Сяржук Сокалаў-Воюш
Ь (Мяккі знак)
Лекцыя 47
… пар.53. Перад мяккімі зычнымі з, с, ц, дз
зьмякчаюцца: зьняць, сьляза, цьвіце, дзьве і г.д.
Б.Тарашкевіч. Беларуская граматыка для школ. Выд. пятае. Вільня, 1929. …У радзе выпадкаў… ужыванне літары ь
можна разглядаць як свядомае імкненне
абазначыць асімілятыўную мяккасць зычных:
зьведенье, злость, масть, радость, сьвет,
сьвиренъ, сьмерть…
А.І.Жураўскі. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т.І, Мн., 1967. С.203 (Раздзел «Перакладчыцкая дзейнасць В.Цяпінскага»). Быў далёкі і страшны час, Як зляталі з плячэй галовы, Як знішчалі, мо ў соты раз, Нашу памяць і нашу мову. Што я ведаю з тых часоў? Калі быць немагчыма шчырым — Інфармацыю з галасоў, Ледзь нашморганую з эфіру, Пару кніжак хрушчоўскіх год, Зачытаных да латак кволых, Ды маўчання калючы дрот, Што пануе у нашых школах… Ну не верыць жа галасам, Як і культаўскім звонкім одам. Лёс гукнуў: «Разбярыся сам, Хто быў вораг твайму народу…» Колькі розных прайшло сустрэч: Інфарматары, дыверсанты… І над кожным зіхцеўся меч, Кожны — контра, ці проста — анты… Хто ж былі ўладары падзей? — Сведкі, доказы, бланкі, справы Ды нібыта сябры людзей Ад даносчыка да Цанавы. Нейчы лёс дзеля іх — нішто, Свой — усё, бо на тым паўсталі, Пад нагамі — з людзей плато, Над галовамі — бацька Сталін. Нікне вечар, іду дамоў, Думкі чэрап ірвуць на часткі, Быццам вынік усіх размоў Мне навокал здаюцца пасткі. І ў паветры, нібы ядваб, Распрамляючы зноў калені, Вырываюцца з іхніх лап Без віны вінаватых цені. Самых цвёрдых бралі спярша: Гэта цвёрдыя чыняць шкоду, Гэта ў іх не баліць душа Пра патрэбы свайго народу. Гэта цвёрдыя (хто ж яшчэ?) Нас вядуць па шляхох няслушных. Кат, нібыта мяснік, ссячэ Іх галовы пад спеў задушны.