шапку, пачаў вычэрпваць ваду.

Зараз жа далучыўся Віктар, і вада хутка была вычарпана. Можна было ехаць далей.

— А да таго лесу, мусіць, далёка, — прамовіў Мірон.

— А што, можа, спалохаўся? Можа, назад хочаш ехаць? — упікнуў Віктар.

— Каб толькі ты не спалохаўся, — насмешліва адказаў Мірон.

— Ну, гэтага, брат, не дачакаешся! — свіснуў Віктар. — Першы раз па моры еду.

— Толькі карабель наш псуе падарожжа, — уздыхнуў Мірон.

— А ты сядзі спакойна, і ўсё будзе добра, — сказаў Віктар і ўзяўся за вясло.

— Ды навошта ты зноў становішся? — крыкнуў Мірон. — Дай лепш буду я, а ты адпачні.

— Паглядзім, — усміхнуўся Віктар і аддаў вясло.

Мірон асцярожна, але цвёрда прыладзіўся на каленях і пачаў веславаць.

— Ну, і якая ж розніца? — засмяяўся Віктар, — Ты на каленях стаіш нават вышэй, як я на нагах.

— Розніца ёсць, — сур'ёзна адказаў Мірон. — Цэнтр цяжару ніжэй, калі памятаеш фізіку.

— Наўрад ці сам ты ведаеш, дзе ў цябе цэнтр цяжару, — нездаволена буркнуў Віктар.

Асцярожна, мерна і моцна гроб Мірон, і човен пасоўваўся досыць шпарка. Вось наблізіліся першыя кусты, часам сухі чаротнік вытыркаўся з-пад вады: значыцца, скончылася возера і пачаўся бераг. Але праз некаторы час зноў выехалі ў другое, меншае возера.

— Бач, як яно тут — па некалькі азёраў ідзе, — заўважыў Віктар.

— Гэта яшчэ невядома. А можа, гэта толькі балота? Хто яго цяпер разбярэ? — сказаў Мірон.

Нейкі белаваты струмень, нібы рака, перасек ім дарогу і пачаў адносіць човен убок. Мірон упарта стаў з ім змагацца.

— Сцеражыся! — раптам крыкнуў Віктар.

На іх нёсся вялізны, рагаты корч. Сутычка была немінучая: праскочыць з такім нязграбным чоўнам было ўжо нельга.

— Кладзіся! — крыкнуў Мірон і сам прыціснуўся да дна.

Потым працягнуў наперад вясло, упёрся ў корч і паступова пачаў паслабляць руку, каб зменшыць штуршок. Корч не стукнуўся аб човен, але затое яны сашчапіліся і далей паплылі ўжо абодва разам.

— Вось прынесла яго ліха на нашу галаву! — злаваў Віктар. — Як жа цяпер ад яго адчапіцца?

— Пачакай, не гарачыся толькі, адчэпімся, — спакойна сказаў Мірон і паступова, павольна вызваліў човен.

Мінулі азярцо, зноў пайшлі кусты. Часам яны здаваліся астравамі, а калі човен пад'язджаў бліжэй, то мог праехаць праз іх проста па вадзе. Трапляліся і больш вялікія дрэвы: бярэзінкі, алешыны, нават елкі.

Наперадзе, ужо недалёка, вызначаўся густы, сіні бор.

— А ён, здаецца, стаіць высока, на сухім месцы, — сказаў Віктар і ціхенька ўстаў, каб паглядзець. — Хочацца ногі выпрастаць, здранцвелі зусім.

— Ды пачакай ты, не ўставай, зараз прыедзем, — сказаў Мірон, але і сам не ўтрымаўся, прыпыніўся і пачаў прыглядацца.

— Здаецца, там нібы пясчаны ўзгорак відаць, — прамовіў ён, гледзячы з-пад рукі.

А човен тым часам наехаў на вір. Не паспелі хлопцы звярнуць на яго ўвагу, як ён панёс іх убок і стукнуў аб альховае дрэва. Штуршок быў невялікі, і нічога б не здарылася, каб абодва хлопцы сядзелі на дне. А цяпер — Віктар адразу паляцеў у ваду, пад алешыну.

— У-ух! — крыкнуў ён не то ад жаху, не то ад неспадзеўкі, не то ад холаду. Мусіць, ад усяго разам.

А човен ад яго руху так захістаўся ды закруціўся, што Мірон ледзь уседзеў, ухапіўшыся рукамі за бакі яго. Але пры гэтым ён выпусціў з рук вясло. Струмень падхапіў бездапаможны човен і панёс яго далей, да другой алешыны. Падплываючы да яе, Мірон перахіліўся цераз борт і ўчапіўся рукамі за галіну. Тут ён адчуў, што човен нібы выслізгвае з-пад яго. Трымаючыся за галіну бадай што над вадой, Мірон стараўся падцягнуць да сябе човен нагамі, але скончылася гэтая справа тым, што галіна абламалася, хлопец паляцеў у ваду дагары нагамі, а човен, атрымаўшы апошні штуршок і паварочваючыся ў розныя бакі, жвава панёсся наперад. Пакуль Мірон зноў учапіўся за дрэва ды агледзеўся, човен быў ужо так далёка, што дагнаць яго не было ніякай магчымасці, тым больш чалавеку адзетаму і абутаму.

Усё гэта адбылося так хутка, што Віктар, які таксама выбіраўся з вады і ўзлазіў на дрэва, нават не заўважыў, што робіцца за яго спіной, тым больш што Мірон за ўвесь гэты час не падаў аніводнага гуку.

Азірнуўся Віктар — ні чоўна, ні Мірона няма! Што за дзіва такое?

— Міро-о-он! — гукнуў ён.

— Ну! — адгукнулася зусім блізка.

— Дзе ты?

— Тут!

Глянуў Віктар — і вачам сваім не верыць.

— А дзе ж човен?

— Не ведаю.

— Як жа так?

— Ды так. Паплыў.

— Што ж гэта такое? — у роспачы крыкнуў Віктар.

— Прыгода, — спакойна азваўся Мірон са свайго дрэва.

— Што ж ты нарабіў?

— А можа, гэта ты нарабіў?

— Ты ж у чоўне застаўся!

— Хацеў бы я паглядзець, як ты застаўся б, каб цябе так штурханулі, — адказаў Мірон.

Так спрачаліся яны, пакуль не прайшло першае ўражанне ад няшчасця. Ніхто нікога сур'ёзна не вінаваціў, ды і карысці ніякай ад гэтага не было б, але ж трэба было па прывычцы аднаму аднаго папікнуць. І толькі пасля таго сталі яны абмяркоўваць, як выйсці са становішча.

А становішча было такое, што ім нікуды нельга было падацца, апрача таго лесу, што віднеўся наперадзе за кіламетр ці трохі болей. Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. А на залітым вадою балоце яны мелі шмат «станцый» для адпачынку — дрэвы, кусты і проста неглыбокія мясціны.

Было каля поўдня. Неаглядная водная прастора іскрылася на сонцы. З захаду ледзь дыхаў цёплы ветрык. Вада ціхенька плюхалася каля дрэў. Уверсе са свістам праляцелі дзве качкі. Сонца прыемна сагравала мокрае адзенне хлопцаў. Настрой у іх палепшыўся, асабліва ў Віктара. Ён нават пачаў жартаваць:

— Калі-небудзь, можа, будзем дзякаваць, што так здарылася. Тут табе і мора, і аварыя карабля, і таемны востраў, а там сустрэнуцца дзікуны, бегемоты, кракадзілы, тыгры…

— Невялікае шчасце сустрэць тыгра з голымі рукамі, — сказаў Мірон.

— А ты хочаш, каб табе ўсё гатовае было? Тады лепш было сядзець дома.

— Я і згадзіўся б цяпер лепш сядзець дома. Можа, каб апісаць усё гэта ў кніжцы, дык які-небудзь дурны хлопец і захацеў бы быць на нашым месцы. А я наперадзе не чакаю нічога добрага.

— Эх ты! — з пагардай сказаў Віктар. — Што будзе з цябе далей, калі ты ўжо цяпер раскіс?

Мірон усміхнуўся.

— Прадбачыць — гэта не значыць раскіснуць. Паглядзім яшчэ, хто будзе больш трывалы. Але час ужо ў дарогу. Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду!

— Пачакай, можа, варта яшчэ пашукаць нашага чоўна? Можа, ён зачапіўся дзе? — сказаў Віктар. — Маё дрэва вышэйшае, я з яго пагляджу.

— Дзе там! — безнадзейна махнуў рукой Мірон. — Гэтая гладкая калода нават не мае чым зачапіцца. Ды і вір круціць тут ва ўсе бакі.

— Так яно і ёсць! — сказаў Віктар, калі зірнуў зверху. — Вунь ён ужо выходзіць у возера. Нічога не зробіш, прыйдзецца плысці.

І хлопцы пусціліся ў далейшую дарогу.

Вельмі хутка яны пераканаліся, што плысці ў адзенні — гэта вялікая пакута. Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала, і ўніз цягнула. Спачатку хлопцы маглі праплысці без адпачынку якую сотню метраў,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×