капелюшом. Вось пашанцавала! Нават не марыў Едыгей, што Елiзараў сам яго сустрэне. Бачылiся яны недзе мiнулай восенню. Не, не змянiўся Афанасiй Iванавiч, хоць быў ужо сталага веку. Такi ж рухавы, хударлявы. Казангап называў яго аргамакам - скакуном чыстай пароды. Гэта была высокая пахвала - аргамак Афанасiй. Елiзараў ведаў пра гэта i пагаджаўся няхай будзе па-твойму, Казангап! I дадаваў - стары аргамак, але ж усё-такi аргамак! I на гэтым дзякуй! Звычайна ён прыязджаў у саразекi ў рабочай вопратцы, у кiрзавiках, у старой кепцы, а тут быў пры гальштуку, у добрым цёмна-сiнiм гарнiтуры. I гэты касцюм вельмi пасаваў да яго валасоў - ужо напалову сiвых.

Пакуль цягнiк прыцiшваў ход, Афанасiй Iванавiч iшоў побач з вагонам, усмiхаючыся Едыгею ў акне. Шэрыя вочы яго задаволена свяцiлiся. Гэта адразу сагрэла Едыгея, i нядаўнiя сумненнi пакiнулi яго. 'Добры пачатак, узрадаваўся ён, - бог дасць, паездка будзе ўдалай'.

- Ну, нарэшце прыехаў! Добры дзень, Едыгей! Добры дзень, Буранны! сустрэў яго Елiзараў.

Яны моцна абнялiся. Ад мнагалюддзя наўкол, ад радасцi Едыгей зусiм разгубiўся. Елiзараў распытаў пра ўсё i пра ўсiх: як пачуваюцца Казангап, Укубала, Букей, дзецi, хто цяпер начальнiк раз'езда, не забыўся папытаць i пра Каранара.

- Ходзiць. Што з iм зробiцца, з Каранарам, раве сабе, - казаў Едыгей. - У саразеках яму воля. Чаго яму там не хапае?

Недалёка ад вакзала стаяла вялiкая чорная машына. Такую Едыгей бачыў першы раз. Гэта быў ЗIМ - лепшы аўтамабiль пяцiдзесятых гадоў.

- А вось мой Каранар, - пажартаваў Елiзараў. - Сядай, Едыгей, - сказаў ён, адчыняючы яму пярэднiя дзверцы. - Паедзем.

- А хто ж павядзе машыну? - запытаўся Едыгей.

- Я, - адказаў Елiзараў i сеў за руль. - На сконе веку адважыўся, як бачыш. Мы не горшыя за амерыканцаў.

Елiзараў упэўнена завёў матор. I перш чым паехаць, пасмiхаючыся, запытальна паглядзеў на госця.

- Вось нарэшце ты прыехаў. Выкладвай адразу - цi надоўга?

- Я ж па справе, Афанасiй Iванавiч. Як атрымаецца. Але спярша параiцца трэба з вамi.

- Я так i ведаў, iначай цябе адтуль не выцягнеш. Давай так, Едыгей. Зараз мы паедзем дадому. Будзеш жыць у нас. I не пярэч. Нiякiх гатэляў! Ты ў мяне асаблiвы госць. Як я ў вас у саразеках, так ты ў мяне. Сыйдын сыйы бар - так жа па-казахску. Павага ад павагi!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×