— У гэтым-то ўвесь фокус. Пачуўшы ад мяне, што я цікаўлюся яго сябрам, зразумеў: Абабурку не ўтрымацца. Галава ў яго, напрактыкаваная на махінацыях, што вылічальная машына: ураз усе магчымыя варыянты прыкінула. Вось і рашыў падкінуць нам сябра.
— Паверым — сам ён убаку, не паверым, праверым — што спрасонак не падасца, так? Перастараўся.
— Мог не старацца, усё роўна на чарзе стаяў. Толькі паскорыў падзеі. Бо хлусня пра Абабурку яшчэ магла быць выпадковай, хлусня пра Багука — гэта ўжо занадта.
— Адапрэцца і ад яе. Не па свінні, дык па подпіс ехаў. Ферму цяпер адмаўляць не рэзон, за ферму ён цяпер абедзвюма рукамі ўчэпіцца, пабачыш. Маўляў, нячысты ў вобразе яснагорскага заатэхніка папутаў. На ўсё пагодзіцца, абы карэспандэнта яму не прад'явілі. А злавіць яго нам, падобна, няма на чым. Адны падазрэнні, прычым нават не ўскосныя.
— Вобыск? — Корзуну падабалася такая гутарка. Чым болей пярэчанняў зараз, тым дакладней стане план далейшых дзеянняў. А хто і што прыдумае, зрэшты, прынцыповага значэння не мае. — Калі і было што, адчуўшы ўвагу, знішчыў. І пісьмо, і камандзіроўку, і білеты.
— Ці не занадта рашуча ты, га? Успомні Абабурку.
— Не забываю. Таму і думаю: як даказаць, што гэта ён завёз Рамейку на пераезд?
— Машыны ў яго няма, — Пратасеню спадабалася Корзунава ўпэўненасць. Ён адхінуўся ад цёплай грубкі, ускочыў на ногі — не ўмеў думаць седзячы: — Ва ўсякім разе, машыну не ўстанавілі.
— А каня? — Корзун сказаў і раптам таксама падхапіўся на ногі.— Помніце ў пратаколе: «Запрог каня і паехаў»? Гэта назаўтра зранку, а ці нельга было гэта зрабіць і ўвечары?
— Навошта ж было яму знаходзіць мёртвага карэспандэнта, навошта ў кола следства трапляць?
— Не ўседзеў, хацеў упэўніцца, што памёр Рамейка. Упэўніўся, але была ўжо раніца, маглі яго заўважыць, вось і прыйшлося шум паднімаць. Тут і Пцічкавічы з Багуком прыгадзіліся, хаця, куды ён ехаў, нікога не цікавіла тады.
Пратасеня, можа, хвіліну глядзеў на Корзуна, а тады не вытрымаў:
— Ну, інспектар, ну, галава! А я цэлы тыдзень машыну перад носам трымаў!
— Не вы адзін, Аркадзь Міхайлавіч, — заўсёды, як яго хвалілі, Корзун адчуваў няёмкасць. — Але ж і вазок пакуль не знайшлі.
— Гэта ўжо што, гэта дробязь, — Пратасеня ўхапіўся за тэлефон. Блытаючы ад хвалявання лічбы, закруціў дыск. — Зараз выклічу капітана Шабуню, можа, у яго рука на каня будзе шчаслівейшая. А вобыск можна. Зараз? — ён неяк адразу і ахвотна перадаваў ініцыятыву Корзуну.
— Кунцэвіч казаў жонцы, што заначуе на раёне. Як з'явіцца, так і мы з візітам. Тым болей што да вобыску падрыхтавацца трэба: пратаколы перачытаю, вопратку пагляджу. І яшчэ адно, Аркадзь Міхайлавіч, праўда, невядома дзе Кунцэвіча носіць, а паназіраць за ім не пашкодзіла б. Каб не надумаўся ўцячы часам.
— І аб гэтым папрашу Шабуню. Ён яго пад зямлёй знойдзе, калі возьмецца, — Пратасеня нарэшце дазваніўся да райаддзела, паспакайнеў і сціпла, нічога не тлумачачы, выклаў сваю просьбу.
Корзун лічыў, што ён не з тых, каму чорт дзяцей калыша, бадай, наадварот — той самы чорт стараўся ўласнаручна выкідваць яго дзяцей з калыскі. Інакш кажучы, Корзуну шанцавала рэдка. Як вось і на гэты раз. Калі ўвечары развітваўся з пракурорам, справа выглядала яснай і простай, а з раніцы пачаліся непрыемнасці. Засмуціў капітан Шабуня. Сведку, які бачыў увечары чатырнаццатага лютага вазок на Кунцэвічавай вуліцы, яго супрацоўнікі знайшлі. Але, хто сядзеў у вазку і чый быў конь, сведка не разглядзеў. І патрэбы не было, і завіруха мяла. А каб і пазнаў, то хіба не мог Кунцэвіч, скажам, свежым паветрам дыхаць? Як той Рамейка, ідучы ў позні час з гасцініцы. Аднаму падабаецца на сваіх дзвюх, другому — седзячы на сене ва ўласным вазку. І хаця на Кунцэвічавай вуліцы ніхто больш каня не мае, доказ гэты толькі ўскосны, яго нават да справы не прыкладзеш пакуль. Нічога не даў і новы агляд карэспандэнтавых рэчаў: паліто цэлае, не чаплялася ні за цвік, ні за сук, нават сухой травінкі і той на ім не засталося, быццам не ў сене, а на вычышчаным дыване яго на пераезд везлі. Зрэшты, гэта ўсё ў пратаколе даўно адзначана. І эксперт, і следчы — людзі ўважлівыя, нічога не прапусцілі, Корзун мог іх і не правяраць. Яны не вінаватыя, што яму не хапае доказаў для чарговай версіі. А ў выніку паганая сітуацыя: быццам бы і ведаеш, а вымушаны рабіць выгляд, што не ведаеш.
У дрэнным настроі Корзун прыйшоў у пракуратуру. Не затрымаўся, нават словам не перакінуўся з Наташай, толькі каротка павітаўся і падаўся да Пратасені.
— Пастанову на вобыск і санкцыю на арышт я падрыхтаваў,— хмурна паведаміў Пратасеня, адсоўваючы ад сябе, нібы што брыдкае, падпісаныя афіцыйныя бланкі. І яго не радавалі гэтыя працэдуры, хаця сёння, нарэшце, справа магла закончыцца. Напэўна, і ён адчуваў, што ў іх з Корзунам не ўсё адпрацавана, што ў вывадах ёсць слабыя месцы, і гэта абяцала новыя клопаты, новыя непрыемнасці.
Корзун склаў паперы, схаваў у кішэню.
— Не звязаўся ланцужок, Аркадзь Міхайлавіч, — паскардзіўся пракурору. — Адных свіней і маем. Як бы не выслізнуў…
— Перакінь ад іх масток, ты ж умееш, — Пратасеня падбадзёрваў, а Корзун бачыў, што ён сам хвалюецца.
— Каб-то… Штосьці я ўпусціў, а што — не магу даўмецца.
Зазваніў тэлефон.
— Васіль Андрэевіч? Слухаю. Так, так. Добра. Рыхтуй групу, — Пратасеня паклаў трубку. — Даўмеўся ці не — гэта, браце Алесь Антонавіч, зараз непатрэбныя сентэнцыі. Часу ў нас не застаецца на іх. Шабуня званіў, нарыхтоўшчык едзе дадому.
— Не хапала б яшчэ, каб не даехаў!
— Нідзе дзенецца. Мясцовы ўчастковы ў спадарожнікі напрасіўся. Даставіць, як заказную бандэроль, — Пратасеня няспешна паторгаў шуфлядкі, быццам збіраўся ісці і правяраў, ці зачыніў усё. Праверыўшы шуфлядкі, наморшчыў лоб, як стараўся ўспомніць, ці не забыў што дарабіць, і тады матнуў галавой: — Галоўнае, не раскісай, Алесь. Бывае, на месцы такая ідэя раптам мільгане, што ў кабінеце за тыдзень не выдумаеш. — Ён устаў, правёў Корзуна праз прыёмную і веранду аж да ганка і жорстка, разам адкідаючы сумненні, сказаў: — Кунцэвіча адразу на допыт!
Як бывае часам зманлівы знешні выгляд. Корзуну здавалася, што імпартныя гарнітуры вызначаюць у Кунцэвічавай хаце адносіны да рэчаў наогул: нічога лішняга, строгасць густу, разборлівасць. А пачаўся вобыск, і з прыгожай трохстворкавай шафы раптам вываліўся цюк з брызентавымі плашчамі, у падсервантніку аказаўся пакунак стракатых шарсцяных хустак, са скрыні для бялізны выцягнулі некалькі пар новых кірзавых ботаў. Як па сучасным разуменні, усё гэта, калі і патрэбна, то хіба якому меліяратару на асушальным канале, а не звычайнай, нават і вялікай сям'і. Старым — не перанасіць, моладзь — не надзене. А ў Кунцэвічаў і дзяцей не было. Выходзіць, граблі пад сябе што маглі,— і тое, што траплялася ў магазінах па зніжаных цэнах, і тое, што заставалася ў іх, нарыхтоўшчыкаў, ад выдзеленага ім для сустрэчнага продажу. Нібы збіраліся пражыць не адно жыццё, а, прынамсі, два ці тры. Пацвярджалася старая ісціна: не кожны злодзей хцівец, затое кожны хцівец — можа ўкрасці. На заробленыя мазалём грошы куты непатрэбнымі рэчамі набіваць не будзеш.
Кунцэвіч спакойна пазіраў, як супрацоўнікі міліцыі асцярожна ператрасалі гэтыя залежы тавараў, якіх хапіла б на невялікі сельмаг. Нібы гэта адбывалася не ў яго, а ў чужым доме. Нават на жонку прыкрыкнуў, калі яна пачала была войкаць і галасіць, спрабуючы выклікаць спагаду ў суседзяў-панятых. Але Корзун адчуваў, што Кунцэвічаў спакой — звычайнае ўменне стрымлівацца. Колішняй самаўпэўненасці ў яго паменшала, і ён раз-пораз, не заўважаючы гэтага, выціраў рукавом кропелькі поту на высокім і гладкім лобе.
За апошнія дні Корзун не раз задумваўся аб тым, што прывяло Кунцэвіча да злачынства. Зарплату меў добрую, не кожны прафесар за ім нават угоніцца. Да таго ж такім мантачом, як Абабурка, не быў. Навошта яму крадзеныя грошы, калі і на хату, і на імпартную мэблю, і нават на машыну хапіла б сумленна