Вайдаш спахмурнеў тварам i нiчога не адказаў. Ён адштурхнуў яе, прайшоў у залу, са злосцю кiнуў сумку на тахту.

- Што здарылася? - захвалявалася Маруся i села з iм побач.

За сцяною шумелi, балавалiся дзецi.

- I цябе не ванiтуе ад гэтых смаркатых? - кiнуў раздражнёна ёй Вайдаш. Што за дурная звычка збiраць вакол сябе жабракоў? Так, яны з беднай сям'i, дык што гэта значыць - трэба зваць iх сюды, кармiць, апранаць iх? Гэта iх праблемы, што яны бедныя! Ведалi, што не змогуць пракармiць столькi дзяцей, не трэба было нараджаць! Цяпер яны як належнае чакаюць ад нас дапамогi! Мы павiнны iх утрымлiваць, iх i iхнiх дзяцей, так? Разумны i працавiты не будзе бедным, а п'янiцы ды гультаi - заўсёды бедныя. Твой дзядзька Мiкалай з Хвойнага, дзядзька Юзiк, пра якiх ты мне расказвала, дзядзька Iван таксама былi мнагадзетныя, але цi яны пабiралiся? Твая бабка Аляксандра з купцоў, твой дзед Хведар - з купцоў, у iх таксама былi мнагадзетныя сем'i, але цi яны прыходзiлi да каго жраць цi прасiць вопратку? А мне стала вядома, што з таго часу, як я паехаў у Лiепаю, ты ўсе свае шмоткi параздавала жабракам. I ў нас у хаце дзверы не зачыняюцца ад жабракоў, iдуць i iдуць! Калi ты такая добрая i шчодрая, то падумай, куды б лепей i разумней прымянiць сваю дабрыню i шчодрасць? Можа, лепш для хворых i нямоглых?

Маруся, збянтэжаная i збялелая, слухала Вайдаша. Цяпер ён паказаўся ёй другiм, чужым, не тым, якiм быў з ёю некалькi дзён назад. Яна паднялася.

- Прабач, - сказала яму. - Я i сапраўды паверыла, што я гаспадыня становiшча, а я ўсяго толькi твая палюбоўнiца... Я сёння ж паеду дадому.

- Не кiпяцiся, - крануў яе за руку Вайдаш. - Не паспею я даехаць да Лiепаi, як ты ўсё зразумееш. Цябе вучылi ў школе добрым паводзiнам з людзьмi, але не вучылi, як трэба сябе паводзiць з хамамi. Ад iх не трэба чакаць удзячнасцi. Хутка яны табе на шыю сядуць i ты сама зразумееш, як трэба з iмi сябе паводзiць. Трэба не заўважаць iх, Маруся, павер мне. А цяпер даруй, што я накрычаў на цябе! - Ён нахiлiўся да яе i пацалаваў. Маруся адхiлiлася. Вайдаш развiтаўся i выйшаў, сказаўшы, што сёння вечарам прыедзе, а справы амаль закончаны. Маруся вярнулася на кухню. Дзецi торт ужо паелi, цяпер балавалiся лыжкамi. На падлозе ля стала стаяла невялiчкая лужына.

- Гэта наш брацiк напiськаў, - растлумачыла Iнуля.

Маруся павяла дзяцей у ванную i памыла iм тварыкi. Потым адправiла дадому. Сама села перад тэлевiзарам. Глядзела мульцiк.

Праз нейкую гадзiну ў дзверы пазванiлi. Маруся адкрыла, убачыла Iнулю. Побач з ёю стаяла дзяўчынка ў жоўтай сукенцы i з ружовым бантам.

- Гэта мая сяброўка, - сказала Iнуля. - Яна таксама хоча сумачку. Дайце, калi ласка, i ёй такую сумачку, якую далi мне.

Маруся раззлавалася i растлумачыла, што папрашайкамi быць сорамна. Вярнулася да тэлевiзара. Пераключыла на другi канал. Там iшоў фiльм пра каханне. Надвячоркам у дзверы пастукалi. Маруся падумала, што гэта Вайдаш. Заспяшалася, але ўбачыла высокую дзяўчыну-падлетка. Тая перамiналася нага з нагi i нешта хацела сказаць. Затым рашылася.

- Цёця, - папрасiла дзяўчына, - Iнуля казала, што вы можаце даць мне кофтачку... Мне трэба на танцы...

- Ты што, жабрачка? Цi з беднай сям'i? - строга вымавiла Маруся. - Не адчапiцца ад вас!

I хлопнула дзвярыма.

- Вайдаш, ты казаў праўду! - уздыхнула яна i прылегла на тахту. - Вайдаш, прыязджай хутчэй!..

...Над Нiцай успыхнулi першыя зоркi. Вайдаш падняўся з ложка, узяў з бара бутэльку праменнага Рыслiнгу, напоўнiў крыштальныя фужэры.

- Табе з шакаладам, як ты любiш? - усмiхнуўся Марусi, адламаў дольку аксамiтна-цёмнага шакаладу i кiнуў у фужэр. Долька пакрылася пузыркамi-бiсерам, павольна гойдалася ў вадкасцi, затым цiха апусцiлася, лягла на дно...

Маруся абмакнула гарачыя вусны ў халоднае кiсла-церпкае вiно. Вайдаш з замiлаваннем пазiраў на яе.

- Якая ты прыгожая, - прашаптаў ён, - шчокi пылаюць агнём, рабiнавым агнём...

- Уся ваша Нiца - гэта агонь рабiн, - адказала яна, - як сiмвал Нiцы... Рабiны ўздоўж дарог...

- Ты - багiня, - усмiхнуўся ёй Вайдаш i прытулiў да сябе. - Заўтра мы паедзем у Вiшаньку. Я ўладжу справы з маёнткам, а потым будзем падарожнiчаць па Польшчы... Я прыдумаў - мы адправiмся на роварах да мястэчка, дзе жыве мая далёкая родзiчка.

- З Беларусi - на роварах? - засмяялася Маруся.

- Вядома, гэта ж цiкава!

- Я згодна- люблю ўсё неардынарнае i незвычайнае...

Яна паклала сваю галаву яму на плячо. Яе валасы рассыпалiся па падушцы.

- Мне снiўся сон, што я была рабыней i працавала на плантацыi, - прамовiла Маруся. - Ува мне заўсёды нейкi страх жыў перад вялiкiм полем. Памятаю, калi нас ганялi на буракi, я стала ля свайго радка i не ўбачыла яго канца - далей быў небасхiл, як бясконцасць. Страшная, якая страшная бясконцасць сама па сабе...

- Значыць, у мiнулым жыццi ты была нявольнiцай, - адказаў Вайдаш, - а ў гэтым - будзеш княгiняй...

- Я, напэўна, ужо была княгiняй, - засмяялася Маруся, - калi мне было сем год, мацi сказала: выйдзеш замуж, то трэба i тое i гэта рабiць, а я вельмi здзiвiлася i падумала: а што тады будуць рабiць слугi?

Вайдаш засмяяўся.

- Дзецi да сямi год памятаюць сваё мiнулае жыццё, - сказаў ён. - Значыць, ты была княгiняй, а потым трапiла ў няволю...

- А кiм быў ты?

- Манахам, - адказаў Вайдаш, - але, мусiць, эгаiстам, малiўся для сябе, i ўсё. Таму Бог даў мне багацце для таго, каб я заняўся дабрачыннасцю.

- Ты ж не любiш бедных, - сумелася Маруся.

- Я не люблю iх за нахабнасць, - цвёрда сказаў ён. - Раз што-небудзь дасi - не адчэпяцца, патрабаваць будуць!

Маруся прытулiлася да ягонай шчакi вуснамi i прашаптала:

- Прабач, цяпер я буду заўсёды цябе слухацца...

Ярка мiгалi зоркi на начным небе. Вакол месяца вiднелiся два цьмяныя чырвоныя абрысы. Iрэна глядзела на чырвонае вогнiшча ў грубцы. Чакала, пакуль зварыцца бульба. Дровы гарэлi з трэскам, моцна. Недзе здалёку чулася выццё не то ваўка, не то сабакi. На прыпечку, у цёплым месце, скруцiлася абаранкам кошка, прыкрыла мордачку лапай.

- Ой, мароз будзе! Бульбу не паспеем выкапаць, - закрахтала свякруха i бухнула на стол запацелы з холаду буталь гарэлкi.

Хлопцы кiнулiся да стала. Засквiрчэла на патэльнi сала.

- Налiвай, Цiмох, пакуль жонка не прыбегла! - засмяяўся Сцяпан, пацiраючы рукi.

- А твая што, нос верне? - кiўнуў Цiмох у бок Iрэны. - Прывыкла да гарадскога каньяку?

- Навошта мне ваша смярдзючая гарэлка? - адазвалася Iрэна.

- Ну, будзь, Сцяпан! - падмiгнуў Цiмох брату. - Нам болей застанецца!

I перакулiў чарку.

- Табе налiваць, Халiмонка? - засмяяўся Сцяпан, выпiўшы сваю чарку. - Цi як малодшаму не трэба?

- Хто малодшы? - працягнуў Халiмон. - Ты ж i ёсць малодшы, я - сярэднi.

- Малодшы таму, што апошнi ажанiўся! - зарагатаў Цiмох. - Твая яшчэ за табою бегае, не дае пiць, а Iрка Сцяпанава ўжо прывыкла, не крычыць!

- Я табе не Iрка, а Iрэна! - разгневана адказала тая.

- Iрэна - заднiца па калена! - зарагатаў Цiмох. - Прывыкай да нашай гаворкi: Iрка, Сцёпка, Цiмка i Халiмонка!

Iрэна, узяўшы таз з гарачаю вадою, пайшла ў другi пакой.

- Ай, хлопцы! - закрычаў Халiмон. - Жонкi нашы iдуць! Хавайце гарэлку! Мацi, на забяры!

Старая хуценька сунула пляшку пад фартух, а на парозе з'явiлiся дзве маладыя жанчыны.

- Мама! Вы зноў iх поiце! - закрычала старэйшая, у рванай сукенцы i кiрзавых ботах, чарнявая, з доўгiм

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату