запісаць трэба.
Ён урачыста націснуў на клавішу.
Абодва падсунуліся бліжэй да магнітафона і ўталопіліся ў яго; з такім самым заміраннем, нецярпеннем, ледзь не з містычным страхам пазіралі колісь людзі на першае радыё, гадаючы, што гэтая «патэльня» можа выкінуць у наступны момант, чаго ад яе можна чакаць.
Магнітафон трашчаў і сіпеў.
— Стужка старая, клееная ў трох месцах… Слухайце! Во! Во!
Доктар напружваў слых, як мог. Нават нагнуўся над магнітафонам. І праўда, расчуў ён нейкі голас — далёкі, бы з таго свету.
Ігар звяраўся па паперцы.
— Чулі? Чулі?
Цесць не ведаў, што і казаць. Калі шчыра, нічога ён не разабраў.
— Як жа так? — расхваляваўся Ігар. — Давайце яшчэ раз! Я вам буду расшыфроўваць.
Адматаў назад касету. Пачаў, як глухому, кожнае слова перакладаць цесцю.
— Чуеце? «Запамінай… Разам з грузам дзвесці.»
Цяпер доктару падалося, што сапраўды — ён разбірае голас пятнаццацігадовай даўнасці, узмоцнены зяцем.
Зноў трэск у магнітафоне.
— Вось! Слухайце! «…Пераправілі шкатулку… Паедзеш у Вялікую Паляну. Вялікую Паляну — запомні!.. Знайдзі шкатулку.» Ну, як вам?!
— Гэта ўсё? — расчаравана спытаў доктар.
— А гэтага мала?! — Ігар аж з месца падхапіўся і забегаў туды-сюды па пакоі. — Як жа вы адразу не датумкалі?! Тады яшчэ, у Маскве, калі першы раз слухалі?
— Ты ж не раўняй свой магнітафон з маім, — пачаў апраўдвацца доктар. — Ды і слых у мяне не раўня твайму.
— Груз дзвесці! Груз дзвесці! — паўтараў, не слухаючы яго, Ігар. — Гэта ж дурню зразумела! Гэта ж цынкавая труна, так?
— Так.
— Яны ў труне пераправілі каштоўнасці! Разам з забітым салдатам! Разумееце? Цынкавая пасылка!
— Паслухай, Ігар, — сказаў доктар. — Не бяры ты ўсё так блізка да сэрца. Гэта ж можа быць звычайнае трызненне чалавека пад наркозам! Яны табе ведаеш чаго нагаварыць могуць у такім стане? Цэлыя аповесці, раманы! Толькі слухай ды запісвай за імі.
— А я веру!
— Добра. Нават калі гэта і праўда — дык за пятнаццаць гадоў даўным-даўно ўсё распатронілі, тысячу разоў можна было гэтую магілу раскапаць, і.
— Вы так думаеце? А хто пра гэта ведаў? Акрамя барадача? А вы ўпэўнены, што «афганец» паспеў расказаць барадачу ўсё?! Да канца?
Доктар задумаўся. А сапраўды!
— Можа быць, яму перашкодзілі? І потым, пад наркозам, ён як бы дагаворваў сваю споведзь! Тады атрымоўваецца — мы з вамі адзіныя, хто ведае праўду!
— Столькі часу мінула, — няўпэўнена сказаў доктар. — Калі ў труне і былі каштоўнасці, барадач іх даўно выкапаў бы.
— Калі б ён іх выкапаў, дык чаго б яму там сядзець, ашывацца столькі часу? Яго і след прастыў бы за мяжою дзе-небудзь! Ён даўно ўжо дзесь у Парыжы тырчэў бы!
І з гэтым вымушаны быў пагадзіцца доктар. Ігар развіваў сваю думку далей:
— Дапусцім, барадач ведае, дзе каштоўнасці. Але як іх узяць? Не думайце, што гэта так проста! Гэта ж не пагорак на полі раскапаць, гэта ж крымінальная справа. А можа — і хутчэй за ўсё! — ён проста вычэквае. Ведаючы, што каштоўнасці нікуды ад яго не дзенуцца.
— Чаму? — спытаў доктар.
— Што чаму?
— Навошта ён так доўга чакае? Ігар пацёр скроні. Прызнаўся:
— Вось гэтага я і сам не разумею. Тут ёсць некалькі варыянтаў. Альбо ён проста баіцца, альбо.
Вы ўвогуле ведаеце, што такое «груз дзвесці»? — спытаў Ігар.
— Ну, так… Прыблізна.
— Я ўчора пазваніў аднаму чалавеку, спецыялісту ў такіх справах. Ён мне ўсё растлумачыў. Гэта звычайная драўляная труна, узятая ў цынкавую абалонку. Цынк таўшчынёю ўсяго ў некалькі мі лі метраў, па швах запаяны волавам.
— Ну і што?
— А тое, што трэба ж час, каб цынк акісліўся ў зямлі. Каб яго, груба кажучы, іржа з'ела. А гэта залежыць ад глебы. Ад яе кіслотнасці. Ад таго, нізкая там мясціна, ці высокая. Перыяд акіслення і распаду цынка можа цягнуцца ад чатырох да дзесяці гадоў. Сочыце за думкаю?
— Сачу. Дык ужо ж пятнаццаць гадоў прайшло.
— У тым і справа! Барадач марудзіць, таму што проста не ведае, дзе шкатулка! «Афганец» не паспеў сказаць яму самага важнага!
— А калі паспеў?
— Тады барадач чакае, пакуль акісліцца і саржавее цынк.
Доктар апамятаўся.
— Ігар! Усё гэта да таго неверагодна… Мне здаецца, ніводзін нармальны чалавек не будзе чакаць, калі ў яго пад носам такое багацце.
— Стоп! — і на гэта быў адказ у зяця Ігара. — Што мы ведаем пра таго забітага салдата?
— Нічога…
— Вось іменна. Калі ў яго былі бацькі, сваякі… Тады як гэта прыйсці і раскапаць магілу? Ды назаўтра ж спахопяцца, шукаць пачнуць. Вось наш барадач і жыве там! Адцягвае час да самага зручнага, самага бяспройгрышнага моманту!
Зяць да таго быў перакананы ў сваёй праўдзе, што і недаверліваму цесцю пачало гэта перадавацца.
— Дык ты думаеш… — пачаў ён.
— Не думаю, а нават не сумняваюся! Каштоўнасці — у труне! І ад нас патрабуецца адно: узяць іх, пакуль не позна! Мой план такі. Няважна, ведае барадач, дзе схаваны каштоўнасці, ці не. Але раз ён марудзіць — мы павінны дзейнічаць! У самы бліжэйшы час мы паедзем у Вялікую Паляну, уночы, і забярэм каштоўнасці.
— Дык для гэтага ж… трэба раскапаць магілу! — дайшло да доктара.
— Так. І што ў гэтым страшнага? Усё прадумана, верце мне! Усе варыянты абмазгованы. Раскапаем магілу, забярэм каштоўнасці. Потым, само сабою, пастараемся ўсё акуратна зараўняць. Каб і слядоў не засталося. А рыдлёўку падкінем барадачу. Усё! Нас ніхто не будзе бачыць, нас там ніхто не ведае, ніхто ніколі і не падумае, што такое маглі зрабіць прышлыя. Але барадачу — не апраўдацца ніколі! Усе факты супраць яго! Сам служыў у Афгане — раз. Ва ўсіх на вачах — два. Дзяўчынку нейкую ў сябе хавае — тры. Ды ўсю ваколіцу абыйдзі — больш падазронага і не знойдзеш!
Зяць зірнуў на цесця і дадаў:
— Гэта крайні выпадак, канечне… Цесць мыляў вуснамі.
— Пачакай, — сказаў ён. — Як гэта — «падкінем рыдлёўку»? Гэта ж з нашага боку будзе называцца.
— Добра, добра! Не хочаце — не будзем нічога падкідваць. І без рыдлёўкі на барадача першага падумаюць. Чыя магіла будзе раскапана? «Афганца». А барадач у нас хто? «Афганец»!
— Гэта так…
— Кажу ж вам, — зяць пастукаў пальцам па скроні, — усё абмазгована!
— А калі лухта ўсё гэта? Калі пуста будзе ў труне?
— Ну і што? Гадзіну, максімум дзве згубім — падумаеш! Пасмяемся потым, успамінаючы. Ды калі на