- сагрэла мае худыя дзiцячыя плечы, стала маёй вопраткай...

Дзякуй табе за гэта, татава ватоўка!

* * *

Гэтаму ўспамiну неабходны невялiчкi працяг, каб нейкiм чынам паставiць сёе-тое на свае месцы, бо зусiм нядрэнныя былi вучнi i настаўнiкi той школы.

Сам я як вучань першы час быў надзвычай старанны, дысцыплiнаваны, слухаўся старэйшых, выконваў усе класныя заданнi, на занятках не круцiўся, не штурхаўся - настаўнiкi не маглi нацешыцца такiм вучнем. Але гэта працягвалася нядоўга. Паступова я асвойваўся i пачынаў, як кажуць, спрабаваць 'хадзiць на галаве', што не дрэнна ў мяне атрымлiвалася...

Вакол будынка сельсавета, дзе мы жылi, ляжалi калгасныя палi, на якiх раслi морква, капуста, памiдоры...

З ядой дома было цяжкавата, таму летам i восенню я пераходзiў на 'падножныя' калгасныя харчы - еў 'ад пуза' моркву, памiдоры i з задавальненнем грыз качаны капусты - вядома ж, па гэтыя 'вiтамiны' прыходзiлася лазiць паўзком.

Магчыма, ад такога штодзённага 'сталавання' мяне 'пагнала' ў рост. I ўжо ў трэцiм класе я быў на галаву вышэйшы за сваiх колiшнiх крыўдзiцеляў. Цяпер мяне ўжо не абзывалi рознымi словамi, не выпiхвалi з чаргi ў гардэроб (няхай бы толькi паспрабавалi!), а пiшчом лезлi да мяне ў сяброўства - i мы па- сапраўднаму пасябравалi...

Увогуле, вучоба ў гэтай школе пакiнула цёплыя i светлыя ўспамiны.

ПЕРШЫ ПАДАРУНАК

Першы падарунак сваёй маме я зрабiў, калi мне было восем год. I гэта нягледзячы на тое, што я поўнасцю адпавядаў вядомай прымаўцы - быў гол як сакол.

I ўсё ж чалавек прыстасоўваецца да ўсяго, нават да самай што нi на ёсць найгалейшай галечы.

Вось i мы, малыя, прыстасоўвалiся да любых абставiнаў, у якiя закiдвала нас пасляваеннае жыццё.

Да пяцiдзесятага года, пакуль я жыў у вёсцы, - усё было 'добра', спакойна. Я не бачыў нi тых булак, нi цукерак, нi сiтра, нi кнiг - нiчога. Але калi мы пераехалi жыць пад самы Менск - у мяне вочы палезлi на лоб. Аказваецца, у жыццi вялiкае мноства таго, пра што я i не чуў. А ўсё гэта хацелася паспрабаваць, пасмакаваць, а ў дзiравай кiшэнi - нi капейкi.

У тыя гады на кожным вуглу прадавалi яшчэ газiраваную ваду на разлiў, хочаш, пi простую, хочаш - з сiропам, толькi, праўда, плацi. А яшчэ ж гандлявалi 'марай' усiх дзяцей - ружовенькай салодкай вадзiчкай - морсам. Вып'еш i пальчыкi аблiжаш!

Вось i прыходзiлася пасля школы 'падрабляць' - збiраць розны металалом, анучы, паперу i цягнуць усё гэта барахло да старызнiка-жыда, якi мог плацiць сшыткамi, нейкiмi рэчамi, iншай дробяззю цi грашыма. Мы бралi толькi грошы, хоць прыёмшчык нас увесь час ашукваў - даваў пару медзякоў i выпiхваў нас за дзверы сваёй будкi. А каб прыйсцi зноў да таго жыда, прыходзiлася аблазiць усе звалкi ды куткi, бо i ўтыль не надта валяўся пад нагамi.

Але за дзень мы 'збiвалi' на шклянку морсу цi лiманаду - i за гэта дзякуй Богу.

Аднойчы я ўбачыў у жыда на прылаўку брошку, якая мне чамусьцi спадабалася, i я загарэўся купiць яе маме.

Чаму мне захацелася гэта зрабiць, не ведаю, але я перастаў пiць сваю любiмую вадзiчку, а пачаў збiраць грошы на падарунак, бо брошка каштавала для маiх 'капiталаў' дорага - пэўна, месяц пiў бы морс.

Нарэшце, сабраўшы неабходныя грошы, я купiў падарунак i - бягом да мамы.

Вiдаць, мама вельмi многа год не атрымлiвала падарункаў (цi ж да iх было?), бо залiлася слязьмi i, шчаслiвая, адразу прышпiлiла мой падарунак да сукенкi...

Доўгiя гады мама насiла яе, шанавала, але вечнага нiчога няма, i брошка зламалася i згубiлася. Не згубiлася толькi памяць - да апошнiх дзён свайго жыцця мама ўспамiнала пра дарагi яе сэрцу падарунак...

Памятаю яго i я.

ГАЛОЎНАЯ ПАДЗЕЯ

Сёння многае з таго, што некалi адбылося, цяжка ўявiць. За пяцьдзесят тры гады жыцця мела месца столькi падзей, столькi душэўных перажыванняў, што дзiву даешся - як уся гэта жыццёвая мешанiна ўмяшчаецца ў галаве, у душы, у сэрцы.

Але ўвесь гэты здабытак не проста накоплiваецца, па-мнажаецца, захоўваецца. Ён не ляжыць сабе цiхенька - кожнае на сваёй 'палiцы', ён непакоiць, хвалюе, трымае ў напружаннi кожную клетку арганiзма, кожную крывiнку. Быццам ты - адзiны адказны перад Богам i мiнулым хавальнiк найсвяцейшага сховiшча, у якiм усё тое, што ты ўвасабляеш - увесь многападзейны, шматкаляровы, непрадказальны свет, дзе знаходзiцца, шукае сваё месца i твой уласны свет, уласнае 'я'.

Дык якая ж падзея ў маiм жыццi самая-самая? Якая яна - адзiная, галоўная, яскравая?

Канешне, у кожнага чалавека ёсць дзве галоўныя падзеi, але ў момант iх здзяйснення чалавеку яны абыякавыя, ён iх не памятае, не бачыць, яны яго не радуюць, не засмучаюць. Першая - з'яўленне на гэты свет, калi чалавеку яшчэ ўсё роўна, другая - адыход у iншы свет, калi чалавеку ўжо ўсё роўна...

Мая ГАЛОЎНАЯ падзея ў асэнсаваным жыццi - даволi 'празаiчная' для чытача. Яна можа выклiкаць усмешку, непаразуменне, здзiўленне. Тым не менш мая памяць, маё сэрца аддае ёй пачэснае галоўнае месца сярод бясконцай гамы адчуванняў, успрыманняў, успамiнаў.

...Першыя восем гадоў жыцця я ўсёй сваёй дзiцячай iстотай адчуваў бязлiтасныя, страшэнныя кiпцюры голаду. Яны не адпускалi нi на хвiлiну - нi днём, нi ноччу. За гэтыя восем гадоў нi разачку не давялося наесцiся хлеба столькi, колькi хочаш. Хлеб быў недасягальнай раскошай.

I вось у адзiн цудоўны дзень, у адно цудоўнае iмгненне адна тысяча дзевяцьсот пяцiдзесятага года, калi мы жылi ўжо ў будынку сельсавета каля Менска, я заскокваю ў нашыя 'палацы' i вачам сваiм не веру - на стале ляжыць бохан хлеба, а побач - нож. Няўжо?!.

Мама ўбачыла мой шок i ласкава кажа:

- Бяры, сынок, хлеб! З сённяшняга дня можаш есцi яго колькi ўлезе...

У мяне захапiла дух ад такой 'заможнасцi'...

Вось i стаiць перад вачыма самаробны драўляны стол, а на iм - хлеб.

МАРЫК

Марык застаўся маладым назаўсёды, навечна. Нарадзiўся ён гады на тры-чатыры раней за мяне, быў адзiны сын у мацi, i ў яго акрамя матулi таксама нiкога не было, бо бацька 'касiў сабакам сена'. Праўда, побач з Марыкам i яго мацi была яшчэ тая непатрэбная, тысячы разоў праклятая людзьмi, няпрошаная 'жыхарка', iмя якой - беднасць. Яна праглядвала адусюль - з абутку, з вопраткi, з iх худых, шэрых твараў, з iх стомленых, згаслых вачэй. Усё можна схаваць: i ўкрадзенае, i ўшальмаванае, i сорам, i сумленне, - не схаваеш нiкуды адной бядноты, калi трапiў у яе абдымкi.

Можна толькi здзiўляцца, як гэта агiдная 'жыхарка' дасцiпна спраўляецца адначасова жыць у многiх лёсах, сярод вялiкага мноства людзей. Тут здзiўляйся не здзiўляйся, але што ёсць - тое ёсць, вандруе гэтая бяднота з году ў год, з пакалення ў пакаленне, з глыбокай даўнiны - у далёкую будучыню, не прамiнаючы сучаснасцi...

Мы, хлапчукi, зайздросцiлi Марыку. Зайздросцiлi не яго беднасцi - сваёй хапала, а таму, што ён, як дарослы, адкрыта палiў. Смак дыму мы ўжо зведалi самi, кашляючы ды перхаючы, дакурвалi пазавуголлях знойдзеныя 'бычкi', а вось Марык не проста палiў, а ў прысутнасцi сваёй мацi!

У будынку сельсавета, дзе мы жылi, знаходзiўся i клуб. Яго, па праўдзе кажучы, клубам можна назваць у рамках нашага знакамiтага сацрэалiзму - палова будынiны, застаўленая драўлянымi зацухмоленымi лавамi, абдзёртыя цагельныя сцены, выбiтыя шыбы ў вокнах i вялiкае мноства смецця на падлозе, бо прыбiральшчыцы не было. Сорамна сказаць, але можна было бачыць то ў адным, то ў другiм вугле, як нехта 'насвiнячыў'. Кiно прывозiлi раз у тыдзень, навешвалi на сцяну экран, усталёўвалi ля другой сцяны апаратуру i - еш 'культуру' хоць апалонiкам.

Вось у гэты клуб прыйдзе, бывала, Марык з мацi, сядуць яны на лаву, i тут Марык дастае з кiшэнi 'Беламор' i важна зацягваецца. У мяне слiнкi цяклi ад зайздрасцi, бо мая мама так бы мне курнула, што дым пайшоў бы ажно з вачэй ды вушэй, як у таго Змея Гарынавiча.

Марык чамусьцi не хадзiў у школу нiводнага дня. Можа, ад беднасцi, а можа, па iншай, невядомай нам прычыне.

Жыццё яго абарвалася нечакана...

Побач з сельсаветам стаялi канюшнi, а крыху воддаль - даўжэзная пуня, у якую складвалася на зiму сена. Калi сена было толькi паўпунi, мы ўскарабквалiся па кроквах да перакладзiны, якая звязвала дзве кроквiны, i з той перакладзiны давалi 'нырца' ў сена. Ляцiш, аж дух захоплiвае, i - бултых у пахучае, яшчэ не

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×