Абабурка-раскрадальнік…

Корзун паглядзеў на стол, за якім сядзеў Дзюба. Наморшчыўшы нос, старшы лейтэнант нешта засяроджана пісаў. Напэўна, маючы ў руках такую справу, ён не стаў бы ламаць галаву — сумненні рэдка наведвалі яго. Зайздросная, увогуле, якасць, толькі не ў супрацоўніка міліцыі. Ен, Корзун, напэўна, спаць не змог бы, каб зараз пахаваў сваю версію. Зрэшты, ён і без таго не спіць. Круціць і так і сяк, сілячыся звязаць у адно дзве знешне зусім розныя нітачкі. Танюткія, слабенькія — адна яго, другая Пратасенева, якую Пратасеня хоча ўжо аформіць у закончаную справу. Падумалася: але і нахабнік ты, Корзун, такія ад сціпласці не паміраюць. Параўнаў сябе з Пратасенем, у якога гадоў на трыццаць большы крыміналістычны стаж! Па дзіўнай асацыяцыі чамусьці прыпомнілася гісторыя, якая, здавалася, не мела ніякага дачынення да цяперашняга расследавання.

У гарадок, дзе жыў Корзун да універсітэта, прыехаў артыст-матэматык. Ёсць сярод артыстаў, аказваецца, і такія спецыялісты. Выклікаючы захапленне дзятвы, гэты матэматык імгненна перамнажаў пяці-шасцізначныя лічбы, з аднага позірку запамінаў табліцу, у якой было да сотні напісаных гледачамі лічбаў. Пасля гэтых гастроляў слава Корзуна — першага матэматыка школы — страціла бляск. У гарадку гаварылі толькі пра артыста-віртуоза. На пераменках на класных дошках з'яўляліся табліцы, і вучні адзін перад адным стараліся запомніць і паўтарыць напісаныя крэйдай лічбы. Корзун не ўдзельнічаў у гэтым матэматычным буме. Ён быў здзіўлены і абражаны. Здзіўлены здольнасцямі заезджага гастралёра, абражаны непастаянствам славы. Ён тады яшчэ не ведаў, што слава, нібы вогнішча, — каб не згасла, трэба ўвесь час падкідваць дровы. Корзун рашыў, што паўторыць праграму матэматыка-артыста, і пачаў практыкавацца. Ён не ўмеў, ды, напэўна, і зараз не ўмее, рабіць што-небудзь напалавіну. Гэта неўзабаве адбілася на вучобе. Яго захапленне, вядома, не засталося тайнай для аднакласнікаў. І калі выкладчык алгебры аднойчы на ўроку спытаў: «Што з табой, Саша?», даволі блізкі таварыш, які горача падтрымліваў яго задуму, з нявінным выглядам — на жаль, і так бывае — растлумачыў настаўніку: «У артысты меціць!»

Настаўнік у той дзень пасля заняткаў са школы пайшоў разам з Алесем. Яны гаварылі пра матэматыка. Алесь захапляўся яго здольнасцямі, даказваў, што той хутка будзе акадэмікам. Настаўнік слухаў моўчкі, а потым сказаў: «Акадэмікамі вялікія матэматыкі становяцца да трыццаці гадоў, а твайму ўжо за сорак. Ён не валодае самастойным мысленнем. Нават настолькі, каб рашыць больш-менш складаную задачу з падручніка для дзесятага класа. Проста ў яго добрая механічная памяць, — і, счакаўшы некалькі хвілін, дадаў: — Натрэніраваўшыся, ты, мажліва, паўторыш усё, што робіць ён. Але ці задаволіць цябе праца, у якой не будзе месца для палёту думкі, для творчасці?»

Алесь нічога не адказаў настаўніку. Аднак размовы не забыў. На матфак ён не паступаў, хаця мог бы — лепш за яго ў школе, пакуль ён вучыўся, задачы не рашаў ніхто. Алесь выбраў іншую прафесію, калі прыгледзецца, блізкую да матэматыкі менавіта логікай. Яна таксама патрабавала таго самага палёту думкі, пра які так у час нагадаў настаўнік. Бывае, над дэтэктыўнай загадкай трэба думаць не меней, чым над цяжкай матэматычнай задачай, прычым у адказе не лічбы, а людскі лёс.

Корзун іранічна пасміхнуўся сам сабе: так-то яно так, але ці не ў Пратасенеў гарод, паважаны інспектар абласнога ўпраўлення, кідаеш ты каменьчык? Ён, значыцца, шматгадовы вопыт і веды прымяняе механічна, бярэ вывады з паверхні, а ты, маладзён, імкнешся ўзняцца над фактам! А чым ты можаш падмацаваць сваю пазіцыю? Нічым, і гэта галоўнае…

Увайшоў Юркавец. Начальнік аддзела часта, жадаючы высветліць тое ці іншае пытанне, не выклікаў да сябе падначаленага, а сам ішоў да яго. «Дома сцены памагаюць, — любіў ён жартаваць, — то хай яны памагаюць інспектарам». Юркавец паставіў пасярод пакоя стул, каб бачыць і Корзуна і Дзюбу, сеў верхам і традыцыйна спытаў:

— Што намудрылі, светлыя галовы?

— Заканчваю план аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў,— сказаў як адрапартаваў Дзюба. Толькі што не ўскочыў з крэсла.

— Так, — маёр зірнуў на гадзіннік, — адразу пасля абеду абмяркуем.

— Усё распісаў,— у начальнікавых словах Дзюба адчуў адабрэнне, — возьмем тых дамушнікаў!

— Ну-ну, — сказаў Юркавец і звярнуўся да Корзуна: — А ты?

— Думаю…

— Мысліцель! — фыркнуў Дзюба.

Юркавец зірнуў на Дзюбу ацэньваюча, быццам бачыў упершыню, тады пасунуўся на стуле, як на кані, да Корзунавага стала.

— Даведка гатова?

— Напалавіну, пра Абабурку, а далей…

— Пратасеня дакончыць, — зноў падаў рэпліку Дзюба.

— Нарада яшчэ не пачалася, старшы лейтэнант, — крутануў галаву ў яго бок Юркавец і вярнуўся да Корзунавай даведкі. Прачытаўшы, сказаў: — Паспрабуй зацікавіць Пратасеню. Калі ты маеш злавіць не падпаручніка Кіжэ, то, мусіць, некага з яго раёна. Два дні табе, і ні гадзіны лішняй. Ці так, ці гэтак!

Корзун пачырванеў. І ад нядаўніх думак аб пракурору Ляснога, і ад катэгарычнасці начальнікавых слоў, за якімі чуўся прыхаваны папрок. Калі да гэтага ён спадзяваўся на Юркаўцову дапамогу — усё-такі ўдвух з тупіка выбірацца лягчэй, то цяпер бачыў, што разлічваць павінен толькі на сябе. Ад Пратасені ён многага не чакаў. Відаць, і начальніку аддзела гэта крутня вакол уяўнага — інакш пакуль не скажаш — забойства ўелася ў пячонкі. Ды і над ім начальства ёсць. Краем вока Корзун улавіў Дзюбаву яхідную ўсмешку і неахвотна выціснуў:

— Ёсць!..

— Ну-ну, — працягнуў сваё любімае Юркавец, паставіў на месца стул і накіраваўся да дзвярэй.

А Корзун падумаў, што ён усё роўна пойдзе па жураўля…

Збіраючыся ў дарогу, Корзун ніколі не спяшаўся. Калі яго падганялі, жартаваў:

— Аўтобус для мяне ці я для яго? Пачакае!

І сёння, зірнуўшы на гадзіннік, вырашыў, што мае некалькі лішніх хвілін, каб зрабіць яшчэ адну важную справу — наведаць Марыю Апылінскую. Крыўда на яе хутка прайшла. Зрэшты, і падстаў не было для крыўды. Хто ён дзяўчыне? Выпадковы знаёмы. Больш ні разу не прыехаў у Даманы, не адшукаў тады ў тэатры. Дык якія могуць быць прэтэнзіі? А вось цяпер не зайсці ён проста не мае права. Бо менавіта цяпер, мажліва, ёй сапраўды патрэбна падтрымка.

У інтэрнаце было ціха, пуста. Завочнікі, відаць, параз'ехаліся, а пастаянныя жыхары яшчэ не вярнуліся з канікулаў.

Вахцёрка доўга вадзіла пальцам па спісе, шукаючы Марыіна прозвішча. Па вузкай стаптанай лесвіцы Корзун падняўся на трэці паверх, прайшоў у канец калідора, разглядаючы на аднолькавых карычневых дзвярах белыя бляшанкі з сінімі нумарамі. Перад Марыіным пакоем спыніўся, пастукаў. Ніхто не адказваў. Ён пастукаў яшчэ раз, мацней, потым прыхінуўся да сцяны, раздумваючы, што рабіць.

— Летуценні хоць салодкія? Корзун падняў галаву, усміхнуўся:

— Паспіш тут, не інтэрнат — а прахадны двор.

— А ўжо ж, раз'язджаемся, — Марыя апусціла на падлогу свае дзве паўнюткія гаспадарчыя сумкі.

Яна смяялася, а Корзун раптам з сумам падумаў, як правільна падмечана: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Ці не Абабуркавы ўрокі так змянілі дзяўчыну? Вясёлая, пасмялелая, нават бойкая на выгляд. Шчокі густа і не надта ўмела прыпудраны, напэўна, каб схаваць свой, натуральны румянец; вакол вачэй сінія фарбаваныя кругі. Некалі Святлана Якушава тлумачыла яму, што гэтак модна. А ён і да гэтага часу не разумеў, чаму часта дзяўчаты не берагуць тое сваё, чым іх так шчодра адарыла прырода, — натуральную прыгажосць, індывідуальнасць? Сукенку ці боты, як у сяброўкі, не надзене, а прычоску, плямы на твары — калі ласка. І не падумае, што менавіта ў гэтым яны бываюць падобныя адна на адну, як інкубатарскія кураняты.

Напэўна, ён надта прыдзірліва разглядаў яе, бо Марыя сумелася. Аднак адразу авалодала сабой.

— Вы да мяне, Саша?

— Да вас…

— Усё, — загаварыла яна, адчыняючы дзверы.

— З дыпломам? Віншую!

— Дзякую. У нас учора выпускны быў. От адсвяткавалі — жах!

Вы читаете Левы рэйс
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату