Голас быццам сяброўскi, але напружаны. Асьцярожна!
- А гэта-ж нам гонар зрабiлi, праўду кажаце, пан камiндант, - сказала Нiна проста й натуральна, пагасьцiннаму. Левандоўскi ўсьмiхнуўся да яе.
- От бачыце, пане Дзяркач, i вашая панi са мной згаджаецца. Асьцярожнасьць - залатая рэч, - прадаўжаў Левандоўскi. - Бачу, што цяжка за язык вас пацягнуць, лiшняга слова ня скажаце. I цяпер у гэты момант вы пэўне абмяркоўваеце прычыну, чаму мы да вас заглянулi... Няпраўда?
Камандант спынiўся, роўна й напорна глядзеў Антосю ў вочы. У тым позiрку было нешта няпрыемнае, халоднае, як коўзкi рух гадзюкi. Гэтак вось, бязь нiякае эмоцыi, звычайна разглядаецца нейкую рэч, няжывы аб'ект.
На дварэ зазьвiнеў ланцуг i завiшчэў Ромак. Цi ня пах скваркi квялiў ягоны нос.
- Нiна, ты Ромку сягоньнiка кармiла?
- Ага, ранiцай.
- Дык чаго ён вiшчыць?
- Можа пабегаць прырупiла?
- Iдзi во, кiнь яму якую бульбiну цi кавалак хлеба.
- Ладнага сабаку маеце. Як завуць? - спытаў Левандоўскi пасьля таго як Нiна выйшла.
- Ромак.
Камандант пазiраў на Дзеркача, спадзяючыся пачуць пра 'ладнага сабаку' больш, але Антось маўчаў.
- А чаму ты сягоньня вады ў рот набраў? - зьвярнуўся Дзяркач да 'дзiравага шляхцiца'.
Нiна вярнулася ў хату й прысела каля стала.
- Набраў, цi нi набраў, - пачаў Паўлоўскi, - а калi мне трэба дык нiхто мяне на дробную манету нi разьменiць, сам знаiш. От быў у мястэчку, пан камiндант захацеў праехацца, ну от i да цябе заехалiся.
Было ўсё гэта сказана зь вялiкай натуральнасьцю й самаўпэўненасьцю. А яшчэ важней тое, чаго 'дзiравы шляхцiц' не сказаў. Напрошвалася галоўнае i асноўнае пытаньне, на якое, памяркаваўшы, Антось не адважыўся. Лепш памаўчаць, пачакаць.
- Пэўне-ж, вы падазраеце, - быццам у вадказ на ягоную думку пасьпяшыў Левандоўскi, - што для прыезду да вас у нас мусiла быць нейкая надзвычайная, страшна важная прычына. А прадстаўце сабе зусiм адваротнае, скажам, што нiякай такой важнай прычыны i заваду нi было. Як тут пан солтыс проста сказаў: 'пан камiндант захацеў праехацца', ды ўсё. Цi можа вы думаеце, што я проста ня мог захацець праехацца? А цi от так падарозе да вас цi да каго iншага забегчыся нельга, каб людзей пазнаць, га? Ну як вам здаецца?
Лiтроўка апусьцела напалову. Антось усьмiхнуўся з такога павароту камандантавай гутаркi ды ўзяўся налiваць чаркi.
- Пан камандант ёсьць гаспадаром свайго часу й калi яму захацелася праехацца то няхай сабе езьдзiць на здароўе.. А цяпер можа за гэта i вып'ем? - прапанаваў Антось, падняўшы чарку.
- За камандантава здароўе! - падтрымаў солтыс.
Выпiлi.
- Закусвайце, калi ласка, пан камандант, - прапанавала Нiна. - Бярыце, калi ласка, - падсунула яму яечню.
Камандант узяў скварку на вiдэлку, уважна ёй прыгледзеўся i ўлажыў яе ў рот.
- Мне здаецца, - i вы з гэтым, пане Дзяркач, бяз сумлеву, згодзiцеся, што для мяне, як каманданта палiцыi, вельмi важна пазнаць людзей, дый ня толькi ў мястэчку, але й навокал. Цi-ж ня так?
- Але.
- Ну дык вось. Я бачу, што калi-б вы былi на маiм месцы, дык можа таксама думалi-б?
- Але.
- Вы-ж, пэўне, знаеце, пане Дзяркач, што майго папярэднiка нехта замардаваў i што яго, таго забойцы, не знайшлi. А як вам здаецца, пане знайсьцi трэба, цi не?
- Гэта дзела ваша, - проста адказаў Антось.
- Ага, ну бачыце. А калi гэта мая работа, дык ясна, што я яе пастараюся сумленна й добра выканаць. Ну але знаеце, я такi чалавек, што от люблю з разумнымi людзьмi параiцца, як i што рабiць. Давайце мы цяпер i падумаем над гэтым супольна. Значыцца спачатку возьмем факты: чалавек, каторы Бронхэра забiў, не пакiнуў па сабе нiякiх сьлядоў. Усё шыта-крыта. Немцы навет старалiся сабак па сьлядох пусьцiць i то нiчога ня выйшла.
Сказаўшы гэта, палiцыянт упiўся рудымi вачмi ў Антося. Дзяцюк добра вытрымаў гэткi наступ.
- Сабакi, кажаце, па сьлядох нi знайшлi? Ай-я-яй! Можа гэныя сабакi нi знаюць як шукаць?
- Мяне запэўнiлi, што сабакi надта добра вымуштраваныя, але-ж я там ня быў. Адным словам, забойца як пад зямлю кануў, а цяпер ты шукай яго. I ўсё-ж знайсьцi трэба.
У хаце было цiха, адно цiкаў на вакне малы будзiльнiк. Антось мяркаваў, што паляiцыянт тропiць так, як яму падказвае ягоны, палiцыянтаў абавязак. Няхай сабе. Нi такi ён, Антось, дурны, каб дацца гэтаму чужому прыблуду на якi хiтры кручок.
- От як-бы вы, пане Дзяркач, калi-б вы былi на маiм месцы, пачалi расьсьледаваць? Падумайце.
- Ня ведаць мне, - цiха адказаў Антось, - як рабiць палiцыйную работу. Знаеце самi, панок, што я - цёмны мужык, дык дзе мне там у чым мудрым разьбiрацца.
- Ну гэта ўжо вы крыху ў перабор. Па сьвеце-ж бывалi, у войску былi, у вязьнiцы таксама, дык вунь чаго на сьмерць вас не загналi. Дык галаву, вiдаць, маеце.
Антось уважней 'дзiраваму шляхцiцу' прыгледзеўся. Той варушыў вуснамi, вiдаць, што ня мог скваркi перажваць, бо кагадзе на зубы скардзiўся. Быццам злоўлены, спадылба зiрнуў на Антося й неяк надта-ж скора вочы ўбок адвёў. Здалося Дзеркачу, што ў тых вачох проблiск вiны спасьцярог. Ды цi не памылiўся? Дроб часiны. Мог памылiцца. А знаў-жа гэтага чалавека, як разьдзетага. Нешта крылася за гэтым прыездам. Звычайна гаваркi й фанабэрысты солтыс сяньня вады ў рот набраў.А гэта-ж яму нялёгка далося. Любiў язык у падарожжа з прывязi спусьцiць, ой як любiў! А гэтта... Трэба быць асьцеражней... А можа Паўлоўскi спэцыяльна маўчыць, каб чаго лiшняга не сказаць?
- Вы гэтага самага Бронхэра добра зналi? - проста спытаў Антося Левандоўскi.
Антось скончыў жваць скварку, паволi абцёр рукою вусны, зiрнуў на каманданта, каб што вычытаць на ягоным твары. Там як-бы распагодзiлася. Здаецца, што пытаньне сяброўскае.
- Знаў, чаму-ж не... Лясьнiком быў, дык усе яго зналi. Здалёку, значыцца...
- А як да яго людзi, як да лясьнiка, адносiлiся?
Антось зноў зiрнуў на палiцыянта, але не сьпяшыў з адказам. Запавольваў наўмысна.
- Гэта мяне пытаецеся? - перапытаў.
- Так, вас.
- Ну дык як вам гэтта сказаць, нi знаю. Людзi, як да лясьнiка, значыцца служачага... А каторы служачы, дык ён-жа, вядома, свайму пану служыць. Дык от так i адносiлiся, значыцца...
- Як? Добра, цi дрэнна?
Пытаньне было кiнута зручна. Яно, гэтае пытаньне, здаецца такое нiкчэмнае й звычайнае, але да чаго яно вядзе? Быў Дзяркач ужо ў руках добрых iнквiзiтараў i ведаў небясьпеку аднаго намёку, аднаго неасьцярожнага слова, навет позiрку. Найлепш паволi языком баранаваць, старацца як мага працiўнiку наперад забегчы.
- Знаiця, нi нам яго судзiць. Спытайцеся, каго хочаце...
- Я вас пытаюся, - насядаў Левандоўскi.
- Ну дык я вам скажу гэтак: ён мне мяжы нi пiраараў, куры ягоныя мае лехi нi падзерлi, анi за дзеўку якую мы зь iм узагрудкi нi бралiся...
- Што гэта значыць? - спытаў камандант солтыса.
- Пане камандант, гэта тут у нас так гавораць. Значыцца калi чалавек табе ворагам ня быў.
Фольксдойч хiтравата ўсьмiхнуўся, палез у папяросьнiцу, прыкурыў. На твары ягоным зьявiўся цень.
- Ну а калi камандантам палiцыi яго паставiлi, то таксама вам ворагам ня быў?
Антосеў твар налiўся нявiнна-наiўным зьдзiўленьнем.
- Што гэта такое вы пытаецеся? А чаму ён меў мне ворагам быць? Гэта што, я якiя парахункi зь iм меў