пазводзiць, прынадзiць, каб яму, чырвонаму ад сораму й нязручнасьцi, яшчэ больш запякло i ў сэрцы заскрабло.

Ззаду дзьве рукi аблапiлi шыю i ў той-жа момант войстры штуршок падбiў правае калена, а ўжо ў наступную часiну хлапец ляжаў на траве. Рагатлiвы голас, iз гарачым дыханьнем ля правага вуха, зьдзекваўся: - Ага, даганяў i даганяў, аж пакуль я цябе злавiла! Ха-ха-ха! Я-ж табе цяпер пакажу!

Ашчаперыўшы яго ззаду, яна прыцiснула хлапца да густое гэтта й мяккае, як шоўк, травы. Адылi тое нядоўга трывала. Спрыт - адно, а сiла - iншае. Янук лёгка разлучыў Дунiны рукi, ашчаперыў яе i неўзабаве дзяўчына пад iм апынулася.

- Даруй, мiленькi, да душы, ня буду! - сьвяцiлiся шчырасьцю гарэзьлiвыя вочкi. - Я нi такая благая, як ты думаеш. Ня буду, Янучок, выбачай!

Такая непасрэднасьць бянтэжыла. Юнак мала разумеў дзявочыя шыканы. Дый Дуня, якая-ж там зь яе дзеўка? Падлётак. Дык што гэта? Гарэзьлiвасьць цi шчырасьць? Мусiць юрлiвасьць, пра якую нiколi ня думалася, замiнала думаць. Дый дзе там рацыянальна думаць будзеш, калi побач такая прынада-спакуса ляжыць: запрашальна прыадчыненыя вусенкi, жыўчыкi аганькi ў вачанятах танцуцюць.

Янук няўклюдна агарнуў рукой дзявочы стан ды прагавiта прылёг да сакавiтых вуснаў. Дунiн роцiк разьмяк, гарэньнем i пажаданьнем суцэльна зь ягоным зьлiўся. У лесе спынiлася, замерла ўсё жыцьцё. Iм, маладым, у цалунку злучаным, прыглядалася й зайздросьцiла, мабыць, уся прырода.

Паскорылi тэмпа малаточкi ў скронях, аслаблi каленi. Салодыч цягнула, паглынала, у вiр ненасытнасьцi валачыла. 'Вясковая русалка' пружынiлася, вiлася ля яго й вакол яго, зручна выштурхнулася спад юнака i ўжо наверсе была, выцягваючы зь яго, здавалася, рэшткi энэргii. Нейкiм чынам рука Янукова завандравала ў тое месца, дзе, згодна ранейшага Януковага ўяўленьня, гнуткi русалчын хвост з рэальнай Дуняй меў злучацца. I тады, калi прагавiта й ненасытна, ледзь не да страты прытомнасьцi ўпiваўся Янук у Дунiны вусны, калi забракла паветра, дзяўчына зручна адштурхнула яго, адскочыла i ўжо стаяла на нагах.

Зачырванелы, Янук ляжаў плячмi на траве. Ня сьцiхалi малаточкi ў скронях i яшчэ трымала млявасьць ля каленяў. Спачатку без развагаi, ледзь ня кiнуўся за дзяўчынай, але стрымаўся. Дарма. Яе не дагонiш.

Там высака, над верхавiнамi бярозаў i хвояў зацягвала хмарамi неба. Парыла. Пахла мятай i аерам. Над Глыбокiм, суправоджаныя раскацiстым громам, мiльгалi маланкi. Тут, зусiм над iм, расставiўшы ногi, у поўнай сваей пышнасьцi стаяла Дуня. Прыскорана варушылiся пад мяккiм шоўкам грудзi, чырваньню налiўся твар i не пачалi яшчэ стынуць цалункам разагрэтыя пунсовыя прыадчыненыя вусны. Як нiколi ў жыцьцi, уважна ўглядаўся ў яе Янук, проста ўпiваў у памяць самыя нязначныя драбнiцы. Прыкладна гэна пасма валосаў, што наўскасяк апусьцiлася пераз левае вока. Яно, - зiрнеце самi, - дадае 'васковай русалцы' нейкай прынаднасьцi, заманьвае вас, спакушае.

Калi-б ведаў Янук якiх прыгажуняў з палотнаў сусьветных цi хаця-б i сваiх мастакоў, пэўне-ж знайшоў-бы нейкае, адпаведнае Дунi, параўнаньне. Яна такая блiзкая й зусiм недасяжная. Рэальнасьць i ўява. Дурман юрлiвасьцi адходзiў, думкi ясьнелi. Верх брала злосьць.

- Чаго зводзiш? - шорсткiм голасам спытаў хлапец.

Дзяўчына цiха ўсьмiхалася. Быццам пышны матыль на цудоўнай кветцы. Насалоджвайся зрокам, але не чапай. Выцягнеш руку - пырхне й зьнiкне.

- Пытаюся, чаму зводзiш?

- Янучок, я-ж цябе люблю... Цi ты нi знаў?

Самае горшае, - магчымасьць зусiм ня выключаная, - што Дуня зь яго кепiкi строiць. Зашчымела сэрца. Як праверыш, цi яна жартавала цi запраўды яго любiла? I ня мог далей пазiраць у васiльковыя вочы. Ня было сумлеву, што моцна яе кахаў.

Устаў. Спасьцярогшы ў Януковым твары перамену, дзяўчына чакала, маўклiва пазiраючы на яго. Янук узяў Дуню за руку, перайшлi рэчку, дзе хлапец забраў сiратлiвы мiж зеленi кужэльны мяшочак з соляй. I доўга маўчалi падарозе дамоў.

