Карова скубла ўнізе, а Сцепаніда пастаяла яшчэ на гасцінцы, азіраючы з невысокай насыпкі знаёмае да драбніц некалі сваё хутарское поле. Дзесяць гадоў яно ўжо было не іх — калгаснае, але чыё будзе цяпер? Наўрад ці немцы аддадуць ім зямлю, мабыць, ведаюць, што калі што выпусціш з рук, дык назад не ўхопіш. Якая яна ні ёсць, гэта зямелька, гэты пракляты Богам пагорак, празваны Галгофай, а вось шкада яго, як маці шкада нягеглага свайго дзіцёнка. Колькі тут выхадзілі яе немаладыя ўжо ногі, перарабілі яе хворыя рукі! Столькі гадоў яна тут жыла, рабіла ўсё, што трэба было ў сялянстве, да той жа няхітрай справы спакваля прывучаўся Федзька, Феня, праўда, захацела вучыцца і паехала ў Менск. Дзе цяпер яе дзеткі? Феня дык, можа, яшчэ і нічога, можа, дзе і жывая, калі пашчасціла ад гэтай навалы ўцячы на ўсход і цяпер недзе ў Расеі. А Федзька? Як узялі ўвосень у армію, за зіму прыслаў тры пісьмы з Латвіі, толькі пачынаў сваю службу на танках, і тут гэта вайна. Дзе ён цяпер, ці жывы хаця?

У небе з-за хмар прарэзаўся востры краёчак сонца і бліснуў на абшар знянацкім святлом. На якія паўхвіліны самотны восеньскі абсяг дужа змяніў свой выгляд, нібы заўсміхаўся насустрач жаданай сонечнай ласцы. Высветленыя ім, рэзка азначыліся на зямлі гумны, садкі і будынкі Слабадскіх Выселак, што даўжэзным радам выцягнуліся на задарожным пагорку, воддаль засінеў хвойны лес, а бліжэй і правей лёгенька зазелянеў малады гушчар хвойнічку, роўна прарэзаны паскам гасцінца. Збоч ад яго і вышэй на шэрай сукніне поля азначылася несамавітая хутарская сядзіба, яе Яхімоўшчына, з парадзелым голлем садка, парканам пад ліпамі і калодзежным дашкам над ім. Сцепаніда прыгледзелася пільней, стараючыся ўбачыць там дзе Петрака, каб дазнацца, што робіць стары. Выганяючы ранкам карову, наказвала яму што-колечы зрабіць каля дома і не забыцца натаўчы ў ступе круп — назаўтра мелася варыць крупнік. Петрака, аднак, не было відаць, ды і сонца сышло за хмары, абшар спахмурнеў, не ўгледзець было, што там, на падворку, ёсць дзе Пятрок ці не.

Сцепаніда злезла з адхону (чаго ж тырчэць без патрэбы) і памалу пайшла за каровай.

Яна далекавата адышлася ад каменя, ужо недалёка быў хмызняковы ўзлесак, як пачула чалавечы голас па той бок дарогі. Тады яна ўзняла галаву, услухалася, і трывога яе мінулася, як толькі згледзела на дарожнай насыпцы знаёмага рудога сабачку. Той узбег на абочыну, спыніўся, таксама пазнаў яе і борздзенька заматляў хвастом. Адтуль, з-за дарогі, данёсся новы гартанны ўскрык, невыразны, здушаны, і яна ўжо ведала, што гэта Янка Ганчарык, нямы пастушок з Выселак, мабыць, прыгнаў свой невялічкі статак і пасе па той бок дарогі, як яна сваю Бабоўку — па гэты.

І праўда, услед за сабачкам на насыпцы з'явіўся даўганогі падлетак у зашмальцаванай, з чужога пляча кашулі і з пугаю ў руках. Сцепаніда нярэдка сустракала яго на гэтым прыдарожжы ці ў расцяробах, у лесе ўсё з тымі ж чатырма каровамі, і заўжды ён прымушаў жалем сціскацца яе сэрца — такі быў недагледжаны, занядбалы, у падцятых вяроўчынай, суконных портках, з якіх тырчэлі яго доўгія пасівераныя лыткі. Заўжды ён з трывожнай недаўменнасцю ўзіраўся ў яе твар, быццам хацеў і не мог зразумець штосьці, сіліўся нешта сказаць на сваёй мове рук і рэзкіх гартанных гукаў, якія часам палохалі яе сваёй нечаканасцю. Часам яна хацела нешта сказаць яму, ён адказваў усё тымі ж гартаннымі ўскрыкамі, і яна ніколі не ведала: ці ён зразумеў што, ці не. Але хлеб ці якую скварчыну, якую яна даставала з кішэні, браў адразу ж і, прымасціўшыся на мяжы ці на камені, з'ядаў усё да крошкі. Падобна было на тое, што небарака часцяком быў галодны. Ведама, жыў не ў роднай маці, а ў дальняй радні, якой трэцяе лета запар пасвіў жывёлу за сякі-такі харч і прытулак пад дахам.

Пастушок між тым азірнуў з дарогі свой невялічкі статак, ляснуў у паветры пугай і, падышоўшы бліжэй, моўчкі сеў на ўскрайку дарогі. Яго парэпаныя, абсаджаныя болькамі ногі ледзьве не да калень вылезлі з палапленых портак, рукі ён зябка сашчапіў на грудзях і аблёгся грудзьмі на калені.

— Ы-ы, а-а! — сіліўся ён нешта сказаць. — А-э-э!

Хто ведае, што з'явілася ў гэтай яго нячэсанай галаве пад картовай, са зламаным казырком кепкай ці ў яго наіўна расшыраных светлых вачах — якія там мроіліся думкі-намеры? Сцепаніда яму часам падкідвала на якую гадзіну-другую Бабоўку, калі здаралася такая патрэба. Яначка быў рупны і заўжды безадмоўны хлопец, і яна, вяртаючыся да каровы, кожнага разу старалася прыхапіць яму які-небудзь гасцінец — аладку, скварку, жменю гароху ці хоць спялейшы яблык з сука.

— Сцюдзёна, Яначка? Што ж ты якую надзёўку не апрануў? — сказала яна, пазіраючы на яго ўгору.

— А-а, э-э! — нешта памкнуўся ён вымавіць і махнуў рукой.

— Такі вецер, прадзьме — і захварэеш, — паляпала яна сябе па грудзях. — Ідзі апранашку якую вазьмі.

Янка нібы зразумеў штось і ўскочыў з дарогі, клопатна азірнуўся на свой недалёкі статак з чатырох кароў.

— А-а-а! У-э-э-а!

— Ідзі, ідзі! — сказала яна. — Я пагляджу. Я пагляджу! — і паказала на ягоных кароў і сваю Бабоўку.

Дзіва, але ён зразумеў — лёгка, нібы пачуў. Збегшы з дарогі, завярнуў першую чорную карову і бегма прыпусціў гасцінцам да сасоннічку, ля якога была паваротка на Выселкі. Сабачка спярша борздзенька скіраваў за падлеткам, але, нібы зразумеў свой абавязак, вярнуўся і сеў на ўзбочыне, непадалёк ад Сцепаніды.

— Рудзька, сюды! — паклікала яна, ды Рудзька толькі стрыгнуў вушамі — ён ужо дбайна азіраў статак, які памалу варушыўся ў канаве і на адхоне. Гэта быў хітраваты псяюга, не глядзі, што малы, а калі не бачыць у руках кавалка, дык дарма да чалавека не пойдзе.

Янкавы каровы жвава тупалі па той бок гасцінца, і, каб не размінуцца з імі, яна таксама павярнула Бабоўку, узышла на гасцінец і памалу пайшла наперадзе. Нагам тут, на дробнай сухаватай траўцы, было зручней, не калола дуддзё, але вецер дзьмуў апантана, і яна хутка спынілася, адвярнуўшыся ад яго. У небе плыло-неслася рванае ашмоцце хмар, невядома, у якім месцы там хавалася сонца і ці хутка меўся настаць вечар. Але яна адчувала, што ўжо даўно павярнула з паўдня, праз якую гадзіну-другую абшар пацямнее, пачне змяркацца. Некалі ў дзённай гарачцы яна любіла і чакала той час, калі з палявой пільніцы можна вярнуцца на свой падворак, у хату, дзе клопату таксама не меней, але збіралася сям'я, і звыклыя хатнія турботы былі ў асалоду асабліва пасля дзённай гарачыні ці непагадзі, аднастайнай палявой работы. Цяпер жа ёй было ўсё роўна, не вабілі і вечаровыя клопаты ў хляве ці ля печы, сям'і, лічы, не было, заставаўся толькі Пятрок; адзін за адным адышлі на той свет старыя, трохі падросшы, адляцелі дзеці, неўпрыкмет мінулася ўсё добрае і благое, што з імі звязана. А двум старым ці шмат чаго трэба? Нечага перакусіць ды набок, укрыўшыся якім кажушком, — не хацелася і паліць на ноч грубку, добра было і так. Праўда, была жывёла: карова, дзесятак курыц і парсючок у хляўку, іх трэба было пакарміць і дагледзець. У тым амаль што і ўвесь яе хатні клопат.

Рыжая маладая кароўка з Янкавага статка, не дужа пільнуючыся астатніх, поркалася сабе ззаду, усё болей адстаючы ад іншых, і Сцепаніда крыкнула на яе раз і другі. Але тая, мусіць, не прывыкла слухацца чужога голасу і не спяшалася даганяць статак. Тады Сцепаніда вярнулася па дарозе і, сышоўшы з насыпкі, падагнала карову. Калі ж зноў ускараскалася на гасцінец, убачыла, як на другім ягоным канцы ля хвойнічку нехта бяжыць, аж раздзімаецца на спіне кашуля. Трохі, аднак, угледзеўшыся, яна сцяміла, што гэта ж Янка. Але чаму ён вярнуўся, чаму не збегаў на Выселкі? Пад вецер праз слёзы з вачэй яна пільна паўзіралася ў яго, і нешта зашчымела ў яе нутры — нейкая трывога перадалася ёй ад таго апантанага бегу хлопца.

Усё ўзіраючыся, яна пайшла насустрач, ведаючы ўжо, што здарылася благое, ніяк толькі не цямячы — што? Пасля яна не раз успамінала гэта сваё прадчуванне і дзівілася, як яно правільна падказала ёй набліжэнне таго, што так знянацку перавярнула яе жыццё. Але цяпер было толькі прадчуванне, блізкае да страху, з якім яна дачакалася Янку. Той, аднак, не дабегшы да яе, кінуўся з насыпкі да пярэдняй каровы і, аперазаўшы яе пугай, стаў шалёна заварочваць назад увесь статак. Каровы спярша нехаця, а пасля адна за адной патрухалі абапал канавы назад да ўзлеску, а Янка нешта зычна і нема крычаў, матляў у паветры пугай і тыцкаў рукой назад; твар яго скрывіўся ад страху ці, можа, здзіўлення, і Сцепаніда, яшчэ нерашуча, таксама завярнула сваю Бабоўку. Мабыць, там, у сасонніку, была небяспека, ад якой трэба было ратавацца, — так зразумела яна Янкаў спалох і сама ўжо гатова была не на жарт спалохацца.

Праз нейкі час яны амаль што бягом загналі статак у зараснікі акрай балотца, трохі адагналі далей ад гасцінца, і яна падышла ў кустоўі да Янкі. Той зірнуў на яе новым, дагэтуль незнаёмым ёй позіркам і, гартанна гергечучы, нешта трывожліва спрабаваў растлумачыць, усё паказваючы рукой назад, туды, дзе застаўся гасцінец.

Вы читаете Знак бяды
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×