нічога не рабіў проста так, і ў Корзуна ёкнула сэрца: няўжо дапусціў прамашку? Ён сцісла, толькі самыя фак- ты, расказаў, што адбылося, якія захады зрабілі мясцовыя таварышы, устанаўліваючы прычыну гібелі карэспандэнта, як з'явіўся ў пракуратуры шафёр Кучаронак.

— Якія будуць меркаванні? — спытаў Юркавец, калі Корзун скончыў.

— Колькі ад месца наезду да чыгункі? — ажывіўся лейтэнант Манега.

У аддзеле ён быў навічок, прыйшоў пасля вучобы ва універсітэце. Весялун, непаседа, ён у кожнай справе стараўся знайсці свой, непадобны на іншыя, паварот. Часцей гэта было не надта ўдала, але здаралася, што і Манега даваў слушную прапанову. Напэўна, таму Юркавец ніколі не спяшаўся адкідваць яго ідэі. І зараз ён прыхільна паглядзеў на Манегу. А Корзун раптам адчуў прыкрасць. Не вельмі прыемна, калі цябе на людзях пачынаюць нібы распранаць, быццам ты сам не пракруціў усе магчымыя варыянты не адзін раз.

— Чатыры кіламетры, — адказваць на пытанне Манегі трэба было.

— Можа чалавек у шокавым стане прайсці такую адлегласць? — не сунімаўся лейтэнант.

Перш чым адказаць, Корзун зірнуў на Юркаўца. Няўжо яны тут не згодныя з вывадам пракурора Пратасені? Але на роздум часу не было.

— Судмедэксперт не выключае такой магчымасці. Ды і са мной было, — ён разумеў, што гэта не надта пераканаўча, што ставіць сябе, мажліва, пад агонь насмешнікаў, і не мог не сказаць, бо такі выпадак сапраўды быў,— мне тады было гадоў дванаццаць. Каталіся на лыжах з абрывістай гары…

— У-у, — Дзюба ўзрадаваўся, прадчуваючы пацеху. — Панесла!

Юркавец строга паглядзеў на яго і даў Корзуну знак працягваць.

— Я ўпаў і моцна ўдарыўся галавой аб сасновы корань. Як уставаў, абтрасаўся, помню, а потым правал у памяці. Ачнуўся хвілін праз трыццаць, як пад'язджалі к дому. Таварыш, які паехаў суправаджаць мяне, расказваў, што я ўвесь час, а праехалі мы кіламетраў пяць, пытаўся адно і тое: дзе хлопцы? Праўда, я ачомаўся, а Рамейка… — ён развёў рукамі.

— Слухай, Сашка, — Дзюба аж зайшоўся смехам, — а як пасля таго?

Манега хмыкнуў.

— Не бачу нічога смешнага, — абарваў іх Юркавец. Памаўчаўшы, сказаў Корзуну: — Ты накіраваўся дадому, а ён у другі бок…

— Горад чужы…

— Так-то яно так, — Юркавец абвёў супрацоўнікаў уважлівым позіркам, спыніў яго на Корзуне: — Сам ты прымаеш пракурораву версію?

— Цяпер прымаю.

— Значыць, раней былі сумненні?

— Былі.— Верны сабе, Корзун не прамаўчаў, хаця ранейшыя сумненні зараз здаваліся яму неістотнымі.— Паміж наездам і тым часам, калі, падобна, Рамейка апынуўся на пераездзе, прайшло больш гадзіны. Мнагавата. Вядомы чалавек, які ішоў прыкладна ў гэты час ад пераезда ў гарадок, але ён нікога не сустрэў.

— Жыццё мацней за нашы гіпотэзы, — уставіў Дзюба.

— Так, — пагадзіўся Корзун. Ён ужо супакоіўся і на закіды Дзюбы не звяртаў увагі.— Напэўна, толькі геніяльны сышчык умее загадзя ўсё расставіць па паліцах.

— Але і нам трэба развіваць інтуіцыю, — Манега закруціўся на крэсле.

Корзун уздыхнуў. Ён і сам не любіў у сабе гэтай уедлівасці, якая часам была падобна на прыдзірлівасць. Але нічога зрабіць з сабой не мог. Увесь час думалася, што менавіта гэта, не вартая на першы погляд, дэталь раптам возьме і вырасце ў доказ.

— Хутчэй за ўсё, — Корзун загаварыў запінаючыся, Дзюба ўсё-такі сапсаваў яму настрой. — Хутчэй за ўсе гэта не мае дачынення. Я ведаю, карэспандэнты, як і мы, маюць камандзіровачныя пасведчанні, прыкладаюць да справаздачы праязныя білеты. Чаму ў Рамейкі іх не было?

— Загнуў, браток, загнуў,— засмяяўся Дзюба. — Хіба толькі ў шафёра самаабгавор.

— З шафёрам усё правільна, — Корзун не шкадаваў сябе, разважаў.— Але ні білетаў, ні камандзіровачнага ліста няма.

— На спадарожнай прыехаў,— Манега таксама не прыняў сумненні ўсур'ёз, — не паспеў выправіць дакументы, тэрмінова трэба было. А камандзіроўку і пазней прыслаць можна, каб адзначылі.

— Вось бачыш? — падтрымаў лейтэнанта Дзюба. — Так што бяры, Корзун, тое, што ў руках, не ганіся за жураўлём у небе: ён высока, і невядома, ці будзе яшчэ тваім.

— Хто знае, — Корзун не спрачаўся.

— Будзем закругляцца, — Юркавец зірнуў на гадзіннік і неспадзявана для ўсіх дадаў: — Ты, Алесь, супакой душу, правер, так было ці не. З пракуратурай дамоўлюся.

VII

Пра камандзіроўку прасцей за ўсё было даведацца ў мясцовай рэдакцыі. Корзун пазваніў туды. Яму растлумачылі, што ўласныя карэспандэнты, якія жывуць у абласцях, маюць так званыя пуцявыя лісты, у якіх адзначаюць свае маршруты і да якіх, даючы справаздачу ў бухгалтэрыю, прыкладаюць транспартныя білеты, квітанцыі з гасцініцы і да таго падобнае. Як растлумачылі Корзуну, карэспандэнты іншым разам, каб пазней не траціць часу, загадзя настаўляюць у розных раёнах пячатак на свае пуцявыя лісты. Не заўсёды карэспандэнт, выязджаючы, паведамляе рэдакцыі, куды і чаго едзе. Значыцца, і Рамейка мог так зрабіць, а тады галоўны повад для Корзунавых сумненняў выглядаў непераканаўчым. Праўда, заставаліся яшчэ білеты. Аднак калі чалавек не браў камандзіроўку, то яму не быў патрэбны і білет, праехаў і проста выкінуў або прыехаў на спадарожнай, як казаў Манега, машыне. А ён, Корзун, шукае нешта. Вечна ён чапляе сабе хамут на шыю.

Лаючы сябе, Корзун, аднак, не паддаўся спакусе, не пайшоў да Юркаўца, каб паведаміць, што расказалі хлопцы з абласной газеты. Бо не пабываў яшчэ на аўтавакзале, не пагутарыў з шафёрамі аўтобусаў. У працы Корзун не прызнаваў паспешлівасці, тут Дзюба не выдумляў. Памылка, якую ён некалі дапусціў на хлебнай базе, стала яму добрым урокам.

Вадзіцель ранішняга аўтобуса, які хадзіў з абласнога цэнтра ў Мінск і на якім, калі верыць дзяжурнай гасцініцы, Рамейка хутчэй за ўсё прыехаў у Лясное, паглядзеўшы фатаграфію, адразу пазнаў свайго нядаўняга пасажыра.

— У Яснагорску сеў,— упэўнена заявіў ён.

— Вы не памыляецеся? — Корзун меркаваў, што журналіст прыехаў у Лясное з дому.

— У мяне вока напрактыкаванае, — стаяў на сваім вадзіцель. — Машыну вёў напарнік, а я на кантролі сядзеў. Ведаеце, рэйс у нас дальні, пасажыры звычайна да канца едуць, а тут двое зайшлі да Ляснога. Адзін з іх вось гэты, — ён яшчэ раз тыцнуў пальцам у фотакартку.

— Яны што, знаёмыя паміж сабой, гэтыя двое, што ўвайшлі ў Яснагорску? — спытаў Корзун, прадчуваючы, што прыйдзецца шукаць яшчэ і гэтага Рамейкавага спадарожніка.

— Здаецца, знаёмыя, хаця… Думаю, не паладзілі чагосьці.

— Ого! — здзівіўся Корзун: не шафёр, а псіхолаг.

— Той, другі, мне здалося, узрадаваўся, калі я іх паасобку пасадзіў — свабодных месцаў побач не было.

— Вы запомнілі другога?

— Чаму, прызнаў бы, — і дадаў: — Не люблю рахітыкаў!

Корзун засмяяўся — вельмі ўжо мудрагелістай была характарыстыка. Паспрабаваў удакладніць:

— Вялікі жывот мае? З твару бледны?

— Гэта яшчэ чаму? — не зразумеў вадзіцель. — Вам бы яго здароўе, — ён крытычна агледзеў Корзуна. — Румяны, як штрыфель пад восень.

— Дык чаму рахітык?

— Уласныя «Жыгулі» мае, летам часта тут ездзіць, пад коламі блытаецца. Я прыватніка як агню баюся.

Вы читаете Левы рэйс
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату