- Знаеш старога Жыда Iцку, таго самага, да якога мой бацька заяжджаўся некалi ды на двары кабылу з возам ставiў? Ён гэттака во, як толькi ў горад уедзеш дык на правым баку. Некалi гуталiнай i нейкай там галянтэрыяй таргаваў...

- Мусiць знаю. Ну дык адкуль у яго соль?

- Дык яны-ж. Жыды, знаеш, пры бальшавiкох усiмi крамамi загадавалi то й сабе назапасiлi. Ну а ў каго-ж, калi ня ў iх дастанеш?

- I за што гэта ён табе солi, за пекныя вочы даў?

- Каб-жа... Бацька насыпаў торбу круп, кусок баранiны ўлажыў, от i даў, называецца. Баюся, што бацька крычаць будзiць, што замала солi дастаў. А Жыд як пачаў стагнаць, пра сваё гора расказваць дык усе пэйсы ў барадзе засьлiнiў... Немiц б'ець, Немiц на работу ганяiць, Немiц усё дабро адбiраiць, ге-э-э-э-э-валт! - ратуйце, людцы!

- Во як! А ты што думаеш?

Янук не сьпяшыў з адказам. Iшлi дарогай, што вужам намагалася ўспаўзьцi на пяшчаны, дзе-нiдзе сухой травой парыжэлы ўзгорак. Адтуль, быццам на пелене, ува ўсёй сваей сьцiплай велiчы, побач нябачнай здалёку бяды й галечы, разьляжа перад iмi невялiкi горад Глыбокае.

- Знаеш, Жыд Жыдам. Ён, як сьвет сьветам, крычаць будзiць, што рэжуць яго ўжо тады, калi нiхто яшчо й нажа на яго ня войстрыць. Дык цяжлка тут разабрацца. I я-б рукой махнуў, калi-б нешта мне ў таго Iцкi ў вочы ня кiнулася. Знаеш, нешта такое, што задумацца мусiў...

- Што такое?

- Жах, вялiзны страх. Чакай, як гэта табе пераказаць? Гэты жах увесь у вачох ягоных. Чалавек аж дрыжыць, як асiна калоцiцца. Цi ты вiдзiла калi як конь аўтамабiля спалохаецца? Ну, ага, пэўне-ж вiдзiла. А цi ты глядзела ў конскiя вочы?

- Ну...

- Тады ў каня ў вачох вялiкая, страшная панiка ёсьцека. Гэта нешта саўсiм дзiкае, яго цяжка вытлумачыць. Конь са скуры iрвецца, гатовы чалавека стаптаць, а ў вачох ашалелы саўсiм. От такую самую панiку вiдзiў я сягоньнiка ў Iцкавых вачох... А можа нi ў ягоных, як у ягонай Хайкi цi як яе там... Дзiкi, зьвярыны страх. Гэтак, вiдаць, баiцца чалавек, якому за скуру гарачай смалы залiюць. Скрыпеў стары Iцка, пярхiкаў, сьлiнiў, што Немiц iх на працу ганяiць i надта моцна страшна б'ець...

Дзяўчына маўчала. Яна нагнулася, сарвала ля дарогi белы рамонак, выцягвала пялёсткi. Янук мяркаваў, што Дуня перастала ягоным апавяданьнем цiкавiцца.

- I што казаў ён, што зь iмi будзiць?

- Чаму ён меў мне казаць? Жыды свае дарогi й сьцежкi маюць, яны больш знаюць, чым табе скажуць. Але тутака, мусiць, нiчога добрага сабе ня вываражылi. Кажуць, што ў Польшчы Немiц iх пазганяў i дзяржыць разам. Чорт яго ведаiць... Адным словам, стогнуць Жыды, ой як стогнуць. Шкада людзей! Нашто над iмi так зьдзеквацца?

- Ты Жыдоў шкадуеш?

- Ясна, што шкадую. Я процiў гвалту над чалавекам. Бог ня даў права, казаў адзiн аднаго любiць, памагаць, а ня душыць!

Воддаль ад дарогi прыгнулася крывая сасна. Падножжа яе абступiў ядловец, непадалёк шарэла крушня каменьня.

- Хадзi, вунь прысядзем, сьпяшыць няма куды, - прапанаваў Янук.

Селi на вялiкi камень i моўчкi пазiралi перад сабою. Абкружанае ўзгоркамi, места рассыпалася ў глыбокiм доле, ад чаго, вiдаць i назву сабе ўзяло. З правага боку, ад Усходу, лагодныя ўзгоркi, быццам хвалi, напiралi на гарадзкiя будынкi. А з фронту, тут-жа пад нагамi нашых юнакоў, бялелi ў засенi таполяў муры калiшняй гiмназii, у якой падчас польскае акупацыi месца дзеткам мясцовых 'кацапаў' ня было. На правы бок, вышэй, на ўзгорку расьселася даўгая, аднапавярховая 'чырвоная' школа. За гэтымi будынкамi зелянела невялiкае, мо гактараў дзесяць, аброслае трысьнiком, чаротам i аерам возера Глыбокае. З правага боку ў ваду яго ўглядалася ахутаная зеленьню сьвятыня, цяпер праваслаўная царква, а калiсь кляштар, касьцёл i цьвярдыня надта агрэсыўных ды мiж мясцовага народу нялюбых Кармэлiтаў 'босых'.

На зялёным даху яе распоўзься аграмадны бiзантыйскi купал, якi абступiлi чатыры вежы. Ззаду да сьвятынi прытулiўся вялiзны, з чырвоным дахам, будынак калiшняга кляштару. Насупраць царквы, перазь немалы пляц i вулiцу зухавата чапурыўся дзьвюмя барокавымi франтавымi вежамi рыма-каталiцкi парафiяльны касьцёл. Ракой Бярэзьвiцай, што прабягала пад мостам на Вiленскай вулiцы, гэтта-ж побач старога й бязьдзейнага вадзянога млыну, возера Глыбокае спалучалася з возерам Беразьвецкiм. На паўночным канцы апошняга вiдаць быў сiлуэт калiшняга Базыльянскага касьцёлу й кляштару. Палякi трымалi тут гарнiзон кавалерыi, а бальшавiкi замянiлi яго ў вязьнiцу, у якой закатавалi шмат выдатных мясцовых людзей.

Направа ад праваслаўнае царквы зелянеў стары гарадзкi сад, а за iм могiльнiк. Шнуром старых бярозаў бег гэтта гасьцiнец на Лужкi й Дзiсну. За царквой i парафiяльным касьцёлам, у паўночна-ўсходнiм куце стоўпiлiся двухi трохпавярховыя будынкi. Два зь iх калiсь памяшчалi пачатковую й тэхнiчную школы. Стаялi побач бальшака, што бег на Азерцы й Мамаi.

У прадаўгаватае Беразьвецкае возера з аднаго боку ўглядалася сьвятыня з кляштарам, а заходняга - сасьняк на пяскох. Вялiзная i крыклiвая хмара груганоў i варон нiколi ня сьцiхала над жыдоўскiм могiльнiкам побач конскага рынку, якi атрымаў мазву ад таго, што калiсь на iм пераважна коньмi гандлявалi. Галоўны-ж рынак ляжаў на скрыжаваньнi вулiцаў Вiленскай i Докшыцкай, у цэнтры места. Сюды з паўдня дабягаў i гасьцiнец, ля якога сядзелi цяпер нашыя юнакi. Паўдзённы й захаднi бок гораду раськiнуўся на ўзвышшах. Гэтта пасялiлася бальшыня Жыдоў i вырасла калiсьцi вялiкая, як пуня, сынагога. У недалёкай будучынi паўстане тут i глыбоцкае 'гетта', у якiм зброя й пажар вынiшчуць рэшту жыдоўскага насельнiцтва пад восень 1943 году.

Чыгунка з Гацяў дугой падбягала да гораду з паўдня. Цягнiкi спынялiся на станцыi паблiзу шырокага Докшыцкага гасьцiнцу, дзе на белай вадакачцы вялiкiмi лiтарамi напiсалi назву гораду, а чыгунка бегла на захад, - на Варапаева, Паставы, Сьвянцяны й Вiльню.

Юнакi любавалiся панарамай места. Яго зелень, пярэстасьць будынкаў i аж тры сьвятынi, што ў абодвы возеры ўглядалiся, iдылiчным выглядам запярэчвалi iснаваньню якой-небудзь вайны. Праўда, кагадзе ў Бярэзьвiчах нос зарываў смурод ад трупаў замардаваных бальшавiкамi вязьняў, а цяпер нямецкая жандармэрыя СС, апора 'новае Эўропы', разьмясьцiлася ў выгадным будынку побач Бярэзьвiцы на Вiленскай вулiцы. Зьявiлiся ўжо й жоўтыя мундзiры нямецкае цывiльнае ўлады, а польская разьведка, на службе свайго замежнага ўраду, ужо рабiла лiсты Беларусаў, якiх пасьля зьнiшчала нямецкiмi рукламi як 'камунiстых'.

- Пекны горад! Не? - сказала Дуня.

Янук задумаўся. Калi глядзiш на яго здалёку, дык iз сваей велiчнай панарамай горад дзiва якi прыгожы. Ды ў памяцi трываў iншы цобраз: ля вэрхару крамаў iз прынаднымi таварамi аж кiшэла ад бедных дзетак, вулiцы й завулкi сьмярдзелi адсутнасьцю адходнае сыстэмы, а зялёнае й прыгожае здалёку возера поўнiлася гусiным i iншым калам, сьцёкамi ды iншым хламам. Рыбак з вудачкай (былi й такiя-ж, - зьлiтуйся, Божа! - рыбакi) мог прасядзець цi адну пару й нiчога ня клюнула. А дзядзька Захарук iзь сьлязьмi ў вачох апавядаў як бальшавiцкая брыдота ў бярэзьвiцкiм манастыры-вязьнiцы нарабiла. I прыгадваў Янук, на яго думку, найбольш велiчную аграмадзiну праваслаўную царкву. У сярэдзiне надта-ж прасторнага, наводля рэпы, купалу пырхалi 'сьвятыя птушкi'. Юнак iх на свае вочы бачыў. Такiя самыя, як на iконах Хрышчэньня намаляваныя, ды пра якiх у дзень Вадохрышча сьпявалася:

I дух вiдзе галубiне...

Дух гэны, як у сьвятым Эвангельлi сказана, у выглядзе галуба на Хрыста зыходзiў. А гэтыя-ж галубы, што гаспадараць усярэдзiне вялiкага царкоўнага купалу, улезьлi туды, пэўне-ж, праз пабiтыя вокны, якiх зьнiзу не разгледзiш, завысака. А што яны - зусiм ня дух, на гэта доказы ёсьць. Стаiш у царкве, Богу молiшся, а тут раптам плёх на галаву. Памяркуйце самi

Ад 'сьвятых птушак' да Жыда Iцкi зь ягонай Хайкай, цi як яе...

- Ой, ня будзiць дабра, Януцок, ня будзiць! - лямантаваў Iцка й жывёльны страх у вачох ягоных загнязьдзiўся. - Насы ў Польсцы пазганялi ў 'гетта', б'юць i страляюць! Ой, нi цакаць i нам дабра!

- 'Бедныя людзi, шкада iх! - думаў Янук. - I няўжо Немiц гэты такi зьвер?'

Маўчала побач Дуня. Вышчабяталася. Спасьцерагла, што Янук пiльна да яе прыглядаецца. Усьмiхнулася. Не хацелася з гэтага месца йсьцi. Здавалася юнаку, што сядзеў-бы так зь любай дзяўчынай,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату