было рабiць новую! Ды i гатова б яна была, гэтая новая лодка, толькi гады праз два-тры, а да таго часу я па-ранейшаму не меў бы магчымасцi плаваць па моры.

Мне ўдалося шчаслiва перавесцi сваю лодку на ўсходнi бок выспы, дзе для яе знайшлася вельмi зручная бухта, атуленая з усiх бакоў стромкiмi скаламi. Уздоўж усходнiх берагоў выспы праходзiла марское цячэнне, i я ведаў, што дзiкуны нiзашто не адважацца высадзiцца там.

Чытачу наўрад цi здасца дзiўным, што пад уплывам усiх гэтых жахаў i хваляванняў я зусiм перастаў клапацiцца пра свой дастатак i дабрабыт. Мой розум страцiў усю сваю вынаходлiвасць. Не да таго мне цяпер было, каб клапацiцца пра паляпшэнне харчавання, калi я толькi i думаў, як бы ўратаваць сваё жыццё. Я не адважваўся нi ўбiць цвiка, нi раскалоць палена, таму што мне ўвесь час здавалася, што дзiкуны могуць пачуць гэты гук. Страляць я тым болей не асмельваўся.

Але галоўнае - мяне кожны раз ахоплiваў пакутлiвы страх, як толькi мне даводзiлася распальваць агонь, таму што дым, якi днём вiдаць на вялiкай адлегласцi, заўсёды мог мяне выдаць. З гэтай прычыны ўсе работы, для якiх патрабаваўся агонь (напрыклад, абпальванне гаршкоў), я перанёс у лес, у сваю новую сядзiбу. А для таго, каб у сябе дома рыхтаваць ежу i пячы хлеб, я вырашыў запасцiся драўляным вуголлем. Гэтае вуголле, згараючы, амаль не дае дыму. Яшчэ хлапчуком, у сябе на радзiме, я не раз бачыў, як здабываюць яго. Трэба насекчы тоўстых дроў, скласцi iх у адну кучу, прыкрыць слоем дзёрну i спалiць. Калi вугаль быў гатовы, я пераносiў яго дадому i карыстаўся iм замест дроў.

I вось аднойчы, калi я, пачынаючы нарыхтоўку вугалю, ссек ля падножжа высокай гары некалькi вялiкiх кустоў, я заўважыў пад iмi нару. Мяне зацiкавiла, куды яна можа весцi. З вялiкай цяжкасцю я працiснуўся ў яе i апынуўся ў пячоры. Пячора была вельмi прасторная i такая высокая, што я тут жа, адразу каля ўвахода здолеў стаць на ўвесь рост. Але прызнаюся, што вылез я куды хутчэй, чым залез.

Углядаючыся ў цемру, я ўбачыў, як проста на мяне глядзелi два вялiзныя палаючыя вокi; яны гарэлi, як зоркi, адбiваючы слабае дзённае святло, якое пранiкала ў пячору знадворку i падала проста на iх. Я не ведаў, каму належаць гэтыя вочы - нячысцiку цi чалавеку, але, перш чым паспеў што-небудзь сцямiць, кiнуўся прэч з пячоры.

Праз некаторы час я, аднак, апамятаўся i тысячу разоў аблаяў сябе дурнем.

'Хто пражыў дваццаць гадоў у адзiноце на бязлюднай выспе, таму смешна баяцца чарцей, - сказаў я сам сабе. - Напраўду ж у гэтай пячоры не можа быць нiкога страшнейшага за мяне'.

I, набраўшыся адвагi, я ўзяў галавешку, якая гарэла, i зноў палез у пячору. Не паспеў я ступiць i трох крокаў, асвятляючы дарогу сваёй паходняй, як зноў напалохаўся, яшчэ больш, чым адразу: я пачуў цяжкi ўздых. Я адхiнуўся назад i скамянеў ад жаху; усё цела маё пакрылася халодным потам, а валасы сталi дыбам. Калi б у мяне на галаве быў капялюш, ён напэўна звалiўся б на зямлю. Але, сабраўшы ўсю сваю мужнасць, я зноў рушыў наперад i пры святле галавешкi, якую трымаў над галавой, убачыў на зямлi страшэнную пачвару вялiзнага старога казла!

Казёл ляжаў нерухома i цяжка дыхаў у перадсмяротнай агонii, ён памiраў, вiдаць, ад старасцi. Я злёгку штурхнуў яго нагою, каб даведацца, цi здолее ён устаць. Ён паспрабаваў падняцца, але не змог.

'Няхай сабе ляжыць, - падумаў я. - Калi ён напалохаў мяне, то як павiнен напалохацца якi-небудзь дзiкун, якi надумаецца падацца сюды!'

Аднак я ўпэўнены, што нiводзiн дзiкун i нiхто iншы не адважыўся б пранiкнуць у пячору. Ды i наогул толькi чалавеку, якi, накшталт мяне, меў патрэбу ў бяспечным сховiшчы, магло прыйсцi ў галаву лезцi ў гэту пячору.

На другi дзень я ўзяў з сабою шэсць вялiкiх свечак уласнаручнай работы (да гэтага часу я вывучыўся рабiць выдатныя свечкi з казiнага тлушчу) i вярнуўся ў пячору.

Ля ўвахода пячора была шырокая, але паступова яна рабiлася ўсё вузейшай, так што недзе ў глыбiнi яе мне давялося стаць на карачкi i каля дзесяцi ярдаў паўзцi наперад, што было, сказаць праўду, даволi смелым учынкам, таму што я зусiм не ведаў, куды вядзе гэты ход i што мяне чакае наперадзе. Але вось я адчуў, што з кожным крокам праход робiцца ўсё шырэйшы i шырэйшы. Крыху пазней я паспрабаваў устаць на ногi, i выявiлася, што я магу стаяць на ўвесь рост. Скляпенне пячоры ўзнiмалася футаў на дваццаць. Я запалiў дзве свечкi i ўбачыў такую цудоўную карцiну, якой у жыццi нiколi не бачыў. Я знаходзiўся ў прасторным гроце. Полымя маiх дзвюх свечак адбiлася ў яго ззяючых сценах. Яны адсвечвалi сотнямi тысяч рознакаляровых агнёў. Цi то былi ўкрапаныя ў камень пячоры дыяменты цi iншыя каштоўныя камянi? Гэтага я не ведаў. Вiдаць, гэта было золата.

Я нiколi не спадзяваўся, што зямля можа хаваць у сваiх нетрах такiя дзiвосы. Гэта быў чароўны грот. Дно ў яго было сухое i роўнае, пакрытае дробным пяском. Нiдзе не заўважалася нi агiдных макрыц, нi чарвякоў, нiдзе нi на сценах, нi на скляпеннях - не было i знаку вiльгацi. Адзiная нязручнасць - вузкi ўваход, але для мяне гэта нязручнасць была надзвычай каштоўная: я столькi часу шукаў бяспечнага сховiшча, а бяспечней за гэта цяжка было знайсцi.

Я так узрадаваўся сваёй знаходцы, што вырашыў адразу ж перанесцi ў грот большую частку тых рэчаў, якiя былi мне асаблiва дарагiя, - перш за ўсё порах i ўсю запасную зброю, гэта значыць дзве паляўнiчыя стрэльбы i тры мушкеты.

Перацягваючы рэчы ў маю новую кладоўку, я ўпершыню адкаркаваў бочачку з падмочаным порахам. Я быў упэўнены, што ўвесь гэты порах нiкуды не варты, але выявiлася, што вада пранiкла ў бочачку толькi на тры-чатыры дзюймы кругом; порах, якi падмок, зацвярдзеў, i ўтварылася трывалая скарынка; пад гэтай скарынкай увесь астатнi порах захаваўся зусiм несапсаваны, як ядро арэха ў шкарлупiне. Такiм чынам, зусiм нечакана я зрабiўся ўладальнiкам новых запасаў выдатнага пораху.

Як я ўзрадаваўся такой нечаканасцi! Увесь гэты порах - а яго было не менш шасцiдзесяцi фунтаў - я перанёс у свой грот для больш надзейнага схову, пакiнуўшы ў сябе пад рукамi тры цi чатыры фунты на выпадак нападу дзiкуноў. У грот я перацягнуў i ўвесь запас свiнцу, з якога я рабiў кулi.

Цяпер мне ўяўлялася, што я падобны на аднаго з тых старадаўнiх волатаў, якiя, паводле паданняў, жылi сярод скал i ў пячорах, куды немагчыма было пранiкнуць нiводнаму чалавеку.

'Няхай сабе, - казаў я сам сабе, - няхай хоць пяцьсот дзiкуноў шныраць па ўсёй выспе, шукаючы мяне; яны нiколi не знойдуць майго тайнiка, а калi i знойдуць, нiзашто не адважацца зрабiць на яго напад!'

Стары казёл, якога я знайшоў тады ў сваёй новай пячоры, здох на другi дзень, i я закапаў яго ў зямлю на тым месцы, дзе ён ляжаў: гэта было куды лягчэй, чым выцягнуць яго з пячоры.

Iшоў ужо дваццаць трэцi год майго жыцця на выспе. Я паспеў да таго звыкнуцца i прызвычаiцца да яе прыроды i клiмату, што, калi б не баяўся дзiкуноў, якiя маглi кожную хвiлiну тут з'явiцца, я ахвотна згадзiўся б дажыць тут, у гэтым зняволеннi, усю рэшту сваiх дзён да апошняй гадзiны, калi я лягу i памру, як гэты стары казёл.

У апошнiя гады, пакуль я яшчэ не ведаў, што мне пагражае напад дзiкуноў, я прыдумаў сабе сякiя-такiя забаўкi, якiя пры маёй адзiноце вельмi ўсцешвалi мяне. Дзякуючы iм я праводзiў свой час куды весялей, чым раней.

Па-першае, як ужо гаварылася, я навучыў свайго Попку размаўляць, i ён так прыязна балбатаў са мною, вымаўляючы словы так падзельна i выразна, што я слухаў яго з вялiкiм задавальненнем.

Сумняваюся, каб яшчэ якi-небудзь iншы папугай умеў гаварыць лепш за яго. Ён пражыў у мяне не меней за дваццаць шэсць год. Цi доўга яшчэ яму заставалася жыць, я не ведаю; жыхары Бразiлii запэўнiваюць, што папугаi жывуць да ста гадоў.

Было ў мяне яшчэ два папугаi, яны таксама ўмелi гаварыць i абодва выкрыквалi 'Робiн Круза!', але далёка не так добра, як Попка. Праўда, яго я вучыў i патрацiў часу i намаганняў куды больш.

Мой сабака быў маiм шчырым таварышам i добрым спадарожнiкам на працягу шаснаццацi год. Потым ён спакойна сканаў ад старасцi, але я нiколi не забуду, як аддана любiў ён мяне.

Тыя каты, якiх я пакiнуў у сваiм доме, таксама даўно ўжо зрабiлiся паўнапраўнымi членамi мае немалой сям'i.

Апрача таго, я заўсёды трымаў пры сабе двух цi трох казлянят, якiх прывучаў есцi з маiх рук. I заўсёды ў мяне вадзiлася вялiкая колькасць птушак; я лавiў iх на беразе, падразаў iм крылле, каб яны не маглi паляцець, i хутка яны рабiлiся ручнымi i з вясёлым крыкам збягалiся да мяне, як толькi я паказваўся на парозе.

Маладыя дрэўцы, якiя я пасадзiў вакол крэпасцi, даўно разраслiся ў густы гай, i ў гэтым гаi таксама пасялiлася мноства птушак. Яны рабiлi свае гнёзды на невысокiх дрэвах i выводзiлi птушанят, i ўсё гэта жыццё, што кiпела вакол мяне, суцяшала i радавала мяне ў маёй адзiноце.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату