Спеў халодных турэмных брам, Спеў завей у далёкім Сібіру, Дзе ярэмна нават вятрам, Дзе прыгонна таёжнай шыры. Горкай праўдай сталее люд, А салодкай — марнее, гіне, Што народжана без пакут, Тое цяжка цягнуць на спіне. Бралі ж лёгка і без разваг, Пазбаўлялі падсудных лавы, Бо кароткае слова «враг!» Бараніцца знішчала права. Іх не стала, на іх табу, Догма ж, выраслая ў пачвару, Абвастраючы барацьбу, Зноў шукала сабе ахвяру. І тады, быццам цень, няўзнак, Безгалосы слуга граматык, Раптам выступіў Мяккі Знак На арэну смяротных схватак. Самы мяккі пайшоў у бой, Браў, як цвёрды, сцены крутыя, Каб цвярдзейшых прыкрыць сабой, Каб паспелі ачуцца тыя. А з фатэляў наўкол віжы Падымалі свае азадкі, І зіхцелі, нібы нажы, Здрадай востраные асадкі. Быў свінец непатрэбных слоў, Кананада бязладных гукаў Вылятала, як гром, з галоў І лічылася звышнавукай. Білі ціхага, як заўжды, Ды навошта (не дайма веры!): Што па-варварску праз гады Забірае ён шмат паперы. Ну, вядома ж, паперы брак, Калі чорных спіскаў замрога І яны даўжэй, чым барак, Ці у люты Сібір дарога. Выспяваў спакваля закон, Як мярцвяк ажываў пад снегам: Мяккі Знак асудзіць на скон, Як буржуйскага здрадцу-шпега. Колькі «супраць» было і «за»? Ды з абодвух бакоў нямала, А ў віжоў на канцы ляза Кожны спрэчнік засеў трывала. На ашчаджаным аркушы, У атраманце зберажоным Затрымцела святло душы І зайшлося кайданным звонам. Скон цянёты плёў, як павук, Рассыпалі завеі спевы, Тэарэтыкі звышнавук Для паперняў валілі дрэвы. І хацелі пляваць яны, Што ў далёкай бацькоўскай хаце Ад сапраўднае іх віны Нехта родную мову страціў: Песьні — песнямі сталі спрэс, Сьлёзы — сталі слязьмі наўкола. Тарашкевіч ішоў пад прэс, І злачынства вітала школа. Над жывымі вітаў праклён,