12

У лянiвы, сонечны васеньнi дзень, адзiн з тых, пра якiя адвечна з натхненьнем сьпяваюць паэты, станцыя Гацi пульсавала буйным, гулкiм жыцьцём. Цягнiкi з ваеннымi матар'яламi й жаўнерамi сьпяшылi на ўсход, дзесьцi на той пераможны, як гарлапанiла радыё, фронт пад Масквою. А ля чыгуначнага пад'езду, дзе ад бамбардаваньня цэлым i непашкоджаным захаваўся стары склад, завозна было ад сялянскiх вазоў. Там, - гэта бачыў Янук, - звозiлi людзi па загаду новых гаспадароў збожжа. Падаткi... Лягчэйшыя, значыцца колькасна куды меншыя, чымся падчас панаваньня таго ўсходняга маскоўскага 'вызвольнiка'. I збожжа, мабыць, ссыпалася ў вагоны й ехала на захад.

З будынку школы шнурам высыпалi дзецi i юнакi. Янук паволi йшоў побач свайго двуроднага брата Ўладзiмера й шкадаваў, што няма побач Дунi. I мяркаваў, якой-бы гэта тэмай раскатурхаць гэтага маўклiвага юнака.

- А ты-ж казаў мне некалi, што дзесяцiгодку скончыў? - пачаў Бахмач.

- Ты ўсяму верыш? Я хлусiў...

- Дык колькi ты клясаў там скончыў?

- Угадай.

- Ну ты-ж запiсаўся ў шосты. Дык як гэта разумець?

- Няма чаго рабiць...

Янук зiрнуў на Ўладзiмера й зьбянтэжыўся. Юнак жыў з маткай у тым самым доме, дзе iх некалi наведалi Бахмачы. Мацi ўладзiлася на працу ў кухнi пры вакзале й здавалася, што будучыню мела забясьпечаную, прынамся на блiжэйшую адлегласьць.

Калi Антось Дзяркач наказаў Януку ад Падгайскага, што пачнецца ў Гацях навука, юнак параiўся з бацькам i зь ягонага дазволу пайшоў пацiкавiцца 'бiларускай' школай.

Пагалоскi пра беларускае школьнiцтва кружылi даўно. Пацьвердзiлi iх першыя беларускiя ластаўкi - газэты зь Менску. Стараньнямi агранома Падгайскага траплялi ў Гацi менскiя й вiленскiя беларускiя газэты. Дастава тымчасам, кульгала, пошта яшчэ не наладзiлася й газэты развозiлi беларускiя патрыёты саматугам. А з тых газэтаў можна было сёе-тое вымяркаваць пра намеры акупанта.

- Падгайскi казаў, каб ты ў школу йшоў. Нам свае ўчоныя людзi назарэз трэба, - навучаў Янука Дзяркач, перадаючы вестку пра пачатак школьных заняткаў.

- Гэта Падгайскi казаў, што свае ўчоныя людзi трэба?

- Няўжо-ж... А ты думаеш, ня трэба?

- Ну, ну, чаму-ж не...

- Дык што, пойдзiш?

- Нi знаю. З бацькам параюся.

- Думаiш, ня пусьцiць?

- Чаму-ж... Самадумам нi пайду.

Гэткiя Антосевы пытаньнi Янук лiчыў нармальнымi пасьля зблiжэньня зь iм i асаблiва тэй расправы iз Шпунтам у лясьнiчоўцы. Забегся да Дунi, каб перадаць навiну й падахвоцiць яе прадаўжаць навуку. Дзяўчыны ня было дома, цi не пабегла да Клавы, а бурклiвая мацi збыла яго паўсловам.

Вайна аддалялася на ўсход, а ўладу на занятых землях брала ў свае рукi цывiльная адмiнiстрацыяш. Як выбралася адтуль войска, апусьцеў на некаторы час i школьны будынак сямiгодкi. Але ненадоўга. Занялi яго чыгуначнiкi й працаўнiкi Тодт'а.

Галоўна дзякуючы Кастусю Падгайскаму, на войта Немцы згадзiлiся вызначыць руплiвага й разважнага Беларуса Адама Бабра. Як адным з найважнейшых i неадкладных заданьняў, новы войт зацiкавiўся асьветай. Зьвязаўся зь мясцовым беларускiм актывам, нямецкiмi ўладамi, а пасьля i зь беларускай управай раёну, дзе школьным iнспэктарам назначаны быў стары й здольны настаўнiк Барыс Воран, якi неўзабаве падтрымаў Бабра й памог адкрыць у Гацях сямiгодку. Праўда, галоўнай прычынай адвалокi былi нямецкiя чыгуначнiкi, што яшчэ ў школьным будынку гаспадарылi. Хутка й спраўна вырасьлi пры чыгунцы баракi й неўзабаве туды перабралiся Немцы. Нарэшце будынак школьны ў беларускiх руках апынуўся. Ды ён патрабаваў немалога рамонту. Каго просьбамi, а каго навет i пагрозамi, войт Бабёр мабiлiзаваў даволi мясцовых людзей i неўзабаве клясныя пакоi засьвяцiлi сьвежай вапнай, а школа зазьзяла чысьцiнёй.

Не хапала належных падручнiкаў, паперы, алавiкоў, чарнiла. На скорую руку не падбярэш квалiфiкаваных беларускiх настаўнiкаў з тых, што былi ўзгадаваныя акупантамi й асталiся на месцы. Як на дзiва, астаўся калiшнi дырэктар Якаўлеў, якi меў i адпаведныя квалiфiкацыi й надзвычайна ведаў беларускую мову. Быў беспартыйным пры бальшавiкох i спадзяваўся, што Немцы, якiя тымчасам сур'ёзна не зацiкавiлiся яго мiнулым, апрабуюць яго на дырэктарскую пазыцыю. Тымчасам Беларусы пакiнулi яго дырэктарам.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату