Але Пятнiца ўпарта стаяў на сваiм. Мне так i не ўдалося прывучыць яго да солi. Толькi праз многа часу ён пачаў салiць сваю ежу, ды i то вельмi патрошачку.

Накармiўшы свайго дзiкуна варанай казляцiнай i булёнам, я вырашыў пачаставаць яго на другi дзень той жа самай казляцiнай, толькi ўжо ў выглядзе смажанiны. Смажыў я яе над вогнiшчам, як гэта часта робiцца ў нас, у Ангельшчыне. З двух бакоў вогнiшча ўтыкаюць у зямлю дзве жэрдкi, зверху прымацоўваюць памiж iмi папярочную жэрдку, вешаюць на яе кавалак мяса i паварочваюць яго над агнём да таго часу, пакуль яно не сасмажыцца.

Усё гэта збудаванне Пятнiцу вельмi спадабалася. Калi ж ён паспытаў смажанiны, захапленню яго не было межаў. Самымi выразнымi жэстамi ён тлумачыў мне, як спадабалася яму гэта ежа, i, нарэшце, заявiў, што нiколi больш не будзе есцi чалавечага мяса. Я вельмi ўзрадаваўся гэтаму.

На другi дзень я даручыў яму малоць i прасяваць збожжа, папярэдне паказаўшы, як гэта робiцца. Ён хутка зразумеў, у чым справа, i пачаў вельмi энергiчна працаваць, асаблiва калi даведаўся, дзеля чаго гэта робiцца. А даведаўся ён пра гэта ў той жа дзень, таму што я накармiў яго хлебам, спечаным з нашай мукi.

У хуткiм часе Пятнiца навучыўся працаваць не горш за мяне.

I таму, што цяпер я вымушаны быў кармiць двух чалавек, мне патрэбна было падумаць пра будучыню. Перш за ўсё мне трэба было павялiчыць свае пасевы i сеяць больш збожжа. Я выбраў вялiкi ўчастак зямлi i ўзяўся абгароджваць яго. Пятнiца не толькi старанна, але i вельмi весела i з задавальненнем памагаў мне ў працы.

Я растлумачыў яму, што гэта будзе новае поле для хлебных каласоў, таму што нас цяпер двое i патрэбна будзе зрабiць запас хлеба не толькi на мяне, а i на яго таксама. Яго вельмi расчулiла, што я так клапацiўся пра яго: ён усяляк стараўся растлумачыць мне пры дапамозе знакаў, што ён разумее, як многа мне дадалося зараз спраў, i просiць, каб я хутчэй навучыў яго рабiць розную карысную работу, а ўжо ён будзе старацца з усяе сiлы.

То быў самы шчаслiвы год майго жыцця на выспе.

Пятнiца вывучыўся даволi прыстойна гаварыць па-ангельску: ён ведаў назвы амаль усiх рэчаў, якiя яго акружалi, i тых мясцiн, куды я мог яго пасылаць, дзякуючы чаму даволi талкова выконваў усе мае даручэннi.

Ён меў таварыскi i гаваркi нораў, любiў паразмаўляць, i я цяпер мог у дастатковай ступенi ўзнагародзiць сябе за доўгiя гады вымушанага маўчання.

Але Пятнiца падабаўся мне не толькi таму, што ў мяне была магчымасць размаўляць з iм. З кожным днём я ўсё болей захапляўся яго сумленнасцю, яго сардэчнай прастатой i шчырасцю.

Паступова я адчуў прыхiльнасць да яго, ды i ён таксама так палюбiў мяне, як, напэўна, не любiў дагэтуль нiкога.

Аднойчы мне захацелася распытаць пра яго мiнулае жыццё; я хацеў даведацца, цi не сумуе ён па радзiме i цi не хоча вярнуцца дадому. У той час я ўжо так добра навучыў яго гаварыць па-ангельску, што ён мог адказваць амаль што на кожнае маё пытанне.

I вось я спытаў пра яго роднае племя:

- А што, Пятнiца, гэта племя адважнае? Цi здаралася так, што яно перамагала ворагаў?

Ён усмiхнуўся i адказаў:

- О, вядома! Мы вельмi адважныя, мы заўсёды перамагаем у бойцы.

- Ты кажаш, што вы заўсёды перамагаеце ў бойцы? А як жа так атрымалася, што цябе ўзялi ў палон?

- А нашы ўсё роўна пабiлi тых, шмат пабiлi.

- А чаму ж ты тады казаў, што тыя пабiлi вас? Яны ж узялi цябе i iншых у палон?

- У тым месцы, дзе я бiўся, ворага было куды болей. Яны схапiлi нас адзiн, два, тры i мяне. А нашы пабiлi iх у другiм месцы, дзе мяне не было. У тым месцы нашы схапiлi iх - адзiн, два, тры, шмат, вялiзную тысячу.

- А чаму ж вашы не прыйшлi вам на дапамогу?

- Ворагi схапiлi адзiн, два, тры i мяне i звезлi нас у лодцы, а ў нашых на той час лодкi не было.

- А скажы ты мне, Пятнiца, што робяць вашы з тымi, хто трапляе да iх у палон? Таксама звозяць iх куды-небудзь далей i там iх ядуць, як тыя людаеды, якiх я бачыў?

- Вядома, нашы таксама ядуць чалавека... усе ядуць.

- А куды яны iх вязуць, калi збiраюцца iх з'есцi?

- Розныя месцы, куды надумаюцца.

- А сюды яны прыязджаюць?

- Вядома, прыязджаюць i сюды. I ў iншыя розныя месцы.

- А ты тут быў калi з iмi?

- Так. Быў. Вунь там быў...

I ён паказаў на паўночна-заходнюю ўскраiну выспы, дзе, вiдаць, заўсёды збiралiся яго аднапляменнiкi.

Такiм чынам выявiлася, што мой сябра i прыяцель Пятнiца быў у лiку тых дзiкуноў, якiя наведвалi аддаленыя берагi выспы, i не раз ужо еў людзей у тых мясцiнах, дзе потым хацелi з'есцi яго самога.

Калi я праз некаторы час, набраўшыся смеласцi, павёў яго на бераг (туды, дзе я ўпершыню ўбачыў груды чалавечых касцей), Пятнiца адразу ж пазнаў гэтыя мясцiны. Ён расказаў мне, што аднойчы, калi ён прыязджаў на маю выспу са сваiмi аднапляменнiкамi, яны забiлi i з'елi тут дваццаць мужчын, дзвюх жанчын i адно дзiця. Ён не ведаў, як сказаць па-ангельску 'дваццаць', i каб растлумачыць мне, колькi чалавек яны з'елi, паклаў дваццаць каменьчыкаў адзiн пры адным.

Працягваючы гутарку з Пятнiцай, я спытаў у яго, цi далёка ад маёй выспы да той зямлi, дзе жывуць дзiкуны, i цi часта гiнуць iх лодкi, пераплываючы гэту адлегласць. Выявiлася, што плаваць тут зусiм бяспечна: ён, Пятнiца, не ведае нiводнага выпадку, каб хто-небудзь тут патануў, бо непадалёк ад нашай выспы праходзiць марское цячэнне: ранiцой яно накiроўваецца ў адзiн бок i заўсёды пры спадарожным ветры, а пад вечар i вецер i цячэнне паварочваюць у процiлеглы бок.

Спачатку мне падумалася, што гэтае цячэнне залежыць ад прылiву i адлiву, i толькi значна пазней я выявiў, што яно складае працяг магутнай ракi Арынока, якая ўпадае ў мора непадалёку ад маёй выспы, i яна, такiм чынам, знаходзiцца якраз насупраць дэльты гэтай рэчкi. Палоса ж зямлi на захадзе i паўночным захадзе, якую я лiчыў за мацярык, аказалася вялiкай выспаю Трынiдадам, што ляжыць супроць паўночнай часткi вусця той жа рэчкi.

Я задаваў Пятнiцы тысячу самых разнастайных пытанняў пра гэту зямлю i яе насельнiкаў: пытаўся, цi небяспечныя тутэйшыя берагi, цi бурнае там мора, цi жорсткiя там людзi i якiя народы жывуць па суседству. Ён з ахвотай адказваў на ўсе мае пытаннi i без усякага ўтойвання расказваў усё, што яму было вядома.

Пытаўся я таксама, як завуцца розныя плямёны дзiкуноў, якiя жывуць у тых мясцiнах, але ён паўтараў толькi адно: 'Карыбэ, карыбэ'. Вядома, мне няцяжка было здагадацца, што ён кажа пра караiбаў, якiя, мяркуючы па нашых геаграфiчных картах, жывуць менавiта ў гэтай частцы Амерыкi, займаючы ўсю берагавую паласу ад вусця ракi Арынока да Гвiяны i да горада Санта-Марта*.

* Санта-Марта - горад у Калумбii, на беразе Карыбскага мора.

Апрача таго, ён расказаў мне, што далёка 'за месяцам', гэта значыць у тым баку, дзе заходзiць месяц, цi, iнакш кажучы, на захад ад яго радзiмы, жывуць такiя ж, як я, белыя барадатыя людзi (тут ён паказаў на мае доўгiя вусы). Паводле яго слоў, гэтыя людзi 'забiлi многа, многа чалавекаў'.

Я зразумеў, што ён кажа пра гiшпанскiх заваёўнiкаў, якiя праславiлiся ў Амерыцы сваёй жорсткасцю*.

* Гiшпанцы, якiя заваявалi Паўднёвую Амерыку ў ХVI стагоддзi, страшэнна жорстка адносiлiся да заваяваных народаў.

Я спытаў у яго; ёсць цi не ў мяне якая-небудзь магчымасць пераплысцi цераз мора да белых людзей?

Ён адказаў:

- Вядома, можна: толькi трэба плысцi на дзвюх лодках.

Я доўга не мог уцямiць, што ён хоча сказаць, але нарэшце з вялiкай цяжкасцю здагадаўся, што на яго мове гэта азначае вялiкую шлюпку, мабыць, у два разы большую за звычайную пiрогу.

Словы Пятнiцы мяне вельмi ўзрадавалi: з гэтага дня ў мяне з'явiлася надзея, што рана цi позна, а я ўсё роўна вырвуся адсюль i што за сваю волю буду ўдзячны майму дзiкуну.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦI

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату