пляшка сiвухi, якую Антось на стол паставiў. Хоць сам на гарэлу не ляцеў, жыцьцёвая практыка падказала, каб яе на ўсякi выпадак трымаць, як мясцовыя казалi, - 'каб калi ад чарцей адкупiцца'...
Нiна ўвiхалася ля плiты, пад якой буйным агнём заняўся хвораст. Жанчына вялiкiмi скрылямi рэзала сала, што вось неўзабаве засквiрчыць на патэльнi, прыемным пахам будзе дражнiць моздры. Ад таго часу, калi Нiна й Антось цудам вырвалiся з бальшавiцкiх лапаў i вярнулiся дамоў, яны жылi разам, загаспадарылiся. Антось узяў ад бацькi невялiкае сьвiнчо, якое пры доглядзе руплiвай гаспадынi вырасла на добрага парсюка. Перад Калядамi яго закалолi й такiм чынам завёўся рэдкi ў гэны ваенны час 'шпэк', за якiм бесьперапынна валачылiся па вёсках чужыя прыблуды.
- Але й баба ў цябе прыгожая! - усклiкнуў Левандоўскi й зусiм бясцырымонна прыглядаўся жанчыне.
Нiна належала да тых вясковых красак, якiя часта ў зарослым лебядой агародзе не дагледзiш. Яна ўвыдатнялася сьцiплай, упарадкаванай, утрыманай красой. Не дарам-жа некалi Паўлюк Бурак на яе палакомiўся. Колькi разоў мяркаваў Антось як выглядала-б жанчына, калi-б прыаздобiць яе ў нешта запраўды дарагое, зьзяючае, скажам у якi якi цэнны шоўк цi дыяманты. Адылi бачыў, што што прынаднасьць ейная ў сьцiпласьцi ляжала. Недарагое й простае, - трант цi неданосак, - умела перашыць, дапасаваць да свае фiгуры, якую запраўды маглi-б песьнямi вялiчаць паэты красы. Жанчына зь дзявочаю постацяй, яна ўсё яшчэ пра першае дзiця марыла. Схавайцеся перад ёю непадстрыжаныя авечкi: хвядосавы манькi, брунiськi, макатунiшкi. Не дарма за ёю бесьперапынна дзяцюкi цiкавалi. Зiрнi хаця-б на гэныя пушыстыя мяккiя каштанавыя валосы, ружовай касынкай перавязаныя ды зiрнi на румяныя шчокi цi вусны, быццам для пяшчоты створаныя. А ў тых сiня-шэрых, вялiкiх i пранiклiвых вачох часамi паказвалася цьвёрдасьць, мяжуючая з крыўдай. Гэта, пэўне-ж, спадчына цяжкое дарогi, якая, калi-б ня перашкодзiла вайна, прывяла-б праз бальшавiцкiя вязьнiцы й канцлягеры да магiлы. Але на зьмену цьвёрдасьцi прыходзiла лагоднасьць i тады Антось пазiраў у вочы каханай жанчыны й жыў асалодай гаючага супакою.
Пакуль Дзяркач удумках зарэагаваў на словы новага каманданта, той борзда ўстаў з лавы, падыйшоў да Нiны ля прыпечку, правай рукой прыгарнуў яе да сябе, нахiлiўшы сваю галаву да ейнае. Чорныя вусiкi апынулiся зусiм блiзка Нiнiных вуснаў.
- Гавару, што панi вельмi прыгожая. Як завешся?
Такое неспадзяванае панiбрацтва зьдзiвiла гаспадыню, але яна зусiм не зьбянтэжылася. У сваiм жыцьцi, бяз сумлеву, бачыла цi мала нахабнiкаў i гэты чарнавусы ня быў навiною. Яна спрытна крутнулася, вышмыгнула з учэпiстай палiцыянтавай рукi. У левай руцэ трымала кавалак сала, а ў правай вялiкi нож i пазiрала Левандоўскаму проста ў вочы.
- Паночак, вы што гэта? Рукi пры сабе дзяржыце!
Голас цьвёрды, войстры. Зiрнула на Антося i ў гэным позiрку, здаецца, дакор: паглядзi як ты на такое дазваляеш!
Антось зьбянтэжыўся. Як ты спынiш дзiкуна, калi ён - улада, ды ў тваей хаце да тваей каханай дабiраецца?
- Але-ж панi мае й характар, фу! Агонь! - зьдзiвiўся, як апечаны, палiцыянт. Ён адыйшоўся ад Нiны й пачаў спацыраваць па хаце. Наступiла нязручнае маўчаньне, адно Нiна, умiг паспакайнеўшы, падыйшла да прыпечку i ўзялася за перапыненую палiцыянтам работу. Дзяркач мяркаваў, што не да яго належала iнiцыятыва гутаркi, таму ўважна прыглядаўся новаму каманданту.
Быў гэта чалавек сярэдняга росту, шчуплы, з вайсковай вытрымкай i крокам, якi вандраваў, вiдаць, шматлiкiмi й далёкiмi дарогамi. Ведаў, добра ведаў Антось гэты крок. Ды ён-жа й сяржантам, цi, як панямецку, фэльдфэбэлем быў. Цi мала мог новабранцаў паганяць. З выгляду яму трэба было саракоўку, дадай цi аднiмi год, - даць. Пад носам разьмясьцiўся цёмны паясок каротка абстрыжаных вусаў, а на дробным твары найбольш рухлiвымi былi вочы. Яны рэдка спынялiся, здаецца, на адным пункце. I выглядала, што рэдка калi на цябе пазiралi, а заўсёды абмiналi твае вочы. Спад чорнае пiлёткi тарчэла густая чорная грыва валасоў. На гэтым шчуплым, худаватым чалавеку гладка ляжаў добра дапасаваны чорны мундзiр. Вiдаць, што каманданту на добрага краўца пашанцавала. На нагах у яго былi абшытыя скурай, зграбныя, лепшай якасьцi валёнкi, магчыма, што 'трафейныя'.
У яго жэстах, паваротах i гутарцы вычуваўся аўтарытэт, упэўненасьць у сябе й няведама колькi да гэтага спрычыняўся ў чорнай кабуры Люгер.
- Пан солтыс расказаў мне пра вас, - гаварыў Левандоўскi, спацыруючы. Выцягнуў зь кiшэнi залатую папяросьнiцу, паважна, быццам нешта абмяркоўваючы, выняў папяросу й круцiў яе мiж пальцаў. Пстрыкнуў запальнiчкай i зацягнуўся першым глытком табачнага дыму. - Так, пане, я вас крыху знаю. Вы дэзэртыравалi з польскага войска?
Пытаньне зусiм неспадзяванае. Левандоўскi спынiўся насупраць Антося, а рухлявыя вочы затрымалiся на Дзеркачовай барадзе.
- Нi дызыртыраваў я, - спакойна адказаў Антось. - Проста ў войска нi папаў.
- Гэта як так?
- Падарозе ў войска згубiўся, - тлумачыў дзяцюк.
- Гэта значыць, што вы за Польшчу не хацелi ваяваць, калi вас мабiлiзавалi? Цi-ж ня так?
Цяпер камандант пiльна ўзiраўся ў Антосеў твар. Дзяркач, быццам тое не да яго адносiлася, тупа пазiраў на гэтага чалавека ў чорным, адгадваючы што можа скрывацца ззаду за такiмi пытаньнямi. Ён нiчога не адказаў на апошняе пытаньне й Левандоўскi падыйшоў блiжэй. Ад яго несла адэкалёнам.
Пах скварак i яек квялiў насы. Нiна застаўляла стол пасудай, прынесла хлеб, шыткаваную капусту, агуркi.
- Запрашаю за стол, - зьвярнулася яна да каманданта й солтыса.
Не чакаючы прынукi, Паўлоўскi падсунуўся да краю стала, Левандоўскi зiрнуў на недакурак у руцэ, падыйшоў да печы i ўкiнуў яго ў прысак, а пасьля ўсеўся ля стала пад абразамi. Антось адразу прапанаваў выпiць. Запрашаць два разы ня трэба было. Левандоўскi пiў нагбом, нават ня моршчачыся для чужога вока. Самагонку пахвалiў, але ня пытаўся чыей была прадукцыi. Надзiва маўклiва трымаўся Паўлоўскi, што здалося Антосю крыху нязвычайным.
- Дык ня хочаце мне сказаць? - зноў спытаў Антося камандант. Ён са смакам жваў уложаную ў рот вялiкую скварку й напхаў туды шыткаванае капусты. Вочкi бегалi па вянках цыбулi на жэрдках пад столяй, папрыгожа засланым, iз стосам падушак, саматканым дываном ложку ды па Нiнiных грудзёх. Гаспадыня якраз да стала прысела.
- Што сказаць? - няўцямна перапытаў Антось.
- Цi вы хацелi, цi не хацелi за Польшчу ваяваць?
Небясьпека. Спрабуй адгадай куды гэты няведамы чалавек вядзе. Цi спрыяе ён больш Немцам, цi польскаму падпольлю? Трэба будзе Падгайскага й Паўлоўскага распытацца. 'Чэрцi, чаму мяне да гэтага часу не паiнфармавалi?' - злавiў сябе ў думках Антось. - 'А гэты во кручкi закiдаiць, злавiць мяне стараецца'.
- Я думаю, што пан камiндант ужо ад солтыса пра гэта знаiць, асьцярожна адказаў Дзяркач.
Левандоўскi трымаў у руках усе карты. Пра Антося быў нядрэнна паiнфармаваны, а Дзяркач чуўся, быццам у тупiку. I вiнавацiць некага было. Да агранома трэба было даўно схадзiць, распытаць i разьведаць хто, што й дзе робiць. Нядбайла, у Нiнiных абдымках пра сьвет забыўся. Гэта ня зусiм так. Але рэальнасьць у чорным мундзiры за ягоным сталом сядзела, яго самагонку пiла й намагалася ў нейкую, няведамую яшчэ, пастку загнаць. Цьфу, чорт лазаты!
- Так, ня скрыўлю душой, пане Дзяркач. Пан Паўлоўскi казаў мне пра факт, а ня прычыны. Дык можа вы дапоўнiце?
- А калi не? - упёрся зрокам у чорныя вусiкi Антось.
На шчацэ побач вусiкаў ледзь зьявiлася зморшчына, магчыма адзнака нецярплiвасьцi. Камандант напорна ўзiраўся ў Антося, але сам выдатна маскаваўся, бо з твару ягонага цяжка было дагадацца пра думкi. Пустая маска бянтэжыла.
- Я вам магу загадаць, - ледзь усьмiхнуўся начальнiк.
Антось трымаўся спакойна. Ударыўшы яго па плячы, камандант разрагатаўся.
- Ня бойся, пане Дзяркач, жартую. От спалохаўся. Завiталi-ж мы да свайго чалавека, праўда цi не, пан солтыс? Пасядзець, пагаманiць, ну й пазнаёмiцца. Цi-ж гэта, пане Дзяркач, дрэнная рэч, калi сам камандант палiцыi вам гонар робiць, у хату загляне?