асабліва запалкі.

— А табе не даводзілася ўжываць высушаныя запалкі? — пытаўся Мірон. — Ці гараць яны?

— Не даводзілася.

— Вось бачыш: такая простая рэч, а ты не ведаеш.

— А ты?

— Дык я ж не куру.

— Гэта ж не толькі для курэння патрэбна. Эх ты! — паківаў галавой Віктар. — Разважаць толькі любіш.

Віктар увесь час скоса пазіраў на хлеб. Не цярпелася і Мірону. Узяў ён вільготны кавалак, разламаў напалам, працягнуў Віктару. З'елі гэты кавалак і яшчэ больш захацелі есці.

— Каб ведаў, лепш бы зусім не еў, — бурчаў Віктар.

— Прывыкай, браток, не тое яшчэ будзе, — суцешыў Мірон.

— Хоць бы закурыць, — прамовіў Віктар, гледзячы на сваю махорку.

— Добра і так, — сказаў Мірон.

Дагэтуль яны неяк не мелі часу падумаць пра свой далейшы лёс: кожную хвіліну перад імі стаяла бліжэйшая, непасрэдная справа. Цяпер жа, калі сядзелі галышом пад дрэвам і чакалі, пакуль высахне адзежа, яны маглі больш падумаць пра заўтрашні дзень.

— А што, калі нам некалькі дзён давядзецца валэндацца тут, пакуль выберамся? — разважаў Віктар.

— О, гэта было б вялікім шчасцем! — прамовіў Мірон.

— Дзякую за гэткае шчасце! — чмыхнуў Віктар. — А есці што будзеш? Можа, яшчэ з голаду зойдзешся.

— Вось таму я і лічу за шчасце пабадзяцца некалькі дзён, а не тыдняў ці месяцаў, — панура сказаў Мірон.

— Можа, скажаш яшчэ — стагоддзяў, — усміхнуўся Віктар.

— І гэта можа быць, — сур'ёзна адказаў Мірон. — Нашы косці могуць знайсці і праз некалькі стагоддзяў!

— Эх ты, нуда хадзячая! — скрывіўся Віктар. — Табе на печы б сядзець, а не пускацца ў падарожжа. Чуў я шмат разоў, як людзі блудзілі па лясах, але не чуў аніводнага разу, каб у нашых лясах гэтак хто- небудзь загінуў. Гэта табе не бразільскія лясы, не афрыканскія пушчы.

— Чаго ты пнешся? Магу цябе запэўніць, што я таксама не вельмі прагну тут загінуць, — апраўдваўся Мірон.

— Ну, дык няма чаго рыхтавацца да смерці! — адрэзаў Віктар.

Хоць сонца яшчэ свяціла, але ўжо не грэла. Доўгія цені паступова пакрывалі светлыя мясціны. Хлопцы адчулі холад.

— Нічога не зробіш, прыйдзецца надзяваць сырую адзежу, — уздыхнуў Мірон.

— Дармо! Дасохне на целе, — бадзёрыўся Віктар.

Калі яны адзеліся, Віктар неяк нерашуча сказаў:

— Можа, пойдзем далей?

— Куды ты цяпер пойдзеш? — адказаў Мірон. — Нават па знаёмай дарозе рызыкоўна пускацца ў такі час. А гэтак мы напэўна праблытаемся ўсю ноч дарэмна. Наўрад ці блізка ў гэтых месцах ёсць паселішча. Якім бы ні было чынам, а прыйдзецца тут пераначаваць.

За ўвесь сённяшні дзень гэта было адзінае пытанне, па якім не адбылося спрэчак паміж таварышамі. Пачалі рыхтавацца да начлегу. Зрабілі сабе логава ў сухім пяску між карэнняў, падгарнулі сухога лісця і шыльніку.

Нарэшце надышоў самы вялікі, урачысты і адказны момант — здабыванне агню. Сэрцы ў хлопцаў застукалі мацней, рукі дрыжалі. Мусіць, з такім самым пачуццём тысячагоддзі назад у якім-небудзь першабытным храме людзі прыступалі да здабывання свяшчэннага агню.

— Ці высахлі яны?

Памацалі з усіх бакоў — здаецца, высахлі.

Чыркнуў Віктар раз, другі — нічога… Толькі белы след застаўся на карабку.

— Мусіць, не досыць высахлі, — сумна сказаў Мірон. — Болей псаваць не варта.

— Мая кашуля ўжо высахла, я палажу іх пад паху, — сказаў Віктар.

А пакуль што прытуліліся ў сваім логаве без агню.

II

Першая ноч. — Начная дужанка. — Заяц, які дзюбаецца. — Апошнія запалкі. — Дадому.

Сонца ўжо зайшло, але яшчэ цэлую гадзіну трымаўся шэры змрок. Над возерам са свістам праляталі качкі, спяшаліся на начлег. Уверсе пачуўся жураўліны крык. Вось ён мацнее, робіцца больш выразным: відаць, жураўлі спускаюцца на адпачынак.

— Вось добра было б, каб які-небудзь журавель ці гусь сеў нам на галаву! — прамовіў Віктар.

— Што б ты з ім рабіў без агню? — уздыхнуў Мірон.

— З'еў бы сырога.

Мірон перавярнуўся на спіну, зірнуў на зоркі. Яны так прыгожа зіхацелі! Ласкава шапталіся верхавіны дрэў. Мусіць, дома цешацца цяпер добрым веснавым надвор'ем, а яны…

— Вось да чаго даводзіць свавольства! — нібы сам да сябе прамовіў Мірон. — Каб мы папрасілі човен у гаспадара, дык цяпер людзі ведалі б, дзе мы, і прыехалі б па нас. А так, нават калі і знойдуць дзе човен, то не будуць ведаць, якім чынам ён там апынуўся. Паслухаўся цябе…

— Ну-ну, няма чаго наракаць, — нездаволена забурчаў Віктар. — Ніхто цябе не прымушаў. Калі ты такая цаца, дык не трэба было згаджацца. А ісці за паўкіламетра шукаць гаспадара і ў цябе самога не было ахвоты. З'есці збіраліся мы гэтую душагубку, ці што? Каб не такі выпадак, вярнулі б на месца — і ўсё.

Мірон змоўк. Усё роўна справы не паправіш. А спадзявацца на дапамогу няма чаго. Ніхто іх тут не ведае. Калі і бачыў хто, што паплылі недзе нейкія два хлопцы, то нікому не прыйдзе ў галаву пацікавіцца, дзе яны дзеліся. Прыйдзецца самім шукаць дарогу.

Паветра рабілася ўсё больш сырым і халодным. Добра яшчэ, што ветру не было. Крыху дапамагала таксама тое, што, шчыльна прытуліўшыся, яны маглі грэць адзін аднаго.

Час цягнуўся марудна. Голад і холад не давалі заснуць. Хлопцы вымушаны былі варочацца з боку на бок. Задрамалі, але хутка так змерзлі, што пачалі ляскаць зубамі. Было, мусіць, пасля поўначы. Віктар не вытрымаў і ўскочыў.

— Гэй, уставай! — штурхануў ён Мірона.

— А? Чаго?…

— Выклікаю цябе на спаборніцтва!

— А? Што?…

— Уставай дужацца!

— Што? Чаго? — мармытаў Мірон. — Не лезь!

Але Віктар ухапіў Мірона за ногі і павалок па зямлі. Мірон не толькі ачухаўся, але раззлаваўся.

— Ты чаго лезеш? — закрычаў ён. — Чаго спаць не даеш? Я цябе зараз…

— Ціха, ціха! — сказаў Віктар. — Я цябе не біцца выклікаю, а дужацца. Дужацца, каб сагрэцца. Разумееш?

— А!…

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×