добрыя ўсе, - нiкудышныя.

Другi пiў гарбату з мёдам i нiзашто не згаджаўся з iм.

- Гэнта твая кансэпцыя няправiльная. Як кажуць, ва ўсёй сваёй паўнаце. Тут жа, да прыкладу, калi ж па-тваёму, то акурат выходзiць, што ўсё ўсем можна. Так? Так. А як жа так вось можна? Гэнтыя самыя, як ты кажаш, iсцiнты нельга пушчаць на самацёк. Вунь, возьмем, баба ў мяне...

- Iовi энд бовi! - усклiкнуў трэцi з прыяцеляў. - Каралi i капуста! Усё так. - Ён быў самы худы i стары i самы нязграбны з трох; ён пiў гарбату, падлiваючы ў свой кубак нешта з фляжкi, якую вымаў з унутранай кiшэнi i хаваў назад. - Iовi энд бовi.

- Бач? - сказаў той, што пiў з мёдам. - Падтрымлююць мяне. Калi ж для карысцi вобчаства, дык трэбаць гэнтыя iсцiнты падзялiць. Каторыя карысныя туды, - i ён паставiў свой кубак перад худым, - а каторыя некарысныя або, як кажуць, шкадлiвыя, гэнтыя пушчай iдуць сюды. - I кубак худога апынуўся перад прамоўцам, i той адразу спорна адпiў.

- А хто ж табе скажаць, якi iнсцiкт карысны, а якi храновы? - усмiхнулася чарнiчнае сочыва.

- Дык трэба ж глядзецi, глядзецi! - загарачыўся мёд. - Глядзецi! А як жа? Добраму - калi ласка, просiм. А каторы кепскi - стоп, хэндэ хох. А то адзiн гэны толькi хавус выйдзець. Баб вунь распусцiлi...

- Аддай мой кубак, - сказаў худы i заплакаў.

Злоўлены пакрыўдзiўся, сказаў, што манiпуляцыя з кубкамi патрэбна была для нагляднасцi, адпiў яшчэ крыху, потым аднавiў статус кво i панура працягваў:

- Бабам волю дай, iм дай волю...

- Воля, - усё яшчэ ўсхлiпваючы, працягваў худы. - Iнсургенты. Iовi энд бовi.

- Ну а мужыкам яе дай? - спытаўся вiноўнiк спрэчкi. - Дай iм, i што будзе?

- А нашто яна мне? На якi? Куды я пайду? А баба пойдзець - нiшто не ўтрымаець...

- Воля! - яшчэ раз паўтарыў худы, супакоiўся, лёг на спiну i дадаў з палёгкай: - Вунь у каго воля! Вунь ён! Арол-бацюхна. Кружыць сабе! Паглядвае! Прасторна наверсе. I нi да чога нашага справы няма. Гэта - воля! - I, скончыўшы, ён адразу заснуў як забiты.

- Ты яво беражы, - сказала чарнiчнае сочыва. - Высокага палёту быў.

- Быў ды сплыў, - помслiва ўсмiхнуўся мёд.

- Ты за iм як за каменнай сцяной.

- А ты?

- Я маўчу.

- Каторыя маўчаць, ваны не падзуджваюць.

- Хто ж падзуджаiць?

- А пра iсцiнты хто пачаўшы? Думаеш, я не паняўшы? Iсцiнты! Ваны вось яво i даканаўшы. А за iм i нас з табою.

- А ты мяне з сабою не раўняй!

- Ах-ах, цаца!

- Гэта паскудства, калега! - пакрыўджана змянiлася чарнiчнае сочыва. - Я ж знарок пачаў зусiм пабочную гаворку, каб адцягнуць яго ўвагу ад думак пра ўласнае падзенне, а вы...

- Ад паскуды чую, калега, - не застаўся ў даўгу мёд. - Вы не стамiлiся аплакваць сябе, я ведаю. I вам не церпiцца каго-небудзь абвiнавацiць у сваiх няўдачах.

- Гэта вы няўдачнiк, а ў мяне вынаходнiцтвы ёсць!

- Якая ж цана вашым талентам, калi вы трымалiся толькi дзякуючы яму.

- Я папрасiў бы вас заткнуцца, бездар вы i зайздроснiк жаўтушны!

- А вы - паразiтуючы неўрастэнiк!

- А вы - жабрак i лёкай!

- Iовi энд бовi, - пралепятаў спячы. - Арол-бацюхна... Лунае сабе... Воля...

- Божа! - журботна вымавiла чарнiчнае сочыва. - Як агiдна завяршаецца так удала пачаты эксперымент...

За кустамi сядзеў мядзведзь i назiраў. Ён, вядома, мог бы iх адразу ўсiх задраць - гэта ў яго на пысе напiсана, - але быў сыты. Ён проста выйшаў са сховiшча i зароў, i прыяцеляў як ветрам здзьмухнула. Мядзведзь даеў мёд i сочыва, а запаветную бiклажку так i не знайшоў: гаспадар яе, вiдаць, не пажадаў з ёю разлучыцца, нават рызыкуючы жыццём.

* * *

Экран працягваў мiгцець. Мядзведзь сунуўся берагам.

- Што гэта? - здзiўлена спытаўся Першы. - Хто яны?

- Гэта фiлосафы, - сказаў Настаўнiк.

12

Над вольнай раўнiнай, над шырокiм стэпам плыў Магутны Арол. Ён ляцеў так высока, што там не адчувалася гарачынi нават самай спякотнай парой; паветра свежае i мяккае, як пярына, i рухi Магутнага Арла былi плаўныя. Ён то хiлiўся на крыло i планiраваў, робячы кругi i млява прыплюшчваючы вочы, то складваў крылы i падаў, маючы асалоду ад ветру i хуткасцi, а потым зноў узносiўся i зноў лунаў, пазiраючы на сонца.

Нiжэй - дыстанцыя была раз i назаўсёды вызначана - ляцеў ад'ютант i целаахоўнiк Старэйшы Сокал, а яшчэ нiжэй кружылi чароды шулёнкаў - гэта была ахова. Шулёнкi не маглi намнога адарвацца ад зямлi (ды гэта i не дазвалялася) i знемагалi ад спякоты i смагi. Дзякуючы востраму зроку яны бачылi, што робiцца на зямлi: кiшачых мышэй, разнастайных птушак, сiнiя ручаiны i даўганогiх кулiкоў, на мелiзне нават бачылi рыбак, якiя абгрызалi сцяблiнкi трысця або проста раскашавалiся ў цiхiх затоках каля самай паверхнi. Усё гэта было як на далонi, але нi адзiн з шулёнкаў не меў права нават падумаць пажывiцца - Старэйшы Сокал надзвычай зоркi i пiльны. Ахоўваць бяспеку i спакой Магутнага Арла - вось такi iх абавязак, i нiчога iншага на свеце не павiнна было для iх iснаваць. Яны то згуртоўвалiся ў непрыступнае карэ, то перастройвалiся ў iмклiвы клiн, то размяшчалiся кругам, нi на секунду не выпускаючы з-пад увагi нi ад'ютанта, нi самога ўладара, нi вельмi мiзэрных змяненняў вакол iх - у паветры або ўнiзе. Яны не ведалi, ад якiх ворагаў трэба ахоўваць Магутнага Арла, яны толькi ведалi, што трэба ахоўваць, i ахоўваць пiльна. Час ад часу камандзiр шулёнкаў, самы дужы i натрэнiраваны з iх, адрываўся ад чарады i прабiваўся ўверх, да Старэйшага Сокала. Зразумела, ён не мог дасягнуць вышынi целаахоўнiка, не кажучы ўжо пра вышыню Магутнага Арла; ён падымаўся ўсяго настолькi, каб быць пачутым, i, задыхаючыся, крычаў:

- Ваша сцярвятнiцтва! На захадзе навальнiчная хмара!

Старэйшы Сокал у сваю чаргу таксама ўзлятаў, наколькi мог, i перасцярога перадавалася галоўнаму адрасату.

Магутны Арол даўно ўжо бачыў хмару, якая не была не толькi навальнiчнай, а нават i дажджавой i да таго ж праходзiла бокам. Ён пагардлiва пакасiўся ўнiз i адказаў:

- Бачу. Ты - вольны.

I Старэйшы Сокал iмклiва знiжаўся, i гэтак жа iмклiва ныраў унiз камандзiр шулёнкаў i, з палёгкай расслабiўшыся, займаў месца ў чарговым пастраеннi.

Бывалi - праўда, дужа рэдка - выпадкi, калi хто-небудзь з ахоўнiкаў, заўважыўшы суслiка, якi разлёгся на санцапёку, забываўся (спакуса брала сваё) i стрымгалоў кiдаўся на ахвяру. Але ён не паспяваў нават адчуць смаку свежага мяса - сабраццi адразу разрывалi суслiка на кавалкi. Пасля гэтага парушаны строй аднаўляўся i служба працягвалася.

А Магутны Арол цiхамiрна лунаў у вышынi. Вядома, ён часам заўважаў хвiлiннае замяшанне ў шэрагах ахоўнiкаў, але не надаваў гэтаму значэння.

'Няхай, - усмiхаючыся, думаў ён. - У iх там свас клопаты'. Было светла на душы, думкi цяклi спакойна, як цiхая рака або як гэты вецер, халаднаваты i плаўны.

Час, калi ён хваляваўся, аглядваўся, выпрабоўваў моц крылаў i прызвычайваўся да вышынi, даўно мiнуў. Так, калiсьцi новае сваё становiшча ён прымаў яшчэ як дар лёсу. Ён ацэньваў сябе збоку, каб пазбавiцца шмат якiх звычак, што iшлi ад мiнулага, прыслухоўваўся да шматлiкiх галасоў у сабе i ўважлiва аглядваў кожнага, хто трапляўся на вока. Усё гэта даўно мiнула. Ён убачыў, што больш магутнага за яго няма, i яму ўжо не трызнiлася пра 'дар лёсу', ён паверыў, што заўсёды быў такi, як цяпер, i што лёс да гэтага не мае дачынення. Ён цяпер не залежаў нi ад чога i нi ад кога; наадварот - усё жывое, з яго клопатамi, намерамi i iнтарэсамi, з яго сённяшнiм i будучым, падуладна толькi яму, Магутнаму Арлу, i цалкам залежыць толькi ад яго аднаго. Ён ужо не ўпiваўся сваёй магутнасцю, як спачатку, не даказваў яе на кожным кроку - яна ўжо i так была вiдавочная i непахiсная. 'Усталяваны парадак, - горда думаў Магутны Арол, - адзiна магчымы. Ён справядлiвы. I калi б я нават сам нешта хацеў змянiць, дык не змог бы, бо гэта немажлiва'.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×