— На жаль, цяпер і мой, — сказаў Корзун і развітаўся.
У калідоры яго чакаў Савачкін. Нічога не тлумачачы, ён пацягнуў Корзуна да выхада. На вуліцы, нібы баючыся, што нехта падслухае, аднымі губамі выдыхнуў:
— Купскі!
— Ён? — Корзун не паверыў, не мог паверыць. — Вы маеце доказы?
— Па маёй просьбе дружыннікі прасачылі за ім. Сёння, як толькі дзеці выправіліся ў школу — жонка была ўжо на працы, — вынес з хлява нейкі скрутак, зыркнуў па баках і — на гарод. Пад яблыняй закапаў. А надоечы, расказвалі мне, з жончынай сумкай у Комсенічы ездзіў. Бачыш, як збягаецца?
— Мала чаго ездзіў,— Корзун не надаваў гэтаму факту значэння.
— Успомні, што казаў Шарай, — загарачыўся Савачкін, — Купскі толькі наводчык, а краў нехта з комсеніцкіх. Учора ён і атрымаў сваю долю, якую сёння схаваў пад яблыняй. Пераканаўча? — Савачкін супакоіўся, з палёгкай усміхнуўся. Як аб вырашаным, сказаў: — Возьмем панятых.
Корзун падумаў, што ў словах участковага пэўная логіка ёсць. Зрэшты, Купскі паводзіць сябе даволі дзіўна. Праверыць яго не пашкодзіць. І ён згадзіўся:
— Дзейнічайце.
Купскі здаўся, як толькі Савачкін нагадаў пра яблыню. Цяжка ўздыхнуў і павёў на гарод міліцыянераў і панятых. Корзун ішоў ззаду. Ён пазіраў на Савачкіна і не мог пазбавіцца думкі, што тут адбываецца нешта не тое. З аднаго боку Купскі — прыгнечаны, разгублены; з другога — ён сам, следчы райаддзела ўнутраных спраў, падобны на маладога пеўніка, жвавы, задзірысты: схапіўся з Шынкевічам, уцягнуў у гэта Шарая. А навошта? Корзун адстаў, прыхіліўся да плота, што аддзяляў двор ад гарода. Яму раптам расхацелася ісці на гэты гарод і капацца ў зямлі.
Корзун не глядзеў, што робіцца пад яблыняй. Яго позірк чамусьці ўткнуўся ў складзенае свежае бярвенне на супрацьлеглым баку вуліцы. Нават не зразумеў адразу, што яго так зацікавіла. Толькі калі на шашы загудзеў аўтамабіль, ён спахапіўся: не мог Купскі бачыць машыну — бярвенне не дае. Купскі не ведаў, што бярвёны прывезлі, і таму рашыў, што шафёр не ўключыў фары. Але тады…
На вуліцу выкаціўся старшынёў «газік», прытармазіў ля хаты Купскіх. З дзверцаў высунуўся Шынкевіч, з цікавасцю паглядзеў на гарод, перавёў позірк на Корзуна і раптам зарагатаў — моцна, на поўны голас.
Корзун азірнуўся на гарод і ледзь не схапіўся за галаву — да таго камічная была сцэна пад яблыняй: злосны Купскі, разгубленыя жанчыны-панятыя і аслупянелы Савачкін з дзвюма сінімі гумавымі грэлкамі ў руках. А воддаль варушылася скамечаная газета, у якую, відаць, былі загорнуты гэтыя грэлкі, калі яшчэ ляжалі ў зямлі.
— Самагоншчыкаў ловіш? А я думаў, калгасныя грошы шукаеш, — старшыня перастаў смяяцца. — Ганна табе за гэта аддзячыць.
Корзун хацеў адказаць, што гэта спадарожнічае іх пошукам, але, падняўшы галаву, сустрэўся з насцярожаным позіркам шафёра Гурскага. У гэты час Шынкевіч сказаў:
— От зайду да Шарая, раскажу, чым ты тут займаешся. Садзіся, падвязу ў райцэнтр.
Корзун не вельмі ветліва адказаў:
— У мяне свой транспарт.
Калі «газік» ад'ехаў, ён падышоў да Савачкіна, пачакаў, пакуль той аформіць пратакол і адпусціць панятых, а заадно і Купскага, і пачаў супакойваць свайго збянтэжанага калегу:
— Не журыцеся, Раман Фаміч, будзем лічыць, што Купскі і дзве грэлкі самагонкі — пабочны прадукт вышуку. Можа, яно нават лепш, што так атрымалася. Цяпер мы зможам засяродзіцца на адным — будзем шукаць машыну і тых, хто за ёй. Я паеду зараз у аддзел, напэўна, пара Комсенічамі заняцца. А вы ўсё-такі пагутарце ў бухгалтэрыі, у тым плане, як раіў Шарай.
Дарога была свабодная, сустрэчныя машыны трапляліся рэдка, і Корзун выціскаў з матацыкла ўсё, на што той быў здатны. Лейтэнанту раптам захацелася дагнаць Шынкевіча — яго ўсё непакоіў насцярожаны позірк шафёра. Вядома, старшыня расказаў Гурскаму, чым цікавілася міліцыя. Але ў сумленнага чалавека гэтая цікавасць наўрад ці выклікала б такія эмоцыі.
Да аддзела Корзун даехаў за якія паўгадзіны. Калгасны «газік» ужо стаяў там. Шынкевіч зайшоў-такі паскардзіцца. Корзуну гэта было непрыемна: вінаваты ці не, а ўсё роўна мусіш апраўдвацца. Упэўнены, што падпалкоўнік выкліча адразу, як даведаецца, што ён прыехаў, Корзун не заходзячы да сябе, ад дзяжурнага пазваніў участковаму ў Тросенку і папрасіў высветліць, ці прыязджаў Гурскі і з кім. Левы рэйс, праўда, больш лічыцца ў кампетэнцыі аўтаінспекцыі, і справа з Гурскім для яго магла скончыцца гэтак жа, як для Савачкіна з Купскім, але Корзун супакойваў сябе, што хоць раз і ён папрацуе на Лапкова.
Шарай паклікаў Корзуна неўзабаве. Калі лейтэнант зайшоў, начальнік аддзела сядзеў за сталом, а Шынкевіч, стоячы пасярод кабінета, у асобах перадаваў сцэну на гародзе.
Корзуну стала няёмка. Але дысцыпліна ёсць дысцыпліна. Шарай маўчаў, слухаў, здаецца, нават не без цікавасці, зрэдку кідаючы позіркі на лейтэнанта, і Корзун толькі мацней уціскаўся ў крэсла.
Шынкевіч скончыў, прысеў насупраць падпалкоўніка, паклаў на стол вялікую валасатую руку і, ужо не жартуючы, разануў:
— У цябе што, няма кваліфікаваных супрацоўнікаў?
Усё-такі адыграўся перад Корзунам. Шарай усміхнуўся, пачаў перакладаць паперкі з аднаго боку стала на другі. Корзун насцярожыўся. Калі падпалкоўніку замінаюць на стале паперы, быць грому. Толькі на чыю галаву?
— Як у цябе з зімоўкай, Гаўрылавіч? — нечакана спытаў Шарай.
— А ты што… — кінуўся быў Шынкевіч і спыніўся. Зірнуў на сур'ёзнага Шарая і зарагатаў — весела, раскаціста, як там, на даманавіцкай вуліцы. — Хочаш сказаць, не мая гэта справа? Згодзен, згодзен. Толькі баюся, каб не заплакалі мае грошыкі.
Пакуль ён гэта гаварыў, Корзун дастаў з кішэні блакнот, напісаў адну фразу і пасунуў лісток падпалкоўніку. Шарай краем вока глянуў на лісток, перавярнуўся і, счакаўшы, калі Шынкевіч сцішыцца, папрасіў:
— Ты, здаецца, у райком? То як шафёр падкіне, прышлі яго Корзуну. А за грошы не турбуйся, знойдзем.
Корзун даўно прыкмеціў, што, бадай, кожны шафёр як бы нешта пераймае ад свайго начальніка. І цяпер, разглядаючы Гурскага, стараўся знайсці ў ім падабенства з Шынкевічам. Фёдар Гаўрылавіч быў рэзкі, любіў настаяць на сваім. Гэта Корзун ужо зведаў на сабе. Ведаў і тое, што ў раёне Шынкевічу многае даравалася, бо быў ён адзін з лепшых старшынь калгасаў. У такіх, як ён, і шафёры бываюць самастойнымі, нікога і нічога не прызнаюць: калі што, начальнік заступіцца. Гурскі не быў выключэннем. Колішнюю насцярожанасць ён пастараўся прыхаваць глыбей і цяпер трымаўся падкрэслена незалежна. А можа, прыкінуў, што ні ў чым істотным яго абвінаваціць нельга, ці Шынкевіч паабяцаў выручыць. Напэўна, Корзун задоўга разглядаў Гурскага, бо той пачаў круціцца ў крэсле. Тады лейтэнант спытаў:
— Прозвішча?
Гурскі перасмыкнуў плячамі:
— Гу-урскі…
Корзун зрабіў выгляд, што не заўважыў гэтага, запісаў неабходныя для пратакола даныя і перайшоў непасрэдна да допыту:
— Куды вы паехалі, калі трэба было везці касірку ў Смятанічы?
— Вам Гаўрылавіч ужо казалі,— зноў пацепаў плячамі шафёр. — Да цёткі, у Тросенку, — Гурскі кінуў хуткі позірк на следчага.
Пра Тросенку Корзун ужо чуў раней ад Шынкевіча. Сумнявацца, што так яно і было, падстаў ён не меў. Але ў яго прыкідках не хапала пятнаццаці — дваццаці кіламетраў, і потым гэты позірк…
— Да цёткі, Еўдакіі Нічыпараўны Гурскай? — удакладніў ён. — Толькі ў Тросенку і больш нікуды? Так і адзначым, — Корзун цягнуў, чакаў званка з Тросенкі.
— Што вы да мяне чапляецеся? — шафёр нібы абурыўся, аднак і ў голасе, як нядаўна ў позірку,