— У нас два мужчыны ў Вялікай Паляне жывуць, якія там ваявалі!

— І яшчэ адзін загінуў!

— Помнік яму стаіць, на могілках!..

— Усё? — выслухаўшы іх, спытаў Крушынскі.

— Усё.

— Ну што ж, і гэтага нямала. Улічваючы, што вас яшчэ, мабыць, і на свеце не было. калі тая вайна пачалася. Навошта яна ўвогуле была патрэбна? — справа іншая, не пра тое пакуль гаворка. А пра тое, што нам, спецслужбе, — сказаў ён важна, робячы націск на гэтым слове, — таскама работы хапала; у шапку спаць не даводзілася. Былі сярод салдатаў незадаволеныя, былі здраднікі, былі такія, хто трапляў у палон да «душманаў» і іх завярбоўвалі там. Вось імі, у асноўным, і займаліся.

А цяпер уявіце сабе вялізны ваенны шпіталь пад Масквою. У двух карпусах — цяжкапараненыя, што паступаюць сюды з Афганістана. Само сабою, яны нас больш за ўсіх астатніх і цікавілі. Да таго ж зручна было кантраляваць іх. Усе ў адным месцы. Многія месяцамі прыкутыя да ложкаў. Бясконцыя размовы, розныя крамольныя выказванні. Словам, раздолле, прастор, самае шырокае поле дзейнасці для нас, спецслужбаў (Крушынскі яўна злоўжываў паўтарэннем гэтага слова).

Дык вось. У некаторых палатах стаяла апаратура для падслухоўвання. Не ва ўсіх, канечне, і не круглыя суткі мы сядзелі з навушнікамі — такое толькі ў фільмах бывае. Але адна палата нас асабліва зацікавіла. Ляжаў у ёй паранены «афганец». Паранены нават не тое слова. Быў ён без рук, без ног, сляпы — але ж гаварыць мог! Пры жаданні, канечне. Цікавіў ён нас найперш сваім службовым спіскам, а таксама біяграфіяй. Родам з Беларусі, безбацькавіч, з дзіцячага дому. Служыў у спецыяльным дэсантным батальёне, тым самым, які прымаў удзел у штурме палаца кіраўніка Афганістана Аміна яшчэ аж у 1979 годзе; тады ж — гэта вам для агульнага развіцця — у Кабул упершыню і ўвайшлі савецкія танкі. Пачалася вайна. Неўзабаве наш герой патрапляе ў палон да 'душманаў'. Уцякае адтуль пры самых загадкавых абставінах. Калі яму верыць, з дапамогаю нейкай афганскай дзяўчынкі — акурат як Жылін у «Каўказкім палонніку»; чыталі?

— Не-а.

— Ну, гэта няважна. Неяк ён уцёк, акрамя таго вынёс на сабе хворага знясіленага таварыша. Герой, словам! Аднак і ў герояў свой лёс, і ім не заўсёды шэнціць. Тым больш на вайне, тым больш на «афганскай». Былі ў іх там такія снайперы: падскочыць такі з-за пагорачка, стрэліць у паветры, прыцэльна стрэліць! — і падае. Усё за паўсекунды! І невядома, адкуль стрэл, дзе снайпер? — а наш нежывы ўжо.

Карацей, знайшоўся і на нашага героя свой снайпер. І быў ён, герой, канечне, а не снайпер, у выглядзе абрубка дастаўлены ў падмаскоўны ваенны шпіталь. Усе дактары, ды, відаць, і сам ён, ведалі, што жыць яму ад сілы месяц.

У ваенных шпіталях свая атмасфера. Бяда, калецтва далёка не заўсёды збліжаюць людзей, часцей наадварот, раз'ядноўваюць. З нашым «афганцам» ніхто не хацеў сябраваць. Ды і нас, спецслужбы, ён наўрад ці зацікавіў бы, каб раптам не аб'явіўся ў яго прыяцель. Звалі яго. ну, скажам, Васіль. Таксама пасля службы ў Афгане паранены ў сківіцу і ў руку. Пачынае ён нашага героя даглядаць. Прыбіраць за ім, карміць з лыжачкі. Ці проста таму рабіў ён гэта, што беларус і меў добрую душу, ці. Вось тут мы, спецслужбы, задумаліся! А можа, было ў яго штосьці на розуме? Можа, штосьці хоча ён у нашага абрубка выведаць?

— А што… ў яго можна выведаць?! — выкрыкнуў у нецярпенні Цім.

— Не перабівай! — цыкнула Віка.

— Аднойчы, — спакойна працягваў Крушынскі (як бы аповесць якую па кніжцы чытаючы), — наш чалавек выпадкова ўключаецца ў палату. І адразу налятае на сюрпрыз! Васіль з «афганцам» адны ў палаце. І «афганец» штосьці ціха расказвае яму. Не ўсё, але сёе-тое нашаму чалавеку ўдаецца запісаць. Але якой важнасці нават гэтае «тое-сеё»!

Прыкладна вось што паведаміў сябру «афганец». Пры штурме палаца Аміна — а палац, трэба заўважыць, быў проста раскошны — у адным з пакояў наш «афганец» убачыў на століку маленькую шкатулку. Дужа прыгожай яна яму падалася, каб можна было ўтрымацца ад спакусы прыхаваць яе за пазуху. Ён і прыхаваў. Тым больш, ідзе бой, страляніна, крыкі, стогны. Каму тут справа да нейкай шкатулачкі?! Калі ж са штурмам было ўсё пакончана і батальён дэсантнікаў атрымаў перадых, у цёмным кутку ён адчыніў свой трафей і…

— Золата?! — укрыкнуў, аблізваючы перасохлыя вусны Цім. Ён і да гэтага сядзеў, як іголках; усё ў і м бунтавала.

— Бяры вышэй, — пасміхнуўся Крушынскі. — Каштоўнасці! Шкатулка была з верхам набітая каштоўнымі каменьчыкамі. Алмазы, сапфіры, ізумруды, рубіны, а галоўнае — чорны жэмчуг! Які лічыцца самым каштоўным у свеце. У прыродзе сапраўднага яго вельмі мала, здабываюць яго толькі ў адным месцы — каля берагоў Паўднёвай Афрыкі.

Крушынскі змоўк, паглядваючы на дзяцей. Разумеючы, што цяпер творыцца ў іхніх душах. Шкатулка, каштоўнасьці, рэдкі жэмчуг, бераг Паўднёвай Афрыкі — а сляды вядуць у іхнюю глухамань, у Вялікую Паляну!

Віка думала: з якім цікавым чалавекам ёй пашэнціла пазнаёміцца і быць разам.

Валік — што Цім не памыляўся; звязаны гэты барадач-Крушынскі з тайнай, ды яшчэ з якою!..

А Ці м, у якога ніколі не было сумненняў у тым, што яго родныя мясціны самыя прыгажэйшыя, багацейшыя і загадкавыя за ўсе іншыя на зямлі, — Цім ужо працаваў фантазіяй на будучыню. Ён ужо бачыў перад сабою гэтую інкрустацыяй аграненую шкатулку, ужо адчуваў у руках прыемную яе цяжкасць, ужо знаходзіў яе і перасыпаў у пальцах, як гарошыны, чорны жэмчуг!

Раздзел XVII

Працяг маналога Крушынскага. — Узлёт і падзенне Васіля. — Цім прагне разблытаць гісторыю. — Зарок маўчання. — Матацыкл.

— Далей!

— Калі ласка, дзядзька Барыс!

— Што сказаў Васілю «афганец»?!

— Далей, — пачаў Крушынскі, — мы расчулі наступнае. Мне ўдалося, казаў афганец Васілю, пераправіць шкатулку ў Саюз. І цяпер яна знаходзіцца ў.

— У Беларусі, у Вялікай Паляне! — уклікнуў Цім.

— Ды перастань ты круціцца!

— І перабіваць, — дадала Віка. Яна як бы ўжо нейкае права мела на Крушынскага, не давала яго ў крыўду, заступалася за яго.

— У Беларусі, у ваколіцах Вялікай Пляны. — пацвердзіў Крушынскі. — Далей «афганец» амаль шаптаў. І нам мала што ўдалося расчуць. Напрыклад — «я ўжо нежывы, я ведаю, — ціха казаў ён, — таму пра шкатулку ведаеш ты адзін. Усё тваё. Паедзеш туды. Зробіш. Абяцай, што зробіш.» Тут у палату пачалі заходзіць іншыя хворыя, і «афганец» замоўк. І тыя апошнія яго словы было адзінае, што мы, спецслужбы, мелі. Назаўтра «афганца» забіраюць на аперацыю, потым — на другую. Словам, ён памёр.

Што да Васіля, той, неўзабаве выпісаўшыся са шпіталя і дэмабілізаваўшыся, пачынае паводзіць сябе дзіўна. Канечне, у нас ён на заметцы. Мы сочым за ўсімі яго дзеяннямі і перамяшчэннямі. А ён першае што робіць — гэта едзе ў сяло Вялікая Паляна і ставіць на свае грошы.

— Помнік! — Ціма не проста было суняць.

— Так. Той самы, які вы згадвалі сёння. На месцы, дзе пахаваны ваш зямляк-«афганец». Пасля чаго наш Васіль нібыта забыўся пра ўсё на свеце. Ды й то, можна яго зразумець! Малады, здаровы, разумны. Прайшоў вайну. З медалямі. Ад дзяўчат няма адбою. А тут яшчэ такое пачынае заварочвацца!.. Перабудова, канец Савецкага Саюза, вольны бізнес, лёгкія грошы, вясёлае, невядомае раней жыццё. Тут аб усім забудзеш, не тое што пра хваравітае трызненне нейкага калекі і пра нейкую міфічную шкатулку! Наперабой завуць Васіля ў розныя фірмы, абяцаюць залатыя горы. Пачаў ён з целаахоўніка, затым вырас да менеджэра, потым — камерцыйнага дырэктара. Грошы шалёныя, замежныя паездкі, рэстараны.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату