- Ага, я ўсё ведаю! - загадкава адказала тая. - Ты, як да мяне толькi на кватэру стала, калi прыехала ў Вiшаньку на гэты аб'ект, то я ўжо бачыла, што ля цябе кружыцца душа дзiцяцi, хлопчыка. Дзiця само выбiрае мацi, за два месяцы да зачацця ўжо ля яе кружыцца. Ты будзеш багатая i шчаслiвая. А душа гэтая на зямлi шмат пакутавала, вось Бог i паслаў яе да цябе, каб пажыла шчаслiва другi раз. I ты сама ў тым жыццi была нешчаслiвая, пакутавала, а цяпер будзеш шчаслiвая. А аборт - вялiкi грэх, бо тая душа ля цябе кружыцца, а ты адрываеш нiткi, якiмi яна была звязана з небам i зямлёю, таму гэтыя дзецi застаюцца на астрасоме мацi i паразiтуюць, дрэннае ўсё для яе робяць, помсцяць. Вось калi ён цябе i кiне, князь гэты, то не рабi аборт!

Маруся паднялася з ложка, апранулася.

- Я сама яго кiну, - адказала яна. - Ён такi!.. Задаецца, цi што? Учора Аўдоцця прынесла мне сукенку, каб я перашыла, ён прыйшоў, калi вас не было, убачыў i як закрычыць: 'Навошта ты хамам шыеш?'

- Марусечка, - усмiхнулася баба Сашуля. - ён праўду кажа! Ты ж яго будучая жонка, так ён лiчыць. Таму не павiнна апускацца так! Аўдоцця ж тая на цябе пляткарыла. I наогул не май сябровак там, дзе жывеш! Вось паглядзi, якая ў яго сястра, Гайва гэтая! Пустая, дурнiца, у сваiм iнтэрнаце, па вучобе, жыла - усе яе сяброўкi пра яе прыгоды з хлопцамi ведалi. Як пазнаёмiцца з кiм, то сяброўкi i напляткараць. Прыехала сюды - тут завяла сябровак. Да яе такi чалавек харошы пасватаўся, а бабы тутэйшыя такога пра яе яму наплялi! Кiнуў! А цяпер яна ў сябе дома працуе, ля Нiцы недзе. Дык на працы нi з кiм не заводзiць сяброўства i там, дзе жыве, не сябруе нi з кiм, толькi так афiцыйна, ветлiва, i ўсё! Яна мае сяброўку зусiм у другiм горадзе. Вось ёй i расказвае свае прыгоды. Дык цяпер да яе пасватаўся вельмi багаты чалавек, а на працы i там, дзе яна жыве, аб ёй толькi добрыя ўражаннi. Вось i табе, Маруся, не трэба нi з кiм тут сябраваць. Лепш будзь маўклiваю, тады падумаюць, што ты ганарыстая, а ганарыстых вельмi прасты люд паважае i баiцца. Прастому чалавеку патрэбен кнут. А калi ты жонка князя ды яшчэ з iмi панiбрацтвуеш, то яны перастануць цябе паважаць, запомнi гэта. З прастымi не трэба знацца, iх не перавыхаваеш, толькi сябе зганiш!.. Абыходзь iх лепш, Марусечка!

Баба Сашуля выцерла рукi аб фартух i ўздыхнула.

- Мой бацька купец быў, - прадоўжыла яна, - ой, колькi гора нацярпеўся ад прастога люду, а ўсё ад зайздрасцi iхняй. Людзi ненавiдзяць тых, хто разумнейшы за iх, стараюцца зганiць... Едзь лепш адсюль, Марусечка, едзь туды, куды цябе клiча князь...

Дуброўскi з'явiўся пад вечар i з парога голасна выгукнуў:

- Ну што, турыстка-альпiнiстка, гатова да велпаходу? Нашы ровары чакаюць нас на мытнi. Датуль нас давязе мой сябар.

Маруся ўсмiхнулася, узяла свае рэчы, пацалавалася на развiтанне з бабуляй. Тая шапнула ёй пару слоў-наказаў i сунула ў рукi свой малiтваслоў:

- Бяры, унучачка, чую сэрцам, што нядоўга мне на гэтым свеце засталося, а табе згадзiцца... Будзеш на чужыне жыць, успомнiш мяне. Лепш на добрай чужыне, чым на зайздроснай радзiме... У вёску нiколi не вяртайся - з'ядуць ад зайздрасцi. Нiхто нiколi цябе тут не зразумее, лепш - горад, якi нi ёсць, але там культура, унучачка, iнтэлектуальнае развiццё, а тут толькi праца, моўчкi працуеш, моўчкi адпачываеш, усё бачком-маўчком. Гэта толькi для тых, у каго душа не ўзнялася да нябёсаў, чыя душа яшчэ спiць. А табе трэба ляцець, узнiмацца, больш бачыць, сустракацца з рознымi людзьмi, наведаць розныя краiны, гарады. Бывай, унучачка! Дабра табе i шчасця!..

Бабка Сашуля змахнула слязiнкi з вачэй. Вайдаш i Маруся выйшлi з хаты. Бабка паглядзела ў акно i прашаптала:

- Сустракалiся мы i ў тым жыццi, у мiнулым... У тым жыццi вы былi сябрамi, вось i цяпер знайшла душа душу... I ў тым жыццi вы былi аднаго полу. Нiшто наша цела ў параўнаннi з душою...

Iрэна са Сцяпанам перабiралi бульбу. Моўчкi, павольна.

- А ведаеш, Сцяпан, у Мексiцы ёсць раслiна, якая мяняе свой колер на працягу дня. На золку яна белая, у поўдзень - ружовая, затым цёмна-чырвоная, к вечару становiцца фiялетавая, а ноччу - зноў белая. Пахне толькi тады, калi белы колер мае!..

- Ай, якая мне справа да гэтага! - буркнуў Сцяпан. - Працуй моўчкi! Гэта ў вас у горадзе прынята балаболiць, а ў нас усе моўчкi працуюць!

- А чым жа тады галава забiта, як рукi працуюць?

- А нi чым! Пустая, i ўсё... - абазваўся ён, са злосцю кiдаючы ў вядро бульбiну. - Гэта ў цябе галаве сумна, а мы думаем: як на зiму чаго нарыхтаваць, як дзе што купiць, як дзе пахмялiцца...

- Прымiтыў. На ўзроўнi неандэртальца, - скрывiла вусны Iрэна. - У якiя ты гульнi любiў у дзяцiнстве гуляць?

- Па дрэвам лазiлi i гарэлку спрабавалi самi гнаць, каб матка не бачыла. На рыбу хадзiлi... Баба нас глядзела, а матка i бацька ўсё на ферме...

- Якая, па-твойму, павiнна быць iдэальная жанчына?

- Як Сонька наша! - Сцяпан падхапiўся. - О! Мы ж сёння да яе ў адведкi iдзём! Кiдай бульбу, пайшлi апранацца, а то матка хiтрая, самi ўжо збiраюцца, а нас не клiчуць!

- Раскрычаўся! - увайшла ў сенцы свякруха. - Iрэна, збiрайся! I джынсавае ўсё апранi, у нас гэта модна!

- У горадзе джынс - рабочае адзенне, - запярэчыла тая.

- А ў нас свая мода! - адказала тая. - I каб не доўгая спаднiца была! А то апранецца, як пападдзя!

Iрэна плюнула ад злосцi i пайшла апранацца. Свёкар надзяваў белую кашулю. Тамарка красавалася перад люстэркам у ружовай сукенцы.

...Iрэна аж аслупянела з перапуду: на iх накiнуўся цэлы кагал п'яных мужчын i жанчын. Яны цалавалiся са свёкрам i свякрухай, вiслi на Сцяпане, ягоных братах з жонкамi, вiслi на Iрэне, дыхалi перагарам i запрашалi за стол. Калi селi, нейкi п'яны мужык крыкнуў праз стол Iрэне:

- Свацця, вып'ем! Свацця, буську!

I стукнуўся сваёй замасленай чаркаю з яе кiлiшкам, вылiўшы палову на стол. Усе чаўкалi, плявалiся, елi без сподачкаў, тыкаючы сваiм вiдэльцам у розныя стравы, ад чаго салата з зялёным гарошкам стала чырвонай, бо запэцкалася ад салаты бурачковай, у якую раз-пораз совала вiдэльцам мажная жанчына з рыбiнымi вачыма, а затым вылоўлiвала з другога гарошак... Iрэна адчула, што яе зараз званiтуе, таму выпiла чарку смярдзючай гарэлкi i заспяшалася на ганак, каб глытнуць свежага паветра. На двары, ля плота, мачыўся на дошкi п'яны мужык. Ён зашпiлiў шырынку, гыкнуў, гледзячы на Iрэну, заспяваў песню i, хiстаючыся, пайшоў у хату. На хаду паспеў ушчыпнуць Iрэну за бачок.

- Цьфу! - плюнула Iрэна. - Прытон! Садом i Гамора!

- Ой, сваццейка! - абняла яе за шыю нейкая дзяўчына. Iрэна спачатку падумала, што гэта мужчына, бо надта ж моцнай была яе хватка. - Сваццейка! крычала дзяўчына. - Гэта не пiтон, гэта вяроўкi для бялiзны вiсяць. А сад там, а камора - тут! Пайшлi, там Сонька буталь схавала, вып'ем, сваццейка!

- Ой, пачакай! - спрабавала вырвацца з абдымкаў Iрэна. - Давай пазнаёмiмся! Я - Iрэна.

- А я - Гельтруда! - бухнула па плячы яе дзяўчына. - Завi мяне па-нашаму Гелька, а я цябе - Iрка! Ты ж ужо наша, вясковая, прывыкай. А я пiянерважатай працую! Зараз у водпуску. У нас усе настаўнiкi бяруць водпуск летам, каб грады палоць. Гэта толькi гарадскiя ездзяць у адпачынак, а ў нас смяюцца, калi хто едзе, значыць, гультай!

Гельтруда хмыкнула.

- А вы ўжо бульбу выкапалi? - запытала ў Iрэны. - Ой, а твая свякруха казала, што ты плоў рабiла, дык каша нейкая атрымалася, i мяса з падлiваю, дык каша таксама! Iрка, у нас так не робяць, улетку бульба i сала смажанае, аладкi. Агароднiна ў вераснi. А навошта ты ў горадзе тое мяса купляла? Гэта ж мяса на Каляды бывае, як кабана колюць, i ўсё, а так у нас нiхто не купляе, смяюцца тады!

- Я ў горадзе лепш харчавалася, - адказала Iрэна, - пойдзеш у краму, купiш 200 грамаў мяса ў пакецiку, катлет наробiш...

- Во якая дурная! Сонька наша нiколi катлет не рабiла, гэта ж перавод мяса! Толькi засалiць i ў боршч пракiнуць ды ў булён пракiнуць...

- Ну й толку з вашай вёскi! - агрызнулася Iрэна. - Калi мне ўдасца выбрацца адсюль, я ў сябе на грудзях выкалю: 'Вёска! Не забуду тваiх здзекаў!' Мяне тут растапталi, зганьбiлi, згвалцiлi маю душу!

- Во, ты сапраўды не такая, як мы! - засмяялася Гельтруда. - Трусы мяняеш кожны вечар, катлеты робiш, размовы нейкiя вядзеш не тыя!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату