знакі яму першая практыка, пасля якой ледзь не расчараваўся ў выбранай прафесіі. Таму зараз, успомніўшы тую практыку, загарачыўся і дадаў: — Але і на допыт неабавязкова надзяваць маску.

— Гэта у вас, маладых, цяпер псіхалогія, абыходлівасць, душэўныя кантакты з падследным, — Пратасеня быў сцішаны, сумны. — А ў наш час мы ведалі адно: не ў лялькі гуляем. — Ён памаўчаў, паўздыхаў, пакруціўся ў крэсле, нібы хацеў яшчэ глыбей уціснуцца. — Не думай, не лекцыю чытаю і не спавядаюся, просячы адпушчэння грахоў. Проста засмуціў ты мяне, прымусіў адчуць старасць. Вось і бурчу, як дзед. — Ён пацёр пальцамі патыліцу. — Ну, давай вернемся ў сягонняшні дзень. Аднак адразу расставім кропкі над «і». З Абабуркам, прызнаю, прашляпіў. Хаця, як бачыш, твой Абабурка калі і вінаваты ў смерці Рамейкі, то толькі таму, што спазніўся на сустрэчу. Што датычыць непасрэдна гібелі карэспандэнта, то тут я стаю на сваім. Пакуль не давядзеш адваротнае. Прымаеш такую зыходную пазіцыю?

— Ахвотна. Пры ўмове, што і маё і ваша будзем даказваць сумесна.

— Хітрун ты, Аляксандр Антонавіч, хітрун, — падняў Пратасеня рукі.— Загнаў у вугол і пытае, ці хачу выбрацца. Хачу, хачу. Згодзен.

— Я рады, — сказаў Корзун.

— Вось і добра, лічу дыпламатычныя перагаворы скончанымі. Пераходзім да справы. Значыцца, робім тваю версію асноўнай, рабочай. Выкладвай усё, што ведаеш, што надумаў, да самых апошніх драбніц.

Пратасеня ўстаў, перасеў у сваё пракурорскае крэсла, відаць, там адчуваў сябе больш упэўнена, і паклаў перад сабой чысты ліст паперы. Не перабіваючы, уважліва выслухаў. З прыкрасцю прамовіў:

— Улавіў маё самае слабое месца і кружыш, як коршун над квактухай з вывадкам. Ну добра, я не даказаў, як Рамейка апынуўся на пераездзе. Але ж і ў цябе адны толькі меркаванні.

— Аркадзь Міхайлавіч, — нагадаў Корзун, — мы не вашу, мы маю версію круцім.

— Помню, помню, не напамінай. Гэта я каб пераезд пакуль адкінуць. Перад тваім прыездам я перачытаў заключэнне медэксперта. Як прадбачыў твае закіды. Мог Рамейка сам дабрацца, гарачка завяла, а там страціў прытомнасць, уткнуўся носам у снег ці ў каўнер, рукаў і задыхнуўся. Гэта адзін магчымы варыянт. Другі — памаглі задыхнуцца. Верагоднасць аднолькавая. Але, калі не ўстановім, хто памог, хочаш не хочаш, прыйдзецца спыніцца на першым, маім. Кучаронка я, здаецца, праверыў па ўсіх пунктах. Тут твая праўда, на чыгунку ён не ездзіў.

— Што ж, гэта абмяжоўвае задачу. Пратасеня кіўнуў.

— Бачыш, твая настойлівасць і ва мне сякія-такія сумненні пасеяла, — падміргнуў ён Корзуну, але, нібы засаромеўшыся гэтай гуллівасці, нахмурыўся. — Твой круг з Абабуркі пачаўся, на ім і замкнуўся. Ён быў самай зацікаўленай асобай, бо яму патрэбны быў час, каб расцягаць вадвянскую ферму. Таму ці не магло быць, напрыклад, так: Абабурка ўсё-такі прыйшоў у дамоўленае месца. Убачыўшы, што карэспандэнт не ў сабе, забраў паперы. Га?

— Хапіла б з яго пісьма… — буркнуў Корзун. Перад допытам заатэхніка ён яшчэ мог пагадзіцца з такім паваротам. Цяпер — не.

— Ну-у, заадно прыхапіў і білеты з камандзіроўкай, — заўважыўшы рэакцыю Корзуна, пагадзіўся Пратасеня. — Але мы дамовіліся на час, умоўна Абабурка ні пры чым. То хто яшчэ? Выпадковы чалавек або прайшоў бы міма, маўляў, п'яны за плот трымаецца — на жаль, і так бывае, — або дапамог бы. Гэты выпадак нарабіў у гарадку шуму. Тое, што ніхто нічога не паведаміў ні ў міліцыю, ні ў пракуратуру, зноў-такі сведчыць надвае: або ніхто не бачыў, або бачыў і не хоча аб'яўляцца. Згодна з нашай умовай, спыняемся на другім…

…Пратасеня гаварыў лагічна, прадумана, нібы расстаўляў фігуры на шахматнай дошцы. Ён не кідаўся ад адной думкі да другой, як гэта апошнімі днямі часта рабіў Корзун. Ён адразу ўхапіў асноўную, адкінуўшы ўсе астатнія. Ці не наведвалі і яго сумненні, нават калі ён упарта адстойваў свае вывады?

— Такім чынам, павінен быць нехта яшчэ, хто таксама хацеў утаіць сляды. Прызнацца, выслухаўшы цябе, прыкінуўшы зробленае мною, я ўсё роўна не магу за што-небудзь зачапіцца. Не бачу, і хоць ты плач.

— Няўжо няма нават малюпасенькіх, вось такусенькіх кончыкаў? — Корзун сціснуў вялікі і ўказальны пальцы.

— Пад мікраскопам ты збіраешся іх разглядаць, ці што? — усміхнуўся Пратасеня.

— Ёсць у мяне знаёмыя электроншчыкі, Аркадзь Міхайлавіч, што хочаш на святло боскае выцягнуць: хоць малекулу, хоць атам, — Корзун жартаваў, а сам з надзеяй глядзеў на пракурора. Надта задумлівы быў той, каб не мець нечага яшчэ, акрамя версіі, якую ён так упарта адстойваў зусім нядаўна.

— Смала…

— Што-што?

— Ну, дзядоўнік, калі табе смала незразумела. Кажу, прычапіўся ты. Нюхам чуеш, ці што?

— Ага, трэніруюся.

— Ды не строй блазна, не паверу, што з цябе весялосць прэ. Ёсць быццам бы дэталька…

— Якая? — нецярпліва выпрастаўся ў крэсле Корзун, адразу пасур'ёзнеўшы.

— Неістотная ўвогуле, на мой погляд, але…

— Не цягніце, Аркадзь Міхайлавіч! Якая?

— А ты сам што думаеш?

— А якой гадзіне вярнуўся Абабурка да Кунцэвічаў — я так і не ўстанавіў. Адзін пропуск у ланцужку. З кім ён у той дзень пасля абеду бачыўся? Пра сустрэчу яны дамовіліся з Рамейкам на мясакамбінаце… Другі пропуск.

— Усё?

— Быццам бы…

— Так-так, — Пратасеня ўважліва глядзеў на Корзуна, — наклёўваюцца тут дзве няпэўныя лініі, якія перасякаюцца ў адной кропцы. Дакладней, могуць перасекчыся. Аднак я табе не дзед-мароз, сам папрацуй. На сябе ж!

— Дык я хоць зараз!

— Зараз пойдзем да мяне вячэраць, Аляксандр Антонавіч, жонка там напякла-насмажыла, пакрыўдзіцца, калі не ацэнім. Гасцініцу табе заказалі. Так што заўтра і праверыш, праўду казаў заатэхнік, называючы час вяртання да Кунцэвічаў, ці хлусіў. Лады?

Даўно Корзуну не даводзілася дзейнічаць вось так усляпую, не ведаючы дальняга прыцэлу. Ініцыятыва ў справе, якую ён хацеў павярнуць па-свойму, нечакана была перахоплена Пратасенем. Праўда, фармальна так яно і павінна быць: пракурор ёсць пракурор, а інспектар крымінальнага вышуку — толькі інспектар, якому належыць шукаць, лавіць, знаходзіць, а не весці расследаванне. Аднак Корзун любіў, каб кожнае слова, рэпліка, паварот у размове з пачатку і да канца былі вынікам яго задумы, яго волі. А Пратасеня не сказаў, што хацеў бы атрымаць ад гэтай размовы. Ці то сам яшчэ блукаў у тумане і не хацеў другога вадзіць за сабой, ці то, дрэнна ведаючы гэтага другога, баяўся, каб не падагнаў ён факты да няпэўнай здагадкі. Як бы там ні было, Корзун мусіў падпарадкавацца, хаця ў душы быў пакрыўджаны. З Юркаўцом яны працавалі як бы на роўных.

Думка, якая прыйшла пракурору ў галаву, непакоіла Корзуна. Ён не забываў на яе і вечарам, пакуль сядзелі ў Пратасені пад апекай яго гасціннай жонкі, і пасля, калі ён прыйшоў у гасцініцу. Было б някепска не толькі здагадацца, а і крыху падыграць пракурору, адплаціць і за псіхалогію, і за душэўныя кантакты. А дзеля гэтага варта паламаць галаву.

Кунцэвічава жонка ўзімку не працавала, яна афармлялася мужавай памочніцай толькі на гарачую пару нарыхтовак — канец лета і восень. Так што ці яе, ці самога гаспадара застаць дома можна было.

Пабудаваліся Кунцэвічы на ціхай вуліцы, паралельнай цэнтральнай. Дом быў на каменным падмурку, абшаляваны жоўтай вагонкай і накрыты белай ацынкаванай бляхай. Чатырма сваімі шырокімі светлымі вокнамі ён глядзеў на палісаднік, які аддзяляў яго ад тратуара. Але і астатнія пабудовы падворышча былі не горшыя; бярвенчаты хлеў, каменны гараж. Людзі цяпер жывуць добра, будуюцца найчасцей не з апошняй капейкі і хочуць, каб жытло было прасторнае, прыгожае, утульнае. Адно толькі плот у Кунцэвічаў быў шчыльнейшы і вышэйшы за суседскія. І то, у сезон тут, напэўна, на тыдзень-другі, пакуль вывезуць, заставалася нямала нарыхтаванай гародніны і садавіны.

Па высокіх прыступках Корзун падняўся на ганак. Дзверы ў цёплыя сенцы былі прачыненыя, адтуль курыўся смачны пах прыгарэлага перасмажанага сала. Невысокая чарнявая жанчына ў зашмальцаванай ватоўцы з закасанымі рукавамі завіхалася ля газавай пліты. Убачыўшы незнаёмага, гаспадыня абцерла рукі

Вы читаете Левы рэйс
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату