- Тата, навошта ён мне? - засмяялася Наташа. - З яго муж, як з г... куля! Мацi-адзiночцы больш iльготаў...

- Дык у вёсцы ж будуць смяяцца! - запярэчыў бацька.

- Колькi вам трэба? - спахапiўся Мiкола. - Я ўсё заплачу! Мiльён магу даць, у пазыкi залезу, толькi адчапiцеся ад мяне! Наташа, я не хачу на табе жанiцца, я не кахаю цябе! I на алiменты не падавай, прашу!

- Ай, круцiцца, як голы ў крапiве! - зарагатала яна. - Вось добрую iдэю падаў, малайчына! Значыць, у загс не пойдзем! Затое алiменты плацiць будзеш!

- Наташа! - узмалiўся ён, затым перадумаў i закрычаў: - Ану адсюль прэч, аферысты! Гэта не маё дзiця, не ад мяне!

Наташа адчынiла дзверы i паклiкала:

- Марыя Пятроўна, Алачка! Зайдзiце, калi ласка!

Калi тыя зайшлi, Мiкола пазнаў вахцёршу з Наташынага iнтэрната i яе суседку па пакоi.

- Гэта мае сведкi, - заключыла Наташа. - Але яшчэ не ўсё... Шмат хто пацвердзiць, што мы вялi сумесную гаспадарку, а ты асабiста купляў для дзiцяцi каляску!

- Шкура! - закрычаў на яе Мiкола.

- Дык ты хочаш плацiць алiменты? - Наташа падышла да яго ложка, на якiм Мiкола сядзеў, закрыўшы рукамi твар. - Калi не хочаш, то скажы... I мы табе прыдумаем нешта другое ўзамен... Муж з цябе дрэнны. Не плач, трэба ты мне, як бочка без абручоў! А вось раб з цябе б атрымаўся добры...

- Што? - не зразумеў Мiкола.

- Раб! - засмяялася Наташа. - Будзеш кожную зiму маiм бацькам дровы загатаўлiваць. А кожнае лета - сена касiць. Калi згодзен - пiшы распiску. Тады на алiменты падаваць не буду!

Мiкола задумаўся.

- Давай паперу, - махнуў рукою. - I каб духу твайго тут не было!

Напiсаў усё, што прадыктавала Наташа. Падаў ёй.

- Парадак у танкавых вайсках! - засмяялася Наташа. - Пайшлi, татка! Пайшлi, мае дарагiя сведкi! Перагаворы прайшлi на вышэйшым узроўнi.

Калi яны зачынiлi за сабою дзверы, Мiкола кiнуўся да аркуша i лiхаманкава пачаў запiсваць:

- О, незнаёмка! Анёл мой нябесны!

Маё адзiнае каханне!

Цябе чакаю ў сваiх песнях,

Прыйдзi, анёл мой, на свiтаннi!..

Перад абедам Галю выклiкала да сябе загадчыца бiблiятэкi.

- Што-небудзь здарылася, Надзея Пракопаўна? - спалохалася Галя.

- Не, - усмiхнулася тая. - Вельмi добрая для цябе навiна. Памятаеш, ты рабiла кнiгаабзор па паэтах Польшчы i ў нас была дэлегацыя з мястэчка Ломжа. Дык вось, пан Вацлаў хацеў бы, каб ты папрацавала ў iх бiблiятэцы. Яны адкрываюць музей беларускай творчасцi. У цябе такiя цудоўныя веды пра нашых паэтаў i пiсьменнiкаў!.. I наогул, ён сказаў, што ты вельмi дзелавiтая i разумная дзяўчына. У цябе - цудоўная будучыня, згаджайся!

Галя замялася, тады прамовiла:

- Надзея Пракопаўна, я замуж выходжу ў гэтую суботу. За Альберта...

- А божа ж ты мой! - уздыхнула тая. - За гэтага плаксу? Ён тут, да цябе, Арынцы мазгi пудрыў, пра нейкую Святланку мармытаў, казаў, што з-за яе з балкона прыгаў, вешаўся... Навошта табе такi шалёны?

- У яго няшчаснае каханне, - цiха сказала Галя. - Зараз ён у мяне ў пакойчыку ў iнтэрнаце жыве, суседка мая месца ўступiла нам. Ён мяне кахае... I я яго. Першы раз не атрымалася мне замуж выйсцi за Анатоля, дык хоць цяпер выйду.

- Галя, няўжо замуж - гэта галоўнае? - пачала ўшчуваць яе загадчыца. Думай пра кар'еру спачатку, паспееш яшчэ мiсак ды каструль намыцца ды бiтай пахадзiць...

- У нас будзе добрая сям'я, - прамовiла Галя. - Прабачце, я не паеду ў Ломжу...

I выйшла з кабiнета.

Пасля працы заспяшалася па крамах, каб парадаваць чым-небудзь смачным Альберта, калi сустрэла ў чарзе Антося. Худы, з вяснушкамi на носе, ён трымаў вялiкую сумку i разлiчваўся за хлеб. Галя хуценька скiравала за iм i дагнала на вулiцы.

- Эй, поп! Прывiтанне! - засмяялася яна. - Ты што, увесь час ходзiш у касцюме навучэнца семiнарыi? Вам нельга яго здымаць?

- Я - падрызнiк, - адказаў Антось. - Ад слова 'рыза', разумееш? Гэта значыць, што на першым курсе даў зарок стаць манахам. Святаром-манахам, не жанiцца. А ты, мусiць, усё замуж у чарговы раз збiраешся? - засмяяўся ён.

- Вядома! - надзьмула вусны Галя. - А Анатоль да гэтага часу сабе дурнiцу не знайшоў, якая б згадзiлася сядзець дома i чакаць яго з паходаў! Я выходжу за Альберта, у нас будзе спартовая сям'я! Будзем хадзiць у паходы, на экскурсii ездзiць. У яго няшчаснае каханне, а са мною яму будзе добра i цiкава.

- Слухай, ты хадзiла ў паход, а так i не зразумела, што азначаюць кветкi Дарыны, аб чым перасцярагае мальва? Паглядзi на iх: яны раскрытыя, чырвоныя, гараць ажно. Гэта жар плоцi - ён падобны да пякельнага агню. Усярэдзiне кветачкi - бархатны салодкi язычок. Што ён азначае? Тое, што любяць людзi: смачненькае, прыемнае - задавальненнi цела: ежу, вопратку, секс. Што такое каханне? Гэта падман, якiм спакусiў д'ябал Адама i Еву ў Раi. Каханне - гэта плод тваiх фантазiй. А на самай справе яго прыдумала прырода для прадаўжэння роду людскога. На самай справе якiя дурнi згадзяцца iсцi жыць са сваёй сям'i ў чужую, да свякрухi, называць яе мамай? Жыць пад адным дахам з чужым табе чалавекам, дзяцей нараджаць?.. Бог у Раi задумаў для чалавека зусiм iншы шлях развiцця, але чалавек паддаўся на спакусу д'ябла. Каханне - гэта тое, што засцiлае вочы. Каханне прыносiць пакуты: бацька кiдае дзяцей, памятаеш, як у Вiшаньцы Зосьчын бацька збег да цёткi Светы? А колькi Аленка намучылася, кахаючы Мiколу? А колькi забойстваў на нiве кахання? Колькi войнаў? I што, гэта ўсё прыдумаў Бог? Не, Бог даў нам любоў боскую, любоў братэрскую... А ўсё астатняе - задума д'ябла. Хутка ты зразумееш, што Альберт твой нiшто, як нiшто i тваё выдуманае каханне. Сямейнае жыццё - гэта сумеснае вядзенне гаспадаркi, вось гэтыя твае торбы i ёсць тваё сямейнае жыццё, i яшчэ мыццё бялiзны i п'яны муж. I тады ты зразумееш, што страцiла важнейшае, на што магла патрацiць свае сiлы, на служэнне другiм людзям. Хрыстос сказаў: 'Дзе мая мацi i дзе мае браты?' - Паказаўшы рукою вакол сябе, прадоўжыў: - Вось мацi мая, вось браты мае!' Не трэба замыкацца ў сваiх пачуццях, а трэба жыць для людзей. Вось я, напрыклад, хачу, як стану працаваць святаром, за кошт сваёй царквы пабудаваць дом для прастарэлых. Раней цэрквам належалi вялiкiя зямельныя надзелы, нейкiя пабудовы, а вось маёй царкве будзе належаць гэты дом для адзiнокiх старых. Там могуць працаваць манашкi, прыхаджане... А ты якую карысць будзеш прыносiць людзям? Якая карысць ад твайго замужжа? У свеце адна мiтусня. Каханне - мiраж, якое вымотвае i спустошвае душу. Здрады-спрэчкi сямейнага жыцця. Гэта ўсё прызямляе. А я хачу ўзнёсласцi, духоўнага жыцця...

Галя, выслухаўшы яго, пакруцiла пальцам каля скроняў.

- Фанатык ты! Нiчога ў жыццi не разумееш. I ў сексе, вiдаць, таксама! засмяялася яна. - Куранят па восенi лiчаць. Яшчэ паглядзiм, хто з нас локцi кусаць будзе!

I пайшла да свайго iнтэрната, дзе чакаў яе каханы...

III

Маруся пасадзiла дзяцей вакол сябе i пачала чытаць казку.

- Цёця, а вы мне дайце, калi ласка, дадому тыя нажнiцы, якiмi вы мне пазногцiкi абрэзалi! - папрасiла дзяўчынка ў выцвiлым камбiнезоне.

- У вас што, няма нажнiц? - здзiвiлася Маруся.

- Мы вельмi бедныя, - сказала старэйшая, гадоў дзесяцi. - У нас сям'я мнагадзетная.

- Iнуля, я ж табе ўчора аддала свой халацiк. Ён мне быў непатрэбны, растлумачыла Маруся. - А нажнiцы тваёй сястрычцы аддаць не магу, бо яны мне самой трэба. Давайце лепш я вас тортам пачастую!

Старэйшая, Iнуля, пацягнула за руку сваю сястрычку. Маруся падхапiла на рукi iх брацiка, якому было два гады, выцерла яму носiк ручнiком i павяла на кухню. Не паспела яна пасадзiць дзяцей за стол, як дзверы расчынiлiся i на парозе з'явiўся Вайдаш. Яна ўсмiхнулася i кiнулася да яго.

- А ў нас госцi! - пацалавала яго. - Прывiтанне, любы! Ты ўжо закончыў справы ў Лiепаi?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату