начальніка аддзела.
— План не догма, — адказаў Юркавец, — чуў такі выраз? — і кіўнуў галавой як развітваючыся.
Корзун выйшаў у роздуме: што ўсё-такі не спадабалася начальніку аддзела?
Гэта ён зразумеў толькі ў Яснагорску.
Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі сказаў яму:
— Рамейка пабываў у калгасе «Зялёны Бор» і саўгасе «Ляды». Перад паездкай пытаўся, ці добрыя гаспадаркі. Што я мог адказаць? У «Зялёным Бары» раённы семінар жывёлаводаў праводзілі, свінагадоўля там, глядзі, на першае месца ў вобласці пацягне. «Ляды» — слабейшыя, новаму дырэктару бедная спадчына дасталася. Нішто, ён чалавек дзейны, адукаваны — выдужае.
Начальнік упраўлення гаварыў павольна, стараючыся паўней успомніць колішнюю размову з карэспандэнтам.
— І адну гаспадарку, і другую можна паказваць з станоўчага боку. Я так і параіў. Нам хочацца падтрымаць іх, асабліва «Ляды». Добрае слова ў газеце заўсёды акрыляе. Рамейка, аднак, нічога не адказаў на гэта і папрасіў памагчы з транспартам. Якая ў яго была задума, я не ўдакладняў — у кожнага сваё начальства. Прапанаваў быў, як звычайна, праважатага, спецыяліста. Адмовіўся, сказаў, што заданне простае, не варта адрываць людзей…
— Падобна, у яго быў сігнал пра нейкія махінацыі,— Корзун быў здзіўлены, што Рамейка не падзяліўся з ім, чаго прыехаў.
— Вось як! — начальнік упраўлення нахмурыўся. — Напэўна, пабаяўся, каб мы не апярэдзілі, не падмаскіравалі. Ёсць яшчэ, на жаль, такія журналісты. Быццам мы не адну справу робім.
Увогуле, гэта так, справа сапраўды агульная. Але Корзун ведаў і другое: правілы валодаюць прыкрай здольнасцю мець выключэнні. Інакш, напэўна, і міліцыя не была б патрэбная. У даным жа выпадку гутарка магла ісці пра гонар мундзіра. Раптам пісьмо замахвалася на славутую ў раёне гаспадарку? Такія рэчы далёка не ўсе ўспрымаюць са здавальненнем. А магло быць і другое — Рамейка не вельмі давяраў ананімцы. Гэта Корзун таксама разумеў. У яго самога ад пісьма, падпісанага: «група калгаснікаў» ці чым-небудзь падобным, міжволі ўскіпала злосць. Бо якіх толькі памыяў часцей за ўсё не выліваў такі добразычлівец пад выглядам праўды. Аднак, на жаль, здаралася, што і ананімка не была хлуснёй. Ведаў гэта Корзун, ведаў, напэўна, і Рамейка, таму і ўзяўся правяраць сігнал. І да пары да часу рашыў не паказваць яго нікому.
Гэта было падобна на таго Рамейку, вобраз якога Корзун склаў сабе з расказаў і водгукаў таварышаў,— мяккага, тактоўнага. Не хапала толькі, каб і загінуў ён менавіта праз гэтыя свае добрыя чалавечыя якасці. Корзун выцягнуў шыю, прагна хапіў паветра.
Начальнік сельгасупраўлення падазрона паглядзеў на яго.
— Прабачце, — сумеўся Корзун, — гузік рэжа. — Не скажаш жа, што табе бязглуздзіца ў галаву лезе.
— Бывае… Хочаце праехаць па журналіставых слядах?
— Трэба… Але не турбуйцеся, машыну ў райаддзеле дадуць.
— Калі што знойдзеце — скажыце, ваша паведамленне і мяне зацікавіла. Хаця, па шчырасці, не веру.
— У мяне нічога пэўнага няма, — Корзун, павагаўшыся, паясніў: — Проста не ўсе акалічнасці высветлены, а чалавек жа загінуў.
Корзун зразумеў: Рамейка адмовіўся ад праважатага. Мяккасць, тактоўнасць? А калі нешта іншае?
— У «Зялёны Бор» спачатку, — сказаў ён шафёру райаддзелаўскай машыны. Рашыў паўтарыць Рамейкаў маршрут. І раптам успомніў, што некалі раней ужо чуў гэтую назву. Ці не… — Слухай, — павярнуўся ён да шафёра, — ты тамашняга заатэхніка ведаеш?
— Абабурку? Хто яго не ведае. Аўтаўласнік. Нядаўна прыганяў свае «Жыгулі» на тэхагляд. І то, у такім калгасе заатэхнік не тое што легкавушку, самалёт купіць — не пачэшацца.
Корзуну не хацелася сустракацца з Абабуркам. Не спадабаўся яму гэты чалавек: ні тады, як бачыліся з ім у Святланы, ні наступным разам — ля тэатра. Аднак служба — не дружба, мусіш свае сімпатыі і антыпатыі трымаць пры сабе.
— Ты? Так хутка? — Абабурка быў прыемна ўражаны: ён лічыў Корзуна газетчыкам. — От удача. Я ж збіраўся ў вобласць, камбікармоў расстарацца. Во, гэта трэба ж, — ён не мог супакоіцца, — ледзь не размінуліся. Ды ты распранайся, у мяне паляць, не замерзнеш.
Кабінет быў невялікі, утульны, цёплы. Пісьмовы стол, завалены паперамі, тэлефон, шафа з кнігамі па жывёлагадоўлі, падшыўкі газет. Корзун не без зайздрасці падумаў, што аб такім кабінеце можа толькі марыць.
— Сам ведаеш, — працягваў гаспадар, — не выб'еш — табе не прынясуць. Ды ты сядай, сядай, вось сюды, — пасунуў ён крэсла да стала.
Выбівалы ніколі не выклікалі ў Корзуна спагады. У гэтым слове яму чулася нешта недазволенае, жаданне пажывіцца за кошт іншых. Аднак на Абабуркаву рэпліку не адрэагаваў услых. Па-першае, дрэнна ўяўляў, якім чынам забяспечваюцца калгасы, а па-другое, баяўся ўнесці ў размову сваю непрыязнасць.
— Ну дык што, — калі Корзун уладкаваўся на крэсле, хітравата паглядзеў на яго Абабурка, — можа, спачатку паабедаем? Ты на машыне? — ён зірнуў у акно. — Ого, міліцэйская. Хто ж адмовіць карэспандэнту.
— Хіба я не магу працаваць у міліцыі? — усміхнуўся Корзун, час быў называць сваю прафесію.
— А мне ўсё роўна, — засмяяўся Абабурка. — Усіх маіх грахоў перад міліцыяй — адна дзірка ў вадзіцельскім талоне. Дык як з абедам?
— Іншым разам, — больш суха, чым вымагала сітуацыя, адказаў Корзун. — Служба…
Заатэхнік прыкметна спахмурнеў.
— Пра што будзем гаварыць?
— Трынаццатага лютага, напярэдадні гібелі, Рамейка ў вас быў?
— Прыязджаў…
— З кім гутарыў?
— У асноўным са мной. Усе даведкі бухгалтэрыя і эканамісты давалі мне сюды, — Абабурка, аказваецца, умеў быць і дзелавітым, афіцыйным.
— Мне хацелася б, каб ты паўтарыў вашу з ім размову.
— Няўжо ты сапраўды з міліцыі?
— Паказаць пасведчанне?
— Цуды! Ай ды Святлана Рыгораўна! Містыфікатар, — ён рагатнуў.— Ну добра, добра, гэта, як кажа тая ж самая Святлана, наша агульная прыяцелька, лірычнае адступленне.
— Я так і зразумеў. Дык чым канкрэтна цікавіўся Рамейка? Калі зможаш, то слова ў слова.
Гэта не надта спадабалася гаспадару. Пэўна, было непрыемна ўспамінаць гутарку з нябожчыкам ды яшчэ для інспектара міліцыі. Міжволі адчуеш сябе ў чым-небудзь вінаватым яшчэ, апрача парушэння правіл дарожнага руху.
— Зразумела. — Абабурка задумаўся. — Табе патрэбны дэталі. Хто ж ведаў, што спатрэбіцца… Прыехаў, як звычайна прыязджаюць карэспандэнты. Сказаў, што начуўся пра нашы поспехі. Папрасіў лічбы. Што помніў, я сказаў, астатняе далі спецыялісты. А ты што, таксама газетны артыкул рыхтуеш? — пажартаваў ён, убачыўшы ў Корзунавых руках блакнот і аловак.
— Каб не забыцца.
— Запісвай, запісвай. Я тыя лічбы цяпер не забуду… Потым Рамейка спытаў, ці хапае ў нас кармоў. Тут у нас, праўда, не вельмі. Але круцімся, дзе можам разжываемся, — памаўчаў, паглядзеўся ў зашклёную шафу, паправіў гальштук. — Вось, здаецца, і ўсё, пра што гаварылі.
— Усё ці здаецца? — Корзун падняў вочы ад блакнота.
— От ужо мне гэтыя следчыя, — прытворна ўздыхнуў Абабурка. — Журналіст не быў такім уніклівым.
— Ты не адказаў на маё пытанне.
— Хіба? Пра калгас мы на тым і скончылі. А як вяскоўцы прадаюць сваіх вепрукоў — не мой клопат.
— Хочаш сказаць, што Рамейка і пра гэта пытаўся? Так я цябе зразумеў?