чужую версію.

— Фёдар Сяргеевіч, — працягваў Пратасеня, — каму — вам ці Абабурку — прыйшла ідэя прадаваць калгасных свіней з мэтай уласнага абагачэння?

— Хіба гэта так важна? — пасміхнуўся нарыхтоўшчык.

— З часам узнікне абвінаваўчае заключэнне, яно пойдзе ў суд, і ў ім павінна быць дакладна вызначана роля кожнага з вас.

— Вы аб прытворы? Я згодзен пароўну. Разам бралі, разам і адкажам.

Раней Кунцэвіч уяўляўся Корзуну даволі хітраватым. Думалася, і на допыце ён будзе адмаўляцца, выкручвацца. А ён нават не паспрабаваў паблытаць следства, паадпірацца. Гэта было неспадзявана, выклікала падазрэнне: не мог Кунцэвіч так хутка зламацца, не ведае ён усяго таго, што вядома следству.

— Абабурка можа не пагадзіцца, — адказаў Кунцэвічу Пратасеня.

— Я лепш яго ведаю!

— Паверце майму вопыту, — Пратасеня гаварыў добразычліва, — на лаве падсудных не бывае злейшых ворагаў, чым нядаўнія сябры-хаўруснікі.

— Пабачым, — паціснуў плячамі Кунцэвіч, — да суда яшчэ далёка, ці не так?

— Не блізка, — пацвердзіў Пратасеня. — Не хочаце на гэта пытанне адказваць, то, можа, пра Вадвянскі хутар што скажаце?

Кунцэвіч сцяў зубы, кінуў злосны позірк на Корзуна, які сядзеў убаку з самым ціхамірным выглядам.

— Неблагая ферма была, га, Фёдар Сяргеевіч?

— Вам відней, — Кунцэвіч ухіліўся ад прамога адказу. — А віна ўсё роўна на дваіх.

— Кожнай сястрыцы па завушніцы?

Размова неяк збочвала, драбнела, і Корзун вырашыў, што наспела яго пара:

— Дазвольце, Аркадзь Міхайлавіч? Пратасеня кіўнуў.

— Дапусцім, Кунцэвіч, дапусцім, — звярнуўся Корзун да нарыхтоўшчыка. — Але чаму вы ў такім выпадку нагаворваеце на сябра?

— Не выдумляйце!

— Не забывайцеся, Кунцэвіч, мы вас не ў госці паклікалі. І нічога я не выдумляю. Хіба не вы паведамілі нам, што Абабурка ў той вечар, калі загінуў карэспандэнт, вярнуўся ў тры гадзіны ночы? Навошта?

Кунцэвіч трохі падумаў і ўпарта заявіў:

— І сёння скажу.

— Абабурка і ваша жонка сцвярджаюць, што не пазней адзінаццаці…

Вытрымка нечакана здрадзіла Кунцэвічу, ён ускіпеў:

— І што з таго?

— Вось і я думаю, чаго гэта вы падстаўляеце пад удар друга сардэшнага?

— Я за чужыя справы не адказчык!

— А за свае? Бо Абабурка спакойна спаў, калі вы на кані раз'язджалі,— Корзун нічым не рызыкаваў, выстаўляючы гэты довад. Наўрад ці хто другі мог тады ехаць.

Драбнюткія кропелькі зноў заблішчалі на Кунцэвічавым ілбе, ён пацягнуўся, каб выцерці іх.

— Асцярожна, — папярэдзіў Пратасеня, — запэцкаецеся.

— А-а, — Кунцэвіч няўцямна пазіраў на свае рукі са слядамі чорнай фарбы. — Пальцы…

— Так, пальцы, — вырвалася ў Корзуна, і ён нахмурыўся: паспяшаўся з рэплікай. А перад вачамі раптам узнік чысты ліст паперы, дзве кропкі, злучаныя лініяй, перарванай пасярод пункцірам. Пункціранкі пачалі выцягвацца, замыкаючы разрыў.

І Пратасеня і Кунцэвіч павярнуліся да Корзуна.

— Грамадзянін Кунцэвіч, — Корзун ужо не мог звяртацца да яго іначай, — вы, як заўважылі Рамейку на пераездзе, падыходзілі блізка?

— Я казаў раней, не. — Пытанні сыпаліся адно за адным, аднак яны не мелі дачынення да махлярства з свіннямі, у якім абвінавачвалі Кунцэвіча, і гэта яго занепакоіла. Ён круціў галавой, ловячы позіркі то Пратасені, то Корзуна, каб зразумець, што яны хочуць, чаго дабіваюцца.

— Зазначым у пратакол, не пярэчыце? Падпішыце. Веру, веру, на здымках таксама слядоў не відно. І вартаўнік казаў, што не падыходзіў ніхто.

— А на які ляд мне гэта было, што я, правілаў не ведаю?

— Правілы — правіламі, а іншым разам бывае цікава.

— Ну, ведаеце, мярцвяк жа, — Кунцэвіч нібы не на жарт абурыўся.

— А раптам мярцвяк ажыў за ноч?

— Ці мне не ўсё адно? Ён мне што, сват, брат? — Нарэшце яму ўдалося спаймаць Корзунаў позірк. — Вы пра што гэта?

— Пра тое самае, Кунцэвіч, — Корзун таксама пільна разглядаў яго, нібы ўбачыў упершыню. — У Рамейкі павінна было быць пісьмо пра Вадвянскі хутар.

— Але… — пачаў быў Кунцэвіч і спахапіўся: — Я ў яго кішэні не лазіў, можа, там куча грошай была. Адкуль мне ведаць?

— Чуць маглі. Ад Абабуркі, напрыклад.

— Ён вам і гэта сказаў, так? — Кунцэвіч, на здзіўленне Корзуну, трымаўся ваяўніча.

— Спадзяюся, скажа. Як даведаецца, што і да чаго, — паабяцаў Корзун.

— Тады і будзе размова, — ён яшчэ трымаўся, але, відаць, пачаў здагадвацца, што Корзун спакваля падбіраецца да прамога пытання: ці не ты забіў Рамейку? Гэта не крадзеж, не вадвянская ферма. Кунцэвіч не мог не разумець гэтага. Аднак, напэўна, разумеў і другое: былі б у следства доказы, пытанне задалі б даўно.

— Доўга чакаць не прыйдзецца, — супакоіў Корзун і, як паміж іншым, спытаў: — Чаго вы раніцай на пераезд паехалі?

— Грамадзянін пракурор, вы чулі? — Кунцэвіч павярнуўся да Пратасені.— Колькі разоў можна пра адно і тое? Абараніце ад прыдзірак.

— Адказвайце, — суха сказаў Пратасеня. Кунцэвіч неахвотна прамовіў:

— З Багуком дамовіўся.

— У Багука няма свіней.

— А мне не свінні, мне подпіс быў патрэбны. Свіней у мяне хапала, — Кунцэвіч узбадзёрыўся, адказ здаўся яму даволі ўдалым. Не ведаў ён, што Пратасеня з Корзунам прадбачылі і такі ход і загадзя пацікавіліся, ці была ў яго з Багуком папярэдняя дамоўленасць. Ён хлусіў, і гэта насцярожвала.

— Не хочаце гаварыць — не трэба, — сказаў Корзун. — Як, Аркадзь Міхайлавіч, дадзім яму час, каб падумаў над пытаннем? Дык вось, Кунцэвіч, адкладзём допыт. Але раю ўлічыць, што гэта, мажліва, ваш апошні шанц быць шчырым, — і выклікаў дзяжурнага.

— Ты што, у покер гуляеш? — накінуўся на Корзуна Пратасеня, калі яны засталіся ўдвух.

— Аркадзь Міхайлавіч, я ніколі не бяру на пушку, — узмаліўся Корзун. — Не сварыцеся. Кунцэвіч абкладзены з усіх бакоў, няма куды яму падзецца.

— Ну, пралаз ён мае. Што ты прад'явіш? Парваны кажух? Гэта не доказ.

— Але ён вінаваты! Вы згодны?

— Як Пратасеня — так. Як пракурор — не. Мы з табой пакуль не можам прад'явіць яму доказаў.

— Мне здаецца, Аркадзь Міхайлавіч, што галоўны доказ ёсць, можа, ён у мяне ў руках, можа, у гэтым пакоі,— ён азірнуўся, быццам спадзяваўся ўбачыць доказ побач.

— Як знойдзеш, пакажаш, — усміхнуўся Пратасеня. — А зараз давай яшчэ пройдземся па тым, што маем.

Корзун супакоіўся, задумаўся. Потым як схамянуўся:

— Помніце адбітак на партманеце?

— Гэта было б надта проста, — паківаў галавой Пратасеня.

— Але мы не правяралі.

— Кучаронак у Рамейкавы кішэні не лазіў.

Вы читаете Левы рэйс
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату