І сярод начной цішы пачалася дужанка… Віктару хутка ўдалося паваліць Мірона. Той пакрыўдзіўся:

— Пачакай! Пачакай! Ты ж не даў мне добра ўзяцца, адразу накінуўся. Давай яшчэ раз, вось так. Пагледзімо, як цяпер…

І дужанка зноў пачалася, ды яшчэ як заўзята!…

Змарыліся, паляглі. Паспалі крыху і зноў пачалі варушыцца. Раптам недзе побач пачуўся дзікі, прарэзлівы крык. Крык жудасны і разам з тым нейкі жаласны, нібы хто душыць малое дзіцяня…

Жах ахапіў хлопцаў. Мімаволі яны шчыльней зашыліся між каранёў.

Крык не спыняўся, і нават непадалёк, у кустах, чулася нейкая тузаніна.

Тут ускочыў Віктар і кінуўся ў кусты.

— Мірон! Сюды хутчэй! — зараз жа пачуўся яго крык.

Спачатку Мірон зазлаваў на Віктара, чаму гэта ён кінуўся ў бяду, але ў той жа момант сам апынуўся каля Віктара. Той нешта трымаў, і гэтае нешта білася і вырывалася.

— Трымай! Хутчэй! — зноў крыкнуў Віктар.

Мірон учапіўся рукою за поўсць нейкага звера.

— Што гэта за звер такі? — здзівіўся ён.

— Трымай, трымай мацней! Заяц! — засопшыся, казаў Віктар.

Мірон учапіўся абедзвюма рукамі за зайца, але зараз жа адну руку адхапіў, бо нехта моцна ў яе дзюбануў.

— Ай, ай, заяц дзюбаецца! — крыкнуў ён з жахам.

— Трымай мацней! А то ўцячэ! — тузаўся тым часам Віктар.

Мірон зноў ухапіўся дзвюма рукамі.

— Што гэта робіцца? — крыкнуў ён. — Ніколі не чуў, каб заяц дзюбаўся!

— Я ж пугача трымаю! Гэта ён. Трымай зайца, а я гэтаму лупатаму зараз галаву раструшчу.

І ён стукнуў птушку галавой аб дрэва. Потым гэтак жа забілі і зайца.

— Адкуль ты ведаў, што там дзеецца? — запытаўся Мірон, калі яны са здабычай вярнуліся на сваё месца.

— Жаласны піск паказваў, што гэта нейкі невялікі звярок трапіў у бяду. Тузаніна ў кустах сведчыла, што і вораг яго не надта моцны, калі яны так доўга тузаюцца. Потым пачулася нібы плясканне крылаў, і тады мне прыйшла ў галаву думка, што гэта, мусіць, якая сава напала на зайца, як гэта часта пішацца ў кнігах. Але ж і запусціла кіпцюры ў спіну! Сама хацела вырвацца, ды не магла, таму і ўдалося схапіць. А цяпер паспрабуем запалкі, можа, ужо будуць гарэць.

Тыцнуўся Віктар туды-сюды, а запалак няма.

— Згубіў у час тузаніны, — прамовіў ён у роспачы.

Хацеў быў накінуцца на яго Мірон, але раздумаў.

— Знойдзеш заўтра, — сказаў ён лагодна. — Ды, мусіць, і страта невялікая, бо, відаць, усё роўна з іх толку не было б.

— А есці хочацца… — неяк жаласна сказаў Віктар.

— Ты ж казаў, што мог бы есці сырое. Вось і еш.

— Ну, ну! Лёгка казаць. Але ўсё ж такі, што мы будзем рабіць заўтра?

— Заўтра і будзем меркаваць, — сказаў Мірон і лёг у сваё логава. — А цяпер будзем спаць. Вось палажы сабе з другога боку зайца — хай грэе, а я палажу пугача.

Нарэшце дзённыя і начныя турботы змарылі хлопцаў, і яны заснулі так моцна, што, мусіць, цяпер іх не разбудзіў бы ні гром, ні мароз. А калі яшчэ паднялося сонца ды прыгрэла іх, то яны праспалі аж да поўдня. Прачнуліся, селі, азіраюцца.

— Учора гэтай парой як пад'еў… — пачаў быў Віктар.

— Давай пашукаем нашы запалкі, — перапыніў яго Мірон. — Тады і пад'ясі.

Расплюснуты карабок з дзвюма запалкамі знайшлі хутка. З хваляваннем чыркнулі — запалка засіпела і больш нічога. А другая нават і не засіпела…

— Ну і ліха з імі! — раззлаваўся Віктар і ўскінуў на спіну зайца. — Хадзем лепш дахаты.

— А што рабіць з гэтай дурной савой?

— Вядома, браць. Гэта ж добры ўлоў. Зробім чучала і паставім у нашым прыродазнаўчым музеі з надпісам: «Злоўлены ў Палескай пушчы героямі-падарожнікамі і даследчыкамі Міронам Бажком і Віктарам Калягам уласнымі рукамі, без ніякай зброі». Нават і зайца я згодзен ахвяраваць для навукі і славы.

І яны пайшлі ўздоўж возера ў той бок, дзе павінен быў знаходзіцца іх дом.

III

«Па-а марам!» — Усё направа ды направа. — Зайцаў абед. — Зноў на тым самым месцы.

Шпарка ішлі яны наперад па сухім бары. Злева час ад часу выблісквала возера. Бярозы, алешыны, вербалоз з маленькімі светла-жоўценькімі лісточкамі атачалі яго, нібы мярэжкі. Елкі і сосны на гэтым фоне здаваліся зусім чорнымі. Вясёлае веснавое сонейка шнырала паміж дрэў і цешыла і расліну, і птушку, і ваду, і нашых хлопцаў.

Прырода, вясна і маладосць напоўнілі іх жыццярадаснасцю. Нават на голад забыліся.

— Па-а марам, марам, марам, мара-ам! — зацягнуў Віктар.

— Сёння тут, а заўтра там! — падхапіў Мірон.

А ў адказ ім загуло ў лесе: «А-а-ам!»

— Ведаеш што? — звярнуўся Віктар да Мірона. — Я ўжо шкадую, што мы накіраваліся дадому. Я ахвотна згадзіўся б пажыць тут некалькі дзён. Тут табе і мора, і першабытны лес, і звяроў можна рукамі лавіць.

— Ды і я нічога супраць не меў бы, — усміхнуўся Мірон, — але есці няма чаго.

— А гэта што? — пакруціў Віктар зайца над галавой.

— А якім чынам яго засмажыш?

— Здабудзем агонь, як гэта робяць дзікуны, — і ўся табе музыка.

— А хлеба, солі дзе ўзяць?

— Булкі, чаю, каўбасы! — перадражніў Віктар. — Эх ты! А як жа эскімосы ды папуасы жывуць увесь век без гэтага? А ты і некалькі дзён баішся пражыць.

— Пачакай, яшчэ, можа, давядзецца і супраць нашай волі пажыць тут, — прамовіў Мірон, калі глянуў наперад.

Там мясцовасць паніжалася, пераходзіла ў балота, а за ім далёка зноў блішчала вада.

— Бачыш, і там вада. Значыцца, трэба зварочваць.

Павярнулі направа. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Густы ельнік яшчэ болей перашкаджаў ісці. Яны стараліся скарыстаць кожную магчымасць, каб пасунуцца ў свой бок, налева, але кожны раз павінны былі адступацца назад.

Знайшлі былі больш-менш сухую невысокую граду, якая цягнулася на поўдзень, але хутка выявілася, што гэта быў толькі клін, які ўпіраўся ў возера ці балота, — хто яго цяпер разбярэ! Прыйшлося вяртацца назад.

Гэтак ішлі яны гадзіны са тры. Настрой у абодвух даўно ўжо сапсаваўся. Не толькі ў Віктара ў чаравіках, але і ў Мірона ў ботах хлюпала вада. Змарыліся хлопцы страшэнна, а голад пачаў так дапякаць, што і вясна, і ўвесь свет зрабіліся нямілымі.

— Гэтак, чаго добрага, і другую ноч давядзецца начаваць тут! — у роспачы сказаў Віктар.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×