Вуліца як вуліца. Корзун прайшоўся з канца ў канец і выйшаў на невялікую заасфальтаваную плошчу, спыніўся перад будынкам з бетону і шкла. Чорная шыльда горда абвяшчала залатымі літарамі: «Спартыўны комплекс». А трохі ніжэй было пазначана, калі працуе басейн, гімнастычная зала, валейбольная…

Корзуну ўспомніўся свой гарадок. Тады яны, вучні, фізкультурай маглі займацца толькі ў цеснай школьнай зале, а пра басейн нават не марылі. А цяпер у звычайным раённым цэнтры — спартыўны комплекс! Хутка бяжыць час, але яшчэ хутчэй мяняецца аблічча гарадоў і пасёлкаў. Ён пастаяў, пачытаў афішы, якія паведамлялі аб спаборніцтвах, і павярнуў назад. Быў час ісці да Пратасені. Але яшчэ раней трэба было завярнуць у райаддзел. Сякія-такія думкі з'явіліся, іх неабходна праверыць. Тым болей што дзяжурыў сёння сам начальнік аддзялення крымінальнага вышуку капітан Шабуня.

— Здаволены? — сустрэў ён Корзуна. Лічыў, што цяпер справа, нарэшце, закончыцца.

— Прагрэс рухаюць скептыкі, капітан, — адказаў Корзун, — так што пазбягай заспакоенасці. А каб ты не заснуў у шапку, вось табе заданне: знайдзі зацятага аматара спорту. Хай паводзіць мяне па гарадку. Гадзіны праз дзве.

Шабуня паціснуў плячамі. І таму ўвесь яго выгляд нібы казаў: табе так хочацца — дастаўлю, і не толькі аматара спорту, а спатрэбіцца — і музыканта, і шаўца з краўцом, і наогул, каго хочаш. Корзун пасміхнуўся, падумаўшы, што капітан няйначай цяпер будзе ламаць галаву, стараючыся даўмецца, якая такая патрэба ўзнікла ў інспектара абласнога ўпраўлення. Бо ён сам, Корзун, не супакоіўся б, пакуль не адгадаў бы ў падобным выпадку чужую задуму. Здарэнне ж адбылося ў Лясным, следства працягвалася, і начальніку крымінальнага выпуску не павінна быць абыякава, як і чым яно скончыцца.

XVII

Пра што думаў Шабуня гэтыя дзве гадзіны, пакуль яго не было, Корзун так і не даведаўся. Аднак, калі ён прыйшоў у аддзел, у капітана сядзеў белабрысы цыбаты хлопец у караткаватым дэмісезонным паліто і тупаносых чорных чаравіках на тоўстай белай падэшве.

«Як піць даць музыкант», — мільганула ў Корзунавай галаве. Ды, зрэшты, для яго задумы гэта істотнага значэння не мела — абы добрым гідам быў.

Напэўна, нейкая нездаволенасць усё-такі адбілася на Алесевым твары, бо цяпер пасміхнуўся ўжо гаспадар кабінета і падкрэслена раўнадушна адрэкамендаваў модніка:

— Выступае за зборную вобласці, баскетбаліст.

— А ўжо ж, росту хапае, — Корзун больш прыязна паглядзеў на хлопца.

А той ускочыў з крэсла, выцягнуўся па стойцы «смірна», стаўшы яшчэ нібы даўжэйшым, і назваўся:

— Малодшы лейтэнант Наркевіч…

— З майго аддзялення, — задаволена дадаў Шабуня і ўдакладніў: — Мясцовы, у курсе справы.

— От, гэта добра, капітан, — узрадаваўся Корзун. — Дзякую. — І да хлопца: — Як тваё імя, малодшы лейтэнант? Мікола? Дык вось, Мікола, пашукаем зацятых валейбольных балельшчыкаў.

— Усіх? — разгубіўся Наркевіч.

— Яно не пашкодзіла б, аднак пакуль з нас, спадзяюся, хопіць тых, што жывуць на поўнач ад спартыўнага комплексу.

— Геаграфія… — заклапочана паматаў галавой Шабуня. — Мне б з вамі… На заўтра нельга адкласці?

— Баюся, на мяне ўжо данос у пракурора ляжыць, — адказаў Корзун, — мушу спяшацца, — і павярнуўся да малодшага лейтэнанта.

Наркевіч адступіў на крок убок, прапускаючы Алеся ў дзверы.

На вуліцы спыніліся.

Ярка свяціла сонца. Прамерзлы белы снег пад яго промнямі зіхацеў рознакаляровымі вясёлкамі, пявуча рыпеў пад нагамі. Корзуну зноў падумалася, што ў такі суботні дзень не сведкаў шукаць бы, а на лыжах па наваколлі гойсаць, і ўздыхнуў.

— Вы не турбуйцеся, Алесь Антонавіч, к вечару ўсіх выявім, наш гарадок невялікі.

— Я не пра тое, Мікола, — прызнаўся Корзун. — За нашай працай часам забываеш, што ты не толькі дэтэктыў, а і звычайны чалавек, якому хочацца адпачыць, з сябрамі пра жыццё-быццё паразважаць.

— Ну, забойствы не кожны дзень бываюць, — разважліва прамовіў Наркевіч.

— І то верна, — пагадзіўся Корзун. Не яму было расчароўваць гэтага хлопца, які толькі пачынаў службу ў міліцыі і якому яшчэ ўсё бачылася ў асаблівым святле, нагадваць, што, акрамя забойстваў, ёсць нямала іншых сур'ёзных злачынстваў і яны таксама патрабуюць часу. Некалі і ён, Корзун, быў такі. Тады яму кожнае дзяжурства ў выхадны дзень здавалася святам, ён нават ганарыўся, што нясе вахту, калі іншыя супрацоўнікі адпачываюць. Зараз ён святочнымі дзяжурствамі не ганарыўся, зараз ён прымаў іх як звычайную службовую неабходнасць, хаця ў душы было і зайздросціў тым, хто можа вольна распараджацца сваім часам. Аднак, каб яму давялося выбіраць службу спачатку, ён усё роўна пайшоў бы ў крымінальны вышук. З усімі клопатамі, нягодамі і да таго падобнымі праявамі, якімі характарызуецца гэта служба. Толькі цяпер у яго поглядзе на яе было зусім мала колішняй рамантыкі — яна саступіла месца цвярозаму разуменню сутнасці салдата міліцыі. Алесь зірнуў на суровы твар Наркевіча і сказаў: — Не будзем бядаваць, дружа, можа яшчэ пашчасціць, то мы тады і прагулку ў лес арганізуем.

Яны няспешна пакрочылі ў бок цэнтра гарадка. Калі апынуліся на ціхай бязлюднай вуліцы, Корзун спытаў:

— Табе задача ясная?

— Збольшага…

Сам Корзун не любіў, выконваючы даручэнне, дзейнічаць, як кажуць, з завязанымі вачамі, не ведаючы добра сутнасці задання. І рашыў растлумачыць сваю задуму таварышу:

— Прыкладна ў той час, калі скончыўся валейбольны матч, на Падгорнай або на бліжэйшых да комплексу вуліцах мог быць чалавек у вазку ці без вазка, пеша, адзін, удвух, з кампаніяй… Разыходзячыся, балельшчыкі маглі яго або іх бачыць. Нам важна ўстанавіць, ці бачылі, калі бачылі, то каго, ну і, вядома, больш-менш дакладна час. Зразумела?

— Так…

— Бачу, не зусім, — пасміхнуўся Алесь. — Справа ў тым, што я маю вялікае падазрэнне супраць нарыхтоўшчыка Кунцэвіча. Нават амаль упэўнены, што ён тут быў і што яго знаходжанне тут неяк звязана са смерцю журналіста Рамейкі.

— Але адбітак…

— Нягледзячы на адбітак! — жорстка сказаў Корзун. — У той вечар вельмі падобнага на Кунцэвіча чалавека бачылі на Падгорнай, ехаў на кані. Што яму там было рабіць?

— Пыталіся, мабыць, у яго?

— Паспрабаваў. Цяпер скаргі чакаю. Ды гэта дробязь. Абы мы каго-небудзь знайшлі.

— На Падгорнай райспажыўсаюзаўскія склады, заявіць, што па справе прыязджаў.

— Вось я і хачу пераканацца, што гэта так. Раптам людзі бачылі, як заходзіў, як выходзіў са склада.

— Інакш кажучы, калі Кунцэвіч увесь час быў адзін, у забойстве ён не вінаваты?

— Калі быў адзін, — упарта сказаў Корзун. Падгорная вуліца намячалася пад забудову, была з шырокімі тратуарамі, з свяцільнікамі на слупах. Сустрэчнага тут разгледзець можна было і ў начную завею, і на гэта Корзун вельмі разлічваў. Жыхароў вуліцы Шабуневы хлопцы апыталі, так што іх шлях можна было не паўтараць. Тым болей што, як сцвярджаў Наркевіч, вядомыя яму балельшчыкі тут не жылі. І Корзун павярнуў на паралельную вуліцу.

Наркевіч добра ведаў свой горад, яго жыхароў. Яны з Корзунам абышлі не адзін дом, папыталі многіх хлопцаў і дзяўчат. Аднак вынік пакуль што быў не той, якога чакалі. Ніхто дакладна не сказаў, сустрэўся яму хто на вуліцы ці не. Відаць, не да таго было: надта гарачы матч выйграла любімая каманда, каб сапраўдны балельшчык помніў пра што-небудзь іншае. Наркевіч задумаўся. Корзун цярпліва чакаў яго рашэння, радуючыся, што раскрыў перад ім сваю ідэю. Цяпер Наркевіч не проста праважаты, ён актыўны ўдзельнік

Вы читаете Левы рэйс
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату