Я быў у захапленнi ад цуда свае працы: нiколi ў жыццi я не бачыў такое вялiкай лодкi з цэлага дрэва. Затое ж i каштавала яна мне дорага! Колькi разоў давялося мне, знемагаючы ад стомы, прыкласцiся да гэтага дрэва сякерай!
Аднак, як бы там нi было, палова справы была зроблена. Заставалася толькi спусцiць лодку на ваду, i я не сумняваюся, што, калi б гэта мне ўдалося, я накiраваўся б у самае вар'яцкае i самае адчайнае з усiх марскiх падарожжаў, якiя калi-небудзь распачыналiся на зямным шары. Але ўсе мае намаганнi спусцiць яе на ваду аказалiся марныя: мая пiрога засталася там, дзе была!
Ад лесу, дзе я збудаваў сваю лодку, да вады было не больш за сто ярдаў, але лес стаяў у катлавiне, а бераг быў высокi, абрывiсты. Гэта была першая перашкода.
Праўда, я адважна вырашыў яе знiшчыць: трэба было зняць усю лiшнюю зямлю такiм чынам, каб ад лесу да берага ўтварыўся пакаты нахiл. Страшна ўспомнiць, колькi сiлы ўклаў я ў гэту працу, але хто пашкадуе свае апошнiя сiлы, калi гаворка iдзе пра тое, каб дабiцца волi!
Такiм чынам першая перашкода была знiшчана: дарога для лодкi гатова. Але гэта не дало вынiкаў: колькi я нi бiўся, я не мог зрушыць з месца маю пiрогу, як раней не мог зрушыць карабельную шлюпку.
Тады я змераў адлегласць, якая аддзяляла пiрогу ад мора, i вырашыў выкапаць канал: калi нельга было правесцi лодку да вады, тады заставалася ваду прывесцi да лодкi. I я пачаў быў ужо капаць, але калi прыкiнуў у думках патрэбную глыбiню i шырыню маючага быць канала, калi падлiчыў, за якi прыкладна час здолее зрабiць такую работу адзiн чалавек, то выявiлася, што, каб давесцi яе да канца, мне спатрэбiцца не меней дзесяцi - дванаццацi год.
Нiчога не зробiш, сцiснуўшы зубы, давялося адмовiцца i ад гэтай задумы.
Я быў бясконца засмучаны, аднак тут жа разважыў, што брацца за справу, не разлiчыўшы папярэдне, колькi часу i працы на яе спатрэбiцца, не ўзважыўшы, цi хопiць у цябе сiлы скончыць яе, - неразумна.
За гэтым бязглуздым заняткам сустрэла мяне чацвёртая гадавiна майго жыцця на выспе.
Да гэтага часу большасць рэчаў, якiя я ўзяў на караблi, або зусiм у мяне ўжо знасiлася, або канчала свой век. Карабельныя харчовыя запасы таксама былi ўжо на астатку.
Адразу ж за чарнiлам у мяне скончыўся запас хлеба, дакладней не хлеба, а карабельных сухароў. Я эканомiў iх як толькi мог. За апошнiя паўтара года я з'ядаў у дзень не болей аднаго сухара. I ўсё роўна да таго часу, калi я сабраў са свайго поля ўжо столькi збожжа, што яго можна было ўжываць i ў ежу, я амаль год не спытваў i крошкi хлеба.
Адзежа мая да гэтага часу канчаткова знасiлася. У мяне былi толькi кашулi ў клетку (каля трох тузiн), якiя я знайшоў у куфэрках матросаў. Iх я насiў асаблiва ашчадлiва; на маёй выспе вельмi часта было так горача, што даводзiлася хадзiць у адной кашулi, i не ведаю, што б я рабiў, каб у мяне не было гэтага запасу.
Вядома, у гэтым клiмаце я здолеў бы хадзiць i голы. Але, калi на мне была адзежа, я лягчэй пераносiў спякоту. Ад пякучых промняў трапiчнага сонца на скуры заставалiся пухiры, кашуля ж баранiла яе ад сонца, i, апрача таго, мяне ахалоджваў рух паветра памiж кашуляй i целам. Не мог я таксама звыкнуць хадзiць на сонцы з голай галавой; кожны раз, як толькi я выходзiў без шапкi, у мяне пачынала балець галава.
Патрэбна было найлепш выкарыстаць тыя запасы адзежы, якiя ў мяне яшчэ заставалiся.
Перш за ўсё мне патрэбна была куртка; усе, якiя ў мяне былi дагэтуль, я знасiў. Таму я вырашыў паспрабаваць перашыць на курткi матроскiя бушлаты, якiя ўсё яшчэ ляжалi ў мяне без патрэбы. У такiх бушлатах матросы стаяць зiмовымi начамi на вахце.
I вось я ўзяўся за кравецтва! Кажучы шчыра, я быў даволi-такi няўдалы кравец, але, як там нi кажы, дзве цi тры курткi я ўсё ж сяк-так агораў.
На мой разлiк, iх павiнна было хапiць мне надоўга.
Пра першую ж маю спробу пашыць сабе штаны лепш i не казаць: скончылася яна сорамам i няўдачай.
Аднак неўзабаве пасля таго я вынайшаў новы спосаб апранацца i з таго часу не меў недахопу ў адзежы.
Справа ў тым, што ў мяне захавалiся шкуры ўсiх жывёл, на якiх я паляваў. Кожную шкуру я высушваў на сонцы, расцягнуўшы яе на жэрдках. Толькi спачатку я, не маючы практыкi, вельмi доўга трымаў iх на сонцы, i таму першыя шкуры былi такiя каляныя, што iх нельга было выкарыстаць. Затое астатнiя былi выдатныя. З iх я i пашыў перш за ўсё сабе вялiкую шапку поўсцю наверх, каб яна не баялася дажджу. Футравая шапка была такая ўдалая, што я вырашыў з такога ж матэрыялу змайстраваць сабе яшчэ i поўны гарнiтур, гэта значыць штаны i куртку. Штаны я пашыў кароткiя, да каленяў, i вельмi прасторныя; куртку таксама зрабiў вольную, таму што i тое i другое патрэбна было мне не так для цеплынi, як для таго, каб баранiцца ад сонца.
Мой крой i шытво, кажучы шчыра, не варты былi добрага слова. Цясляр я быў нiякi, а кравец - i яшчэ горшы. I тым не менш, мая адзежа, пашытая ўласнаручна, служыла мне як не трэба лепш, асаблiва калi мне здаралася выходзiць з дому ў дождж: уся вада сцякала па доўгай поўсцi, i я заставаўся зусiм сухi.
Пасля курткi i штаноў я надумаўся змайстраваць сабе парасон.
Я бачыў, як робяць парасоны ў Бразiлii. Там гарачыня такая страшэнная, што без парасона нельга абысцiся. А на маёй выспе было не халадней, наадварот, бадай, нават яшчэ гарачэй, таму што ён блiжэй да экватара. Хавацца ад гарачынi я не мог, большую частку свайго часу я праводзiў пад адкрытым небам. Неабходнасць прымушала мяне выходзiць з дому ў рознае надвор'е, а часам i падоўгу блукаць пад дажджом i сонцам. Адным словам, без парасона я быў як без рук.
Доўга я калупаўся i многа часу адабрала ў мяне гэта работа, перш чым здолеў змайстраваць нешта крыху падобнае на парасон. Разы два цi тры, калi я думаў, што ўжо дасягнуў мэты, у мяне атрымлiвалася такое непадабенства, што даводзiлася зноў пачынаць усё спачатку. Але ў рэшце рэшт я ўсё ж дабiўся свайго i зрабiў даволi прыстойны парасон. Справа ў тым, што я хацеў, каб ён раскрываўся i закрываўся, - у гэтым вось i была ўся загваздка. Вядома, зрабiць яго нерухомым было вельмi лёгка, але тады давялося б насiць яго заўсёды раскрытым, а гэта было нязручна. Як я ўжо сказаў, я адолеў i гэту цяжкасць, i мой парасон адкрываўся i закрываўся. Я нацягнуў на яго казiныя шкуры поўсцю наверх: дажджавая вада сцякала па поўсцi, як па нахiленай страсе, i самыя гарачыя сонечныя промнi не маглi пранiкнуць скрозь мой парасон.
З гэтым парасонам я не баяўся нiякага дажджу i не пакутаваў ад сонца нават у самае гарачае надвор'е.
Калi ён быў мне не патрэбны, я складваў яго i нёс пад пахай.
Так я i жыў на сваёй выспе, спакойны i задаволены.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Рабiнзон будуе другую лодку, меншых памераў, i спрабуе аб'ехаць вакол выспы.
Мiнула яшчэ пяць гадоў, i за гэты час, як я памятаю, не адбылося нiчога асаблiвага.
Жыццё маё iшло па-ранейшаму - цiха i спакойна, жыў я на старым месцы, i па-ранейшаму ўвесь мой час быў у працы i на паляваннi.
Цяпер у мяне было ўжо столькi збожжа, што майго ўраджаю хапала мне на цэлы год; вiнаграду таксама было ўдосталь. Але з гэтай прычыны мне даводзiлася працаваць у лесе i ў полi яшчэ больш, чым раней.
Аднак галоўным маiм клопатам было збудаванне новай лодкi. На гэты раз я не толькi зрабiў лодку, але i спусцiў яе на ваду: я вывеў яе ў бухтачку па вузкiм канале, якi мне давялося выкапаць на працягу паўмiлi.
Першую сваю лодку, як ужо ведае чытач, я зрабiў такога велiзарнага памеру, што вымушаны быў пакiнуць яе на месцы пабудовы, як помнiк уласнай дурноце. Ён заўсёды нагадваў мне пра тое, што ў далейшым мне трэба быць больш разумным.
Цяпер я ўжо быў спрактыкаваны. Праўда, на гэты раз я збудаваў лодку амаль за паўмiлi ад вады, таму што блiжэй не знайшоў адпаведнага дрэва, але я быў упэўнены, што здолею спусцiць яе на ваду, бо бачыў, што справа, якую задумаў, гэтым разам была мне па сiле, i цвёрда вырашыў давесцi яе да канца. Амаль два гады пайшло ў мяне на збудаванне лодкi. Мне так страшэнна хацелася атрымаць нарэшце магчымасць плаваць па моры, што я не шкадаваў нiякае працы.
Трэба, аднак, заўважыць, што будаваў я гэту новую пiрогу зусiм не для таго, каб пакiнуць сваю выспу. З гэтай марай я даўно ўжо развiтаўся. Лодка была такая малая, што не было чаго i думаць пераплысцi на ёй сорак цi болей мiль, якiя ляжалi памiж маёй выспаю i мацярыком.