аб крыссе ватоўкі, не надта прыветна аб'явіла:

— Мужа няма.

У яе быў моцны з хрыпінкай голас. Корзун назваў сябе і сказаў, што можа пагаварыць і з ёю.

Жанчына замітусілася, пачала запрашаць у пакоі. Непрыветнасць на твары змянілася ліслівасцю. Калі чалавек мае справу з матэрыяльнымі каштоўнасцямі і пры гэтым тое-сёе не надта законна выгадвае сабе, з супрацоўнікамі міліцыі ён стараецца на ўсякі выпадак не псаваць адносін. А што Кунцэвічы, ва ўсякім разе, муж, былі такімі, Корзун не вельмі сумняваўся. Іх дружба з Абабуркам наўрад ці была чыста духоўная, нездарма, напэўна, спрабаваў Рамейка высветліць, куды дзяваюцца свінні з вадвянскай фермы…

І знутры Кунцэвічаў дом выглядаў новым, завершаным.

Па калідоры, засцеленым дывановай дарожкай, гаспадыня правяла Корзуна ў гасціную. Тут на падлозе таксама ляжаў дыван — на ўвесь пакой, паласаты, чорна-жоўты, з нявытаптаным яшчэ ворсам. Корзун разгублена спыніўся ля дзвярэй. Як ні выціраў ногі, а пакінуў на дарожцы расталыя кропелькі.

Жанчына злавіла яго позірк, паспяшалася заспакоіць:

— Зімой снег чысты.

Але крэсла пасунула бліжэй да дзвярэй. Сама засталася стаяць, трымаючы пад модным стракатым фартушком рукі — ватоўку паспела некуды сунуць.

Корзун не меў прэтэнзій да гэтай жанчыны, у версію Абабурка — Рамейка яна ніякім чынам не ўпісвалася.

— А ў вас утульна…

Ён не надта пакрывіў душой. Гасцінны гарнітур яму сапраўды спадабаўся. Падумалася нават, Светцы такі б. Толькі, бадай, пакой яе для гэтай мэблі быў малаваты. Але і ў Кунцэвічаў чалавеку сярод канапы, серванта з падсервантнікам, стала і шасці крэслаў было цеснавата — напэўна, гаспадары тут і не жылі.

— Праўда? — Жанчына павесялела, якой гаспадыні не прыемна, калі хваляць яе густ. — Імпартны гарнітур, нямецкі.— Аднак усё-такі, як апраўдваючыся, дадала: — Мы сёлета добра зарабілі, па чатырыста рублёў за месяц выходзіла. Корзун усміхнуўся:

— Я, уласна, да вас вось чаму. Вы Абабурку ведаеце?

— Ну…

— Чатырнаццатага лютага ён у вас начаваў?

— Чатырнаццатага? — перапытала жанчына. Яна, напэўна, ведала, што Абабурку арыштавалі. Таму на ўсякі выпадак не хацела адказаць прама. — Гэта калі?

— У той вечар, як карэспандэнта машына падбіла. Муж ваш яшчэ знайшоў яго.

— А-а… У нас… А што?

— Калі ён прыйшоў?

— Мой казаў, позна, у тры гадзіны.

— А вас што, дома не было.

— Чаму? Спала.

— Позна ляглі?

— Ды не рана. У суседкі тэлевізар глядзела, — яна адчула сябе вальней — інспектаравы пытанні непасрэдна ні ёй, ні мужу не пагражалі.— Цікавы фільм, пра нашага разведчыка ў белых, трэцяя серыя.

— У вас жа свой, каляровы тэлевізар.

— Адной нудна, слова няма каму сказаць.

— А Фёдар Сяргеевіч?

— Першую і другую глядзеў. А тут не схацеў, сказаў, у складзе яму нешта трэба. У нас склад у двары. Вось я і пайшла да суседкі.

— І вы адразу пасля фільма вярнуліся?

— Пагаварылі, і вярнулася. Дванаццатая ж гадзіна…

— Абабурка быў дома? — зрэшты, у час, калі памёр Рамейка, заатэхнік знаходзіўся ў Якушавай і да той гісторыі дачынення не меў. Але Корзун, як і Пратасеня, нешта намацваў у гэтым неістотным на першы погляд факце.

— Як ён мог быць дома? — пачала жанчына і раптам як запнулася. — Мой казаў…

— Муж — мужам, а вы?.. — Корзун уважліва паглядзеў на яе і неспадзявана для сябе спытаў: — Калі распраналіся, Міхаілавы чаравікі бачылі, так?

Яна памулялася, насцярожана спадылба пазіраючы на Корзуна, — не разумела, што азначае гэта пытанне, і неахвотна выціснула:

— Ну…

Ён не паказаў выгляду, што здаволены яе адказам, спакойна кіўнуў галавой:

— Магло, вядома, быць. Чалавек, можа, на спатканне хадзіў, другія надзеў, маднейшыя, — прыцягваць увагу жанчыны да Абабуркавых чаравікаў не трэба было. Хто ведае, навошта яны спатрэбіліся Пратасеню, раптам у ягоных руках гэтыя паношаныя макраступы кладам абернуцца. — Тут Фёдар Сяргеевіч, напэўна, лепш ведае, ён жа дзверы адчыняў.

— А ўжо ж, — жанчына зноў памулялася, запытальна паглядаючы на інспектара.

— Вы хочаце нешта сказаць?

— За што яго? Такі малады, відны з сябе…

— Каго? Абабурку? Малады, але ранні. Прыпіскі, нядбайнасць. За гэта зараз строга…

Па завулку, які быў нешта хаты за тры ад Кунцэвічавай, Корзун выйшаў на галоўную пасёлкаўскую вуліцу. Злева над прыватнымі дамамі ўзвышаўся чатырохпавярховы будынак райкома і райвыканкома — мясцовы дом урада, як называлі яго ў раёне. Крыху далей стаяў Палац культуры, за ім пачыналіся гандлёва- бытавыя прадпрыемствы. Усе раённыя ўстановы імкнуліся перабрацца сюды, у новы гарадскі цэнтр. Толькі пракуратура па-ранейшаму займала ледзь не на самай ускраіне старую, мабыць, яшчэ дарэвалюцыйнай пары драўляную будыніну — доўгую, з ганкам-верандай, якая цягнулася паўз усю бакавую сценку, з мудрагеліста выразанымі ліштвамі, сям-там ужо абламанымі і пацямнелымі ад часу. Да яе Корзуну было тупаць хвілін дваццаць, і ён у думках памянуў нячыстага. Надвор'е зноў крута, па-лютаўску, памянялася. Паўднёва-заходні вецер прынёс завіруху. Мокры снег сляпіў вочы, лез за каўнер. Тут не вельмі засяродзішся на чым-небудзь, акрамя пагоды. А так хацелася ўгадаць, што меў на ўвазе Пратасеня, пасылаючы яго сюды, каб, прыйшоўшы ў пракуратуру, не кленчыць падказку, а ўразіць уласнай здагадлівасцю. Не любіў хадзіць у прыпражных.

Корзун скасабочыўся, утуліў галаву ў каўнерык свайго падбітага ветрам імпартнага дэмі, тужэй зацягнуў шалік. Што б гэтаму Пратасеню трымаць сваю кантору недзе ў процілеглым баку — ішоў бы зараз да яго, як пад парусам. А так па яго ж міласці немаведама чаго прэшся, разводзіш гамонку з надта нефацэтнай жанчынай, а тады, вяртаючыся, зайздросціш псу, якога добры гаспадар у двор не выганяе, і яшчэ спрабуеш чужыя задачкі, нібы старанны вучань, рашаць. Не абы-якія, геаметрычныя. Пра дзве лініі, якія, мажліва, перасякаюцца. Дзівак пракурор. Калі дзве, то абавязкова перасякуцца. Нават паралельныя. Гэта, здаецца, яшчэ ў мінулым стагоддзі Лабачэўскі даказаў. Так што, паважаны Аркадзь Міхайлавіч, перасекчы дзве прамыя не фокус. Калі вы такі геаметр, падкажыце, што рабіць, маючы адну лінію, ды не прамую, а крывую, якая, кажуць, ніколі да дабра не вядзе? І не проста лінію, выразную, бачную, а ў адным адрэзку пункцірам пазначаную. Дай бог, каб гэты пункцір у суцэльнік не ператварыўся. Бо тады з задняга рада, з ценю на авансцэну высунецца асоба, якой наканавана ў гэтай драме быць не статыстам, а прэм'ерам.

На ганку Корзун доўга абтрасаў сваё ўзмакрэлае і адразу пацяжэлае, нібы было зімовым, паліто. Не адважваючыся нацягнуць яго зноў, у прыёмную пракурора ўвайшоў, трымаючы паліто на выцягнутай руцэ.

— А я думала, што гэта дзед-мароз да нас, — сустрэла інспектара маладзенькая сакратарка Наташа.

— Намякаеш на падарунак? Каляды даўно мінулі, не абломіцца.

— Што ў вас за прафесія, Алесь Антонавіч? Людзі ж працуюць ужо ў лік, можа, наступнага снежня або нават студзеня — калі там каляды, забылася. А вы і лютаўскі план, мабыць, у сакавіку выканаеце, — яна была смяшлівай, вясёлай дзяўчынай.

— Нашы планы, Наталля, сакрэтныя. Сама можаш здагадацца, што ў мяне сёння на календары, — і выцягнуў з кішэні два «мішкі» — у буфетчыцы, калі снедаў, не аказалася дробязі на рэшту, замяніла цукеркамі.— Цяпер пераканалася? Вось так! Тады скажы — сам прысутнічае?

Вы читаете Левы рэйс
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату