прымусiлi францускага караля даць свабоду сваiм братам па веры.

На колькi прыклад Рэчы Паспалiтай заахвочваў Францыю да талерантнасьцi, на столькi прыклад Францыi быў для паслоў Рэчы Паспалiтай яшчэ адным падцьвярджэньнем слушнасьцi сваёй паставы. Яны праяжджалi праз спаленыя вёскi i зруйнаваныя мястэчкi, бачылi голад i зьнiшчэньне на ўсiм сваiм шляху. Таму з тым большай настойлiвасьцю патрабавалi ад Генрыка Валуа прысягнуць, згодна з генрыкаўскiмi артыкуламi, захаваньне свабоды веры, сумленьня i слова. Калi пад час урачыстай iмшы ў Нотрэ-Дам будучы кароль Рэчы Паспалiтай паспрабаваў абмiнуць гэтыя параграфы артыкулаў, адзiн з паслоў, Ян Збароўскi, на вачах усяго каралеўскага двара сказаў: 'Si non iurabis, non regnabis' (Не прысягнеш, ня будзеш каралём). Прыйшлося Генрыку Валуа падцьвердзiць артыкулы Варшаўскай канфэдэрацыi. Пад час каранацыi ў Кракаве 20 лютага 1575 году сцэна з Нотрэ-Дам паўтарылася. Зноў Валуа паспрабаваў абмiнуць невыгодныя словы пра свабоду веравызнаньня. Тады Ян Фiрлей, маршалак каронны, i Мiкалай Радзiвiл Руды, вялiкi гетман лiтоўскi, не дазволiлi працягваць каранацыю, пакуль усе пункты прысягi ня будуць названыя, у тым лiку абавязацельства не перасьледваць нiкога за веру. Францускi каралевiч саступiў i стаў каралём i вялiкiм князем Генрыкам I, а артыкулы Варшаўскай канфэдэрацыi набылi сiлу закону. Праўда, караляваньне новага манарха доўжылася ўсяго чатыры месяцы. Даведаўшыся пра сьмерць свайго брата, Карла IX, Генрык Валуа ў чэрвенi 1575 году ўцёк з Кракава, каб стаць францускiм каралём Генрыкам III, а для Рэчы Паспалiтай Двух Народаў зноў пачалося бескаралеўе.

У наступным годзе прайшлi новыя выбары, i каралём стаў сямiгародзкi гаспадар Стэфан Баторы. Новы манарх адразу заявiў, што ён пануе над народам, а не над сумленьнямi, i без анiякiх хiтрыкаў падпiсаў генрыкаўскiя артыкулы. Многiя гiсторыкi назвалi гэтага караля 'адпаведным чалавекам', якi паказаў, што Рэч Паспалiтая Двух Народаў, дзяржава, якая абмежавала сваiх манархаў законам, дала iм уладу на падставе дамовы, ня толькi не апынулася ў хаосе i анархii, але наадварот, жыла, разьвiвалася, перамагала ў войнах. Заходняя Эўропа прыглядалася да дэмакратычных мэханiзмаў улады ў Рэчы Паспалiтай, шукаючы для сябе прыклады дзяржаўнага будаўнiцтва.

Стэфан Баторы, таленавiты военачальнiк i мудры палiтык, шмат зрабiў для ўмацаваньня Рэчы Пасталiтай, перад усiм у ваенна-палiтычнай сфэры, i перш за ўсё яго дзейнасьць была скiраваная на справы Вялiкага Княства. У 1579 годзе войскi вялiкага князя лiтоўскага вызвалiлi Полацак i ўсю паўночна-усходнюю Беларусь ад маскоўцаў, а ў 1582 годзе было падпiсанае перамiр'е з Масквою, якое скончыла Лiвонскую вайну - крывавую вайну, што паставiла пад пагрозу незалежнасьць Вялiкага Княства. Стэфан Баторы меў таксама вялiкае жаданьне пашырыць адукацыю ў краiне. Аднак у караля i вялiкага князя была адна iлюзiя: яму здавалася, што найлепш паспрыяюць разьвiцьцю краiны езуiцкiя школы, у якiх ён бачыў апiрышча ладу i парадку. На жаль, практыка паказала, што менавiта з гэтых школаў у хуткiм часе выйшлi найвялiкшыя крыкуны, якiя пад прыкрыцьцём абароны свабодаў i шляхецкай залатой вольнасьцi нiшчылi ўсякi парадак i супакой краiны. Як бы там нi было, але кароль Стэфан надаў вiленскай езуiцкай школе статус Акадэмii i адкрыў калегiюмы ў Полацку i Гораднi.

