З гэтым настроем i вярнуўся Буранны да сябе ў саразекi.

Глядзеў на горы, глядзеў на вясеннюю далеч i думаў Едыгей, што ёсць на зямлi верныя людзi - i слову, i справе; такiя, як Елiзараў, i што без такiх, як ён, чалавеку на зямлi было б цяжка. I яшчэ думаў аб тым, што калi б застаўся жыць Абуталiп, дык зараз бы вунь якiм чалавекам быў! Калi б застаўся жывы... Зарыпа чакала б яго да апошняга дня. Дальбог, такая жанчына дачакалася б свайго мужа. А калi няма каго чакаць, то навошта маладой жанчыне нiшчыцца ў адзiноце? Мо сустрэнецца добры чалавек. Едыгей ажно расхваляваўся ад гэтых думак. Хацеў пераключыць увагу на нешта iншае, але нiчога не атрымалася.

А цягнiк iшоў, пакалыхваючыся.

...З чорных гор калi пойдзе качэўе,

З сiнiх гор калi пойдзе качэўе,

Ты не чакай мяне на кiрмашы, Бегiмай...

...Цягнiкi ў тых мясцiнах iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход.

А збоч чыгункi ў гэтых мясцiнах ляжала вялiкая пустэльная пространь Сары-Азекi - Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў. У гэтых мясцiнах любая адлегласць вымяралася ад чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна.

А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход.

Вялiкi каршун-белахвост ляцеў высока ў небе над сваiм гняздом, што тулiлася да Малакумдычапскай стромы. Ён аблётваў свае ўладаннi двойчы - да паўдня i папаўднi.

Уважлiва праглядаючы роўнядзь стэпу, заўважаючы ўсё, што варушылася ўнiзе, аж да маленькiх жукоў i вёрткiх яшчарак, каршун паволi ляцеў над саразекамi, паважна памахваючы крыламi, паступова набiраючы вышыню, каб як мага далей бачыць пад сабою стэп, i адначасова наблiжаўся да аблюбаванага раней месца палявання - да тэрыторыi закрытай зоны. З той пары, як гэты вялiкi раён быў агароджаны, тут прыкметна прыбавiлася жывога, асаблiва птушак, бо лiсы i iншыя драпежнiкi ўжо не адважвалiся забягаць сюды. Затое каршуну агароджа была хоць бы што. Яна яму была хiба на карысць. Але не заўсёды. Тры днi таму ён зверху ўбачыў маленькае зайчаня,i калi каменем кiнуўся на яго, дык той паспеў схавацца пад агароджу, а каршук ледзь не напароўся з лёту на шыпы. Ледзь вывернуўся, ледзь ухiлiўся, узляцеў крута i злосна ўверх. Некалькi пярынак засталося на агароджы. З той пары каршун як мага далей трымаўся гэтай небяспечнай загарадзi.

У гэты дзень з ранiцы - у першы, а цяпер у другi свой залёт - ён заўважыў вялiкае ажыўленне людзей i машын на бетоннай пространi касмадрома. Машыны снавалi ўзад i ўперад i асаблiва часта кружылi вакол канструкцый з ракетамi. Гэтыя ракеты, нацэленыя ў неба, ужо даўно стаялi асобна на сваiх пляцоўках, i да iх ужо даўно прывык каршун. Але сёння тут нешта незразумелае дзеялася. Задужа многа машын, занадта многа людзей, занадта вялiкi рух...

Заўважыў каршун i тое, што той чалавек, якi нядаўна прыехаў на вярблюдзе, два трактары i рыжы лахматы сабака стаялi цяпер ля калючага дроту знадворку, быццам бы не маглi яго пераадолець... Рыжы сабака раздражняў каршуна сваiм гультаяватым выглядам i асаблiва тым, што бадзяўся каля людзей, але каршун не стаў якiм-небудзь чынам выказваць свае адносiны да рыжага сабакi, i не папускацца ж каршуну да яго... Ён проста кружыў над гэтым месцам, глядзеў, што будзе далей, што збiраецца рабiць гэты рыжы сабака...

Едыгей падняў свой барадаты твар i ўбачыў у небе каршуна. 'Белахвосты, вялiкi, - падумаў ён. - Эх, быў бы я каршуном, нiхто мяне не затрымаў бы'.

У гэты час наперадзе на дарозе паказалася машына. 'Едзе! - узрадаваўся Буранны Едыгей. - Ну, дай божа, усё ўладзiцца!' Газiк хутка прымчаўся да шлагбаўма i рэзка спынiўся каля дзвярэй паставога памяшкання. Паставы адразу выцягнуўся i аддаў чэсць начальнiку па варце лейтэнанту Тансыкбаеву, як толькi той выйшаў з машыны, i пачаў дакладваць:

- Таварыш лейтэнант, дакладваю вам...

Але начальнiк каравула спынiў паставога на паўслове i звярнуўся да людзей, якiя стаялi каля шлагбаўма.

- Хто тут пабочныя? Хто чакае? Гэта вы? - спытаў ён, звяртаючыся да Бураннага Едыгея.

- Бiз бiзрой, карагым. Ана-Бейiтке желтэй турып калдык. Калай да болса, жардомдзеш, карагым*, - сказаў Едыгей, стараючыся павярнуцца так, каб малады афiцэр убачыў на грудзях яго ўзнагароды.

* Мы, гэта мы, сынок. Не прапускаюць нас на могiльнiк. Зрабi што-небудзь, дапамажы нам, сынок.

На лейтэнанта Тансыкбаева гэта не зрабiла нiякага ўражання, ён толькi кашлянуў i, калi стары Едыгей намерыўся зноў загаварыць з iм, холадна перапынiў яго:

- Таварыш, звяртайцеся да мяне на расейскай мове. Я асоба пры выкананнi службовых абавязкаў, - растлумачыў ён, хмурачы чорныя бровы над раскосымi вачамi.

Буранны Едыгей вельмi збянтэжыўся:

- Э-э, прабач, прабач. Калi не так, то прабач. - I, ужо зусiм разгубiўшыся, змоўк, забыўшыся нават пра тое, што ён яшчэ меў сказаць.

- Таварыш лейтэнант, дазвольце мне далажыць нашу просьбу, - iдучы на дапамогу старому, звярнуўся да афiцэра Доўгi Эдыльбай.

- Расказвайце, толькi карацей, - папярэдзiў начальнiк каравула.

- Адну хвiлiначку. Няхай прысутнiчае пры гэтым сын памершага. - Доўгi Эдыльбай павярнуўся ў бок Сабiтжана. - Сабiтжан, гэй, Сабiтжан, падыдзi сюды!

Але той толькi адмахнуўся:

- Дамаўляйцеся самi.

Доўгаму Эдыльбаю давялося пачырванець.

- Прабачце, таварыш лейтэнант, ён пакрыўдзiўся, што так атрымалася. Гэта сын памершага, нашага старога Казангапа. I тут яшчэ зяць яго, вунь ён, у прычэпу.

Зяць, падумаўшы, што яго завуць, пачаў злазiць з прычэпа.

- Гэтыя дэталi мяне не цiкавяць. Гаварыце па сутнасцi, - прапанаваў лейтэнант.

- Добра.

Доўгi Эдыльбай пачаў дакладваць - хто яны i адкуль, з якой мэтай i чаму з'явiлiся тут. I пакуль ён гаварыў, Едыгей сачыў за тварам лейтэнанта Тансыкбаева, усё больш разумеючы, што нiчога добрага з гэтага не выйдзе. Той i стаяў на той бок шлагбаўма толькi для таго, каб безуважна слухаць скаргу пабочных асоб. Едыгей гэтак усё зразумеў. I ўсё тое, што было звязана са смерцю Казангапа, усё тое, што ён зрабiў, каб пераканаць сваiх у перавагах пахавання на могiльнiку Ана-Бейiт, усе яго спадзяваннi, усё тое, у чым ён бачыў сваю сувязь з саразекскай даўнiной - усё гэта ўмiг зрабiлася марнасцю, нiчым, усё гэта здалося дарэмным, нiкчэмным перад асобай Тансыкбаева. Едыгей стаяў зняважаны ў сваiх лепшых пачуццях. Смешна i крыўдна было яму за баязлiвага Сабiтжана, якi яшчэ толькi ўчора плявузгаў пра багоў, пра людзей, якiмi кiруюць па радыё, а цяпер во, нават не пажадаў падысцi! Смешна i крыўдна было яму за недарэчна прыбранага ў дывановую покрыўку Бураннага Каранара нашто i каму гэта трэба было цяпер? Гэты лейтэнант Тансыкбаеў, якi нават не пажадаў гаварыць на роднай мове, - няўжо ён мог ацанiць убранне Каранара? Смешна i крыўдна было Едыгею за няшчаснага Казангапавага зяця-алкаголiка, якi праехаў далёкi шлях у дрогкiм прычэпу, каб быць побач з целам памершага, а цяпер падышоў во i стаяў побач, спадзеючыся, што iх яшчэ прапусцяць на могiльнiк. Нават за сабаку свайго, за рыжага Жалбарса, смешна i крыўдна было Бураннаму Едыгею - навошта ўвязаўся ён за iмi па сваёй добрай волi i чаго цярплiва чакае? Навошта гэта ўсё яму, сабаку? А можа, ён i адчуваў, што кепска будзе яго гаспадару, таму i ўвязаўся за iмi, каб быць у такi час побач? У кабiнах сядзелi маладыя хлопцы-трактарысты Калiбек i Жумагалi - што яны цяпер падумаюць пасля ўсяго гэтага?

Зняважаны i расхваляваны Едыгей вялiкiм намаганнем волi стараўся заглушыць гнеў, якi падымаўся ў iм вялiкай хваляй. Не, не меў ён права не саўладаць з сабою, пакуль нябожчык ляжаў у прычэпу. Не да твару старому чалавеку абурацца i павышаць голас. Так думаў ён, сцiскаючы зубы, каб не выдаць нi словам, нi жэстам тое, што рабiлася ў iм у гэты час.

Як i чакаў Едыгей, пасля размовы Доўгага Эдыльбая з лейтэнантам Тансыкбаевым становiшча было не ў iх карысць.

- Нiчым не магу вам дапамагчы. Уезд на тэрыторыю зоны пабочным асобам катэгарычна забаронены, - сказаў лейтэнант, выслухаўшы Доўгага Эдыльбая.

- Мы не ведалi пра гэта, таварыш лейтэнант. А iначай мы не прыязджалi б сюды. Але калi так здарылася, што мы аказалiся тут, то папрасiце вышэйшае начальства, каб нам дазволiлi пахаваць чалавека.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×