цешыўся-б цудоўным вiдам гораду й няхай-бы забаўляўся валосамi лёгкi вецярок.
Ззаду, з-за плячэй, адтуль, дзе гасьцiнец усьпiнаўся на пяшчаны ўзгорак, даляцелi дзiкiя крыкi, скрып калёсаў i адзiнотны стрэл. Янук i Дуня ўмiг скочылi й пабеглi ў гэны бок. Трымалiся воддаль ад бальшака. пад прыкрыцьцём кустоў. Перад iмi на даўгiм, прынамся на кiлямэтр, гасьцiнцы, убачылi вуж вазоў-аднаконак, наладаваных шэрымi мяхамi. I гэны вуж, як адразу было вiдаць, завяз у сыпкiм, дробным пяску. Гэты адрэзак дарогi добра, аж занадта добра, ведалi вакольныя сяляне й старалiся, калi зь цяжкiмi вазамi, аб'яжджаць яго докшыцкiм гасьцiнцам.
Новы ўладар, вядома, мог пра гэта ня ведаць, або й перасьцярогаў на ўвагу ня браць. Зь сялянскiмi сьвiткамi ўперамешку варушылiся ля вазоў нямецкiя мундзiры. Некалькi чалавек, натужыўшы як мага мускулы, учапiлiся за сьпiцы калёсаў, намагалiся пхнуць пярэднi воз. Адзiн лейцамi спанукаў i пугай лупцаваў у аглоблях сiвога каня.
- Ноооо! Каб цябе воўк, нооо! - крычаў заядла селянiн.
Калi сяляне, чалавек шэсьць, старалiся зварушыць пераладаваную каляску, Немцы iм не памагалi. Адзiн прыкладам стрэльбы бiў у плечы, па галовах, дзе трапiў, а iншы, запенiўшыся, лаяўся на ўсю глотку. Ён стрэлiў уверх, мусiць таму, каб страхам спанукаць i каня i сялянаў да большага намаганьня. Але колы аж па восi ўвязьлi ў пясок i ясна было, што ня выбрацца адтуль калясцы з такiм цяжкiм ладункам.
Юнакi сьцiшылi дыханьне, прыселi за кустом. Дзiўным быў можа ня сам факт, што Немцы сялянаў бiлi, але чыста прымiтыўна-дзiкi спосаб бiцьця. Стрэльба ў руках Немца, як качарга, то прыкладам, то руляй таўкла па сялянскай мякацi, па касьцях. Падобна селянiн на таку снапы цэпам малацiў некалi. Чалавек, стукнуты моцна ззаду, пахiснуўся, упаў. Немец падскочыў да ляжачага i з усяго размаху ботам яго ў твар ударыў. Закрываўлены, iз глухiм енкам, селянiн схапiўся за галаву, адкацiўся набок.
- Фэрфлюктэ, мэнш! Шнэль, шнэль! - дзёрлася запененая глотка.
Ля ўсiх вазоў варушылiся, натужвалiся змучаныя людзi.
- Глянь, глянь! - усклiкнуў з абурэньнем у голасе Янук. - Гэтыя-ж нячысьцiкi, каб iх зямля нi насiла, нашых людзей б'юць! Каб на вас гром! Цi-ж вам нi вiдаць, што калёсы саўсiм у пяску захрасьлi, што ня выбрацца?
- А што яны тых мяхох вязуць? - пыталася дзяўчына.
- Як то што? Зярно, пэўня, от што.
- Дык цяперака-ж, перад жнiвамi, людзi ў прогаладзь жывуць. Дзе яны маглi так многа зярна набраць?
- А дзе, ты думаеш, дзелася збожжа з маёнткаў, каторыя бальшавiкi саўхозамi парабiлi, га? От пэўня каторы маёнтак абчысьцiлi й вязуць, можа на млын, цi куды, - тлумачыў Янук. - Мяне толькi цiкавiць, чаму яны сваiмi грузавiкамi не вязуць, а мужыкоў пазганялi... I хто гэта вiдзiў каб на вазы так многа накладаць?
Прыглядалiся дарэмным натугам вужа хурманак узьлезьцi на ўзгорак. Вэрхал i бiцьцё прадаўжалася.
- А хто гэта казаў, што Немiц нi такi дзiкун, як Маскаль, што людзей так ня душыць! Паглядзi во, як нячыстая сiла, каб цябе зiмля нi насiла, як б'ець людзей, як быдла якое! Каб цябе, каб цябе! Што ты зь яго выб'еш, сукiн сын?! - злаваўся Янук.
- Лепi пойдзем, Янучок. Глядзi, нас яшчэ ўвiдзяць дык i нам пападзець.
- За што?
- Як то за што? Цi iм многа трэба? Возьмiць у прыпрэжку, а тамака разьбiрайся.
- Чорт яго, гэтага Немца, знаiць. Можа праўду кажаш...
Гулкi вэрхал, скрып вазоў, рыпеньне гужоў, хрып коней i цяжкое дыханьне людзей ня спынялiся. Нязвычайны вобраз прыкаваў юнакоў да зямлi. Стаялi, як заварожаныя. Напятыя да адказу мускулы, акрываўленыя й спацелыя твары, енк i стогн ад удараў, запененыя конi, - жах! Трэснуў гуж ад хамута й сiвы пярэднi конь, зрубцаваны пугай, увесь дрыжачы ад перапалоху, задам выступiў пераз аглоблю. Немцы ззаду падбеглi да пярэдняй хурманкi й пачалi нешта гергятаць. Сяляне, усё яшчэ ўпёршыся ў воз, звольнiлi натугi. Зноў пачулiся крыкi загадаў i некалькi мяшкоў з возу паляцела на дарогу. Рукi зьвязалi парваны гуж.
- Ну вось так i навучацца, - заўважыў Янук.
- Чаго навучацца?
- Паськiдаюць мяшкi з вазоў, каб лягчэй было, узьедуць на гару, а тады мяшкi паднясуць i зноў наладуюць. Так усiм лягчэй будзiць.
Загад, чуваць было, пайшоў па ўсiм вужы нязвычайнага абозу, бо зь iншых калясак мяхi пачалi ськiдаць.
- Пойдзем! - спанукала Дуня. - Даволi нагледзiлiся.
Iшлi воддаль ад дарогi мiж кустоў, каб далей ад вока няпрыяцеля, каб, баранi Божа, азьвярэлым чужынцам у рукi ня трапiць. Доўга стаяў яшчэ збоку вэрхал. Рэдка перакiдваючыся словамi, думаючы пра толькi што пабачанае, прайшлi немалую адлегласьць. Невялiкi лес абступiў рэчку, што пятляла мiж пяшчаных берагоў. Зьвярнулi ў лес. Гэтта зусiм iншы сьвет, быццам i ня было таго жахлiвага на дарозе пад узгоркам. Паглынулi iх трэлi птушыныя, цiхi шум-гамана дрэваў i расьлiнаў, што летам i сонцам цешылiся.
- Ты адчуваеш, як парыць? Можа што нацягнiць, - сказаў Янук.
Дуня маўчала. Яна падняла падол шаўковай сукенкi аж за каленi й пабегла на сярэдзiну вады. Рэчка гэта плыла зусiм паволi й дзяўчына боўтала ваду нагамi, падымаючы то адну то другую, круцiлася, усьмiхалася, прыглядалася спакойнай тонi. Яна нахiлiлася, распусьцiла валосы, прыглядалася сабе ў вадзе, быццам у люстры. Янук забыўся ўжо пра Iцку, бiцьцё сялянаў ды вэрхал Немцаў, ён уважна сачыў дзяўчыну.
Далiбог, русалка! Кажуць, што ёсьць такое дзiўнае стварэньне з рыбiным хвастом, гiбкiм дзявочым станам, даўгiмi, пышнымi валосамi, чароўным тварам. Можа гэта адно для дзяцей казкi... А ягоная, Янукова, русалка во тут, перад iм, у вадзе. Зiрнiце, людцы мае, зь якой грацыяй, спрытам ахарашваецца, любуецца яна, сама ў сябе ў спакойным водным люстры ўзiраецца. I шкадаваў хлапец, што маляром-мастаком ня быў. Пастараўся-б, абавязкова намагаўся гэту iстоту на палатно перадаць, назаўсёды ўвекавечыць яе ў поўнай гранi колераў. Няхай-бы побач iтальянскiх мадонаў яе паставiлi. А чым яна за тыя мадоны горшая? I падпiсаў-бы так: 'Мая русалка Дуня'. Не. Мусiць накш: 'Вясковая русалка'. Во так. Гэтак абавязкова было-б лепш. Няхай-бы адгадвалi, чаму 'вясковая' i чаму 'русалка'. А якая каму да гэнага справа? Ён, Янук, мастак i ён яе так бачыць. Чуў-жа пра тое, што розныя мастакi бачаць аб'екты па рознаму.
Ды не, чакайце. Мастак Янук Бахмач дарабiў-бы да гэтай 'вясковай русалкi' вялiкi й гнуткi рыбiн хвост. Такi iз двумя пругкiмi плыўкамi з бакоў. Пакiнуў-бы бадай так, як ёсьць, верхнюю часьць фiгуры ад каленяў аж да кончыкаў доўгiх валосаў. Але чакайце, людцы добрыя, тут ня ўсё ў парадку...
Януку давялося некалi iлюстрацыi русалак у кнiжках бачыць. Хвост, вядома, як кажны рыбiн хвост. Але-ж рэшту гэтага цудоўнага стварэньня нiколi ў шаўковую сукенку, здаецца, нiякi мастак не апранаў. Дык як быць? Пачаў тады ўважней дзяўчыне прыглядацца. Грудзi зусiм няцяжка ўявiць было. Некалi-ж навет прыпадкова тыя пупышкi бачыў, а цяпер яны празь мяккi, пэўне-ж яшчэ ў панскiм палацы камбедам зрабаваны шоўк зусiм выразнымi абрысамi ўвыдатнялiся. А што-ж далей, калi ўяўляць i вандраваць зьверху ўнiз? У меру плённага падарожжа Януковага ўяўленьня чырваньню загарэўся ягоны твар. Фантазii нядрэнна памагаў сам аб'ект юнаковага зацiкаўленьня, што падкасаўшы вышэй каленяў прыгожую сукенку бэрсаўся ў рэчцы. Фактычна для ўяўленьня пакiнула дзяўчына зусiм нiкчэмны кавалак тэрыторыi, дый там пырсканьнем абмочаная сукенка шчыльна лашчыла гiбкае цела. I хто ведае як далёка забрыў-бы ў сваiх мастацкiх вандроўках Бахмач, калi-б 'вясковая русалка', зачэрпнуўшы з рэчкi паўнюткiя прыгоршчы вады, ня плюхнула яму ў твар. За вадой палiўся раптоўны звонкi рогат.
Хлапца, што быццам прачнуўся ад чароўнага сну, салодкiх мастацкiх падарожжаў, сустрэла ўцелаўленьне 'вясковае русалкi': скакуха-рагатуха. залiваючыся гулкiм сьмехам, набiрала зноў у прыгоршчы вады ды, добра прыцэлiўшыся, яшчэ раз плёхнула ў налiты румянцам Янукоў твар.
- Ах ты, жаба, я-ж табе пакажу!
Забыўшыся пра той скарб солi ў торбачцы, Янук раптоўна скочыў у рэчку. Макатунiшка, як сарна, шмыгнула ў зарасьнiкi на процiлеглым баку, суправодзячы свае ўцёкi гулкiм сьмехам i пiскам. 'Жабу' нялёгка было знайсьцi, а яшчэ цяжэй злавiць. Ведаў Янук ейную паваротлiвасьць i вынаходлiвасьць. Дзiва няма, што неўзабаве дзяўчыну страцiў. Спынiўся, заклапочана калупаў у носе, прыслухоўваўся дрыжэньню й дыханьню лесу, вакол сябе разглядаўся. Мяркаваў, што неўзабаве, як тыгрыца, скоча на яго 'вясковая русалка',