Рабiнзон i Пятнiца будуюць лодку
Мiнула яшчэ некалькi месяцаў.
За гэты час Пятнiца навучыўся разумець амаль усё, што я яму казаў. Сам ён гаварыў па-ангельску ўжо амаль усё, хоць i вельмi няправiльна. Паступова я расказаў яму ўсё пра сваё жыццё: як я трапiў на сваю выспу, колькi гадоў прабыў тут i як я пражыў гэтыя гады.
Яшчэ раней я адкрыў Пятнiцу таямнiцу стрэльбы (таму што для яго гэта была сапраўды таямнiца): я паказаў яму кулi, растлумачыў дзеянне пораху i навучыў яго страляць. Я аддаў яму на пастаяннае карыстанне адну сваю стрэльбу. Я падарыў яму нож, i гэты падарунак зрабiў яго шчаслiвым чалавекам. Я змайстраваў яму партупею, накшталт тых, на якiх у нас, у Ангельшчыне, носяць корцiкi; толькi замест корцiка я даў яму сякеру, якая была, па сутнасцi, такой жа добрай зброяй i, апрача таго, магла быць прыдатнай для розных гаспадарчых патрэб.
Я многа расказваў Пятнiцу пра эўрапейскiя дзяржавы, асаблiва пра маю радзiму. Я апiсваў яму наша жыццё, нашы норавы i звычкi, расказваў яму, як мы вандруем па ўсiх частках свету i плаваем на вялiкiх караблях. Я растлумачыў яму, як збудавана вялiкае паруснае судна, i расказаў яму пра тое, як я ездзiў на карабель, якi пацярпеў крушэнне, i здаля паказаў яму месца, дзе карабель наскочыў на падводныя камянi. Вядома, я мог паказаць яго вельмi прыблiзна, таму што карабель даўно разбiла на трэскi i ўсе абломкi знесла ў мора. Паказаў я таксама яму тую амаль ужо сатлелую лодку, на якой мы хацелi выратавацца, калi бура прыгнала нас да гэтага берага.
Убачыўшы гэту лодку, Пятнiца задумаўся i доўга маўчаў. Я спытаў у яго, пра што ён думае, i ён праз некаторы час адказаў:
- Я бачыў адна такая лодка, як гэта. Яна плавала тое месца, дзе жыве мой народ.
Я доўга не разумеў, што ён хоча сказаць: цi тое, што ў iх мясцовасцi дзiкуны плаваюць на такiх лодках, цi што такая лодка плыла паўз iх берагi.
Нарэшце, пасля доўгiх роспытаў, мне ўдалося высветлiць, што дакладна такую ж лодку прыбiла да тых берагоў, дзе жыло яго племя.
- Яе прыгнала да нас лiхое надвор'е, - растлумачыў Пятнiца i зноў надоўга змоўк.
'Напэўна, - падумаў я, - якi-небудзь эўрапейскi карабель пацярпеў крушэнне ля тых берагоў. Шалёныя хвалi маглi змыць з яго лодку i прыгнаць яе туды, дзе жывуць дзiкуны'. Але, па маёй нездагадлiвасцi, мне i ў галаву не прыйшло, што на той лодцы маглi быць людзi, i, працягваючы распытваць Пятнiцу, я думаў толькi пра лодку.
- Раскажы мне, якая яна з выгляду.
Пятнiца абмаляваў яе мне вельмi падрабязна i раптам зусiм нечакана горача дадаў:
- Белыя чалавекi не патанулi, мы iх выратавалi!
- А хiба ў лодцы былi белыя людзi? - паспешлiва спытаў я.
- Так, - адказаў ён, - поўная лодка белых людзей!
- Колькi iх было?
Ён паказаў мне спачатку дзесяць пальцаў, а потым яшчэ сем.
- Дзе ж яны? Што з iмi здарылася?
Ён адказаў:
- Яны жывуць. Яны жывуць у нашых.
Тут мне раптам прыйшла ў галаву думка: цi не з таго самага карабля, якi разбiўся ў тую навальнiчную ноч непадалёку ад маёй выспы, былi гэтыя семнаццаць чалавек белых?
Магчыма, калi карабель наскочыў на скалу i яны ўбачылi, што яго нельга выратаваць, яны пераселi ў шлюпку, а потым iх прыбiла да зямлi дзiкуноў, сярод якiх iм i давялося пасялiцца.
Я спахмурнеў i пачаў строгiм голасам дапытваць Пятнiцу, дзе ж тыя людзi цяпер. Ён зноў гэтак жа горача адказаў:
- Яны жывыя! Iм добра!
I дадаў, што хутка ўжо чатыры гады, як гэтыя людзi жывуць у яго землякоў, i тыя не крыўдзяць iх, не чапаюць, а даюць iм усякую ежу, i яны маюць поўную волю.
Я спытаў у яго:
- Як магло здарыцца, што дзiкуны не забiлi i не з'елi белых людзей?
Ён адказаў:
- Белыя чалавекi сталi нам браты. Нашы ядуць толькi тых, каго перамагаюць у бойцы.
Мiнула яшчэ некалькi месяцаў. Аднойчы, гуляючы па выспе, забрылi мы з Пятнiцай на ўсходнюю частку выспы i ўзнялiся на вяршыню пагорка. Адтуль, як я ўжо казаў, многа год назад я ўбачыў паласу зямлi, якую палiчыў за мацярык Паўднёвай Амерыкi.
Зрэшты, першы ўзышоў на вяршыню Пятнiца, а я крыху адстаў, бо пагорак быў высокi i даволi круты.
Як i тады, дзень быў вельмi ясны. Пятнiца доўга ўглядаўся ўдалечыню i раптам крыкнуў, пачаў падскакваць i скакаць, як вар'ят, крычаць мне, каб я хутчэй караскаўся на пагорак.
Я са здзiўленнем глядзеў на яго. Нiколi не даводзiлася мне бачыць яго такiм узбуджаным. Нарэшце ён спынiў свае скокi i крыкнуў:
- Хутчэй, хутчэй сюды!
Я спытаў у яго:
- Што здарылася? Чаго ты так радуешся?
- Так, так! - паўтараў ён. - Я шчаслiвы! Вунь там, глядзi... адсюль вiдно... там мая зямля, мой народ!
Твар яго свяцiўся шчасцем, вочы ззялi; здавалася, усёй сваёй iстотай ён iрвецца туды, у той край, дзе яго родныя i блiзкiя.
Убачыўшы, як ён радуецца i весялiцца, я быў вельмi засмучаны.
'Дарэмна я ставiўся з такiм бязмежным даверам да гэтага чалавека, - сказаў я сабе. - Ён прыкiдваецца маiм адданым сябрам, а сам толькi i думае пра тое, як бы яму ўцячы'.
I я з недаверам зiрнуў на Пятнiцу.
'Зараз ён лагодны i пакорны, - думаў я, - але варта яму толькi апынуцца сярод iншых дзiкуноў, ён, вядома, зараз жа забудзе, што я выратаваў яму жыццё, i аддасць мяне сваiм аднапляменнiкам; ён прывядзе iх сюды, на маю выспу. Яны заб'юць i з'ядуць мяне, i ён будзе баляваць разам з iмi гэтак жа весела i бесклапотна, як раней, калi яны прыязджалi сюды святкаваць сваю перамогу над дзiкунамi варожых плямён'.
Маё падазрэнне з таго часу ўсё мацнела.
Я пачаў ухiляцца свайго ўчарашняга сябра, мае адносiны да яго зрабiлiся абыякавымi i халоднымi.
Так працягвалася некалькi тыдняў. На шчасце, я хутка пераканаўся, што быў страшэнна вiнаваты перад гэтым шчырым юнаком.
Пакуль я падазраваў яго ў здрадлiвых i каварных намерах, ён па-ранейшаму адносiўся да мяне з адданасцю; у кожным слове яго было столькi дабрынi i дзiцячага даверу, што ў рэшце рэшт мне зрабiлася брыдка ад маiх падазрэнняў. Я зноў адчуў у iм вернага сябра i пастараўся ўсяляк загладзiць перад iм сваю вiну. А ён нават не заўважыў мае халоднасцi да яго, i гэта было для мяне самым яскравым сведчаннем яго сардэчнай шчырасцi.
Аднойчы, калi мы з Пятнiцай зноў падымалiся на пагорак (гэты раз над морам стаяў туман i супрацьлеглага берага не было вiдно), я спытаў у яго:
- А што, Пятнiца, табе хацелася б вярнуцца на радзiму, да сваiх?
- Вядома, - адказаў ён, - я быў бы яшчэ як рады вярнуцца туды!
- Што б ты там рабiў? - працягваў я. - Зрабiўся б зноў крыважэрным i пачаў бы, як i раней, есцi чалавечае мяса?
Мае словы, вiдаць, усхвалявалi яго. Ён пакруцiў галавой i адказаў:
- Не, не! Пятнiца сказаў бы ўсiм сваiм: жывiце, як трэба, ешце хлеб са збожжа, малако, казiнае мяса, не ешце чалавека.
- Ну, калi ты скажаш iм гэта, яны цябе заб'юць.
Ён зiрнуў на мяне i сказаў:
- Не, не заб'юць. Яны будуць рады вучыцца добраму.