асоба, тыповая яшчэ нашанiўка. Да мяне прышла з просьбай надаць усяму гэтаму не рэлiгiйны, а палiтычна-нацыянальны характар i так падаць у адпаведныя рэспублiканскiя органы.

Прыехаў з Вiльнi мастак Сергiевiч39. Мiлы чалавек i з вялiкiм талентам. Заходзiць часта. Пражыўшы з маленства i дагэтуль на Заходняй Беларусi, ён у нас анiяк не можа арыентавацца. Шукае падтрымкi i парад. Гэта нацыянальны мастак, поўны як мае быць.

22 лiстапада

Бадай што ўжо месяц, як у 'кватэры', дадзенай мне Саўнаркомам. Але ж якраз як тая камера ў турме, дзе я сядзеў у 1938 годзе. Можна сказаць, што я ўжо дайшоў да апошняй мяжы. Бруд, цемень - вокны глядзяць у чорны трохкутнiк з высозных муроў. Пiсаць няма як i жыць няма як. А тут жа, па адным карыдоры, рамантуюць кватэру Рыжыкаву. Там светла i добра. Там Рыжыкаву можна будзе круцiць патэфон i гуляць у 'пульку'. У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалi дзяржаве свае душы i таленты, але мы не Рыжыкавы. Я жыву як апошняе пакiдзiшча. I не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не эўрапейская дзяржава, дзе iнтэлектуальныя асаблiвасцi чалавека робяць яго жыццё арганiзаваным. А ў нас азiятчына. Падхалiмства, хабарнiцтва, чыноўнiцтва, паклёпнiцтва - за апошнiя годы паднялося на вялiкую вышыню. Колькi нашай iнтэлiгенцыi без дай прычыны гнiе ў турмах i на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гiну i не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сiлы мае трацяцца i марнуюцца без карысцi. Доўгiя годы мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабiць тое, што мне трэба рабiць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбiральнi, краду дровы, дастаю з дошчак цвiкi, мыю сваю парваную i вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вiнавата. Тут многа ад хамства. Апарат НКГБ i тысячы чыноўнiкаў займаюць увесь горад - яны ўмеюць i любяць рваць адзiн аднаго i ўсiх за горла, а я гэтага не ўмею рабiць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькi праменьчык дзённага святла ў вакно i мучуся ў пограбе. Божа, напiшы за мяне мае раманы, хiба так малiцца, цi што?

Каментары

Упершыню апублiкаваны ў часопiсе 'Полымя', 1965, № 4, амаль на цэлую трэць скарочаны рэдактурай i цэнзурай. Публiкацыю суправаджаў грунтоўны артыкул С.Александровiча, даследчыка жыцця i творчасцi К.Чорнага. Яшчэ больш (амаль удвая) скарочаны тэкст 'Дзённiка' ў 8-м томе Збору твораў: хрушчоўская 'адлiга' змянiлася брэжнеўскiмi 'прымаразкамi'.

Друкуецца паводле часопiса 'Полымя' (1988. № 4. С.155-163), дзе апублiкаваны без скарачэнняў (публiкацыя Р.Раманоўскай). Публiкацыя суправаджаецца ўступным словам Васiля Быкава, якi, у прыватнасцi, назваў 'Дзённiк' яшчэ адным 'красамоўным дакументам эпохi, хвалюючым сведчаннем багатай душы нашага волата слова, вялiкага Кузьмы Чорнага'.

Некаторыя стылiстычныя ўдакладненнi зроблены згодна з аўтографам, якi захоўваецца ў сямейным архiве пiсьменнiка. Асаблiвасцi стылю пiсьменнiка (зайходзiў, смрод) як факт аўтарскай мовы празаiка пакiнуты. Рознастылёвасць паасобных слоў (тыпу Менск- Мiнск) унiфiкавана ўбок пераважнага напiсання.

Аўтограф дзённiка ўяўляе сабой малы агульны сшытак памерам 13 х 17,5 см у шэрай вокладцы, дзе захавалася больш як сто старонак. Пагiнацыя праведзена толькi да 77-й старонкi, дзе i зроблены апошнi легендарны запiс Божа, напiшы за мяне мае раманы... На фарзацы сшытка аўтограф 'Притыцкий'. Паводле ўспамiнаў дачкi Кузьмы Чорнага, Рагнеды, Сяргей Прытыцкi i падараваў гэты сшытак 'майму бацьку', калi нейкi час жыў разам у Маскве ў гатэлi 'Якорь'. Мiкалай Карлавiч аддаў сшытак дачцэ, дзе яна занатоўвала любiмыя паэтычныя творы. Потым, калi сшытак спатрэбiўся, аддала яго назад бацьку, папярэдне выразаўшы спiсаныя ёю старонкi.

Запiсы К.Чорнага зроблены пераважна сiнiм атрамантам (хоць пiсьменнiк найбольш любiў чорны атрамант), почырк выразны, буйнаваты (часам, напрыканцы старонкi, запiсы рабiлiся дробнымi лiтарамi, аднак па-ранейшаму выразна).

Сшытак пачынаецца з празаiчных нататак:

с.1-5. Пачатак рамана 'Скiп'ёўскi лес' (канчаецца фразай: Няма-ведама дзе ён падзеўся i нiякiя пошукi не ўзвялi следства на праўдзiвую дарогу);

с.6 - пустая;

с.7-16. Другi варыянт пачатку рамана 'Скiп'ёўскi лес' (апошняя фраза: Праўдзiвей сказаць, юнацтва яе пачалося разам з вайною. I хоць яна была такая...);

с.18 - пустая;

с.19-22. Трэцi варыянт пачатку рамана 'Скiп'ёўскi лес' (апошняя фраза: Пашла яна замуж толькi выбiўшыся з падлеткаў);

с.23-52. Чацвёрты варыянт (самы буйны) пачатку рамана 'Скiп'ёўскi лес' (апошняя фраза: Але гэта ўжо было роўна праз два гады), прычым на с.55 ад слоў як свой i вядомы здаўных пачынаецца кавалак тэксту чорным атрамантам.

с.53-77. Дзённiк (прычым памiж старонкамi 54-й i 55-й аркуш выразаны нажнiцамi, аднак пагiнацыя захавана). На с.73 тэкст 5 кастрычнiка. Нiчога не пiсаў... да фразы Беларускай iнтэлiгенцыi бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе iмя i сцiраюць з нашага жыцця беларускi характар уключна напiсаны сiнiм атрамантам; запiсы ад 11 кастрычнiка (с.75) i да канца - чорным атрамантам.

1. Iра, любая мая ўцеха - так па-сямейнаму называлася дачка пiсьменнiка Рагнеда (нарадзiлася 24 лiстапада 1928 г.).

2. Крысько Цiмох (1911 г. нар.) - сапраўднае iмя паэта, празаiка, драматурга, крытыка, педагога, сакратара Беластоцкага аддзялення Саюза савецкiх пiсьменнiкаў БССР (1940-1941), больш вядомага пад псеўданiмам Васiль Вiтка, якi ён ўзяў у гады вайны; з 1944 - адказны сакратар часопiса Беларусь. Для гэтага выдання К.Чорны i пiсаў згаданыя неаднаразова ў Дзённiку 'перадавiцы'.

3. Александровiч Алеся (1904-1947) - лiтаратуразнавец, педагог; працавала ў Дзяржаўнай бiблiятэцы Беларусi (1934-1936); сястра паэта Андрэя Александровiча.

4. Гутараў Iван (1906-1967) - лiтаратуразнавец, фалькларыст; у 1939-1941 дацэнт, загадчык кафедры расейскай лiтаратуры БДУ i вучоны сакратар Аддзялення грамадскiх навук АН БССР; у час вайны арганiзатар i камiсар партызанскiх атрадаў на Браншчыне, у 1943 г. адклiканы i вывезены ў Маскву 'для выканання спецдаручэнняў'; займаўся адмыслова даследаваннем беларускага фальклору ў час вайны.

5. 'Клiч да беларускага народа' - гэты артыкул пiсьменнiка быў апублiкаваны ў газ. 'Савецкая Беларусь' (11 студз. 1942 г.) за подпiсам Я.Купала.

6. Баўдзей Л. - журналiст, аўтар артыкулаў i рэцэнзiй пра творчасць К.Чорнага ('Бацькаўшчына' // Советская Белоруссия. 1940, 18 дек.; Вобразы савецкiх людзей у творах Кузьмы Чорнага // Беларусь. 1946. № 1); асоба блiжэй невядомая.

7. Хайноўская Марыя Канстанцiнаўна - супрацоўнiца Дома пiсьменнiкаў (да вайны працавала загадчыцай медкабiнета Дома пiсьменнiкаў); пасля вайны загадвала бiблiятэкай Саюза пiсьменнiкаў.

8. Анюта (1906-1983) - малодшая сястра пiсьменнiка.

9. Маша (1902-1988) - малодшая сястра пiсьменнiка.

10. Рэня (Рэвека Свераноўская, 30.11.1899-30.03.1987) - жонка Кузьмы Чорнага.

11. ...пiсаў пра яе ў дзённiку - даваенны пiсьменнiцкi архiў Кузьмы Чорнага не захаваўся (апроч паасобных аўтографаў у архiвах НКВД, у асабiстым архiве крытыка Алеся Кучара).

12. Глебка Пятро (1905-1969) - паэт, перакладчык, вучоны-грамадазнавец; у 1943-1945 працаваў рэдактарам выдавецтва ЦК КП(б) Б 'Савецкая Беларусь'.

13. 'Суждены нам благие порывы.. - недакладная цытата з верша М.Някрасава 'Рыцарь на час'.

14. Панамарэнка Панцеляймон Кандратавiч (1902-1984) - савецкi партыйны i дзяржаўны дзеяч, у 1938- 1947 займаў пасаду першага сакратара ЦК КП(б)Б, прызначэнне на якую ў чэрвенi 1938 г. супадае з выхадам К.Чорнага з турмы на волю (8 чэрвеня 1938 г.).

15. Дадзiёмава Феня Iсакаўна - тагачасны начальнiк Галоўлiта БССР (iнф. дачкi пiсьменнiка - Рагнеды).

16. ...выклiкаў з Менска Лынькова... - Лынькоў Мiхась (1899-1975), празаiк; у 1938-1948 - старшыня праўлення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.

17. Глебка Нiна Iларыёнаўна - жонка Пятра Глебкi, якая ў час вайны заставалася ў Менску.

18. Мiхась i Юрась - малодшыя браты Кузьмы Чорнага (адпаведна 1908 i 1912 г. нар.), абодва згiнулi на вайне.

19. Фiнкель Уры Гiршавiч (1896-1957) - крытык, лiтаратуразнавец; пiсаў на жыдоўскай i беларускай мовах, аўтар кнiг пра Мендэле Мойхер-Сфорыма i Шолам-Алейхема.

20. За час вайны ... з голаду двое дзяцей - у сапраўднасцi падчас апошняй вайны сям'я Уры Фiнкеля страцiла трое дзяцей: сын Шалом (1939-1941) памёр у ташкенцкай лякарнi 11 лiстапада; дзве дачкi - Цыля

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×