Такiм чынам, паўтараю, мне жылося б вельмi добра i ўтульна i я быў бы зусiм задаволены сваiм лёсам, калi б не баяўся, што на мяне ў любы момант могуць напасцi дзiкуны.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
Дзiкуны зноў наведваюць выспу Рабiнзона. - Крушэнне карабля.
Надышоў снежань, i час было збiраць ураджай. Я працаваў у полi з ранку да вечара. I вось аднойчы, выйшаўшы з дому, калi яшчэ не зусiм развiднела, я, на вялiкi свой жах, убачыў на беразе, мiлi за дзве ад мае пячоры, полымя вялiкага вогнiшча.
Я спынiўся як укопаны. Значыць, на маёй выспе зноў з'явiлiся дзiкуны!
I з'явiлiся яны не ў тым баку, дзе я амаль нiколi не бываў, а тут, непадалёку ад мяне.
Я стаiўся ў гаi, што акружаў мой дом, не адважваючыся ступiць кроку, каб не наткнуцца на дзiкуноў.
Аднак i застаючыся ў гаi, я ўсё роўна быў вельмi занепакоены: я баяўся, што, калi дзiкуны пачнуць шнырыць па выспе i ўбачаць мае ўробленыя палеткi, мой статак, маё жытло, яны адразу ж здагадаюцца, што на выспе жывуць людзi, i не супакояцца, пакуль не адшукаюць мяне. Марудзiць было немагчыма. Я хутка вярнуўся да сябе за агароджу, падняў за сабою лескi, каб не пакiдаць слядоў, i пачаў рыхтавацца да абароны.
Я падрыхтаваў усю сваю артылерыю (так я зваў мушкеты, якiя стаялi на лафетах уздоўж знадворнай сцяны), агледзеў i зарадзiў абодва пiсталеты i вырашыў абараняцца да канца.
Я праседзеў у сваёй крэпасцi каля дзвюх гадзiн, ламаючы галаву, што б мне яшчэ такое прыдумаць для абароны майго ўмацавання.
'Як шкада, што ўсё маё войска складаецца з аднаго толькi чалавека! падумаў я. - У мяне няма нават лазутчыкаў, якiх я здолеў бы паслаць у разведку'.
Што робiцца ў лагеры ворага, я не ведаў. Гэта няпэўнасць прыгнятала мяне. Я схапiў падзорную трубу, прыставiў лескi да крутога схiлу гары i дабраўся да вяршынi. Там я лёг нiцма i направiў трубу на тое месца, дзе бачыў агонь. Дзiкуны, iх было дзевяць чалавек, сядзелi вакол невялiкага вогнiшча зусiм голыя.
Вядома, вогнiшча яны расклалi не для таго, каб пагрэцца, - у гэтым не было патрэбы, таму што стаяла страшэнная гарачыня. Не, я быў упэўнены, што на гэтым вогнiшчы яны смажылi свой жахлiвы абед з чалавечага мяса! 'Дзiчына', вядома, была ўжо нарыхтаваная, толькi жывая цi забiтая - гэтага я не ведаў.
Людаеды прысталi да выспы на дзвюх пiрогах, якiя цяпер стаялi на пяску: быў час адлiву, i мае жудасныя госцi, вiдаць, чакалi прылiву, каб плыць назад.
Так i здарылася: як толькi пачаўся прылiў, дзiкуны кiнулiся да лодак i адчалiлi. Я забыў сказаць, што за гадзiну цi паўтары да ад'езду яны скакалi па беразе: з дапамогай падзорнай трубы я добра бачыў iх дзiкiя скокi.
Як толькi я ўпэўнiўся, што дзiкуны пакiнулi выспу i знiклi, я злез з гары, ускiнуў на плечы абедзве стрэльбы, заткнуў за пояс два пiсталеты, а таксама сваю вялiзную шаблю без ножнаў i, не трацячы часу, накiраваўся да таго пагорка, адкуль рабiў свае першыя назiраннi пасля таго, як заўважыў на беразе чалавечы след.
Дабраўшыся да гэтага месца (што заняло часу не меней дзвюх гадзiн, бо я быў нагружаны цяжкою зброяй), я зiрнуў у бок мора i ўбачыў яшчэ тры пiрогi з дзiкунамi, якiя плылi ад выспы да мацерыка.
Гэта прывяло мяне ў жах. Я пабег да берага i ледзь не закрычаў ад гневу, калi ўбачыў рэшткi таго жудаснага балявання, якое там адбывалася: кроў, косцi i кавалкi чалавечага мяса, якое гэтыя лiхадзеi толькi што паядалi ў скоках i весялосцi.
Мяне ахапiла такое абурэнне, я адчуў такую нянавiсць да гэтых забойцаў, што мне захацелася жорстка адпомсцiць iм за iх крыважэрнасць. Я пакляўся, што, калi наступны раз зноў убачу на беразе iх агiднае баляванне, я нападу на iх i знiшчу ўсiх, колькi б iх нi было.
'Няхай я загiну ў няроўным баi, няхай сабе яны разарвуць мяне, - казаў я сабе, - але не магу ж я дапусцiць, каб у мяне на вачах людзi беспакарана елi людзей!'
Аднак прайшло адзiнаццаць месяцаў, а дзiкуны не з'яўлялiся. За ўвесь гэты час мой ваяўнiчы запал нiколькi не астыў: я толькi i думаў пра тое, як бы мне знiшчыць людаедаў.
Я вырашыў напасцi на iх знянацку, асаблiва калi яны зноў падзеляцца на дзве групы, як гэта было ў апошнi iх прыезд.
Я не падумаў тады, што калi нават i пераб'ю ўсiх дзiкуноў, што прыедуць да мяне (дапусцiм, iх будзе дзесяць цi дванаццаць чалавек), то на другi дзень цi праз тыдзень, а можа, праз месяц мне давядзецца мець справу з новымi дзiкунамi. А там зноў, зноў... I так бясконца, пакуль я сам не ператваруся ў такога ж жахлiвага забойцу, як i гэтыя няшчасныя, што паядаюць уласных братоў.
Пятнаццаць цi шаснаццаць месяцаў я правёў у няспыннай трывозе. Я кепска спаў, кожную ноч снiў жахлiвыя сны i часта ўсхоплiваўся з пасцелi, дрыжучы ад страху.
Часам мне снiлася, што я сам забiваю дзiкуноў, i мне падрабязна малявалiся ў сне моманты нашых боек.
Днём я таксама не меў нi хвiлiны спакою. Зусiм магчыма, што такое напружанне i трывога ў рэшце рэшт давялi б мяне да вар'яцтва, калi б раптам не здарылася падзея, якая адразу ж адцягнула ўсе мае думкi ў другi бок.
Гэта адбылося на дваццаць чацвёртым годзе майго жыцця на выспе, у сярэдзiне траўня, калi верыць майму несамавiтаму драўлянаму календару.
Увесь гэты дзень, шаснаццатага траўня, грымеў гром, блiскала маланка i навальнiца не сцiхала нi на хвiлiну. Позна вечарам я чытаў кнiгу, стараючыся забыць свае хваляваннi. Раптам я пачуў гарматны стрэл. Мне здалося, што ён данёсся да мяне з мора.
Я сарваўся з месца, у момант прыставiў лескi да схiлу гары i хутка-хутка, дарэмна баючыся патрацiць нават адно iмгненне, стаў караскацца па лесках уверх. Якраз у тую хвiлiну, калi я апынуўся на вяршынi, перада мною далёка ў моры блiснуў агеньчык, а праз паўхвiлiны пачуўся другi гарматны стрэл.
'У моры гiне карабель, - сказаў я сам сабе. - Ён падае сiгналы, ён спадзяецца, што будзе выратаваны. Напэўна, непадалёку знаходзiцца другi якi-небудзь карабель, у якога ён просiць дапамогi'.
Я быў вельмi ўсхваляваны, але нiколькi не разгубiўся i паспеў сцямiць, што хоць я i не маю сiлы памагчы гэтым людзям, затое, можа, яны дапамогуць мне.
У адзiн момант я сабраў усё ламачча, якое ляжала паблiзу, склаў яго ў кучу i падпалiў. Дрэва было сухое, i, нягледзячы на моцны вецер, полымя вогнiшча ўзнялося так высока, што з карабля, калi гэта сапраўды быў карабель, не маглi не заўважыць майго сiгналу. I агонь быў несумненна заўважаны, таму што, як толькi ўспыхнула полымя вогнiшча, пачуўся новы гарматны стрэл, потым яшчэ i яшчэ, усё з таго ж боку.
Я падтрымлiваў агонь усю ноч - да ранiцы, а калi зусiм развiднела i перадранiшнi туман крыху развеяўся, я ўбачыў у моры, прама на ўсходзе, нейкi цёмны сiлуэт. Але што гэта было: корпус карабля цi ветразь, я не мог разгледзець нават у падзорную трубу, таму што было вельмi далёка, а мора ўсё яшчэ засцiлаў туман.
Усю ранiцу я назiраў за морам i тым прадметам i пераканаўся, што ён нерухомы. Можна было меркаваць, што гэта карабель, якi стаiць на якары.
Я не вытрымаў: схапiў стрэльбу, падзорную трубу i пабег на паўднёва-ўсходнi бераг, да таго месца, дзе пачыналася каменная града, што выходзiла ў мора.
Туман ужо развеяўся, i, забраўшыся на блiжэйшы ўцёс, я мог выразна распазнаць корпус карабля. Сэрца маё сцiснулася ад гора. Вiдаць, няшчасны карабель наскочыў на нябачныя падводныя скалы i разбiўся на тым месцы, дзе яны заступалi шлях шалёнаму марскому цячэнню. Гэта былi тыя ж самыя скалы, што некалi пагражалi i мне.
Калi б тыя, што пацярпелi крушэнне, заўважылi выспу, яны напэўна спусцiлi б шлюпкi i паспрабавалi б дабрацца да берага.
Але чаму яны стралялi з гармат адразу пасля таго, як я запалiў сваё вогнiшча?
Магчыма, убачыўшы касцёр, яны спусцiлi на ваду выратавальную шлюпку i пачалi кiравацца да берага, але не мелi сiлы адолець шалёную буру, iх знесла ўбок i яны ўсе патанулi? А магчыма, яшчэ да крушэння яны засталiся без лодак? У час жа буры здараецца i так: калi судна пачынае тануць, людзям часта даводзiцца, каб аблегчыць груз, выкiдаць свае шлюпкi за борт. Магчыма, гэты карабель быў не адзiн? Можа, разам з iм у моры было яшчэ два цi тры караблi i яны, пачуўшы сiгналы, падплылi да няшчаснага сабрата i падабралi яго