чуў.

Хлапчукі рвануліся было ўрассыпную. Але позна! За шкірку і аднаго, і другога схапілі моцныя, што абцугі, далоні.

— Дык я пытаю: што ён яшчэ робіць? — грозна казаў Крушынскі.

Хлапчукі маўчалі. Нават марыць вырвацца з гэтых «абдымкаў» нельга было.

— Пайшлі! — так і павёў іх Крушынскі, перад сабою, трымаючы за каўняры.

Віка ішла ззаду. Яна спалохалася крыху, бо не ведала, чым гэта ўсё скончыцца. Ёй было шкада новых сяброў. Але што магла яна зрабіць? Адно толькі малілася ў думках, каб Крушынскі не зрабіў хлапчукам чаго кепскага, не застрашыў іх, бо тады б яны напэўна перасталі б сюды прыходзіць.

Адзін Барс дурэў ад радасці, насіўся сабе па снезе. Чаму б і не радавацца? Усе людзі, добрыя яго сябры, якія кормяць яго, гуляюцца з ім, якіх ён любіць усім сваім сабачым сэрцам, нарэшце сабраліся ў адным месцы, усе разам!

Падыйшлі да хаткі. Крушынскі ўштурхнуў хлопцаў у дзверы. Адступіўся, даючы зайсці Віцы, і сам зайшоў апошнім.

Вось і спраўдзіліся мары Ціма з Валікам пабываць у таямнічай леснічоцы. Саміх «запрасілі»!

Толькі радасці ад такога «запрашэння' было, канечне, нямнога.

Крушынскі паставіў хлопцаў побач пасярод хаткі. Сам сеў на табурэт. Рукі паклаў на стол. У яго быў выгляд строгага суддзі, што чакае ад падсудных апошняга слова. Не хапала толькі стоса папераў перад ім, ды з бакоў — народных засядацеляў.

— А ты што стаіш? — звярнуўся раптам да Вікі. — Ці да іх хочаш? Пазнаёміліся ўжо?

Дзяўчынка здзіўлена падняла на яго вочы. Ён што, рэўнуе? Ці ёй проста падалося?

Хлопцы глядзелі ў падлогу. Перад гэтым абодва, не змаўляючыся, паздымалі шапкі і цяпер яшчэ больш падобныя зрабіліся на непаўналетніх злачынцаў.

Віка ціхенька прысела на другую табурэтку. «Допыт» пачаўся.

— Так, — строга сказаў Крушынскі. — На пытанні адказваць хутка і коратка. Па чарзе. Высокі, ты адказваеш першы. Усё зразумела? Тады паехалі! Як даўно вы тут ашываецеся? Колькі часу?

— Тыдзень, — буркнуў, галавы не падымаючы, Валік. — Нават больш.

— Каму расказвалі, каму хваліліся?

— Нікому! — усклікнулі хлопцы ў адзін голас.

— І пра яе ніхто, акрамя вас, не ведае?!

— Ніхто!

— Ніводзін чалавек больш! Крушынскі задумаўся.

— Калі не хлусіце, — змякчыўся ён голасам, — тады гэта мяняе справу. З падазроных вы аўтаматычна пераходзіце ў разрад проста сведкаў. Дазваляю сесці. Туды, на тапчан.

Цім з Валікам прымасціліся з краю, плячо да пляча. Віка з палёгкаю выдыхнула.

— Паселі, як вераб'і! — нават асмелілася пажартаваць яна.

— А ты памаўчы, — сказаў Крушынскі. — з табой яшчэ будзе размова. Асобная. І так, хлопцы! Давайце цяпер сур'ёзна. Я сёння, вось зараз, хачу паставіць на ўсім гэтам кропку. Мне надакучыла гэта. Пагадзіцеся, не дужа прыемна жыць пад увесьчасным наглядам. Ведаючы, што за табою сочаць. Што вам з мяне трэба? Што вас цікавіць? Абяцаю расказаць вам усё.

Віка слухала, затаіўшы дыханне. Нарэшце! Вось ён, даўно чаканы момант!

— Але ў мяне ёсць умова, — працягваў Крушынскі. — Вы павінны маўчаць і надалей. Таму што тайна, якую пачуеце, тычыцца не аднаго мяне. Гэта. дзяржаўная тайна. Згода?

Хлопцы пераглянуліся. Вочы ў іх гарэлі.

— Згода!

— Абяцаем, клянёмся!..

— Тады спачатку я хачу паслухаць вас. Дарэчы, заадно і пазнаёмімся.

Хлопцы не паспелі адкрыць раты, як іх апярэдзіла Віка:

— Гэта Цім, злева — Валік!

— Не паказвай на людзей пальцам, — заўважыў ёй Крушынскі. — Мяне можаце зваць дзядзька Барыс. Дык хто я такі, па-вашаму? Хто пачне?

Валік штурхнуў Ціма плячом. Той ветліва, у кулак, адкашляўся.

— Спачатку мы (зноў штуршок плячом)… ну, адзін я. думаў, што вы.

— Смялей, смялей! — падбадзёрваў Крушынскі.

— Што вы — злачынец… Што хаваецеся тут, у лесе, ад пераследу.

— Так, так, разумею. А потым?

— А потым, — цяпер Валік заспяшаўся гаварыць, — мы зразумелі, што тут нейкая тайна! Вы выконваеце важнае дзяржаўнае даручэнне!

— Словам, я — агент спецслужбаў?

— Так, — адказаў Валік.

Віка слухала разявіўшы рот. Вушам сваім не верыла. Дык вось яно што! Як яна адразу не здагадалася?!

— Можа, нават здагадваецеся, якое заданне я выконваю? — дапытваўся Крушынскі.

— Мы думаем…

— Смялей!

— Мы думаем, што вам даручана знайсці тут, у нашых ваколіцах, месца для ваеннай базы, — нерашуча сказаў Валік.

— Альбо месца для будаўніцтва шахт для запуску ядзерных ракет, — дадаў Цім.

Крушынскі аж сумеўся. Нейкі час вялікімі вачыма пазіраў на хлопчыкаў. Потым прамовіў:

— Значыць, і на нашым пакаленні гэтая мілітарысцкая брыдота не закончылася. Значыць, і вам — з такіх гадоў! — напаўняюць бедныя галовы тым жа самым. Скажыце мне, дзеля Бога! — ускінуўся ён раптам, — навошта нам, «маладой, мірнай» краіне Беларусь ізноў спатрэбіліся ракетныя шахты?! Ваенныя сакрэтныя базы?! З кім мы сабраліся ваяваць? Каму пагражаем кулачкамі?! Калі гэта ўсё скончыцца?!

Здзіўленыя гэтым нечаканым яго маналогам, дзеці маўчалі. Ды яны і не ведалі, што казаць.

Проста яны не разумелі дарослага Крушынскага.

Раздзел XVI

Крушынскі расказвае пра сябе. — Афганская вайна. — Новы герой — Васіль. — Шкатулка з палаца Аміна. — Чорны жэмчуг. — Хто пра што думае.

Ды Крушынскі і сам хутка астыў. Нібы спахапіўся, што трохі не ў той стэп яго нясе, што крыху не той кантынгент слухачоў у яго, таму і пытанні ягоныя не па адрасе.

— Забудзем пра гэта! Не, хлопцы, не, Віка! Не шукаю я тут месца для ваеннай базы. І не збіраюся будаваць ракетныя шахты. Аднак я здзіўлены. Вы амаль угадалі!

У гэты момант параўнаўся з вакном і заглянуў у яго зыркі сонечны промень. У леснічоўцы зрабілася светла.

Віцы, якая сядзела збоку ад Крушынскага і магла бачыць яго ў профіль, падалося, што ў вачах у таго блукаюць хітрынкі.

— Усё трохі прасцей… Я сапраўды выконваю тут спецзаданне. Магчыма, не менш важнае за вашы ваенныя базы. І з дакументамі ў мяне ўсё ў парадку. Віка можа пацвердзіць. Канечне, я не павінен быў бы расказваць вам гэта! Але раз вы даказалі, што ўмееце трымаць язык за зубамі, і раз ужо я абяцаўся — так і быць, раскажу. Што вы ведаеце пра Афганскую вайну? — спытаў ён раптам.

— Афганскую? Усё ведаем!

— Многа чаго!

Хлопцы загаварылі наперабой.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату