— Жывуць жа некаторыя, — дзяўчына закаціла вочы ад задавальнення, сунуўшы цэлага «мішку» ў рот. — Вы, Саша, цуд. Аднаму вам, па блату, адкрыю: паспяшайцеся, на адзінаццаць ён выклікаў аднаго, — яна зірнула ў кнігу, што раскрытай ляжала на стале, — не зусім аўтарытэтнага грамадзяніна.

Пратасеня нешта пісаў. Пачуўшы, як рыпнулі дзверы, падняў галаву, хвіліну разглядаў Корзуна, быццам хацеў угадаць, з чым ён прыйшоў, і, не ўгадаўшы, мармытнуў:

— Ну?

Корзун зарагатаў.

— Што гэта цябе развесяліла? — Пратасеня спытаў асцярожна, ведаў — Корзун умее шпільку падпусціць.

— Такімі «ну» мяне цэлую раніцу Кунцэвічава жонка за нос вадзіла.

— І сама з носам засталася?

— Як сказаць… Але, думаю, Абабурка не схлусіў. У той вечар ён адразу ад Якушавай вярнуўся да нарыхтоўшчыка. Там у яго асобны пакой, адразу з пярэдняй уваход.

— Значыць, няпраўду сказаў Кунцэвіч?

— Выходзіць…

— Ну… Цьфу ты! Што гэта азначае, па-твойму?

— Гадзіннік, відаць, сапсаваўся.

— А ты жартаўнік, інспектар, — Пратасеня задаволена ўсміхнуўся. — Як табе сядзібка?

— З размахам. Што ў хаце, што ў двары. Хоць сам падавайся ў нарыхтоўшчыкі. Па сумяшчальніцтву, ці што? Глядзіш, па пракуроравых заданнях не на сваіх дзвюх, а ў машыне ездзіў бы. І зручна, і паважна, і аўтарытэтна.

— Гараж бачыў? Гэта ён ад запаслівасці, на «Жыгулі» яшчэ чарга не падышла.

— Тады не пайду ў нарыхтоўшчыкі, мне машына зараз патрэбна, хоць які лядашчы «масквічок». Га, Аркадзь Міхайлавіч?

— Вымагальнік! — Пратасеня паківаў пальцам. — І ў каго? Самога пракурора, — ён са здавальненнем падладзіўся пад гуллівы Корзунаў тон, адчуваў, гэта не проста, за гэтым нешта ёсць. — Сапсавала цябе, Алесь Антонавіч, сапсавала кліентура. Але са мной хітрыкі не пройдуць. Я табе асоба афіцыйная. Не скажаш навошта — не дам, на тваіх дзвюх адпраўлю.

— Учора я тут з адным геаметрам гутарыў. Падсунуў ён мне пару ліній па дабраце натуры сваёй, — Корзуна панесла так, што ён не мог спыніцца. — А мне дзве не трэба, я чалавек не прагны, мне і адной хопіць. Яна і адна канкрэтна на мясцовасць кладзецца.

— Улавіў, значыцца? — у голасе Пратасені былі і захапленне і сум. — А я спадзяваўся… Дзе ж за вамі, маладымі, угонішся.

Корзуну стала няёмка, не блазнуючы ўжо, сказаў:

— Не прыбядняйцеся, Аркадзь Міхайлавіч. Каб не вы, блудзіў бы я паміж трох соснаў.

— Суцяшай… А на пенсію ўсё роўна час, — ён націснуў кнопку. Калі сакратарка заглянула ў дзверы, сказаў: — Наталля, хай Пятровіч звозіць інспектара, куды яму трэба. — Пачакаў, пакуль сакратарка зачыніць дзверы. — Паспрабую і я сам даўмецца куды. Але нешта ты не надта бадзёры на фінішы?

— Больш за ўсё, Аркадзь Міхайлавіч, мне хочацца памыліцца. Хай лепш на свеце будзе адным нягоднікам менш.

— Некалі я таксама пра такое марыў. На жаль, марна… Нашай з табой службовай увагай сумленныя людзі не карыстаюцца. А несумленныя ўсё яшчэ ёсць.

— Так, на жаль. Пастараюся не затрымлівацца. Зможаце — пачакайце.

Вярнуўся Корзун аж к канцу дня. Пратасені на месцы не было.

— У райкоме, — растлумачыла Наташа. — Неўзабаве абяцаў вярнуцца. А мне загадаў заняць вас, каб не сумавалі.

Корзун павесіў паліто, прысеў збоку да стала:

— Займай!

Ён быў узбуджаны, гаваркі, інстынктыўна хаваючы за гэтым нервовасць. Сёння ў яго быццам бы ўсё атрымлівалася: і гутарка з Кунцэвічавай жонкай, і гэта паездка… Яны дадалі карціне ўсяго два штрышкі, і яна, яшчэ надоечы невыразная, расплывістая, нават надуманая, раптам ажыла, набыла акрэсленасць: як фотакартка ў праявіцелі. Толькі гэта ўдача не прынесла Корзуну заспакаення, ён і з Наташай размаўляў неяк механічна, думаючы аб сваім…

Дзяўчына засмяялася:

— Расказаць казку?

— Толькі страшную. З ведзьмай, пеклам і абавязкова жабай-царэўнай, — ён ледзьве адключыўся ад намаляванай у думках карціны. — А заадно, — дадаў,— як ты апынулася ў гэтым кіруючым крэсле. — Яму заўсёды думалася, што сакратарка павінна быць сталая жанчына, у якой жыццё даўно ўжо выдзьмула з галавы вецер і якая разбіраецца ў людзях, многае ведае.

Бо сакратарыць — гэта не толькі на званкі бегаць, акуратна падшываць паперы, а і сустракаць наведвальнікаў, нешта вырашаць, падказваць, раіць.

— Казку вам лепш за мяне раскажа мая плямяшка, вось пазнаёмлю вас. А я… — Наташа нахмурылася, сумелася. — У нашым гарадку не разгонішся. Адно на мясакамбінаце вантробы чысціць вакансій хапае. Але вы не думайце, не за чысцінёй пагналася, мне тут сапраўды падабаецца. І Аркадзь Міхайлавіч, здаецца, не наракае, што ўзяў.

— А потым?

— Што потым? — Наташа спытала гэта сярдзіта. — Потым для мяне было, калі сюды ішла. Мроілася немаведама што. А цяпер… Робата ж не пасадзіш. Буду працаваць, і ўсё!

— Адсекла, — Корзун усміхнуўся, здаволена, шчыра. Гэта дзевятнаццацігадовая дзяўчына, відаць, нямала думае аб жыцці. Разумее Пратасеня людзей. — Ты малайчына, Наталка!

— Ведаю, ведаю, — яна прытворна ўздыхнула. — Хочаце падлашчыцца, каб без чаргі прапускала? Не выйдзе. Без «мішкі» не пушчу.

— Хабарніца ты, Наталля бацькаўна. Вось далажу пракурору, хай разбярэцца, каго прыгрэў.

— Ай-ай, Алесь Антонавіч, — Пратасеня ўвайшоў ціха і з усмешкай слухаў іх жартаўлівую пікіроўку. — А яшчэ крыміналіст. Хіба не ведаеш, што вінаваты не толькі той, хто бярэ, а і хто дае хабар! Так што, злоўлены за руку, будзь ласкавы ў пракурораў кабінет.

— Добрая ў вас памочніца, Аркадзь Міхайлавіч, — сказаў Корзун, калі яны апынуліся за дзвярыма.

— Не прымярайся, не аддам.

— Я не ў гэтым сэнсе, — збянтэжыўся Корзун.

— А падумаўшы, шкада, што не ў гэтым, — Пратасеня прыклаў далоні да кафлянай грубкі.— Зноў на мароз бярэцца. Чаму затрымаўся?

— У Пцічкавічы ездзіў…

— Гэта я здагадаўся, іншага адраса ў нас, здаецца, няма пакуль. — Ён сеў там жа ля цёплай грубкі, пацёр пальцамі патыліцу, паскардзіўся: — Солі, каб іх хвароба, ціснуць… Дык што сказаў Багук?

— Больш суседзі. А ў яго месяц, як на падворышчы нават парсюка няма. Ды ўвогуле, як высветлілася, Багук ніколі свіней не прадаваў. Сам есць.

— Зноў мана, — паківаў галавой Пратасеня.

— З аднаго боку так, з другога — не…

— Круці, але знай меру, — усміхнуўся Пратасеня. — Усё-такі перад табой пракурор.

— Па дарозе ў Пцічкавічы заскочыў у райаддзел і папрасіў навесці адну даведку. І аказалася менавіта так, як я кажу. Як напісана ў райспажыўсаюзаўскіх ведамасцях, летась Багук прадаў аж тры адкормленыя вепрукі, на дзевяцьсот рублёў. Што і засведчыў подпісам.

— Можа, і ў яго падпольная ферма, ад жонкі, напрыклад? — Пратасеня з цікаўнасцю глядзеў на Корзуна.

— Як па мне, то хопіць і Вадвянскага хутара.

— Думаеш адтуль?

— Не сумняваюся.

— Але ж Кунцэвіч падстаўляў пад удар Абабурку…

Вы читаете Левы рэйс
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату