— Што так прыспічыла? — Лапкоў быў ужо на месцы. — Табе паведамілі пра дзеда?

— От я і хачу ў Комсенічы заскочыць.

— Не раю, — сказаў Лапкоў,— пойдзе па вёсцы почут, што міліцыя некага шукае.

Корзун давяраў вопыту Лапкова і паабяцаў, што толькі праскочыць па вуліцы.

— Дзед жыве ў першай хаце пасля школы, — падказаў Лапкоў.

Комсенічы, як і Даманы, стаялі крыху ў баку ад шашы, і трапіць у іх можна было з двух канцоў — ад райцэнтра і ад Даманаў. Корзун ехаў з райцэнтра і павярнуў у вёску каля школы — старога аднапавярховага драўлянага будынка. Паміж ім і сялянскімі хатамі быў спачатку сад, а потым прышкольны ўчастак. Корзун апынуўся на вуліцы ля дзедавай хаты. Гравійка была тут дагледжаная, без калдобін. Не вельмі газуючы, ён павольна праехаў да шашы. Скіроўваючы на Даманы, падумаў, што начальнік ДАІ меў рацыю: заязджаць сюды не было патрэбы — нічога не прыкмеціў. Хіба толькі вось зараз узнікла пытанне: чаму ніхто, акрамя дзеда, не пачуў машыны?

Савачкін не чакаў госця, але шчыра ўзрадаваўся, убачыўшы Корзуна.

— От добра, павячэраеш з намі, пагамонім, — кінуўся ён дапамагчы лейтэнанту зняць скураную куртку. — Мый рукі, а я тым часам тваю тэхніку прыстрою.

Неўзабаве яны сядзелі ў зале. Корзун расказваў пра сваю гутарку з начальнікам аддзела, пра свае сумненні. Потым спытаў:

— Няўжо Купскі схлусіў, га, Раман Фаміч? Чаму?

— Вось і я думаю. Мог бы, здаецца, прамаўчаць. Няўжо наўмысля? А калі так, то зусім інакш выглядае тое, што ён напіўся іменна ў Комсенічах. Думаю, падпалкоўнік не памыляецца, трэба брацца за Купскага.

Корзун не адразу адказаў. Яго бянтэжыла, што Купскі нібы сам плыў у рукі. Ну навошта вінаватаму выторквацца? Хаця, яго жонка вымусіла. Але ён мог і жонцы не сказаць. А калі не мог не сказаць, калі нервы патрабавалі нейкага выйсця? Як ні варажы, а Купскага з рахунку пакуль што не скінеш.

— Зробім так, Раман Фаміч, — нарэшце рашыў ён, — вы бярыцеся за Купскага, асцярожна, каб і грама падазрэння ў яго не ўзнікла. А я з раніцы пайду ў кантору.

V

Цвёрдая рука Шынкевіча адчувалася і ў бухгалтэрыі. У дакументах быў узорны парадак. Усе паперкі, якія паступілі нават напярэдадні, былі падшыты і праведзены па бухгалтарскіх кнігах. А пра пазаўчарашні дзень і казаць не было чаго. Корзуна цікавіла, хто іх прыносіў. Як яму растлумачылі, перад пакражай у кантору ў канцы працоўнага дня маглі прынесці звесткі брыгадзір мясцовай брыгады, загадчык гаража, тры механізатары, якія выпісвалі заробленае на жніве збожжа, кладаўшчык нафтабазы, загадчыца ясляў… Ён дапускаў, што нехта прыходзіў так, без пільнай патрэбы, як звычайна бывае ў калгасных канторах, — пагаварыць або проста пабыць на людзях, паслухаць навіны.

Корзун узяў сабе на заметку ўсіх, каго назваў галоўбух, і папрасіў пуцявыя лісты. Увесь калгасны транспарт у тую ноч быў на месцы — пуцёўкі былі здадзены ў бухгалтэрыю своечасова. За выключэннем старшынёвага «газіка». Корзун пра гэта ўжо ведаў, аднак пуцёўку Сямёна Гурскага, старшынёвага шафёра, паглядзеў, як і астатнія. Гурскі вярнуўся ў гараж на другія суткі, наездзіўшы каля двухсот кіламетраў,— адзначалася ў пуцёўцы. У той дзень больш не выязджаў. Корзун пагартаў ранейшыя пуцёўкі. Здаралася, старшынёў «газік» прабягаў і большую адлегласць, так што і тут прычапіцца не было да чаго…

— Табе, лейтэнант, рахункаводам быць. Папяровая твая душа…

Корзун узняў галаву, убачыў старшыню калгаса.

— Не падмяняй маіх канторшчыкаў,— працягваў Шынкевіч, — яны ўмеюць працаваць, іншых не трымаю. І цябе не вазьму. — Ён нібы жартаваў, аднак гэтая самаўпэўненасць не спадабалася Корзуну. Старшыня, здавалася, залічыў яго ў свой штат і тым самым браў на сябе права падказваць.

Корзуну захацелася паказаць, што ён чалавек незалежны, каб Шынкевіч зразумеў, што ёсць мяжа і яго ўладзе. Але не ведаў, як гэта зрабіць. Да Шынкевіча ж, як да крутой гары, не падступіцца.

— Хутка мне зладзеяў зловіш? — Шынкевіч любіў парадак. Таму пасур'ёзнеў, дакорліва дадаў: — Ты сваім займайся, сваім, а мае бухгалтары табе любую даведку мігам падрыхтуюць. Толькі скажы.

Корзун хацеў растлумачыць, што справа не ў даведках, але падумаў, ці не будзе гэта падобна на справаздачу, і з выклікам сказаў:

— У нас не заўсёды ведаеш, дзе знойдзеш, а дзе згубіш.

— А ты не брыкайся, лейтэнант, — палагаднеў Шынкевіч. — Кажы, што трэба.

— Дазвольце пазваніць. Толькі не хацелася б адсюль, размова службовая.

Старшыня пакруціў галавой і прапанаваў:

— Давай з майго. Корзун пазваніў Шараю.

«Табе гэта вельмі важна? — засумняваўся начальнік аддзела. — Загадваеш ты загадкі. Падрабязней нельга? Ну, няхай, бяру на сябе».

— Перагаварыў? — Шынкевіч увайшоў і здзівіўся, што Корзун яшчэ тут. І ў гэты час падаў голас тэлефон. — А-а, Шарай, — адгукнуўся Шынкевіч, — у мяне твой лейтэнант. Што?! Ну, ведаеш… Добра, добра. Я ў сваім кабінеце з ім пагавару. Дома сцены памагаюць, — зарагатаў ён. Паклаў трубку, упікнуў: — Без начальства не мог.

Заручыўшыся падтрымкай Шарая, Корзун адчуў сябе ўпэўнена і баяўся толькі, каб раптам не сарвацца. Абыякава, як аб нечым неістотным, папярэдзіў:

— З пратаколам, Фёдар Гаўрылавіч.

— Ты не ад злосці на мяне? — У вачах Шынкевіча бліснулі смяшынкі.

— Мы не злуёмся, Фёдар Гаўрылавіч, мы справу робім. А вашы паказанні могуць адыграць істотную ролю.

— Бач ты яго, паказанні! Упершыню ў жыцці. Падзея, га?

Корзун узяў ручку:

— Апішыце, калі і куды вы ездзілі на «газіку» ў той дзень, шаснаццатага лістапада.

Шынкевіч аж папярхнуўся.

— Слухай, лейтэнант, не зарывайся. У мяне нават райком пра такія рэчы не пытае.

— Відаць, не было яшчэ прычыны, — вырвалася ў Корзуна. І адразу ж дадаў: — Мяне «газік» цікавіць.

— Куды гэта ты хіліш?

— Фёдар Гаўрылавіч, хто з нас следчы?

— Ат, каб цябе! — Старшыня нечакана павесялеў.— Настыра! Але дай бог памяць… З раніцы — справы ў канторы, «газік» стаяў. Пасля з'ездзілі ў таўкачоўскую брыгаду, правяраў, як рыхтуюць насенне. Адтуль завярнуў…

— У вас карта раёна ёсць? — скарыстаў паўзу Корзун.

Шынкевіч пакорпаўся ў кучы папер, наваленых на паліцы, і выцягнуў запылены скрутак. Выбраў менш памятую «сіньку», падаў лейтэнанту.

— Давайце разам адзначым ваш шлях, і па калгасных землях, і далей, — Корзун разгарнуў на стале карту. — Па якіх справах і ў каго начавалі, мяне не цікавіць.

Шынкевіч засоп. Але прамаўчаў і пачаў паказваць на карце свой маршрут. Аказалася — прыкладна сто трыццаць кіламетраў.

— Гэта ўсё, Фёдар Гаўрылавіч? — захваляваўся Корзун.

— А што? — упершыню занепакоіўся старшыня.

— Не хапае кіламетраў семдзесят.

— А-а, дык гэта Сямён папрасіўся да цёткі заскочыць. Я дазволіў.

Зноў усё нібы стала на сваё месца. Расчараваны, што і гэтая знаходка пустая, Корзун папракнуў старшыню:

— А як жа смятаніцкая зарплата?

— Гэта ўжо мой клопат, лейтэнант.

Вы читаете Левы рэйс
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату