губамi. - Ты не раскрывайся, Давул, ты потны ўвесь. I ты, Эрмек, глядзi, каб ён не ўставаў. Скора мама вернецца з дзяжурства. А зараз цётка Укубала прынясе вам паесцi. А Давул, як паздаравее, будзе прыбягаць да нас, гуляць будзе з Саўле i Шарапат... А пакуль вы ляжыце, бо мне на работу пара. Снег трэба разграбаць, каб цягнiкi хадзiлi.
Але Эрмек быў няўмольны.
- Дзядзька Едыгей, ты паабяцай мне, што калi той цягнiк з папiкам спынiцца, я таксама пайду сустракаць.
Едыгей iшоў ад iх з цяжкiм, шчымлiвым пачуццём. Было крыўдна, i была злосць нейкая на ўвесь свет. I ён зганяў тую злосць на снезе, на ветры, на вярблюдах, якiх не шкадаваў на рабоце. Пеклаваўся як апантаны, нiбы адзiн мог змагчы саразекскую пургу...
А днi iшлi, ужо i студзень мiнуўся, i халады пачалi памалу адступаць. Ад Абуталiпа не было нiякiх вестак. Не ведалi што i думаць Едыгей i Казангап. Але ж верылi, што павiнны адпусцiць неўзабаве, што разбяруцца, бо пiсаў жа ў той сшытак для сябе, не для каго-небудзь. Спадзявалiся на лепшае i пра тое ж казалi Зарыпе, хацелi, каб яна мацнела духам. Яна i сама разумела, што дзеля дзяцей трэба агорацца. I, праўда, нiбы скамянела. Вусны сцятыя, адно вочы блiшчаць трывожлiва. Хто ведае, на колькi хапiла б ёй вытрымкi.
У Бураннага Едыгея выдалася тым часам вольная хвiлiна. Вырашыў пайсцi ў стэп зiрнуць, як гурт верблюдовы пасецца i, галоўнае, як паводзiць сябе Каранар. Цi не скалечыў каго ў статку? Утаймавацца пара б. Пайшоў на лыжах. Гэта было недалёка. Вярнуўся неўзабаве. I збiраўся сказаць Казангапу, што, маўляў, усё ў парадку. Пасецца жывёла, маўляў, снегу там амаль няма, таму i падножны корм адкрыты, непакоiцца няма чаго. Але рашыў найперш лыжы дома пакiнуць. Старэйшая дачка Саўле перапалохана адчынiла дзверы:
- Мама, мама плача. - I шаснула ў пакой.
Едыгей кiнуў лыжы ў парозе, пачуў, што Укубала пачала галасiць.
- Што? Што здарылася?
- Няхай будзе праклятае ўсё на гэтым праклятым свеце, - стагнала, захлiпалася слязьмi Укубала.
Нiколi не бачыў жонку сваю ў такiм стане Едыгей.
- Гэта ты, ты ва ўсiм вiнаваты!
- У чым? У чым я вiнаваты? - здзiвiўся Едыгей.
- Гэта ты нагаварыў усiм усялякага, гэта ты падбiў iх! Хлапчукi Абуталiпавы як толькi ўбачылi, што спынiўся пасажырскi, кiнулiся да яго з крыкам: 'Папiка! Папiка! Папiка прыехаў!' Я за iмi. А яны бягуць ад вагона да вагона i завуць свайго папiку. Думала, пад цягнiк трапяць. Доўгi такi састаў, а яны бягуць: 'Папiка, папiка!' I пакуль дагнала я, пакуль ухапiла меншага, ды пакуль другога ўхапiла за руку, цягнiк крануўся i пайшоў. А яны вырываюцца: 'Папiка, дзе наш папiка?' - i такi плач усчалi! Сэрца маё разрывалася, думала, звар'яцею, - так яны плакалi! Эрмеку блага. Iдзi супакой яго. Iдзi! Гэта ж трэба нагаварыць дзецям такога. Стары чалавек!
Едыгей iшоў да iх як на кару. I ў душы малiў бога, каб дараваў яму мiжвольны падман даверлiвых душ. Бо ён не хацеў iм зла. I што цяпер iм казаць, як трымаць адказ?
Пры ягоным з'яўленнi Эрмек i Давул закрычалi, заплакалi яшчэ мацней, сiлячыся растлумачыць, што бацька не паспеў сысцi з цягнiка, што няхай ён, дзядзька Едыгей, спынiць цягнiк...
- Сагындым папiкамды! Сумна без таткi! - крычаў Эрмек, молячы ўсiм сваiм выглядам, надзеяй, горам.
- Зараз я пра ўсё дазнаюся. Цiшэй, цiшэй вы, не плачце, - спрабаваў супакоiць малых Едыгей. Яму i самому было вунь як нялёгка, няпроста было не падаць выгляду, што ён разгублены не меней за дзяцей. - Вось зараз мы пойдзем, мы пойдзем! - 'Куды пойдзем? Куды? Да каго пойдзем? Што рабiць, як быць?' думаў ён тым часам.
Ён падышоў да Зарыпы. Яна ляжала на ложку нiцма, схаваўшы твар у падушку.
- Зарыпа, а Зарыпа, - таргануў яе за плячо Едыгей.
Але яна нават не падняла галавы.
- Я забяру малых. Пагуляю з iмi, - сказаў ён ёй. - А потым мы вернемся... А ты ляжы.
Гэта было адзiнае, што ён мог сказаць Зарыпе. Эрмека ён пасадзiў сабе на спiну, а Давула ўзяў за руку. I пайшлi яны без мэты ўздоўж чыгункi. Нiколi яшчэ не адчуваў Едыгей такой вострай тугi па праўдзе, такога болю за другiх. Эрмек сядзеў у яго на спiне, усё яшчэ ўсхлiпваючы, вiльготна i горасна дыхаючы яму ў патылiцу. Маленькая, знясiленая горам чалавечая iстота так даверлiва цiснулася да яго, так даверлiва трымала яго за плечы, а другая такая ж iстота так даверлiва трымала яго за руку, што Едыгею хацелася крыкам крычаць ад болю i жальбы да iх.
Так iшлi яны ўздоўж чыгункi сярод пустынных саразекаў, а цягнiкi iмчалi з ляскатам то ў адзiн, то ў другi бок... Прыходзiлi i знiкалi.
I тады вымушаны быў Едыгей зноў сказаць дзецям няпраўду. Ён сказаў iм, што яны памылiлiся. Гэты цягнiк, якi выпадкова спынiўся на iх раз'ездзе, iшоў у другi бок, а iх бацька павiнен прыехаць зусiм з другога. Але прыедзе, мусiць, не так скора. Яго, здаецца, паслалi на нейкае мора матросам, ён там адслужыць i вернецца дамоў. Трэба пакуль чакаць. Так казаў ён, i, можа, i сам не сумняваўся, што Абуталiп вернецца. Мiне нейкi час, разбяруцца, i ён вернецца. Але як яму перажыць разлуку з дзецьмi? Цi вытрывае, пакуль будуць вяршыць суд ды справу?
Зарыпа на той час адправiла ўжо колькi пiсем у адпаведныя ўстановы з запросам пра мужа i прасiла паведамiць ёй, цi можа яна мець з iм спатканне. Пакуль нiякага адказу не было. Казангап i Едыгей нiчога не разумелi. Падбадзёрвалi сябе тым, што раз'езд не меў прамой паштовай сувязi. Пiсьмы доўга iшлi, залежвалiся па дарозе туды i адтуль.
Аднойчы...
У канцы лютага ездзiў Казангап у Кумбель наведаць Сабiтжана ў iнтэрнаце. Ездзiў верхам на вярблюдзе. Таварнякамi зiмой надта холадна было дабiрацца. У вагон не залезеш, забаронена, а на адкрытай пляцоўцы вецер страшэнны. На вярблюдзе ж, цёпла апрануўшыся, можна было за дзень туды i назад абярнуцца.
Казангап быў дома таго ж дня ўвечары. Пакуль ён злазiў з вярблюда, Едыгей паспеў падумаць - нешта без настрою Казангап, нешта надта змрочны, сын, мусiць, нечым правiнiўся ў iнтэрнаце, ды i сам стамiўся, не без таго.
- Ну, як з'ездзiў? - падаў голас Едыгей.
- Ды нiчога, - глуха азваўся Казангап, важдаючыся з паклажай. Потым павярнуўся i, падумаўшы, сказаў: - Ты цяпер дома будзеш?
- Дома.
- Справа ёсць. Я зараз да цябе зайду.
- Заходзь.
Казангап не забавiўся. Прыйшоў разам са сваёй Букей. Сам наперадзе, жонка - за iм. Абое яны былi нечым заклапочаныя. У Казангапа стома на твары: шыя як бы падаўжэла, плечы абвiслi, вусы абвiслi. Тоўстая Букей цяжка дыхала.
- Вы чаго такiя, выпадкам не пасварылiся? - пажартавала Укубала. - Зараз памiрым, сядайце.
- Каб жа пасварылiся, - асiплым голасам адказала Букей, усё гэтак жа цяжка дыхаючы.
Аглядваючыся па баках, Казангап пацiкавiўся:
- А дзяўчынкi вашыя дзе?
- А ў Зарыпы гуляюць з хлапчукамi, - адказаў Едыгей. - А навошта табе яны?
- Весткi ў мяне благiя. Не трэба, каб дзецi ведалi. Бяда вялiкая. Памёр наш Абуталiп.
- Як памёр? Чаму памёр? - усё яшчэ не верачы, ступiў Едыгей да Казангапа.
- Папера такая прыйшла на станцыю.
I ўсе яны адразу змоўклi, старалiся не глядзець адно на аднаго.
- Ой, гора! Ой, гора! - схапiлася за галаву Укубала i застагнала, закiвалася з боку ў бок.
- Дзе гэтая папера? - спытаўся нарэшце Едыгей.
- Папера там, на станцыi, - пачаў расказваць Казангап. - Ну, пабыў я ў iнтэрнаце i дай, думаю, зазiрну на вакзал у крамку тую самую ў пачакальнi. Букей мыла прасiла купiць. Толькi я ў дзверы, а насустрач сам начальнiк станцыi Чарноў. Ну, паздароўкалiся, ён мне кажа: 'Вось дарэчы трапiўся на вочы, зойдзем да мяне ў кабiнет, пiсьмо ёсць, забярэш з сабой на раз'езд'. Ён адчынiў свой кабiнет, мы ўвайшлi. Дастае са стала канверт з друкаванымi лiтарамi. 'Абуталiп Кутыбаеў, кажа, у вас працаваў на раз'ездзе?' У нас, кажу, а што