а потым усё менш і менш. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што «станцыі» размяшчаліся зусім не так, як хацелася б. Дрэвы трапляліся вельмі рэдка, і не заўсёды былі яны па дарозе. Часта прыходзілася адпачываць проста ў вадзе, трымаючыся за верхавіны кустоў. А тады цела яшчэ больш дубянела ад холаду. Таму, калі сустракалася дрэва, на якое можна было ўзлезці, то хлопцы больш радаваліся магчымасці пагрэцца на сонцы, чым адпачынку. А кракадзілы і тыгры больш ужо не прыходзілі ў галаву — не да таго было.

Метраў за трыста ад берага хлопцы адчулі пад нагамі зямлю. Калі сталі, то вада даходзіла ім да грудзей. Радасць была надзвычайная. Але зноў бяда: дно аказалася такое дрыгвяное, што ісці па ім не было ніякай магчымасці.

— Ведаеш што? — сказаў тады Віктар. — Давай скарыстаем закон Архімеда.

— Якім чынам? — здзівіўся Мірон ад нечаканасці.

— Калі мы апусцімся ў ваду па шыю, то зробімся лягчэйшымі на столькі, колькі важыць выціснутая намі вада.

— Так.

— Значыцца, мы не будзем загразаць у балоце і пойдзем сабе ўпрысядку, як па шасэ. Вось паспрабуй.

Апусціліся ў ваду — сапраўды ногі не загразаюць. Але як толькі пасунуліся наперад, — пачалі загразаць нават горш, чым раней.

— Вось табе і Архімед! — з прыкрасцю сказаў Віктар.

— Не Архімед вінаваты, а мы самі, — разважліва прамовіў Мірон. — Мы не ўлічылі, што, рухаючыся, павінны пераадольваць супраціўленне вады, а для гэтага вымушаны моцна ўпірацца ў дно.

Такім чынам, хлопцам прыйшлося плысці нават па неглыбокім месцы. Толькі што можна было часцей адпачываць, стоячы на купінках, ды грэцца на сонцы.

Нарэшце яны наблізіліся да берага на такую адлегласць, што рукі пачалі даставаць зямлю. Але стаць усё роўна было немагчыма — зараз жа ногі правальваліся ў багну.

— Што ж цяпер рабіць? — разважаў Віктар, калі прыпыніўся апошні раз на кусце. — Ні плысці, ні ісці нельга.

— Значыцца, трэба паўзці на руках, — сказаў Мірон, выпрастаўся нерухома на вадзе і лёгка паплыў, перабіраючы рукамі па зямлі.

За ім пусціўся Віктар.

— Ну як? Цяпер Архімед дапамагае? — спытаў Мірон.

Каб выправіць сваю папярэднюю памылку і паказаць, што ён не горш за Мірона разумее гэтае пытанне, Віктар паспяшаўся даць тлумачэнне:

— Цяпер у нас супраціўленне вады зусім невялікае, і нам не трэба моцна ўпірацца рукамі.

Усё ішло добра, пакуль цела трымалася ў вадзе. А калі яны падплылі да берага метраў на пяцьдзесят ды «селі на мель», тады ўжо ніякім спосабам нельга было рухацца далей. Немагчыма было ні абаперціся рукамі, ні стаць на ногі — ад кожнага руху хлопцы яшчэ больш загразалі ў балоце. Хоць ты назад вяртайся!

Яны чапляліся за кожную ламачыну, за леташні чаротнік, каб толькі знайсці сабе апору. Паступова яны набралі ў рукі па цэлай вязанцы сухога чаротніку і галля, а затым Віктар выступіў з канкрэтнай прапановай:

— Калі мы не можам паўзці, абапіраючыся на рукі, то паспрабуем паўзці, абапіраючыся на вязанкі, вось так…

Моцна трымаючы дзвюма рукамі вязанку, ён закінуў яе наперад, а потым падцягнуўся да яе ўсім целам. Першы крок быў зроблены. А за ім пайшлі далейшыя крокі, цяжкія, марудныя, але кожны з іх крыху набліжаў жаданую сушу.

Выбраліся на бераг ледзь жывыя, аблепленыя тванню, дрыжачыя ад холаду. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Досыць высокі, сухі, ён глядзеў на поўдзень і добра награваўся праменнямі сонца. Пад аховай векавых хвой тут не адчувалася ні малейшага ветрыку; ад нагрэтай зямлі патыхала цеплынёй, як у добры летні дзень. Асабліва вабілі да сябе пляміны чыстага белага пяску. На яго і паваліліся нашы падарожнікі.

— А тут было б зусім нядрэнна, калі б… — пачаў Віктар млявым голасам.

— Калі б не гэтае «калі б», было б сапраўды добра, — згадзіўся Мірон. — Але калі мы засохнем у такім стане, то будзе яшчэ горш, — мы зробімся муміямі.

— Для цябе гэта асабліва небяспечна, бо ты тады зломішся, — засмяяўся Віктар.

— Ды і табе не лепш будзе, — адказаў Мірон. — Трэба змыць гэтую гразь.

Але так не хацелася ўставаць, распранацца. Цішыня, стома, цеплыня хілілі да сну. Праз некалькі хвілін Мірон зноў сказаў:

— Трэба памыць і высушыць адзенне, пакуль сонца грэе.

— Трэба, — пацвердзіў Віктар.

І абодва засталіся ляжаць нерухома. Праз некаторы час Віктар сказаў:

— Нічога не зробіш, трэба ўставаць.

— Трэба, — пацвердзіў Мірон.

І зноў абодва засталіся ляжаць.

Зноў прайшло некалькі часу. Тады Мірон рашуча сказаў:

— Так нічога не выйдзе. Давай па камандзе: р-раз!

— Два! — падхапіў Віктар.

А «тры» не сказаў ні той, ні другі — так хацелася яшчэ хвіліначку паляжаць. Многа яшчэ прайшло такіх хвіліначак, пакуль, нарэшце, бадай абодва разам крыкнулі «тры», усхапіліся на ногі і пачалі распранацца.

Адзежы ўсёй разам было: дзве пары бялізны, двое штаноў, дзве верхнія кашулі, пара ботаў (Міронавы), пара чаравік (Віктаравы), скураная куртка (Віктарава), суконная світка (Міронава), пара рваных шкарпэтак (Віктаравы), пара ануч (Міронавы) і дзве шапкі.

Ператрэслі кішэні і падлічылі ўсю сваю маёмасць наогул.

Віктар перш за ўсё ўхапіўся за свой табак. Зверху махорка зрабілася на кашу, а ад паперы нічога не засталося.

— Эх, шкада дабра! — уздыхнуў ён і асцярожна пачаў выцягваць сваё багацце і раскладаць яго на зямлі. — Дзе яго цяпер возьмеш?

— І добра! — сказаў Мірон. — Прынамсі, курыць адвыкнеш.

— Ну не, брат! Я лепш есці адвыкну.

— Цяпер для мяне гэта было б вельмі дарэчы, — спакойна прамовіў Мірон і выцягнуў з кішэні мокрую скарынку хлеба.

— Хлеб?! — падскочыў Віктар.

— Ціха, ціха! Ты ж толькі што казаў, што можаш не есці, абы махорка была. Выбірай — або хлеб, або махорка.

— Тады ліха з табой, не трэба, — пакрыўдзіўся Віктар.

Мірон таксама старанна палажыў сушыцца свой хлеб і нават сабраў усе крошкі.

Калі вытраслі ўсе свае кішэні, то ў абодвух насы апусціліся яшчэ ніжэй. Агульная маёмасць была: махорка, скарынка хлеба, аловак, адна насавая хустачка, восем рублёў семдзесят чатыры капейкі грошай і чатыры мокрыя запалкі ў расплясканым мокрым карабку.

— Нават запалак не маеш! — упікнуў Мірон. — Адзін выпадак трапіўся ў гісторыі чалавецтва, калі курэц мог быць карысным для грамадства, ды і то…

— Запалак я меў досыць, але яны з усімі іншымі рэчамі былі ў торбе, якую ты пусціў па вадзе, — агрызнуўся Віктар. — А вось у цябе нават ножыка няма.

— Дык і ён жа застаўся ў маёй торбе, — панура адказаў Мірон.

Але спрачацца не было часу. Яны знайшлі клін чыстай вады, выпаласкалі ўсё сваё адзенне і ў чатыры рукі выкруцілі так, што ў ім, здаецца, не толькі вады, але і жывой мясціны не павінна было застацца. Развесілі на сонцы, а самі селі ў пяску пад карэннямі вялікай хвоі. Скардзіцца на холад яшчэ нельга было, але сонца няўхільна апускалася, а адзежа сохла марудна. Беражна расклалі на сонцы і ўсю іншую маёмасць,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×