Неабходна зазначыць, што Старая Цывiлiзацыя, загнаная ў кут, даўно рыхтавалася да свайго контрнаступлення. Летапiсы расказваюць пра масавыя самазабойствы хрысцiян напярэдаднi 1000 году. Людзi баялiся Страшнага суда, канца свету, прышэсця Антыхрыста i знiшчалi сябе i сваiх дзяцей. Але што гэта, як не магiльнае дыханне Старой Цывiлiзацыi? Вельмi часта, асаблiва ў XX стагоддзi, выкiдвалiся на акiянскiя водмелi i памiралi сотнi кiтоў, самых буйных млекакормячых планеты. Чаго толькi не навыдумлялi на гэты конт вучоныя. I што ў кiтоў парушаўся бiялагiчны компас, i што яны труцiлiся адыходамi прамысловай дзейнасцi чалавека, i што iхняе надта вузкае горла замуроўвалi рачкi, малюскi i водарасцi-паразiты. А гэта праводзiла эксперымент Старая Цывiлiзацыя, каб, набраўшыся вопыту, атакаваць, у рэшце рэшт, Чалавека.

Карл Гакенхольц i Радаслаў Буслейка, немец i беларус, былi вельмi не падобныя адзiн на аднаго. Карл маленькi, чарнавалосы, з велымi смуглай скурай, Радаслаў буйнацелы, высокi, шавялюра саламяна- жоўтая. Здавалася б, i тэмпераменты ў iх павiнны былi быць розныя, але абодва яны былi прыроднымi сангвiнiкамi, што падразумявае жвавасць, хуткую ўзбуджальнасць i лёгкую зменлiвасць эмоцый. Сёння ў стрэсаператараў пераважаў разважлiва-фiласафiчны настрой.

— Карл, ты чытаў 'Кодэкс тыранаў' Арыстоцеля? — спытаў Буслейка.

— Чытаў, - кiўнуў галавой Карл.

— А можаш успомнiць, што там насачыняў вялiкi фiлосаф?

— Паспрабую, — нiколькi не здзiвiўшыся нечаканай просьбе (што толькi не прыйдзе ў галаву пад час доўгага дзяжурства?), згадзiўся Карл.

— Давай.

— Першая запаведзь: 'Не дазваляць вылучацца дастойным. Нават караць смерцю'. Другая: 'Забаранiць сумесныя абеды'. Гэта азначае, як я разумею, адмену свабоды сходаў. Трэцяя запаведзь: 'Трымаць шпiёнаў'. Чацвёртая: 'Пастаянна абяцаць лепшае жыццё ў будучынi'. Пятая: 'Узводзiць грамадскiя збудаваннi, каб людзi былi заўсёды занятыя'. I шостая, калi ў мяне яшчэ няма старэчага склерозу…

— 'Весцi войны або рыхтавацца да iх, бо народ гэткiм чынам будзе мець патрэбу ў адзiнаўладным кiраўнiку', — хуценька кончыў за яго Радаслаў i засмяяўся. — Твой мозг, Карл, працуе яшчэ, як камп'ютэр.

— Дзякуй за камплiмент, — усмiхнуўся ў адказ Карл. — Але i ў цябе пакуль што мазгi — як гэта кажуць у вас, славян? Ага, успомнiў — не заржавелi.

Стрэсаператары сябравалi, бо немагчыма цэлыя месяцы сядзець побач у кабiне i не паспрабаваць зазiрнуць адзiн аднаму ў душу, тым болей што псiхолагi падбiралi на такую работу людзей кампанейскiх, сумясцiмых. Якiм шматслойным нi было б чалавечае жыццё, ёсць амаль у кожнага пункты, кропкi судакранання са сваiм суседам i з усiм чалавецтвам.

Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца яднала неадольная цiкавасць да гiсторыi рэлiгii. I сапраўды — што прымусiла першабытнага чалавека, а магчыма i першачалавека глянуць з цёмнай пячоры ў начное неба i ўбачыць там не толькi срэбную хмарку, не толькi яркую зорку — убачыць Бога? Страх перад незразумеласцю жыцця, перад маланкай i громам, перад дзiкiм зверам i смерцю? А цi не закладзена ў самой прыродзе чалавецтва рэлiгiйнасць, так, як у кожную зямную рэч закладзены вага, шчыльнасць, колер? Цi не з'яўляецца рэлiгiйнасць вiдавай прыкметай, асаблiвасцю чалавека, бо ў звяроў жа няма рэлiгii.

Радаслаў i Карл адчулi роднаснасць душ з той ранiцы, калi немец, пiльна сочачы за экранам стрэсографа, раптам прадэкламаваў:

Цi ёсць у кветак бог? Цi моляцца яны?

— Як-як? — перапытаў Буслейка. Карл прадэкламаваў зноў.

— А ты ведаеш, i я ж пра гэта шмат разоў думаў, - горача загаварыў Радаслаў. — Ну не так, як ты, прыгожа, не вершамi, але думаў. I так заўсёды атрымлiваецца, так здаецца, што стаiм на самым парозе разгадкi, што лёгенька-лёгенька таўханi маленькiя дзверцы, яны расчыняцца, i ўбачыш…

— Што ўбачыш? — нецярплiва спытаў Карл.

— Разгадку. Або самога Бога.

Узнесеныя над вяршынямi гор, аддзеленыя ад сяброў, ад каханых доўгiмi тыднямi адзiноцтва, яны жылi, як бы злiўшыся з экранамi, антэнамi i камп'ютэрамi, рабiлi сваю вельмi патрэбную ўсiм справу, а неба глядзела на iх удзень i ўначы, таямнiча шумеў вецер, грымелi, расколваючыся аб скалы, вадаспады, зiхацеў снег, чорнай сцяной стаялi далёка ўнiзе лясы, каменьчык, сарваўшыся з-пад капыта горнага казла, iмклiва ляцеў у цяснiну, у пранiзлiвую пустэчу. Хiба можна было ў такiх умовах, у такiм жыццi не думаць аб вечнасцi, аб рэлiгii? Яны абодва, па традыцыi сваiх продкаў, былi хрысцiянамi i, вядома, часта гаварылi пра гэту вялiкую i супярэчлiвую рэлiгiю, якая, нiбы смала з жыдоўскiх смакоўнiц, налiпла калiсьцi на рымскi меч у Юдэi, каб рассялiцца ў многiх землях i народах. На скрыжалях мiльёнаў чалавечых сэрцаў назаўсёды выбiты словы: 'Узлюбi блiжняга свайго, як самога сябе', 'Не ўбiй', 'Не ўкрадзi'. I ўсё-ткi пасля нялёгкага роздуму немец з беларусам прыйшлi да высновы, што ў свой час iндаэўрапейскiм народам, шукаючы сваю стрыжневую, каранёвую рэлiгiю, трэба было глядзець не ў бок Палесцiны, а на Iндыю, i, вядома ж, невыпадковая ў апошнi час вялiкая цiкавасць эўрапейскай моладзi да будызму i крышнаiцтва. Радаслаў Буслейка не быў бы беларусам, каб не расказаў сябру-немцу пра беларускiя, як заўсёды, не вырашаныя да канца праблемы. Беларускiя вернiкi доўгi час варагавалi мiж сабой, бо варункамi лёсу i амбiцыямi ўладаў былi падзелены на праваслаўных, унiятаў i католiкаў. Адзiн народ з трыма целамi i душамi. Хiба натуральная гэта з'ява? I вось апошнiм часам пачаўся шырокi рух за вяртанне да народнай дахрысцiянскай рэлiгii, дзе пакланялiся Агню, Сонцу, Зямлi i Грому. Гэта спроба вярнуцца не ў змрочнае язычнiцтва, не ў паганства, а ў купальства (так называецца новая вера), да купальскiх вянкоў i песень, да чыстай зямлi i светлай ранiшняй расы, да праматчынай душы.

— I ты таксама — як гэта правiльней па-вашаму сказаць — купальнiк? пацiкавiўся тады Карл Гакенхольц.

Буслейка засмяяўся.

— У купальнiках прыгожыя жанчыны ходзяць. Я — хрысцiянiн, але я i купалец. А жонка мая, Нiначка, купалка.

— Купалка, — як рэха, паўтарыў за iм Карл, прыслухоўваючыся да новага слова. — Гучыць няблага.

З таго часу любiў ён гаварыць Радаславу: 'Калi ты адлучаўся ў горы, твая купалка па тэлефоне званiла'.

Буслейка, пiльна сочачы за экранам, з пяшчотай успамiнаў сваю маладую жонку, сваю Шначку. Ужо амаль тры месяцы, як яны не бачылiся. Ён неадрыўна сядзiць тут, на стрэсографе, а Нiначка, русавалосая, тоненькая (ён зваў яе 'Нiнка-трасцiнка'), працуе заолагам у перасоўным летнiм лагеры, якi штогод стварае Лiга барацьбы супраць мутантаў. Нежаночая прафесiя ў жонкi. Былi б яшчэ вавёрачкi, вожыкi, зайчыкi, а то даводзiцца лавiць у лясах i балотах дзiкоў, ласёў, ваўкоў, нават зуброў i лячыць iх. Аднойчы параненая вярнулася з лагеру — уз'юшаны дзiк варсануў iкламi па назе. Усё часцей нараджаюцца мiж звяроў мутанты, у якiх папсаваны генетычны код, — гiганцкiя ваўкi, дзвюхгаловыя сабакi, бязвокiя зайцы. Прырода, атручаная чалавекам, узбунтавалася, сышла, як цягнiк-лакаматыў, з рэек, ляцiць пад адхон i ўсё ломiць на сваёй дарозе. Раней мутантаў адстрэльвалi, усiх без разбору, але Нiначка i яе сябры дамаглiся лячыць iх, вывучаць, каб узяць пакуль што некантралюемую сiтуацыю пад кантроль. 'Нiначка ў мяне настойлiвая, — з патаемнай радасцю думаў Буслейка. — Надумае што зрабiць, абавязкова зробiць'. Ён быў яшчэ на той стадыi ўзнёслага юначага кахання, калi юнак, мужчына, спелячы ў сабе рыцара, добраахвотна, з найвялiкшай асалодай падпарадкоўваецца сваёй абраннiцы (адзiнай на Зямлi!), патурае ўсiм яе слабасцям i капрызам i гатоў памерцi па кiву яе пальчыка. На вялiкую радасць для чалавецтва, такое салодкае ачмурэнне праз нейкi час праходзiць, iначай рэзка скарацiлася б колькасць мужчын.

— Увага, Радаслаў. Бачу канцэнтрацыю, — раптам усхвалявана сказаў Карл Гакенхольц.

На вялiкiм экране, якi амаль увесь займала карта Эўразii i якi ззяў спакойным блакiтнаватым святлом, з'явiлася чорная пульсуючая кропка. Яна нервова трапятала, то павялiчвалася, то змяншалася i здавалася

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату