— Не адхіляйцеся ад тэмы, — перапыніў гэты настальгічны экскурс зяць. — Дык што ж там усё-ткі было, на касеце? Няўжо зусім нічога не помніце?
— Чаму, сёе-тое помню… Пару-тройку слоў, што часцей паўтараліся.
— І якія словы?
Доктар задраў галаву, успамінаючы.
— Так. Шкатулка… Каштоўныя камяні… Груз двесце. Але галоўнае — сяло Вялікая Паляна! Гэтае гучала разы чатыры! Чаму я запомніў, чаму мне і ўелася ў памяць — бо Падмаскоўе ж, Тула не так далёка, а там Ясная Паляна. Дзе Талстой пахаваны, — патлумачыў цесць зяцю. — Нас туды на экскурсію вазілі.
— Пры чым тут Талстой?
— Ну, так, проста… Падобнае гучанне: Вялікая Паляна — Ясная Паляна.
Зяць быў яўна расчараваны.
— Нямнога ж вы запомнілі. Сапраўды, гісторыя цікавая. І не больш. Ды і то — цікавая хіба што толькі для вашага былога сябра-псіхіятра.
— Псіхолага, — паправіў доктар.
— Ну, псіхолага. А як для людзей звычайных, такіх, напрыклад, як мы з вамі. Не разумею, што тут да чаго можна прышпіліць?
— Да таго, — урачыста сказаў доктар, — што я сёння быў паблізу Вялікай Паляны! А барадач — ніхто іншы, як той самы сержанцік, які сябраваў з нябожчыкам-«афганцам»! З якім яны вечарамі шушукаліся!..
— Вось я-а-ак, — працягнуў зяць.
— Вось так! Хіба не дзіўны гэты збег? Чаму малады, здаровы, заслужаны чалавек раптам ні з таго ні з сяго адгадоўвае бараду і зашываецца ў глушэчу? Ды не абы-куды, а ў тое самае месца, якім трызніў чалавек перад смерцю? Згадваў гэтую Вялікую Паляну, як заклінанне!
— Сапраўды… У гэтым нешта ёсць… А можа яшчэ што ўспомніце? — з надзеяй спытаў зяць.
— Нічога больш. Хоць забі! Вось каб цяпер паслухаць.
Зяць Ігар раптам з разяўленым ротам уставіўся на цесця.
— Пачакайце! Калі мы сюды перабіраліся… У каморы стаіць скрынка з-пад тэлевізара, можа, там засталося.
— Магнітафон?
— Ды які магнітафон!.. «Вясну» вашую даўно малы малатком пабіў, і выкінулі на сметнік! Касеты могуць быць! Клянуся, што я іх бачыў недзе. Па-ча-кай-це!
Зяць выбег з кухні. Цесць задумліва жаваў катлету.
Праз нейкі час Ігар вярнуўся.
— Пуста, няма ў скрынцы. Але я пабажыцца гатовы, што.
— Ёсць прымаўка: нават самую непатрэбную рэч захоўвай тры гады. Толькі тады можна выкідваць, — уставіў доктар. Ён з задавальненнем назіраў за зяцевай мітуснёю. Прыемна было, што ягоная даўняя гісторыя так узбудзіла Ігара.
— Дык жа не тры, а пятнаццаць гадоў прайшло!
Усё ж штосьці не давала зяцю супакою. Адклаў відэлец, ізноў усхапіўся. Падсунуў табурэтку да антрэсоляў:
— Падайце газету, калі ласка. Вунь, на падаконніку.
Падаслаў газету на табурэт, узабраўся на яго, тоўсценькі і нізенькі, расчыніў дзверцы антрэсоляў. Паваліліся, зазвінелі парожнія бутэлькі.
— Ёсць! — усклікнуў зяць. — Я ж казаў? Казаў жа? Вось яны!
Ён працягнуў цесцю скрынку з-пад абутку. Сам саскочыў, разаслаў на падлозе газету. Высыпаў ўсё са скрынкі.
Нейкі час зяць з цесцем моўчкі глядзелі на груду бліскучай, у клубкі зблытанай істужкі.
— Чорт, здаецца, ніводнай цэлай! — сказаў
Ігар.
Доктар, крэкнуўшы ад болю ў паясніцы, нагнуўся; абодва пачалі ў чатыры рукі шнырыць у кучы. Доктар адшукаў кавалак пластыку, на якім можна было прачытаць «.ясна» — «Вясна». Вочы яго затуманіліся. Відаць, гэтыя старыя, некалі любімыя рэчы нагадалі цяпер яму вясну яго жыцця.
Затое зяцю было не да настальгіі. Варушыў, калупаўся ў гэтым ворасе — з настырнасцю механіка, што шукае сярод рознага металічнага друзу вельмі патрэбны шурупчык ці гайку. Марна!
Падняліся.
— Як жа вы так не збераглі? — ізноў упікнуў цесця зяць.
— Вось так і не збярог… Ігар паглядзеў на гадзіннік.
— Ну што, збірайцеся памалу. Хутка нашая з'явіцца. А я прыбяру тут…
І праўда, позна ўжо было.
Развіталіся. Доктар паехаў дамоў, у сваю пустую, такую ж, як сам адзінокую хату.
Гадзін у дванаццаць ночы яго разбудзіў тэлефонны званок.
— Усё ў парадку! — пачуўся ў трубцы ўзбуджаны зяцеў голас. — Я знайшоў кавалак плёнкі з голасам «афганца»! У вашай Вялікай Паляне схаваны каштоўнасці!..
Дні тры нашы хлопцы, Цім з Валікам, сачылі за таямнічай лясной хаткаю. Станавіліся пасля ўрокаў на лыжы — і ў лес. Проста катаюцца людзі — што, ужо і пакатацца нельга ў сваім родным лесе? Падгадвалі час, калі Крушынскі быў на паляванні. Падбіраліся да самай хаткі.
Сапраўды, дзіцячыя сляды вакол яе на снезе! Замка няма на дзвярах, а гаспадар жа ў адлучцы! Зазіралі ў вакенца, але яно было закрыта фіранкаю.
І тым не менш многа чаго хлопцам ўдалося дасягнуць. Напрыклад, яны пасябравалі з Барсам. Ён пазнаваў іх і, пачуўшы свіст, нёсся да іх стрымгалоў, ведаючы, што перападзе яму пачастунак.
Увечары трэцяга дня Цім з Валікам нарэшце атрымалі самае надзейнае пацверджанне, што леснічоўка не пустуе і ў адсутнасць барадача. Фіранка была адкрыта! Калі ж яны, азіраючыся па баках, асцярожненька наблізіліся, у вакне з'явілася дзіцячая рука і фіранку зашморгнула!
— Ну, што? — не ўнімаўся Цім, калі хлопцы ехалі з лесу ў вёску. — А ты не верыў!
— Ну, не верыў… Цяпер веру. Сапраўды, штосьці тут загадкавае, нячыстае, — вымушаны быў пагадзіцца Валік. — Вось толькі чаму барадач не замыкае дзверы? Чаму гэты ягоны кватарант сам хаваецца ад людзей?
Але не так проста Ціма збіць з тропу. Самыя неверагодныя здагадкі так і пёрлі з яго.
— Як ты не разумееш? Яны з барадачом заадно! З аднае кампаніі. Адседжваюцца пасля якога- небудзь злачынства. Цяпер ведаеш колькі такіх выпадкаў, калі дарослыя ўцягваюць у свае банды дзяцей? Менш падазрэнняў!
— Не, — рашуча сказаў Валік. — Лухта гэта ўсё. Я думаю, што ні барадач, ні яго госць ніякія не злачынцы.
— Аднак жа не проста так ён жыве тут, і па лесе цягаецца! Усё як бы шукае нешта.
— Можа, ён — агент спецслужбаў? Які выконвае тут важнае заданне?
Цім, якому абы прастор для фантазіяў, ахвотна пагадзіўся.
— Магчыма! Тут жа была некалі ракетная ваенная база; можа, цяпер хочуць яе аднавіць, вось ён і выбірае прыгоднае месца.
Крушынскі таксама бачыў сляды лыж і чаравікаў каля хаткі. Гэта ўстрывожыла яго. Асабліва тое, што