Едыгей, якi ўсё мог i ўсё ведаў.
Едыгей i сам разумеў гэта i таму ўсяляк стараўся, каб малыя меней думалi пра бацьку. Помнячы, што Абуталiп наказваў гаварыць малым пра мора, ён успамiнаў усё новыя i новыя падрабязнасцi свайго дзяцiнства i рыбацкай маладосцi, усялякае рознае пра Аральскае мора. Эрмек быў самым зацiкаўленым слухачом i самым лепшым вытлумачальнiкам ягоных расказаў. Але пра што б нi пачалася размова, ён абавязкова яе паварочваў на бацьку. Едыгей расказваў:
- А на Аральскiм моры ёсць такiя азёры з берагамi, ля якiх расце трыснёг. А ў тым трыснягу хаваюцца паляўнiчыя з ружжамi. I вось качкi ляцяць вясной на Аральскае мора. Зiмой яны жылi на другiх морах, дзе цяплей было, а калi расталi льды на Арале, ляцяць як найхутчэй i днём i ўначы, бо вельмi засумавалi па тутэйшых мясцiнах. Ляцяць яны вялiкай чарадой, хочуць паплаваць у вадзе, пакупацца, пакуляцца, i ўсё нiжэй яны i блiжэй да берага, а тут раптам агонь i дым з-за трыснягу - пах-пах! То страляюць паляўнiчыя. Качкi з крыкам падаюць у ваду. А каторыя залятаюць аж на сярэдзiну мора i кружаць там над хвалямi i крычаць. Бо яны прывыклi плаваць ля берагоў. А да берагоў ляцець баяцца.
- Дзядзька Едыгей, але ж адна качка адразу паляцела назад, туды, адкуль прыляцела.
- А чаму яна туды паляцела?
- Дык мой жа папiка там матросам, ён плавае там на вялiкiм караблi. Ты ж сам казаў, дзядзька Едыгей.
- Ну так, усё правiльна, - успамiнае Едыгей, не цямячы, што да чаго. - Ну i што потым?
- А гэтая качка прыляцела i сказала майму папiку, што паляўнiчыя схавалiся ў трыснягу i стралялi ў iх. I што iм няма дзе жыць!
- Глядзi ты. I праўда!
- А папiка сказаў той качцы, што скора ён прыедзе, што на раз'едзе ў яго два хлопчыкi - Давул i Эрмек, i яшчэ ёсць дзядзька Едыгей. I калi ён прыедзе, мы ўсе збярэмся i пойдзем на Аральскае мора i прагонiм з трыснягоў паляўнiчых, якiя страляюць качак. I зноў качкам будзе добра на Аральскiм моры... Будуць плаваць у вадзе i куляцца вось так, цераз галаву...
Ад расказаў Едыгей пераходзiў на варажбу з каменьчыкамi. Цяпер ён пастаянна насiў пры сабе сорак адзiн каменьчык увелькi з буйную гарошыну. Гэты даўнi спосаб варажбы меў свае сакрэты, свае назвы. Калi Едыгей раскладваў каменьчыкi, прыгаворваючы, каб яны адказвалi без маны i адразу, цi жывы чалавек, iмя якога Абуталiп, дзе ён i цi скора дарога ляжа перад iм, i што на думцы ў яго, i што на душы, малыя засяроджана маўчалi, цiкуючы за тым, як клалiся каменьчыкi. Аднойчы неяк Едыгей неўпрыкмет падышоў да хлапчукоў, якiя гэтак сцiшылiся недзе ў кутку, што не заўважылi яго. Яны цяпер самi варажылi на каменьчыках. Эрмек раскладваў iх як умеў, перад тым кожны каменьчык падносiў да вуснаў i да iлба i кожнаму казаў:
- I цябе я люблю. Ты таксама вельмi разумны, добры каменьчык. I ты не памыляйся, не збiвайся, а кажы сумленна i праўдзiва, гэтак кажы, як гавораць каменьчыкi дзядзькi Едыгея. - Вось бачыш, Давул, паказваюць яны няблага. Вось гэта дарога. Дарога трохi затуманена. Але нiчога. Дзядзька Едыгей кажа, што гэта дарожныя клопаты. У дарозе бывае. Бацька толькi i думае пра дарогу. Ён хоча сесцi ў сядло, але падпруга трохi саслабла. Яе трэба падцiснуць ямчэй. Пачакаем. А цяпер паглядзiм, што на правай рабрыне, што на левай рабрыне. Рэбры цэлыя. Гэта добра. А на лбе што ў яго? На лбе хмурнасць нейкая. Надта ён трывожыцца за нас. На сэрцы, бачыш гэты каменьчык, на сэрцы боль i туга надта сумуе па дому. Цi скора ў дарогу? Скора. Але адна падкова на заднiм капыце каня адстала, трэба перакаваць. Трэба пачакаць яшчэ. А што ў дарожных сумках? О, пакупкi з базару! А цяпер - цi будуць яму спрыяць зоры? Вось бачыш, гэтая зорка - Залатая канавязь. А ад яе пайшлi сляды. Яны яшчэ не зусiм выразныя. Але зразумела, што скора ў дарогу.
Буранны Едыгей неўпрыкмет адышоўся, расчулены, збянтэжаны i здзiўлены ўсiм гэтым. З таго дня ён пачаў пазбягаць браць у рукi каменьчыкi.
Але дзецi дзецьмi, iх яшчэ можна было неяк суцешыць, абнадзеiць, а калi на тое, узяўшы на душу грэх, i падманiць да пары да часу. Iншая дума, iншы клопат грызлi Едыгееву душу. Надта ён перажываў за мацi iх, Зарыпу. Ён не проста шкадаваў яе, спачуваў, як любы i кожны, ён як бы супакутаваў з ёй, ён думаў пра яе з любоўю, з неадступнай тугой i ўнутранай гатоўнасцю стаць для яе чалавекам, на якога яна магла бы пакласцiся ва ўсiм, што тычылася яе жыцця. I ён быў бы шчаслiвы, каб даведаўся, што яна, скажам, так i думае, што менавiта ён, Едыгей, самы адданы i самы шчыры да яе чалавек на свеце.
Гэта было пакутлiва - рабiць выгляд, што нiчога асаблiвага ў яго да яе няма, што памiж iмi нiчога i не павiнна быць!..
Па дарозе ў Кумбель ён заняты быў такiмi вось думкамi. Даймаў сябе iмi. Спахоплiваўся на тым, што дзiўнае ў яго нейкае прадчуванне - цi то скорага свята, цi то непазбежнай хваробы. А то здавалася яму часам, што ён адчувае сябе як бы на моры. Там заўсёды чалавек адчувае сябе па-другому, не як на зямлi, нават калi ўсё спакойна наўкол i, здавалася б, нiчога не пагражае. Як нi вольна, як нi радасна падчас адольваць хвалi, якiмi б прыгожымi нi былi адлюстроўкi ранiшняга i вечаровага сонца на вадзе, але ўсё адно трэба было вяртацца да таго цi iншага берага. Усё жыццё на вадзе не пратрымаешся. А на беразе чакае зусiм iншае жыццё. Мора - на час, суша - назаўсёды. Або на шляху да берага знайсцi выспу, асесцi там i ведаць, што тут тваё месца. I яму выразна ўявiлася: знайшлася такая выспа, забраў ён з сабой Зарыпу з малымi i жыве там. Да мора прывучыў бы малых i сам супакоiўся б на той выспе, не скардзячыся на лёс, а толькi радуючыся. Толькi б ведаць, што ў любы час можаш убачыць Зарыпу i быць для яе патрэбным, жаданым, самым родным чалавекам...
Але тут жа рабiлася сорамна перад сабой ад такiх жаданняў - ён адчуваў, як чырвань залiвала шчокi, хоць на сотнi кiламетраў наўкол i духу чалавечага блiзка не было. Кiнуўся ў летуценнi як хлапчук, на выспу, бач, захацелася, а чаго, спытаць, навошта? I цi яму пра такое марыць, яму, якога жыццё звязала па руках i нагах сям'ёй, дзецьмi, працай на чыгунцы, нарэшце, саразекамi, да якiх прырос, сам таго не заўважаючы, душой i целам... Дый цi патрэбны ён Зарыпе, нават калi i цяжка ёй, чаму ён павiнен думаць, што яна неабыякавая да яго? Малыя цягнулiся да яго, а Зарыпа?
Буранны Каранар iшоў знаёмай сцягой, колькi ўжо ходжанай, i, ведаючы, колькi яшчэ дарогi наперадзе, без гаспадаровай прынукi трухаў даволi жвава, ускрыкваючы i час ад часу стогнучы, пакiдаючы за сабой нямераныя саразекскiя адлегласцi, мiнаючы ўзвалкi, лагi, перасохлыя некалi азёры. А Едыгей, седзячы на iм, пакутаваў, думаючы сваё... I так поўнiлi яго гэтыя супярэчлiвыя пачуццi, што не знаходзiў ён сабе месца i душа яго таксама не знаходзiла прытулку ў нямеранай прасторы Сары-Азекаў... Так невыносна было яму...
У такiм настроi дабраўся ён у Кумбель. Хацелася, вядома, каб Зарыпа атрымала нарэшце адказ сваякоў на пiсьмы, але ад здагадкi, што сваякi могуць прыехаць па асiрацелую сям'ю i забраць яе, Едыгею рабiлася не па сабе. На пошце ў акенцы да запатрабавання адказалi, што паштовак для Зарыпы Кутыбаевай няма. I ён нечакана для самога сябе ўзрадваўся гэтаму. Мiльганула нават нядобрая думка: 'Вось i добра, што няма'. Потым ён добрасумленна выканаў яе даручэнне - адправiў тры тэлеграмы па трох адрасах. З тым i вярнуўся пад вечар...
Вясна тым часам павярнула на лета. Пабляклi, выпетралi саразекi. Нiякага знаку марагi-травы. Адвеку жоўты стэп зноў стаў жоўты. Гарачэйшым рабiлася паветра, неўзабаве павiнна была падступiцца спёка. А ад сваякоў Кутыбаевых не было нiякай весткi. Нi пiсьма, нi тэлеграмы. А цягнiкi iшлi праз Баранлы-Буранны, а жыццё iшло сваiм парадкам...
Зарыпа ўжо i не чакала адказу, зразумела, што нельга разлiчваць на дапамогу сваякоў, што не варта надакучаць iм пiсьмамi i просьбамi аб дапамозе. I, пераканаўшыся ў гэтым, жанчына кiдалася ў роспач - куды памкнуцца цяпер, як быць? Як сказаць дзецям пра iхняга бацьку, з чаго пачынаць, як наладжваць раскiданае жыццё? Адказу пакуль не было.
Магчыма, не менш чым сама Зарыпа, перажываў за iх Едыгей. Iхнi лёс быў неаддзельны ад ягонага лёсу. Цягам кожнага дня жыў цяпер лёсам гэтых малых i Зарыпы. I тым, як быць самому, як заглушыць у сабе голас, што клiкаў да яе. Не, ён не знаходзiў нiякага адказу. Не думаў ён нiколi, што давядзецца ў жыццi рашаць i такую задачу...
Колькi разоў мерыўся Едыгей прызнацца ёй, сказаць шчыра i проста, што любiць яе, што гатовы ўсе клопаты яе ўзяць на сябе, - толькi вось як гэта сказаць? Якiм чынам? Ды i цi зразумее яна? Бо не да таго, мусiць, цяпер ёй. Пастаянна ва ўладзе такiх думак, ён змрачнеў, губляўся, яму каштавала намаганняў хаваць свой настрой ад людзей.