на дне ямы ляжаў зiхатлiвы Плацiнавы Абруч. Магутны Арол доўга сядзеў каля яго, ахоплены пакутлiвым хваляваннем, i засяроджана перабiраў у памяцi, чаго б яшчэ папрасiць; магутнасць, смеласць, непаражальнасць, багацце - усё было ўжо даўно дадзена, i прыдумаць новую просьбу не хапала фантазii, а паўтарацца нельга было: Плацiнавы Абруч двойчы не выконваў таго самага або падобнага жадання.

- Сiлы! - шаптаў Магутны Арол, дакранаючыся да халоднага металу. Зоркасцi!.. Упэўненасцi!.. Моцы крылаў!..

Але Абруч нiяк не адклiкаўся - не было ў яго бляску таго характэрнага напружання i iскрэння, якiя б сведчылi, што просьба прынята i выканана. I Магутны Арол разумеў - прыляцеў сюды дарэмна.

Прыгнецены i стомлены, ён закiдваў Абруч пяском, каб святло не пранiкала наверх, потым выбраўся з ямы i грозна загадаў:

- Да мяне!

I шулёнкi, што засталiся, умомант былi перад iм; яны не пыталiся, куды падзелiся iх таварышы, - пытацца было парушэннем Улажэння i, значыць, злачынствам.

- Закапаць.

Такая работа звычайна заканчвалася за некалькi хвiлiн.

- А цяпер вы павiнны памерцi. Такая мая воля.

- Ёсць, Ваша Недаступнасць! - пачуўся дружны адказ.

Магутны Арол застаўся адзiн, узняўся ў паветра i, не зважаючы на непагадзь, кружыўся над гэтым месцам. Бура ўрэшце ўлягалася, гром аддаляўся, вецер супакойваўся. Мора паступова залiзвала сляды працы; вось ужо зусiм гладкi пясок, вось хвалi перакочваюцца цераз мелiзну i дасягаюць скалы, дзе нядаўна хавалiся шулёнкi, а далёка на ўсходзе пачынае матавым адценнем свяцiцца неба. Iдзе прылiў...

* * *

Варта заўважыць, што Магутны Арол усё радзей наведваў сваё патаемнае сховiшча. 'Гэта мая начная туга ў бурлiвае надвор'е - ад хвалявання стыхiй у прыродзе, як правiльна тлумачыць Гэ-Гэ, - разважаў ён. - Бо я - увасабленне прыроды. Чаго мне лятаць туды? Калi мая галава не здольная прыдумаць новага жадання, дык, значыцца, i няма больш таго, чым я валодаю, i не трэба большага жадаць'. А акрамя таго, ён у пэўнай меры зайздросцiў Плацiнаваму Абручу: 'Я ж магу i сам зрабiць тое, што захачу цi што будзе неабходна, я - Аквiла Рэгiя, непераможны i найвялiкшы, - iнакш што ж я за 'непераможны i найвялiкшы', калi толькi i прашу дапамогi ў нейкага абруча?'

Баяўся ён таксама, што можа стацца: раптам цудам уцалее нехта з шулёнкаў, i тады... Цяжка было ўявiць, што будзе тады...

15

Бяссоннiца прыходзiла часам i ў спакойныя ночы, часцей у бязмесячную цiхую пагоду, калi па зямлi разлiвалася цёплая млявасць i свет шчаслiва замiраў, быццам упiваючыся сваёй бязмежнасцю i дасканаласцю, i зоркi гарэлi асаблiва блiзка i ярка. Магутны Арол запiраўся ў адным з самых аддаленых пакояў i сюды-туды крочыў там у адзiноце, знемагаючы ад хворых дум i незразумелых жаданняў. У гэтыя хвiлiны ён ужо не лiчыў, што з'яўляецца ўвасабленнем прыроды, а дасцiпнасцi i мудрагельства Гэ-Гэ здавалiся яму пустой балбатнёй. I вось, калi туга ўжо пагражала перайсцi ў роспач, ён выклiкаў Аракульку, i яны гутарылi.

- Што такое жыццё? - пытаўся ён, i яна адказвала:

- Жыццё - гэта рух.

- Ад чаго да чаго?

- З аднаго месца на другое.

На такiя тэмы лепш было б не гаварыць з Аракулькай - яшчэ нi разу падобная размова не прыносiла супакаення. Але слухаць гадкую лiслiвасць i пустазвонства Гэ-Гэ было яшчэ горш.

- Што рухае?

- Неабходнасць.

- Адкуль неабходнасць?

- Ад жаданняў.

- Адкуль жаданнi?

- Ад неабходнасцi рухацца.

- Дзе ж тут пачатак i дзе канец?

- Няма нi пачатку, нi канца.

- А смерць?

- Смерць - вяха.

- Што пасля?

- Цемра.

- Ах! - усклiкнуў аднойчы Магутны Арол. - Ёсць! Знайшоў! Мяне гняце прадчуванне цемры. I калi смерцi не будзе...

- Будзе, - прагучаў адказ.

- Але я магу стаць бессмяротны!

- Жывы труп...

- Пайшла вон!

Ранiцай ён раiўся са Строгiм Сарычом, i той асцярожна сказаў, што Яго Недаступнасць сталi горш выглядаць.

- Так нядоўга i да хваробы...

- Што ж, - усмiхнуўся Магутны Арол, - па-твойму, я магу памерцi?

- Гэтага не можа быць, Ваша Недаступнасць! Лекары Вашай Недаступнасцi лепшыя на свеце.

- Лекары, - паўтарыў Магутны Арол i паморшчыўся.

- Можа, - спачувальна сказаў сябра i дарадчык Строгi Сарыч, - Вашай Недаступнасцi неабходна было б на час адкласцi справы, гэтыя бясконцыя клопаты...

- Што ты называеш 'на час адкласцi справы'?

- Паляванне! - Вочы Строгага Сарыча загарэлiся. - Паляванне - найвялiкшая асалода! За тым вунь цёмным лесам ёсць дзiвосныя паляны, i пасецца там мноства разнастайных чатырохлапых. Ваша Недаступнасць маглi б загадаць...

Праз дзень вылецелi. Акрамя Магутнага Арла, Старэйшага Сокала i Строгага Сарыча, тут былi яшчэ Спрытны Каршун, Гэ-Гэ i Элегантны Сакол-Каршачок, i ўсю групу эскартавалi стройныя чароды шулёнкаў, цювiкаў i канюкоў.

Паляванне было надзвычайнае. На палянах сапраўды пасвiлiся i адпачывалi шматлiкiя статкi разнастайнай жыўнасцi. Узлятаў i каменем падаў на ахвяру Строгi Сарыч, бясшумна наскокваў Спрытны Каршун, кiдаўся Старэйшы Сокал, лютаваў Элегантны Сакол-Каршачок. Але найвышэйшае майстэрства паказаў, вядома, сам уладар. Ён быў нястомны, iмклiвы, дакладны, грозны i статны. Ахвяра супрацiўлялася яму адзiн толькi мiг i адразу ператваралася ў крывавыя шматкi. Ён адзiн разарваў не менш за сотню трусоў i павалiў каля пяцiдзесяцi ланяў i коз. Галоўным у яго здзiўляючым таленце было - раптоўнасць. Стрымгалоў кiдаўся ён на цэль, свiдраваў яе позiркам, збiваў з ног, i ў наступнае iмгненне дзюба, кiпцюры i крылы завяршалi работу.

Эскорт, разбiўшыся на атрады, шнырыў па ўсiм лесе, шыпеннем i клёкатам выганяючы звяроў на паляну, а там дзейнiчалi нястомныя паляўнiчыя. Пабоiшча цягнулася некалькi гадзiн, i да полудня ўся паляна была завалена трупамi. Стомленыя байцы сядзелi на ўзлеску i цiха гутарылi. Гэ-Гэ, якi не прымаў удзелу ў мерапрыемстве праз сваю ляноту, да таго ж ён баяўся крывi, мiрна кiнуўся ў фiласофiю, на ўсе лады расхвальваючы талент свайго пана, i падводзiў пад культ вiдовiшчаў маральную аснову. I толькi Магутны Арол маўчаў. Ён не стамiўся, адчуваў у гэты час лёгкасць i супакой, нiбы выпiў цудадзейнага лякарства або памаладаеў на некалькi гадоў. 'Вось, - думаў ён. - Можна, значыць, абысцiся i без Абруча...'

У лесе стаяла цiшыня. Пакрысе надыходзiў вечар; знiжанае сонца разбiвалася аб дрэвы; ад ракi цягнула прахалодай.

З гэтага дня паляваннi наладжвалiся часта.

16

Настаўнiк выключыў эвальвентар, бо першы з яго падапечных быў надзвычай узбуджаны, а другi адвярнуўся ад экрана.

- Мы хочам асвоiць планету Хi, - прамовiў Настаўнiк. - Такая галоўная мэта?

- Так, - прашаптаў Першы. - Ты ведаеш...

- Вы бачылi, як прыблiзна гэта робiцца.

- Так...

- У такiм разе што цябе прыгнятае?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×