падзялюся, сэрца сваё разрэжу напалавіну і палавінку табе аддам, толькі памажы, Арцімончык!

Кукіш (спакойны чалавек з чырвоным носам; гавора манатонна бяз ніякае інтонацыі). Пад сэрцам нешта смокча…

Пупкін. Пад сэрцам?… А сэрца рэч важная! А для сэрца самае важнае — супакой. Вось я заўсёды спакойны, ніколі ня злуюся, здароў, сэрца, як камень. Калі крычыць нехта на мяне, лаецца, я маўчу, сьмяюся толькі ў душы і думаю: ага, браток! у цябе цяпер сэрца гэтак сільна б'ецца: цік-цік, цік-цік, а ў мяне нічога… спакойна, роўна… Вось гэтак трэба заўсёды, Арцімончык!

Кукіш. (спакойна, без інтонацыі). Пад сэрцам чарвяк смокча!..

Пупкін. А! чарвяк смокча!.. Ах, ты забаўнік гэтакі!.. Хочаш выпіць?

Кукіш. In vino veritas.

Пупкін. А ты ўсё загранічныя словы, сьмешны ты чалавек! Ну, што-ж зрабіць! нічога не парадзіш, для гэтакага друга нічога не пашкадую, навет крыві ўласнай. Пайду, пашукаю ў шафе, можа дзе й знайду адну чарачку. Вось маеш газэціну, пачытай, пакуль-што, тут цікўна. (Дае Кукішу газэту, а сам ідзе да шафы і неспакойна аглядаецца на Кукіша, ці той ня сочыць за ім).

Кукіш (разварочвае газэту, паказвае від, што чытае, але як Пупкін адчыніў шафу, зірнуў у той бок і пабачыў там колькі бутэлек і шмат закусак). Аднэй мала.

Пупкін (наліваючы з бутэлькі ў адну чарку) А там на стале ляжыць другая газэта, ты перагледзь яе.

Кукіш. Я кажу: аднэй чаркі мала.

Пупкін. Ня гневайся, браток! Чым хата багата, тым рада. Ледзь-ледзь адну нацадзіў. (Падае яму чарку гарэлкі і кусок хлеба).

Кукіш. Закускі трэба.

Пупкін. Вось, каб ты ведаў, якая бяда: нічога ў хаце няма, толькі хлеба сухога кусок. Ты-ж ведаеш, што я, як сьвяты, хлеб і вада, вада і хлеб… Бо цела, каток, трэба марыць, сушыць, каб дух, як тая кветка, расьцьвітаў, гэтак пышна расьцьвітаў!..

Кукіш. Кілбасу я ў шафе бачыў.

Пупкін. Няўжо-ж? Ня можа быць! (ідзе да шафы і ізноў яё адчыняе) . А далібог! Ляжыць! А я яе й ня бачыў. Скуль яна тутака, не разумею (Нясе кілбасу на стол). Але я табе, каток, ня раю шмат есьці, бо пасьля мяса ўсё гэтакія грэшныя мысьлі ў галаву лезуць, аж тфу!

Кукіш (закусваючы). Не зашкодзіць.

Пупкін. А я, вось раз у жыцьці бачыў гэткае здарэньне: зьеў чалавек кілбасы і памёр.

Кукіш. Каб нічога ня еў, хутчэй-бы памёр.

Пупкін. Ну, дык вось цяпер, выпіўшы, закусіўшы, пачнем аб справе. Вось, бачыш, каток, я запісаў гусьценька восем аркушаў паперы — усё аб сабе. Бо-ж сам ведаеш, якое маё жыцьцё! Я, не хвалячыся, скажу, што магу быць прымернікам для маладога пакаленьня.

Кукіш. Мала.

Пупкін. Што? Думаеш, што мала? Няўжо-ж восем аркушаў канцэлярскай паперы мала? Я магу яшчэ напісаць…

Кукіш. Гарэлкі мала.

Пупкін. А!.. Калі ведаеш, браток, ужо далібог апошнія капелькі. Паслаў-бы Марту, каб купіла, але грошай няма, цяпер у мяне такія вялізныя расходы! Я прыгарнуў да сябе адну няшчасную сірацінку, без бацькоў, у цёткі на вёсцы жыла, шкада мне зрабілася бедненькай, хай, думаю, ў мяне жыве. Сам не даем, а добрае дзла зраблю. Я заўсёды так. Дык вось зусім бедна жыву, свабоднага граша ніколі няма.

Кукіш. У шафе шмат стаіць.

Пупкін. Гэта воцат, каток, далібог! Ты-ж воцту піць ня будзеш!

Кукіш. Я п'ю.

Пупкін. Ах, сьмешны ты чалавек! Пайду, пагляджу, няўжо-ж я абмыліўся? (Ідзе да шафы). А! далібог! ёсьць! А я думаў, што воцат. Ну, тваё шчасьце. (Нясе бутэльку на стол). Толькі асьцярожна, каток, каб не пашкодзіла.

Кукіш. Гарэлка сэрца весяліць.

Пупкін. Весяліць, кажаш? Ну, дык і я папрабую. (Налівае чарку, выпівае, пасьля адрэзвае вялізны кусок кілбасы і закусвае). Ну, дык вось я табе дам гэты рукапіс, ты, калі што ня так, паравіш, пераложыш на беларускую мову і дасі ў газэту. Я табе скажу: гэта надта важна, гэта будзе мець вялізнае значэньне ў маёй палітычнай кар'еры. Трэба каб усе ведалі, ўсе чыталі…

Кукіш (праз гэты час наліў сабе цэлую шклянку гарэлкі, выпіў і закусіў, не шкадуючы кілбасы). Рукапіс я паправіць не магу, але прышлю табе знаёмага рэпортэра, Скакуна, ён табе ўсё наладзіць, а цяпер я піва хачу.

Пупкін. Піва? Скуль піва? У мяне няма.

Кукіш. Пазыч грошы, дык я пайду ў шынок.

Пупкін. Арцімоначка! Дык-жа я ня маю…

Кукіш (паглядзеўшы, што бутэлька ўжо пустая, пакідае яе на стале, забірае толькі ў кішэнь астаткі кілбасы). Ну, дык бывай здароў! (падаў Пупкіну руку й пайшоў).

Зьява 7

Пупкін (адзін).

Пупкін (доўга бяз слоў глядзіць яму ўсьлед, пасьля гавора) . У? Напіўся мае крыві, крывапійца!.. Але нічога не парадзіш. Без пратэкцыі і без хабару навет міністрам ня зробішся.

(Пяе):

Міністрам ўжо хутка буду я — Тру-ля-ля, тру-ля-ля, тру-ля-ля!        Міністрам фінансаў хачу быць,        Бо грошы умею палічыць. Шмат грошай ўжо маю я сваіх, І Бог дасьць мець буду болей іх.        А, маючы грошы, спэкульну,        Тысячку не адну зараблю. Есьць смачна і смачна буду піць, З портфэлем пад пахай ўсьцяж хадзіць,        Шапачку нізеньк зьніме ўсяк        З пашанай, вось гэтак, вось так, так!                                               (жэст).
Вы читаете Пан міністар
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×