агiднай гнойнай болькай на чыстым здаровым целе.
— Дзе гэта? Давай удакладнiм каардынаты, — наструнiўся, адразу пастражэў Буслейка.
Камп'ютэр iмгненна зрабiў неабходныя разлiкi.
— Што мы маем? Пяцьдзесят тры градусы сорак чатыры хвiлiны паўночнай шырынi, дваццаць сем градусаў пяцьдзесят восем хвiлiн усходняй даўгаты. Здаецца, гэта твае родныя мясцiны.
Карл запытальна паглядзеў на Радаслава.
— Так, — адказаў той. — Гэта цэнтральная Беларусь, на ўсход ад Менска. Выключны па сiле прарыў адмоўнай жывой энергii. Стрэлка стаiць на адзнацы «9». Вельмi высокая катэгорыя, а значыць, могуць быць чалавечыя ахвяры. Не шанцуе землякам.
Ён казаў усё гэта, казаў, здавалася, роўным бясстрасным голасам, а ў душы кiпела трывога. Але мозг, вочы i рукi рабiлi, амаль аўтаматычна, патрэбную ў такiх выпадках справу. Была прыведзена ў баявую гатоўнасць кальцавая сiстэма электрамагнiтнай аховы ад Берасця да Крычава на ўсход i ад Полацка да ракi Прыпяць на поўдзень. Услед за гэтым неадкладна ўключылi па ўсяму перыметру кальцавой дарогi ахоўны электрамагнiтны пояс горада Менска. Усе мегаполiсы, усе гарады-'мiльёншчыкi' мелi такiя паясы, бо Вялiкi Жах (i гэта паказаў прыклад Чыкага) з найвялiкшай ярасцю i ўпартасцю атакуе менавiта там.
— Па Ўсходняй Эўропе б'е без перадыху, — сказаў Карл Гакенхольц. Чатыры канцэнтрацыi за апошнiя паўгода. Цiкава: выпадковасць гэта або заканамернасць?
Ён дапытлiва паглядзеў на Радаслава.
— Лiчу, што заканамернасць, — адказаў Буслейка, не адводзячы позiрку ад экрана, дзе ўсё бушавала, аж вугальна чарнела няроўная мiгатлiвая пляма. Славяне, як i румыны, як i венгры, у палiтычным i эканамiчным плане пазней стабiлiзавалiся, чым, скажам, германскiя народы. Вобразна кажучы, вулканiчны працэс у нас зацягнуўся. Адпаведна рэзка павялiчылася крытычная маса адмоўных эмоцый. Вось Вялiкi Жах i выкарыстаў гэта. 'Дзе тонка, там i рвецца', як кажа наша прымаўка.
У гэтыя iмгненнi яго востра непакоiла адно: толькi б Шначка не надумала раней часу вярнуцца ў Менск. Няхай бы трапiўся ёй якi-небудзь звер-звярыла, дзiкун з дзiкуноў, мутант з мутантаў, i яна б важдалася з iм у сваiм летнiм лагеры, а праз дзень-два i Вялiкi Жах загналi б, як джына, у бутэльку. Яму ўспамiнаўся дакументальны фiльм аб падзеях у Чыкага: скручаныя трамвайныя рэйкi, патоўчанае на драбнюткi мак аконнае шкло, згрызены (!) гранiт на набярэжнай. Гэта было нялёгка бачыць: сляды ад велiзарных зубоў на ружовым гранiце…
Раптам загадна загучаў селектар унутранай сувязi:
— Увага! Праз хвiлiну слухайце паведамленне асаблiвай важнасцi.
Памаўчаўшы, селектар паўтарыў, строга i трывожна:
— Праз хвiлiну слухайце паведамленне асаблiвай важнасцi.
Стрэсаператары пераглянулiся.
— Дзед, напэўна, будзе гаварыць, — сказаў Буслейка.
'Дзедам' усе звалi дырэктара Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа Леха Патоцкага, сямiдзесяцiгадовага барадача, якi з аднолькавым напорыстым iмпэтам хадзiў па скалах Татраў у альпiнiсцкай звязцы i на вясёлых капуснiках танцаваў мазурку.
— Панове, — пачуўся неўзабаве магутны бас Патоцкага, — як вы ўжо ведаеце, мае месца атака Старой Цывiлiзацыi ў раёнах усходней i паўднёвей Менска. Сiтуацыя кантралюецца, але з вялiкiм напружаннем. Загiнула ў агнi трое вучняў Вышэйшых курсаў лесаводства.
— Чаму ў агнi? — неяк машынальна вымавiў Буслейка.
Дзед, нiбы пачуў ягоныя словы, растлумачыў:
— Чарговая, двухсот сорак трэцяя атака Старой Цывiлiзацыi адрознiваецца ад папярэднiх незвычайнасцю формаў. Ёсць, вядома, i стэрэатыпныя формы: КЛА ў выглядзе шароў, ромбаў i талерак, псеўдалюдзi з лысымi шышкаватымi галовамi i ружовай дзiцячай скурай, але амаль дзевяноста працэнтаў адмоўнай жывой энергii рэалiзуецца ў выглядзе вогненнага вала, якi нястрымна коцiцца па зямлi. Нездарма СЦ абрала Беларусь — там маюцца яшчэ даволi лясiстыя раёны, агню хапае ежы.
Дзед гучна кашлянуў.
— Сiтуацыя, як я ўжо казаў, кантралюецца з вялiкiм напружаннем. Справа абцяжарваецца яшчэ i тым, што да СЦ далучылася каля пяцi тысяч робатаў, якiх намервалiся здаць на пераплаўку. Iхняя падпольная тэрарыстычная арганiзацыя 'Механiчная Рука' канцэнтравалася, як стала вядома, у Доме Пераўтварэнняў доктара Метэора. Сам доктар або забiты, або, па некаторых неправераных чутках, узяты робатамi ў якасцi заложнiка i знаходзiцца, зноў жа па некаторых неправераных чутках, у старой выпрацаванай калiйнай шахце непадалёку ад горада Салiгорска. Там у робатаў, аказваецца, былi склады зброi. Вось такое становiшча, панове. Стрэсограф працуе вахтавым метадам, i вас усiх, ад стрэсаператараў да буфетчыц i вартаўнiкоў, павiнны былi замянiць роўна праз восем дзён.
Пэўна, у гэтым месцы свайго паведамлення дырэктар Патоцкi, каб удакладнiць дату, глянуў на каляндар, бо наступiла паўза, пасля якой ён паўтарыў:
— Роўна праз восем дзён. Але сваёй уладай, так, так, панове, сваёй дырэктарскай уладай, я вымушаны затрымаць вас тут яшчэ дзён на пятнаццаць, не менш. Нiхто не можа гарантаваць, што змена, якая павiнна вас замянiць, прыбудзе своечасова. Мы будзем адпускаць вас порцыямi.
— Як марожанае, — пажартаваў Карл Гакенхольц.
— Вось i ўсё, — скончыў Патоцкi. — Зараз вам нешта, спадзяюся вясёленькае, скажа наш культмасавiк Алачка Зелянуха, а я прашу стрэсографа Радаслава Буслейку з дванаццатай кабiны зайсцi да мяне ў кабiнет. Жывуць Сонца i Кiсларод!
Патоцкi змоўк, i адразу ж пачуўся вясёлы, бадзёры, нейкi аж iскрысты голас Алачкi Зелянухi:
— Таварышы!
О Вялiкая Эра Плюралiзму! Ты сапраўды вялiкая. Ты дала магчымасць кожнаму чалавеку быць свабодным у думках, словах i дзеяннях. Звяртаючыся да грамады, можна ўжываць якiя хочаш словы: «панове», «спадары», «джэнтльмены» i гэтак далей. Вось Алачцы Зелянусе падабаецца слова «таварышы». Калi ласка, Алачка. Дарэчы, самае-найсамае «рыначнае» слова. Што такое «таварышы»? Купцы, гандляры, якiя маюць тавар. Што такое «таварыш»? Сябра па рынку, па гандлю.)
Радаслаў Буслейка, надта не ўслухоўваючыся ў тое, аб чым шчабеча культмасавiк, на старым абшарпаным лiфце паехаў да Леха Патоцкага, кабiнет у якога быў на самай верхатуры, 'блiжэй да Сонца', як любiў жартаваць дырэктар. На стрэсографе быццам бы не працавалi дзецi або падлеткi, а кабiна лiфта была ўся спiсана i нават зрэзана сцiзорыкамi. Адзiн глыбакадумны надпiс чырвоным фламастэрам здзiвiў Радаслава. 'Эйнштэйн цi я?' — было напiсана якраз на дзвярах лiфта. Мудрагелiстае пытанне. Цяжка наконт яго сказаць нешта пэўнае, асаблiва калi не ведаеш, што за фiгура жадае паспрачацца з генiем. Але ў Буслейкi быў гатовы адказ: «Эйнштэнн». Лiфт тым часам калацiўся i скавытаў, як быццам прышчамiў сам сабе палец.
Дзед у сваiм шыкоўным кабiнеце, з вокнамi на ўсю сцяну, пiў пiва. Прапанаваў поўны кубак Радаславу.
— Пакаштуй. Ваша пiва, беларускае. З Лiды.
Пiва было важнецкае — праглынеш язык. 'Павiнна ж быць i ў зайца радасць перад халоднаю зiмой', — успомнiлiся раптам Буслейку словы з верша Караткевiча 'Заяц варыць пiва'.
— Вось што, пане Радаслаў, - па сваёй звычцы пачаў круцiць гузiк на чужой кашулi Патоцкi. — Цi не хочацца табе на дзянькi два або тры злётаць у сваю Беларусь?
— У мяне ж змена, — сказаў Буслейка.
— Змена не жонка. Запомнi гэта. Дык цi не хочацца?
— Хочацца, — шчыра прызнаўся Буслейка. — Але я не разумею, як гэта можна зрабiць.
— Слухай жа, калi хочацца. — Зноў даў яму поўны кубак пiва дырэктар. Сусветны Саюз Стрэсаператараў — ты ж яго член таксама — вырашыў паслаць у раён Менска, туды, дзе лакалiзуюць СЦ, сваю групу, цi свой атрад, як хочаш называй. Трэба нарэшце, каб i стрэсаператары вочы ў вочы, твар у твар сутыкнулiся са Старой Цывiлiзацыяй. А то гiбеем тут каля экранаў i не ведаем, з кiм цi з чым змагаемся. А там бой iдзе, ды яшчэ якi. Чытаў 'Вайну светаў' Уэлса?
— Вядома, чытаў, - радасна азваўся Буслейка.
— Сёння там нешта падобнае адбываецца. Я й падумаў — ты ж з Беларусi, каму, як не табе, ляцець?