кірпаты беларускі хлапчучок разгадаў-такі тайну пятнаццацігадовай даўнасці!
Як часта бывае, разгадка прыйшла адтуль, адкуль і чакаць яе было немагчыма. Папярэднічалі гэтаму два эпізоды. Нічым нібыта паміж сабою не звязаныя. І трэба была Цімава неўтаймаваная фантазія, каб гэтыя эпізоды супаставіць і зрабіць, без перабольшання, адкрыццё!
Увечары таго самага дня, калі хлопцы хадзілі перш на могілкі, затым у бібліятэку і да Колькі Танкіста, Цім прычапіўся да бацькі:
— Тата, раскажы пра помнік гэтаму «афганцу». Хто яго паставіў? Чаму такая дзіўная на ім выява? І хто быў гэты салдат? Дзе ён жыў? Дзе яго радня?
У іншы час бацька толькі рукою махнуў бы — маўляў, адчапіся. Але гэтым вечарам была нагода. Бацька сядзеў за сталом і набіваў гільзы для стрэльбы. Куплёных патронаў ён цярпець не мог, любіў сам валэндацца з гільзамі. Таму цяпер рукі ў яго былі занятыя, а язык — вольны.
І тата расказаў.
— З гэтым помнікам увогуле дзіўная гісторыя. Гады тры салдат ляжаў пад звычайным крыжам, у звычайнай магілцы. Але аднойчы з'яўляецца ў Вялікай Паляне чалавек, ідзе да бацькоў загінуўшага.
Цім уздрыгнуў. «Васіль! — мільганула здагадка. — Гэта ж Васіль прыязджаў! Значыць, не маніў Крушынскі!»
— Так і так, кажа, я блізкі сябар вашаму сыну, разам ваявалі, таму лічу сваім абавязкам як след ушанаваць яго памяць. Калі ў мясцовых уладаў рукі не даходзяць, я сам пастаўлю на магіле помнік. І за тры дні паставіў! Ну, не сам, канечне, прыязджалі з горада майстры. Раствор, бетон, плітка, усё такое.
— Ну, і далей?
— Далей чалавек знікае назаўсёды. А бацькі салдата рэгулярна, кожны месяц пачынаюць атрымліваць грашовыя пераводы. Ды такія сумы, што ім і не снілася! Так і памерлі, дзякуючы ўладам. А я так думаю, — закончыў бацька, — што гэта ён прысылаў! Аднапалчанін гэты самы.
— Канечне, Ва… — ледзь не вырвалася ў Ціма «Васіль». — Канечне, ён! Аднапалчанін!
— Чаму гэта цябе зацікавіла раптам?
— Так, проста… Выява на помніку прыгожая. Вось і падумалася: хто такую мог зрабіць?
— Што праўда, тое праўда — усім падабаецца. Нават з Мінску прыязджалі, фатографы, на кінакамеру здымалі.
У гэтую ноч Ціму сніўся адзін і той жа сон: чалавек, які цягнецца рукою да васілька. Здаецца, вось- вось схопіць яго, сарве — але ніяк! Нібы міраж, растае кветка, расплываецца, аддаляецца. І зноў трэба падпаўзаць да яе, а яна зноў — растала. Нібы кліча некуды, заве за сабою.
Назаўтра з самай раніцы Цім быў у Валіка. А ў таго — поўная кватэра гасцей. Сябры зачыніліся ў Валікавым пакоі.
Цім коратка пераказаў тое, што пачуў учора ад бацькі.
— Ведаеш, што гэта значыць? Што Васіль — не выдумка, а рэальнасць! Ён існуе! Аднаго толькі не разумею.
Ці м пацёр скроні.
— Навошта ён прысылаў бацькам салдата грошы? — падказаў Валік.
— Хоць бы і гэта… Навошта яму ўвогуле так закарцела паставіць помнік? Вось у чым для мяне загадка!
— Ну, мала што.
Валік паціснуў плячыма. У гэты момант увайшла Валікава маці і запрасіла хлопчыкаў да стала.
— Ды еў я, — пачаў аднеквацца Цім. — З дому ж толькі што!
— Ну, хоць гарбаты папіце. І Валік сказаў:
— Хадзем, бо і праўда — госці ж. Няёмка будзе, што мы на вочы ім не паказваемся. Яшчэ падумаюць немавед што.
Але на кухні гасцей ужо не было. За сталом сядзела і піла гарбату толькі адна дзяўчынка. Гэта была Валікава стрыечная сястра Света. Цім павітаўся, Света прамаўчала.
Пачалі піць гарбату.
— А вось у Англіі, калі п'юць гарбату, ніхто не сёрбае! — сказала раптам Света, не гледзячы на Ціма.
Той аж падавіўся. Пачаў піць ціха, адно вуснамі дакранаўся да шклянкі.
— У цывілізаваных краінах лыжачку са шклянкі звычайна выцягваюць, — ізноў зрабіла заўвагу Света.
А каб ты спрахла! Вось дастача! Цім выцягнуў лыжачку, паклаў на сподак.
— Чаго ты прычапілася да яго? — заступіўся Валік за сябра. — Дай папіць спакойна чалавеку. Падумаеш, з'ездзіла ў Англію! Дык што ўжо, такой ледзі зрабілася?
— Не толькі ў Англію. Яшчэ ў Іспанію, Францыю і Германію, — сказала Света і загнула чатыры пальцы. — І гэтым летам у Германію паеду.
Мы перапісваемся сем'ямі. Яны нам прысылаюць падарункі. І нават маркі.
— Як гэта? — пацікавіўся Валік.
Ці м адсунуў шклянку з недапітай гарбатаю і слухаў вельмі ўважліва.
— Звычайна. У канверце, разам з пісьмом.
— А… хіба так можна? — хрыпатым голасам спытаў Цім.
Света толькі гмыкнула ў адказ. Маўляў, толькі так і можна.
Цім схапіў Валіка за руку і пацягнуў з кухні. На калідоры ён нагнуў сябраву галаву і зашаптаў яму ў самае вуха:
— Вось яно! Усё!
— Што ўсё?
— Я ўсё ведаю! Ой-ё-ёй, як усё проста! Грошы ў канверце, разумееш?!
— Не, — шчыра адказаў Валік.
— Шкатулку пераправілі з Афганістана ў труне! Разумееш цяпер? Каштоўнасці ляжаць у магіле! Пагэтаму і прыязджаў Васіль, і помнік паставіў! Гэта ж як сейф! Яны ж там могуць захоўвацца вечна!
Валік быў уражаны не менш за сябра. Цяпер Цім адкрыўся яму з зусім іншага боку. Вось табе і троечнік, вось табе і фантазёр-летуценнік! З нічога, з двух пустых эпізодаў зрабіць такія высновы!
Разам з тым ён не адчуваў зайдрасці да Ціма. Наадварот, яму радасна стала ад таго, што яны — сябры.
Пасля начнога званка, з якога вынікала, што Ігар знайшоў касету з голасам «афганца», ужо раніцай наступнага дня зяць сядзеў у пустой халоднай цесцевай хаце.
На службу Ігар сёння не пайшоў. Было гэта ўжо само па сабе падзеяй. Заўсёды ён быў абавязковы і дысцыплінаваны. Толькі штось сапраўды надзвычайнае магло прымусіць яго паламаць расклад.
З сабою зяць Ігар прынёс магнітафон, якасны, самсунгаўскі — не тое, што цесцева колішняя «Вясна». Ігар уставіў у яго старую, трэснутую, скочам перамотаную касету.
— Амаль… уся… ноч…на гэта… пайшла, — мармытаў ён чамусьці шэпатам, хаця яны былі толькі ўдвух у хаце.
Доктар Пратасевіч таксама не выспаўся. Цяпер ён усё пазяхаў, слухаючы зяця няўважліва.
— На аловак намотваў істужкі гэтыя… Вось бачыце, нават палец апух. І ўсё ж наткнуўся! Знайшоў! Зараз.
Ігар дастаў аркушык паперы, асадку.
— Учора спісваў з касеты, — патлумачыў ён. — Цяпер, можа, новае штось расчуем, дык адразу