Маючы такога апекуна, езуiты зь вялiкай руплiвасьцю ўзялiся за справу пашырэньня каталiцтва ў Вялiкiм Княстве. Перш за ўсё яны скiравалi сваю ўвагу на палiтычную элiту краiны, спрабуючы перацягнуць яе на свой бок. I адразу дасягнулi гучнага посьпеху. Мiкалай Крыштаф Радзiвiл, званы Сiротка, сын Мiкалая Радзiвiла Чорнага, пад час сваёй вучобы ў Нямеччыне i Iталii, сур'ёзна захварэў i, шукаючы паратунку, выракся веры свайго бацькi, перайшоўшы ў каталiцтва. Стан здароўя маладога магната палепшыўся, i Мiкалай Крыштаф, вярнуўшыся на радзiму, схiлiў перайсьцi з кальвiнiзму на каталiцтва сваiх родных. Каталiцкая царква ў Беларусi трыюмфавала, бачачы, як сын апостала Рэфармацыi нiшчыць справу свайго бацькi, закрываючы ў сваiх уладаньнях цэрквы, друкарнi, палячы Бiблii. Аднак у хуткiм часе хвароба вярнулася, i малады чалавек амаль цалкам страцiў слых. Жадаючы замалiць свае грахi, Мiкалай Крыштаф паехаў у Сьвятую Зямлю, у Ерузалiм, але гэта не дапамагло, засноўваў езуiцкiя калегiюмы, але здароўе станавiлася ўсё горшым. З-за хваробы бацькi зь дзевяцi ягоных дзяцей трое памерлi ў дзяцiнстве, а яшчэ чацьвёра сыноў памерлi, не пакiнуўшы нашчадка. Ня дзiва, што хутка галасы, што славiлi 'мудрае рашэньне' Мiкалая Крыштафа, сьцiхлi, а спробы схiлiць да каталiцкай веры iншых магнатаў Княства ня мелi вялiкага посьпеху.

Тым ня менш езуiты не здалiся, а пачалi рэалiзоўваць больш доўгатэрмiновую праграму. Школы, адкрытыя пры кальвiнскiх зборах яшчэ за жыцьця Мiкалая Радзiвiла Чорнага, далi адукацыю сотням маладых людзей. Каб працягваць вучобу, яны павiнны былi ехаць за мяжу, бо ў Вялiкiм Княстве не было свайго ўнiвэрсытэту, а зрабiць гэта маглi далёка ня ўсе. Бачачы патрэбу краiны ў вышэйшай навучальнай установе, езуiты пачалi захады, каб адкрыць у Вiльнi Акадэмiю, што i адбылося ў 1579 годзе. У Вiленскую Акадэмiю прымалiся на вучобу ня толькi католiкi, але таксама кальвiнiсты, лютаране, праваслаўныя, i гэта адкрыла перад езуiтамi вялiкую прастору для распаўсюджваньня 'рымскай веры'. Калi празь некалькi гадоў эвангельскiя хрысьцiяне ўсьвядомiлi, што значыць унiвэрсытэт у сваёй краiне, i пачалi рабiць захады па арганiзацыi кальвiнскай акадэмii ў Вiльнi, быў ужо iншы час i iншая ўлада. Вялiкае Княства так i не атрымала свайго кальвiнскага ўнiвэрсытэту.

Падтрымка з боку караля надавала езуiтам адвагi ў iх змаганьнi з Рэфармацыяй, але адкрыта супрацьстаяць эвангельскаму хрысьцiянству ў iх не было сiлы. Асноўная заканадаўчая i выканаўчая ўлада была ў руках кальвiнiстаў, вялiкага гетмана Мiкалая Радзiвiла Рудога i канцлера Астафея Валовiча. Краiна жыла прынцыпамi Рэфармацыi, i гэта было вiдочна на кожным кроку. 'Шляхта не саромееца трымаць шынкi, займацца гандлем, лiхвярствам i iншымi нiзкiмi справамi, толькi б яны служылi абагачэньню i прыносiлi прыбытак', - пiсаў Андрэй Волан, кальвiнскi прапаведнiк, аўтар шматлiкiх трактатаў на грамадзка- палiтычныя тэмы. Да нашых дзён дайшлi запiскi Фёдара Еўлашоўскага, дробнага шляхцiча зь Ляхавiчаў, у якiх ён распавядае пра сваё жыцьцё i пра жыцьцё Княства ў другой палове XVI стагодзьдзя. У 1566 годзе дваццацiгадовы Еўлашоўскi прыехаў у Вiльню i дзеля цiкавасьцi зайшоў у кальвiнскi збор. Акурат тады прапаведвалi 'мiнiстры ўчоные Вендрагоўскi i Касьцiнiюс', i малады чалавек, атрымаўшы ад гэтай пропаведзi 'велiкую утеху', прымае кальвiнскае веравызнаньне. Эвангельскае вучэньне аб волi Божай для кожнага чалавека, прапаведванае кальвiнскiмi мiнiстрамi, скiроўвала чалавека на тое, каб ён рэалiзаваў сваё прызначэньне ў грамадзкiм жыцьцi, бiзнэсе, сваёй прафэсii, абвяшчала прынцыпы працавiтасьцi, дабрасумленнасьцi, ашчаднасьцi, прадпрыймальнасьцi. Фёдар Еўлашоўскi сур'ёзна прыняў Слова Божае i пачаў жыць згодна з гэтым. Неўзабаве, дзякуючы сваёй працавiтасьцi i стараннасьцi, ён назапасiў немалое багацьце i, пачынаючы зь сярэдзiны 70-х гадоў XVI стагодзьдзя, як бачна з дакумантаў, пазычаў вялiкiя сумы (па некалькi тысячаў коп лiтоўскiх грошаў) гатоўкаю некаторым магнатам. У той час за дзьве капы можна было набыць каня, а 60 коп каштаваў каменны дом у цэнтры Менску (капа раўнялася 60 грошам). Пытаньнi эканомiкi цiкавiлi i палiтыкаў, i паэтаў. Менскi ваявода Ян Абрамовiч, адзiн зь лiдараў рэфармацыйнага руху ў Княстве, напiсаў кнiгу 'Погляды лiцьвiна на танную куплю i даражэйшы продаж збожжа', у якой тлумачыў неабходнасьць свабоды гандлю ў дзяржаве. Яго сучасьнiк, фiлёзаф i паэт Язэп Даманеўскi ў сваiх творах паказваў працу, актыўную жыцьцёвую пазыцыю як крынiцу шчасьця чалавека, а гультайства i бязьдзейснасьць як прычыну нешчасьлiвага жыцьця, абгрунтоўваючы гэта прыкладамi зь Бiблii. Даманеўскi сьцьвярджаў, што праца павiнна быць прадукцыйная i грамадзка карысная i што яна ня можа зьняважыць шляхецкай годнасьцi. Як прыклад таго, што надае гонар працаўнiку, паэт паказваў рамяство, гандаль i сельскую гаспадарку. Такая пазыцыя грамадзтва не магла не спрыяць хуткаму разьвiцьцю эканомiкi краiны.

Ня меншы ўздым перажывала i юрыдычная думка Вялiкага Княства. Прынцыпы свабоды асобы, свабоды слова i сумленьня адлюстроўваюць юрыдычныя дакуманты таго часу, публiцыстыка i багаслоўскiя трактаты. Ужо ўзгаданы Андрэй Волан у сваiм творы 'Аб палiтычнай або грамадзянскай свабодзе' пiсаў: 'Нiхто з разумных людзей не сумняецца ў тым, што свабода больш за ўсё адпавядае чалавечай прыродзе, i нiхто, такiм чынам, не нараджаецца рабом... Першы i галоўны крытэр нашай свабоды заключаецца ў тым, каб нашае жыцьцё было свабоднае ад усякага замаху на яго i несправядлiвасьцi. Далей, каб нашая маёмасьць i багацьце не ставалiся ахвяраю якога рабаваньня цi гвалту'. Тут будзе дарэчы ўзгадаць канцлера Вялiкага Княства Астафея Валовiча, паплечнiка Мiкалая Радзiвiла Чорнага ў правядзеньнi зямельнай рэформы, арганiзатара працы i рэдактара Другога (1566 г.) i Трэцяга (1588 г.) Статутаў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Гэтыя зборнiкi законаў зьяўляюцца сапраўднымi шэдэўрамi беларускай юрыдычнай думкi. Статут 1588 году лiчыцца найлепшым i найдасканалейшым юрыдычным кодэксам у Эўропе XVI стагодзьдзя. Нават праз два стагодзьдзi пасьля прыняцьця ён па-ранейшаму ўважаўся за найвыдатнейшы эўрапейскi збор законаў. Пасьля захопу Беларусi Расейскай iмпэрыяй яшчэ амаль 50 гадоў нашая краiна жыла паводле Статуту 1588

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×